АСОБА У ГІСТОРЫІ

больш артыкулаў

18-06-2026

Вяртанне Еўфрасінні. Дарога дадому...

На гэт...

прачытаць
07-05-2026

Гэта гісторыя звязала з Беларуссю ч...

Абраны...

прачытаць
16-07-2026

Факты пра Стэфана Баторыя. Беларускі ракурс

У 2026 годзе адзначаем адначасова тры даты. 450-ы юбілей каранацыі Стэфана Баторыя на караля Рэчы Паспалітай, 450-годдзе абрання яго ж  вялікім князем беларуска-літоўскай дзяржавы, а таксама 440-ю гадавіну ад ягонай смерці ў Гародні.

Баторы супраць Баторыя. Самую цяжкую вайну наш кароль вёў не на ўсходзе

 

Нарадзіўся  István Báthory 23 верасня 1533 года ў Шымлеў-Сылваніэй, на тэрыторыі сённяшняй Румыніі. У біяграфіі Баторыя было палітычнае зняволенне. У 1565-1567 кароль Чэхіі і Венгрыі трымаў яго ў палоне ў Вене, куды Баторы прыехаў з пасольскай місіяй. Не дапамог і тагачасны дыпламатычны імунітэт.

 Стэфан Баторы быў другім каралём Рэчы Паспалітай, якога выбірала палітычная эліта дзяржавы. Абставіны выбару Баторыя галавой дзяржавы надта заблытаныя, паспрабуем іх схематычна патлумачыць:

  Пасля ганебных уцёкаў з пасады француза Генрыха Валуа на карону Рэчы Паспалітай прэтэндавалі Габсбургі, кароль Швецыі Юхан ІІІ Ваза, маскоўскі цар Іван Жахлівы, Стэфан Баторы і д’Эстэ - знакаміты род князёў Ферары. Магнаты і шляхта не дайшлі да згоды і назвалі прыканцы 1575 года двух каралёў-выбранцаў. Магнаты – паставілі на імператара Максіміліяна ІІ з Габсбургаў, а шляхта абрала сястру Жыгімонта Аўгуста Ганну Ягайлаўну. І ўжо ёй прапанавалі мужам – Стэфана Баторыя. Той гарбуза не выкаціў, прыняў выбар і ўмовы шляхты і праз Малдову рушыў у Рэч Паспалітую. А Максіміліян марудзіў, альбо быў незацікаўлены раптоўнай каронай.

Facebook Карона Вітаўта - падпішыся!

► Баторы быў тым, што на юрыдычнай лаціне называецца iure uxorisмужам каралевы. І ён і яна, па сутнасці, мелі аднолькавыя правы, яна нават крыху большыя. “Каралём” абралі Ганну Ягайлаўну, а каранавалі Стэфана Баторыя. І ў выпадку яе смерці – ягоны статус абнулёўваўся. Але гэтага палітычнага крызіса не здарылася. Баторы, хоць і быў на дзесяць год маладзейшы за Ганну, памёр першым.

 Карацей кажучы, 1 траўня 1576 года Стэфан з Ганнай ажаніліся і гэты дзень лічыцца пачаткам каралявання Баторыя.

 

Стэфан Баторы і Ганна Ягайлаўна. Праца Яна Матэйкі. Публічная дамена

 

  Беларусы з літоўцамі паставілі на Максіміліяна ІІ Габсбурга і яшчэ некаторы час не прызнавалі ўладу Баторыя. Афіцыйна вялікім князем літоўскім Стэфан Баторы стаў 29 чэрвеня 1576 года. Першапачатковая пазіцыя не зашкодзіла пасля стасункам Баторыя з беларусамі і літоўцамі, а нават і наадварот.

 Афіцыйны тытул Баторыя гучаў так: Стэфан, Божай ласкай польскі кароль, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, жамойцкі, кіеўскі, валынскі, падляшскі, лівонскі, а таксама князь сямігародскі.

Чытаць болей пра тытулы і пасады ў ВКЛ: хто займаў і за што атрымліваў

  Баторы прызнаваў Польскую Карону і Вялікае Княства Літоўскае незалежнымі і роўнапраўнымі дзяржавамі, абавязваўся дбаць пра ВКЛ і павялічваць яго тэрыторыю, склікаць сеймы ў двух дзяржавах па чарзе. А таксама прызначаць камандаваць беларуска-літоўскім войскам толькі прадстаўнікоў ВКЛ. Баторы актыўна захоўваў атрыбуты незалежнасці дзяржавы Беларусі і Літвы, чым яго папракаюць і сёння прыхільнікі больш шчыльнага саюзу.

  1 красавіка 1579 года Стэфан Баторы заснаваў Віленскі ўніверсітэт. Базай для ВНУ стаў даўні паспяховы мясцовы езуіцкі калегіўм. Універсітэт на 250 гадоў стане кузняй палітычнай і культурнай эліты для Беларусі і Літвы. Яго зачыняць расейскія ўлады ў 1832 годзе. Універсітэт паставіў ВКЛ у шэраг навуковых цэнтраў Еўропы.

