АСОБА У ГІСТОРЫІ

больш артыкулаў

23-07-2026

Аўтограф беларуса ў галоўнай святын...

На мур...

прачытаць
16-07-2026

Факты пра Стэфана Баторыя. Беларуск...

Белару...

прачытаць
18-06-2026

Вяртанне Еўфрасінні. Дарога дадому...

На гэт...

прачытаць
07-05-2026

Гэта гісторыя звязала з Беларуссю ч...

Абраны...

прачытаць
22-07-2026

Беларускі след у Белым доме: гісторыя Давіда Дубінскага

 На гэтым фота 35-ы прэзідэнт ЗША Джон Фіцджэралд Кенэдзі цісне руку невысокаму чалавеку з каротка падстрыжанымі валасамі.

Фота з кнігі "The Master of Seventh Avenue: David Dubinsky and the American Labor Movement"

 

А вось тут на здымку з ім жа перамаўляецца 33-і Прэзідэнт ЗША Гары Труман.

Фота Kheel Center

 

На яшчэ адным 36-ы прэзідэнт Ліндан Джонсан дапамагае яму апрануць паліто.

Фота Kheel Center

 

А вось яшчэ адзін кадр з ім - рукаецца з 34-м прэзідэнтам ЗША Дуайтам Эйзенхаўэрам.

Фота Kheel Center

 

А вось 32-і прэзідэнт ЗША Франклін Рузвельт разам з ім на паказе мюзікла “Pins and Needles” у Белым доме.

 Фота з кнігі "The Master of Seventh Avenue: David Dubinsky and the American Labor Movement"

 

Хто ж гэты чалавек, з якім адзін за адным фатаграфуюцца гаспадары Белага дома?

Гэта Давід Дубінскі. Ён нарадзіўся ў беларускім Брэсце.

Яго імя амаль невядомае ў Беларусі. Але ў сярэдзіне ХХ стагоддзя падтрымку ўраджэнца Брэста Давіда Дубінскага шукалі прэзідэнты ЗША - Франклін Рузвельт, Дуайт Эйзенхаўэр, Гары Труман, Джон Кенэдзі, Ліндан Джонсан. Ён быў адным з самых уплывовых прафсаюзных лідараў Амерыкі, чалавекам, за якому давяралі сотні тысяч амерыканскіх рабочых.

Як сын брэсцкага пекара стаў чалавекам, падтрымкі якога шукалі прэзідэнты ЗША?

Падпішыся на Facebook Кароны Вітаўта!

Давід Дабнёўскі, а менавіта такім было радавое прозвішча будучай легенды амерыканскіх прафсаюзаў, нарадзіўся ў беларускім Брэсце ў 1892 годзе. Яго дзяцінства прайшло ўжо ў польскай Лодзі, куды пераехала сям'я. Там бацька таксама адкрыў пякарню, а пятнаццацігадовы Давід зрабіўся прафсаюзным аўтарытэтам мясцовых пекараў і арганізаваў сваю першую забастоўку.

Лодзь знаходзілася пад уладай Расійскай імперыі. Забастоўшчыкаў арыштавалі. Бацьку Давіда ўдалося адкупіць сына ад зняволення, але толькі пры адной умове - Давід мусіў пакінуць горад.

Ён працягнуў прафсаюзную дзейнасць ужо ў Брэсце і Кобрыне. Новы арышт скончыўся васемнаццацю месяцамі турмы і высылкай у Сібір. Пасля этапу ў Самару Дубінскаму ўдалося ўцячы ад канваіраў. Некаторы час ён хаваўся ў Чалябінску, чакаючы "чыстых" дакументаў. Потым выбраўся з Расейскай імперыі, праехаў праз Еўропу і ў 1911 годзе апынуўся ў Нью-Ёрку.

Пра гады, праведзеныя ў расейскіх турмах, ён пазней казаў:

 

 - Турэмныя дні вельмі шмат мне далі. Яшчэ ў дзяцінстве я ўбачыў, што такое дэспатызм і дыктатура.

