ПОСТАЦІ
Манюшка Станіслаў
Нашчадак, па лініі бацькі Часлава, адукаваных, начытаных, прагрэсіўных, ідэйных дзеячоў Вялікага Княства Літоўскага. Па лініі мамы Альжбеты, у ім цячэ таксама армянская і вянгерская кроў.
Менск, Вільня, Варшава - сталі месцамі ягонай сілы.
Будучы сусветнавядомы кампазітар Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 траўня 1819 года ў Беларусі, блізу сённяшніх Смілавіч, у маёнтку Убель над Волмай.
Бацька Часлаў Манюшка, менскі землеўласнік, падчас падзеяў 1812 года далучыўся да войскаў Напалеона, які абяцаў аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага. Капітан Манюшка кіраваў аддным з палкоў літвінскіх стралкоў.
Мама Альжбэта мела армянскія і вянгерскія карані, яе продак Аванэс Маджаранц дапамагаў Радзівілам выводзіць у еўрапейскія трэнды нашыя слуцкія паясы. Захаплялася музыкай. І менавіта яна дала малому Стасю першую музычную навуку.
Дзед Манюшкі, таксама Станіслаў, быў вайсковым суддзем у Вялікім Княстве Літоўскім.
Гэта была вельмі інтэлігентная сям'я. Пяцёра стрыечных братоў - усе закончылі Віленскі ўніверсітэт, вялі актыўнае палітычнае і грамадскае жыццё, давалі адукацыю сваім падданым беларускім сялянам, што ў тыя часы было прарывам у закасцянелай, феадальнай Расейскай імперыі. Манюшкі арганізоўвалі тэатральныя пастаноўкі, мелі выдатныя бібліятэкі, ведалі старажытныя мовы. У такім атачэнні гадаваўся Стась.
У маленстве ён вучыцца музыцы на Случчыне, у маёнтку сваякоў, дзе гувернэрам працуе саматужны музыка Якуб Ягайла.
У 1827 годзе Станіслаў выязджае з мамай у Варшаву, але ўжо ў 1830 годзе вяртаецца ў Менск, ходзіць у гарадскую гімназію, і працягвае спасцігаць таямніцы музыцы. У найлепшага на той час у беларускай сталіцы фартэпіяніста Дамініка Стэфановіча.
Ад агульнай адукацыі неўзабаве адмаўляецца - у 1834 годзе. Прычына - няспынная русіфікацыя школ у Беларусі.
Віленскі ўніверсітэт, ягоная мара, зачынены расейскім царом пасля паўстання 1830-1831 года.
Станіслаў Манюшка едзе ў Берлін, дзе з 1837 года прыватна навучаецца
ў дырэктара знакамітай на той час у Еўропе Singakademie. Тут ён піша музыку да некалькіх твораў земляка Адама Міцкевіча.
У 1840 годзе заканчвае вучобу, вяртаецца ў Вільню, бярэ шлюб. Доўгія гады працуе арганістам, дае прыватныя лекцыі, арганізоўвае канцэрты, дырыжуе тэатральным аркестрам. Трэба карміць дзетак, якіх у іх з жонкай Аляксандрай народзіцца дзесяць.
Манюшка сябруе і прыяцельствуе з масай выдатных і теленавітых людзей - ад Мендэльсона, Расіні да Кандратовіча-Сыракомлі. Піша оперы разам з Вінцэнтам Дунінам-Марцынкевічам. У Вільні культурнае жыццё вакол Манюшкі віруе ў тэмпе prestissimo.
Ягоныя музычныя пошукі ўвесь час сягаюць беларуска-літоўскіх глыбіняў, і непарыўна звязаныя з шматкультурнасцю і шматмоўнасцю Вялікага Княства Літоўскага.
Народжаны ў гэтым краі, ён не можа не любіць яго, беларускі край дае натхненне.
Шукаючы большых заробкаў едзе ў Пецярбург, але праз нейкі час вяртаецца ў Менск, папраўляе здароўе ў Друскеніках, далей зноў настала жыве ў Вільні.
Піша і выдае "Хатнія спеўнікі" - свайго роду патрыятычны плэй-ліст ХІХ стагоддзя для тых, хто трымаў у сваім сэрцы надзею і памяць пра Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Спеўнікі слушна было б назваць "нацыянальнымі", але тагачасная расейская цэнзура занадта ўзбуджалася на такія словы.
Сотні простых да выканання песень, якія патрыёты Рэчы Паспалітай маглі спяваць разам. А як жа цёпла публіка прымала пакладзеныя Манюшкам на музыку"Вясковыя песенькі з над Нёмана і Дзвіны" Яна Чачота.
У 1855 годзе імперыя зачыняе тэатр у Вільні, трупа раз'язджаецца.
Манюшка едзе ў Пецярбург, дзе дае вялізны канцэрт, на якім, падобна, прысутнічае новы расейскі цар Аляксандр І. Манюшка сярод тых, хто спадзяецца, што новая ўлада крыху палепшыць становішча акупаваных зямель Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай.
Папулярнасць, пашана і слава ў Польшчы да яго прыходзяць у сярэдзіне 50-х гадоў. У жніўні 1858 года - Станіслава запрашаюць на пасаду дырэктара Вялікага тэатра ў Варшаве.
І Варшава стане яго домам назаўсёды. Неўзабаве ён забярэ з Вільні ў сталіцу Польшчы сваю сям'ю.
Манюшка актыўна дае канцэрты, выдавецтвы друкуюць вялізныя наклады ягоных музычных твораў. Балет, сімфоніі, інструментальныя канцэрты, вакал у тыя часы ў Варшаве - усё гэта Станіслаў Манюшка.
Ён дапамагае пераканаць цара даць дазвол заснаваць у Варшаве кансерваторыю - музычны інстытут.
Пачатак 60-х гадоў надзвычай цяжкі і для Манюшкі і для ўсёй культуры пад акупацыяй.
Восенню 1860 года Варшава масавымі пратэстамі рэагуе на прыезд лідараў трох акупантаў - Расеі, Аўстра-Венгрыі, Прусаў, якія падзялілі Рэч Паспалітую. Пратэсты не сціхаюць месяцамі.
Жандармы страляюць у людзей. Паховіны першых пяці ахвяраў пераўтвараюцца ў патрыятычную дэманстрацыю, Манюшка бярэ ў ёй удзел.
Імперыя ўводзіць у Варшаве ваеннае становішча. Сотня забітых і параненых, налёты жандармаў на касцёлы, каб спыніць патрыятычныя набажэнствы. Вялікі тэатр у Варшаве захоплены войскамі.
Станіслаў Манюшка спрабуе скарыць Парыж, але вяртаецца на шчыце.
І ўсё ж яго творы прабіваюцца ў Львоў, Вільню, Прагу, з дапамогай сяброў у Маскву, але там кампазітара-патрыёта прымаюць ужо халодна.
2 лютага 1872 года ў Варшаве выходзіць на свет яго камічная опера "Беата". Манюшка адыходзіць ад патрыятычнай тэматыкі і ... расчароўвае свайго гледача.
Памірае ў Варшаве на сэрца 4 чэрвеня 1872 года. Пахаванне геніяльнага ўраджэнца Беларусі пераўтвараецца ў Варшаве ў народную маніфестацыю.