ХІХ СТАГОДДЗЕ

vitauta

больш артыкулаў

23-04-2026

Куплялі беларускае. Іконы нацыяналь...

Людзі,...

прачытаць
19-03-2026

Касцюшка аддаў грошы на свабоду аме...

Але св...

прачытаць
26-03-0206

Хуткая помста. Дзёрзкасць гарадзенцаў уражвае

28 жніўня 1906 года з Гродна ў Пецярбург ляціць дэпеша: у цэнтры горада дэманстратыўна забіты памочнік начальніка расейскага жандарскага ўпраўлення падпалкоўнік Мікалай Грыбаедаў. 

Забойца невядомы, але першыя вынікі следства кладуць адказнасць на гарадзенскіх анархістаў-рэвалюцыянераў. Тыя ў адказ абвяшчаюць: Грыбаедаў пакараны за “шматгадовую правакатарскую дзейнасць” і актыўны ўдзел у антыгабрэйскім пагроме ў Беластоку. 

Анархісты абралі месцам помсты цэнтральную Парадную плошчу Гародні, сённяшні скверык паміж колішняй Фарай Вітаўта і цяперашнім Фарнымі касцёлам.


У 1906 годзе Парадная плошча ў Гродне, месца пакарання расейскага жандара Мікалая Грыбаедава. Фота з калекцыі Фелікса Варашыльскага

Падпалкоўнік замовіў у афіцэрскай краме ў цэнтры новыя парадныя пагоны. Рыхтаваўся да пераводу ў расейскі Царыцын, сённяшні Валгаград. Замова мела быць гатовай а 18.00, але Грыбаедаў прыйшоў забіраць тавар хвілін на 45 раней.

Забойства было даручана Ёселю Валаху, які, няведаючы пра змены планаў афіцэра, няспешна дачышчаў дома рулю браўнінга.  Сувязны анархістаў, маладзён Міша Длугач, які падпрацоўваў у гэтай жа афіцэрскай краме, разумеў, што аперацыя пад прагрозай зрыву.

І як толькі падпалкоўнік накіраваўся вонкі з крамы, выскачыў перад ім і адчакаўшы пакуль той пройдзе некалькі дзесяткаў крокаў па плошчы, стрэліў Грыбаедаву ў твар.

Куля прашыла каўнер мундура, прабіла шчаку і выйшла пад правым вокам. Жандар загінуў на месцы.

Жандар Мікалай Грыбаедаў

 

Пачатак ХХ стагоддзя зрабіў Гарадзеншчыну адным з цэнтраў еўрапейскага анархісцкага руху.
Параза паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гадоў балюча адчувалася ва ўсім рэгіёне. Расея наклала эканамічныя санкцыі на суседняе з гарадзенцамі Каралеўства Польскае.

Тамтыя ткацкія прадпрыемствы пачынаюць масава пераносіць сваю вытворчасць на Гарадзеншчыну, найчасцей у Беласток і ваколіцы, якія на той час адміністратыўна-палітычна былі падпарадкаваныя Гродна.

Некалі правінцыйны гарадок вельмі хутка ператвараецца ў заўважны прамысловы цэнтр, а прыканцы стагоддзя становіцца найбольшым горадам рэгіёна. У 1907 годзе ў Беластоку працуюць 233 фабрыкі, горад называюць Манчэсцерам Поўначы. 

Гарадзеншчына, акупаваная расейцамі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, улучана ў склад Паўночна-Заходняга краю Расейскай імперыі. Займае блізу 38,5 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі. Мяжуе на захадзе з Каралеўствам Польскім, і разам з Віленшчынай і Ковеншчынай аб’яднаныя расейцамі ў Віленскую вайсковую акругу.

У склад Гарадзенскай губерні ўваходзяць 9 паветаў: беластоцкі, бельскі, брэсцкі, гарадзенскі, кобрынскі, пружанскі, сакольскі, слонімскі і ваўкавыскі. Сталіцай, натуральна, быў княскі і каралеўскі Гродна, які паводле вынікаў першага ўсеагульнага перапісу, праведзенага ў імперыі, налічваў 46 919 жыхароў, Берасце – 46 586.

А вось найбуйнейшым горадам рэгіёну, лакаматывам эканомікі, быў Беласток – больш 66 тысяч жыхароў, з іх каля 70 адсоткаў – габрэі.  

І, менавіта габрэі асноўныя працаўнікі мясцовых фабрык і становяцца галоўнымі ўдзельнікамі, актывістамі, мультыплікатарамі анархісцкага, анархакамуністычнага, рэвалюцыйнага руху на тагачаснай Гарадзеншчыне.