 

Яшчэ адзін урок ён атрымаў у бацькоўскай пякарні. Калі бацька павысіў заработную плату работнікам, невялікае прадпрыемства не вытрымала канкурэнцыі і збанкрутавала. Пазней Дубінскі не раз казаў, што абараняць людзей працы трэба так, каб не разбурыць саму вытворчасць.

У Амерыцы ён пачынаў з самага нізу - раскройваў тканіну ў швейнай майстэрні. І амаль адразу далучыўся да прафсаюзнага руху.

У 1932 годзе Дубінскі ўзначаліў Міжнародны прафсаюз работніц швейнай прамысловасці (International Ladies' Garment Workers' Union). Ён кіраваў ім трыццаць чатыры гады. Калі Дубінскі ўзначаліў прафсаюз, у ім было менш за 40 тысяч сяброў. Калі пакідаў пасаду - ужо амаль 450 тысяч. Актывы прафсаюза набліжаліся да паўмільярда долараў. Адначасна Дубінскі быў адным з кіраўнікоў Амерыканскай федэрацыі працы.

А вось гэта гісторыя звязала з Беларуссю чатырох прэзідэнтаў ЗША - чытаць болей!

Ягоны прафсаюз стаў адной з самых уплывовых арганізацый у Злучаных Штатах. Для амерыканскіх палітыкаў гэта азначала адно: Дубінскі прадстаўляў сотні тысяч арганізаваных выбарцаў і іх сем'і. Таму яго падтрымкі шукалі і кандыдаты ў прэзідэнты, і ўжо абраныя гаспадары Белага дома.

Дубінскага паважалі не толькі за арганізатарскі талент. Падчас вялікіх прафсаюзных мерапрыемстваў ён мог стаць каля ўваходу і правяраць білеты. Сам настройваў мікрафоны, дапамагаў афіцыянтам расстаўляць сталы, а калі госці разыходзіліся - уласнаручна выключаў святло.

The New York Times узгадваў у дзень смерці Давіда Дубінскага ў 1982 годзе гісторыю, калі кіраўнікі Амерыканскай федэрацыі музыкаў неяк спыталі яго, як прафсаюзу ўдалося заваяваць такі аўтарытэт у грамадстве, адказ Дубінскага быў кароткі:

 

 - Жывіце сумленна.

 

Дубінскі не быў прафсаюзным радыкалам. Ён выступаў супраць бальшавізму і лічыў, што прафсаюзы павінны не толькі павышаць заробкі, але і рабіць саму галіну больш устойлівай. Пад кіраўніцтвам Дубінскага прафсаюзы дамагліся 35-гадзіннага працоўнага тыдня ў швейнай прамысловасці, скарацілася колькасць забастовак, а прафсаюз пачаў сістэмную барацьбу супраць рэкету і арганізаванай злачыннасці ў прамысловасці.

Змены ў стаўленні да забастовак Давід патлумачыў так:

 

 - Здабудзьце спачатку бізун. І калі ўсе будуць ведаць, што ён у вас ёсць, - пакладзіце яго ў шафу.

 

Аўтарытэт Дубінскага выходзіў далёка за межы прафсаюзнага руху. Ураджэнец беларускага Брэста працаваў у некалькіх урадавых камісіях ЗША падчас Другой сусветнай вайны, пасля яе быў кансультантам ААН, а яго прафсаюз фінансаваў гуманітарныя праекты ў Еўропе і Азіі.

 Чытаць пра постаці важныя для беларускай гісторыі

Рэдакцыя

Тэкст створаны на падставе публікацый Вітаўта Кіпеля, Наталлі Гардзіенка, Лявона Юрэвіча, Ганны Сурмач, выдання The New York Times, кнігі Robert D. Parmet, The Master of Seventh Avenue: David Dubinsky and the American Labor Movement.