У сям'і гэтага нашага земляка ўсе закончылі Віленскі ўніверсітэт

  У 1580-м годзе Баторы заснаваў езуіцкі калегіўм у Полацку, у 1584-м такі ж самы ў Нясвіжы, заклаў базу для гарадзенскага калегіўма. Езуіцкія навучальныя ўстановы па ўзроўні адукацыі ў той час гэта як Eton College апошнія 600 год у Брытаніі.

 ► Разам з культурнай і навуковай самастойнасцю, Баторы спрыяў і судовай незалежнасці беларуска-літоўскай дзяржавы. 1 сакавіка 1581 года Баторы, у межах судовай рэформы, заснаваў Галоўны трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, своеасаблівы апеляцыйны суд для шляхты беларуска-літоўскай дзяржавы: суддзі толькі грамадзяне ВКЛ, абавязаныя былі мець маёмасць у Беларусі альбо Літве, ведаць законы продкаў і традыцыі рэгіёна. Трыбунал меў сядзібы і збіраўся па чарзе ў Менску, Вільні і Наваградку. Аж дзіўна, што ў Беларусі ёсць толькі адна вуліца, якая носіць імя Стэфана Баторыя!

 

 Будынкі полацкага езуіцкага калегіўма. Відарыс з сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Публічная дамена

 

У гонар вызвалення Полацка ад маскоўскай акупацыі Баторы выбіў у Вільні ў 1580 годзе манеты вартасцю 10 дукатаў. Яны лічыліся каштоўным падарункам, такія манеты атрымалі, прыкладам, госці шлюбных урачыстасцяў, набліжаных да Баторыя чыноўнікаў дзяржавы.

  Нягледзячы на сталічны статус Вільні, месцам прыцягнення Стэфана Баторыя стала Гародня. На патрэбы свае і дзяржавы кароль перабудаваў стары гарадзенскі, яшчэ вітаўтаў замак. Горад вальней задыхаў і ў гаспадарчым сэнсе: кароль больш за дзесяць разоў за час панавання падоўгу заставаўся тут з сотнямі ўдзельнікаў сваёй дэлегацыі.

  Баторы адным з першых у Еўропе прыняў рашэнне папы рымскага і перавёў ВКЛ і Карону Польскую на грыгарыянскі каляндар, паводле якога мы жывём і сёння. Жыхары Вільні, Менску, Полацку, Магілёву, Берасця, Кракава, Варшавы леглі спаць увечары 4 кастрычніка 1582 года, прачнуліся раніцай але ўжо 15 кастрычніка.

► Пры Баторыі ў Беларусі сталі моднымі магеркі (ад мядзяраў) - галаўны ўбор, папулярны ў Венгрыі. Баторы іх вельмі любіў і меў у гардэробе варыянты на кожную аказію. Шапка выраблялася з тонкага футра, адметным элементам была скофія (брошка, шпілька), аздобленая каштоўнымі камянямі і пёрамі экзатычных птушак.

Чытаць больш пра штодзённае жыццё беларускіх уладароў

 

 Знакамітая баторыева магерка. Публічная дамена

 

Баторы дбаў пра распаўсюд інфармацыі і добры імідж. Войска ВКЛ мела пры ім палявую друкарню, якая публікавала звесткі пра поспехі войска і абставіны перамог.

  Кароль Стэфан не цураўся і бітвы. У баях за вызваленне Полацка ён быў у першых шэрагах, разам са звычайнымі жаўнерамі займаўся ўмацаваннем пазіцый, карчаваў лес, начаваў пад адкрытым небам.

  Баторы мог быць і вельмі жорсткім. 10 ліпеня 1575 года ў баі на вянгерскай зямлі з войскам габсбургскага імператара, Баторы загадаў абезгаловіць шасцёра камандзіраў суперніка, а рэшце палонных адрэзаць насы альбо вушы. Але спішам на тое, што ён яшчэ ў той момант не быў вялікім князем беларуска-літоўскай дзяржавы і каралём Рэчы Паспалітай.

Памёр Баторы для большасці сучаснікаў нечакана - 12 снежня 1586 года, у спальні гарадзенскага замка, вокны якой выходзілі на магутны Нёман. Свае хваробы Стэфан старанна хаваў. Кароль згарэў за тыдзень: пачаў задыхацца на паляванні, перыядычна яму нібы лепшала, нават ад улюбёнага віна не адмаўляўся. А асабістыя лекары не прыйшлі да згоды адносна спосабу лячэння.

Ці не першай праблемай гарадзенскіх уладаў стала неабходнасць разлічыцца з двума сотнямі пешых жаўнераў-венграў, якія раптам засталіся без апекуна, і пачалі патрабаваць заробак. Па дапамогу гарадзенцы звярнуліся да віленскага ваяводы і вялікага гетмана Хрыстафора Радзівіла. Справу вырашылі палюбоўна.

► Баторы памёр 12 снежня 1586 года, а пахавалі яго толькі 23 траўня 1588 года ў Кракаве. Увесь гэты час цела знаходзілася ў Гародні.

Рэдакцыя

Ілюстрацыя на вокладцы: "Стэфан Баторы". Аўтар Валянцін Рамановіч, 1940 год. Уласнасць універсітэцкай бібліятэкі ў Торуні (Польшча)