Няма багоў, няма паноў. Так пачыналі беларускія анархісты

Першай мясцовай і, найверагодней, першай ва ўсёй Расейскай імперыі, была Міжнародная група “Барацьба” (“Der. Kampf” на ідыш, „Walka” па-польску ). У пачатку 1903 года яе заснавалі ў Беластоку мясцовыя габрэі, якія вярталіся з заробкаў у Заходняй Еўропе. Праз некаторы час да групы сталі далучацца мясцовыя палякі, беларусы, украінцы, расейцы.

Тагачаснае палітычнае жыццё ў рэгіёне наогул было мегаактыўным: Бунд, Польская сацыялістычная партыя, ІІІ Пралетарыят, Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, Расейская манархічная партыя, Паалей Сыён, Беларуская сацыялістычная Грамада, Саюз расейскага народу, Сафійскае праваслаўнае брацтва, хлебавольцы, чорназнаменцы, камунары і безматыўнікі, а таксама безначальцы.

Усе гэтыя, і мноства іншых, партый і арганізацый вядуць актыўную прапагандысцкую дзейнасць на гэтай зямлі.

Анархістам удалося вельмі гучна заявіць пра сабе ўжо падчас студзеньскага страйку 1905 г. менавіта ў Беластоку. Дзякуючы іх арганізацыйным структурам, абранай тактыцы запужвання фабрыкантаў, а таксама ўплывовасці іх лідараў страйк тут закончыўся перамогай рабочых: у дробнарамесных майстэрнях быў усталяваны васьмігадзінны рабочы дзень (на буйных прадпрыемствах – дзевяцігадзінны), аплата працы ў сярэднім павялічана на 25-50 %.

Таксама падчас студзеньскіх падзей 1905 г. анархісты захапілі мястэчка Крынкі ў Гродзенскім павеце, якое з’яўлялася важным цэнтрам ткацкай і гарбарнай вытворчасці. Паліцыя была вымушаная ратавацца ўцёкамі. Пошта, тэлеграф, урадавыя ўстановы былі захопленыя рабочымі і сялянамі.

Усё гэта спрыяла росту папулярнасці анархістаў. У выніку яны пераўтвараюцца ў палітычную сілу, з якой былі вымушаныя лічыцца як царскія ўлады, так і ідэйныя апаненты. 72 арганізацыі анархістаў толькі ў ваколіцах Гродна і на Беласточчыне.

Ячэйкі анархістаў ўзнікаюць у іншых гарадах і мястэчках Беларусі: Мінск, Гомель, Віцебск, Дзвінск, Баранавічы, Бабруйск, Смаргонь і інш.  Таксама варта адзначыць мабільнасць саміх анархістаў, якія часта не былі прывязаныя да адной мясцовасці, арганізацыйныя сувязі паміж адлеглымі гарадамі, аўтаномію груп, і тую важную ролю, якую адыгрывалі ў гэтым руху жанчыны. 

Кіраўнічкі страйкавага камітэта тытунёвых фабрык рэгіёна. 1901 год. Фота з кнігі: Księga-album pamięci gminy żydowskiej w Białymstoku

Апошняе было абумоўлена тым, што ў Расейскай імперыі “слабы пол” быў моцна дыскрымінаваны на ўсіх узроўнях.

І тэрарызм, індывідуальны альбо рэвалюцыйны, становіцца асноўным элементам дзейнасці: напады з выкарыстаннем зброі або выбуховых механізмаў на найбольш адыёзных прадстаўнікоў улады, пераважна паліцэйскай, а таксама бізнесу старновяцца ці не штодзённымі.

У Гародні анархісты выходзяць на авансцэну ўвесну 1906 г. здзейсніўшы тэракт супраць мясцовага ўладальніка пераплётачнай фабрыкі Харына. Ён вырашыў перанесці вытворчасць у Варшаву, а выплаціць рабочым кампенсацыі “забыўся”.

Тыя звярнуліся па дапамогу да мясцовых анархістаў, якія пасля безвыніковых перамоваў з Харыным, 10 траўня 1906 года кінулі бомбу ў яго кватэру. У гэты ж дзень быў застрэлены акалотачны наглядальнік, паліцыянт Казёл.

У Мінску падчас рэвалюцыі 1905-07 гадоў дзве анархісцскія арганізацыі, “Безуладдзе” і “Безначалле”, арганізавалі забойства расейскага палкоўніка Белавенцава. У 1907 г. у Гомеле ў часе выбараў у ІІІ Дзяржаўную Думу анархісты ўзарвалі адзін з выбарчых участкаў. У Ваўкавыску быў забіты фабрыкант, які адмовіўся паляпшаць умовы працоўных.

У Беластоку ад 1 сакавіка да 1 чэрвеня 1906 года анархісты здзейснілі 14 замахаў на расейскіх службоўцаў і 6 узброеных нападаў на кватэры фабрыкантаў і банкі. Відавочцы здарэнняў на ўсялякія спосабы адмаўляліся ад супрацы са следствам, баючыся помсты.

Служыць паліцэйскім на Гарадзеншчыне было небяспечна: толькі ў Беластоку за няпоўны год 1905-1906 на пасадзе галоўнага паліцмайстра змяніліся 7 чалавек, да таго ж тры афіцэры адмовіліся самі ад падвышэння, змяніліся таксама 5 намеснікаў паліцмайстра, увесь час змяняўся асабовы склад прыставаў і іх памагатых.

Квіток у Беласток для паліцэйскага быў фактычна квітком у адзін канец. Беластоцкая царская паліцыя проста баялася з’яўляцца шмат у якіх частках горада. І так было паўсюдна.

Але вернемся да нашага падпалкоўніка Грыбаедава, народжанага ў Вільні далёкага продка знанага расейскага пісьменніка. Чым жа ён заслужыў на сваю кулю?

Царскія расейскія ўлады актыўна шукалі спосабу апанаваць анархісцкі рух і адной з мэтаў было настроіць хрысціянскі люд супраць іўдзеяў, якія, як мы ведаем, былі асноўнай сілай анархістаў. Штучна стваралася абстаноўка, пры якой беспарадкі маглі ўспыхнуць пры малейшай нагодзе.

І вось 1 чэрвеня 1906 года, у Беластоку царскія ўлады арганізоўваюць правакацыю. Падрыхтаваныя людзі нападаюць адначасова на святочнае шэсце мясцовых праваслаўных і на працэсію каталікоў з нагоды свята “Божае цела”: кідаюць выбухоўку і страляюць у людзей з рэвальвераў.  Практычна адразу пачынаецца пагром мясцовых габрэяў.

 Ахвяры антыгабрэйскага пагрому ў Беластоку ў 1906 годзе. Здымак Jewish historical institute

Дзесяткі іўдзеяў змаглі схавацца ад бандытаў у беларускім праваслаўным храме св. Мікалая, мясцовы святар своечасова адамкнуў царкоўныя дзверы.

Ці не галоўную ролю ў пагроме і сілкаванні агрэсіі адыгрывае паліцыя, у тым падпалкоўнік Мікалай Грыбаедаў. Тагачасная гарадзенская адвакатура, дарэчы, настойліва паведамляла пра "жорсткасць", якой вылучаўся Грыбаедаў на допытах мясцовых жыхароў.

Габрэі адбіваюцца, пагром трывае амаль 3 дні. Як вынік – больш за 160 забітых і параненых, пераважная большасць з іх габрэі, разрабаваныя амаль 200 дамоў. Царскія ўлады ў Пецярбургу, афіцыйна, хоць і ўскосна дапусцілі, што мясцовая паліцыя ўдзельнічала ў пагроме.

Яшчэ адна ахвяра пагрому. Здымак Museum of Jewish Heritage

Забойца Грыбаедава Міша Длугач здолеў выбрацца за мяжу і з’ехаў у Лондан, дзе праўдападобна пражыў усё жыццё. Следства па справе цягнулася доўга, і здолела назваць толькі некалькіх арганізатараў аперацыі: гарадзенцаў Соню Гольберт, Давіда Бехтэра, яны былі адказныя за адыход выканаўцы.

Улетку 1907 года следчыя арыштавалі Ёселя Білянскага і Меера Вайнтруба, у апошняга дома знайшлі нумары анархісцкага выдання “Хлеб і Воля”. І ўсё, гісторыя пакрысе адышла ў нябыт, бо, па сутнасці не была нечым незвычайным. На Гарадзеншчыне, ды й па ўсёй Беларусі і Расейскай імперыі ў тыя часы стралялі часта.

Рэдакцыя


Пры падрыхтоўцы тэкста выкарыстаныя матэрыялы:

Давыдава Л., Тэрарыстычная дзейнасць саюза эсэраў максімалістаў на тэрыторыі беларускіх губерній у пачатку ХХ ст.

Глушакоў Ю., Рэвалюцыя памерла! Няхай жыве рэвалюцыя! Анархізм у Беларусі (1902-1927)

Ланеўскі А., “Анархісты-тэрарысты ў Гродзенскай губ. на пачатку ХХ ст.”