АСОБА У ГІСТОРЫІ

больш артыкулаў

29-08-2026

Самы вядомы спалены партрэт беларус...

У 1939...

прачытаць
23-07-2026

Аўтограф беларуса ў галоўнай святын...

На мур...

прачытаць
22-07-2026

Беларускі след у Белым доме: гістор...

прачытаць
16-07-2026

Факты пра Стэфана Баторыя. Беларуск...

Белару...

прачытаць
15-09-2026

Беларус уратаваў Леніна. Не даў гісторыі шанса пайсці іначай

 

Часу на роздумы Сцяпан Гіль не меў: яго начальнік, бальшавіцкі лідар Ленін, нерухома ляжаў на зямлі, сцякаў крывёй, а рабочыя завода Міхельсона ў паніцы разбягаліся хто куды…

Яшчэ няма ні Савецкага Саюза, ні падзелу Беларусі, ні жахлівай калектывізацыі са сталінскімі рэпрэсіямі, ні Галадамору. Страшэнна цікава апісваць падзеі, калі ведаеш, як яны маглі змяніць нашу гісторыю. Але тады, 30 жніўня 1918 года, беларус Сцяпан Гіль пра гісторыю дакладна не думаў. Ён быў асабістым шафёрам Леніна, і трэба было імгненна вырашаць, што рабіць.

 

Знаўцы сцвярджаюць, што злева той самы беларускі Гіль. Публічная дамена

 

…Ленін толькі што закончыў звычайны вечаровы выступ перад рабочымі маскоўскага завода Міхельсона. «…мы маем лепшую прапанову - перамога альбо смерць», - бальшавік любіў эфектныя кропкі. Яшчэ падышоў да групы жанчын, дзяжурна запытаўся, якія ёсць праблемы з харчаваннем. І тут прагучалі тры кароткія, як летняя ноч, стрэлы… 

Некалькі секунд стаяла мёртвая цішыня, пасля натоўп пачаў галасіць: 

 - Забілі! Леніна забілі! 

Людзі кінуліся ў россып, утварылася цісканіна.  Гіль схіліўся над сваім начальнікам: праверыць, ці дыхае. Той адчыніў вочы. Нехта зблізу адчайна крычаў:

  - Вязі ў бальніцу!

 Гіль падумаў секунду і адрэзаў: 

 - Не. Я павязу яго дадому! 

Бальніцы на той момант у Маскве - усё яшчэ старарэжымныя, і Гіль меў інструкцыю: бальшавіцкаму лідару там з'яўляцца рызыкоўна. Нават у крытычным стане. Ленін, мусіў пачуць гэтыя словы, бо ледзь чутна прашаптаў: 

 - Дадому, дадому. 

Дадому - гэта ў Крэмль, ці не адзінае ў той час месца, дзе бальшавікі маглі пачуваць сябе спакойна. Двое мужчын падхапілі цела і данеслі да аўтамабіля. Гіль рвануў з месца і на шалёнай хуткасці панёсся па маскоўскіх вуліцах ад завода Міхельсона. Добра, што да Крамля было не больш за 7–8 кіламетраў. У 1922 годзе завод перайменуюць у завод імя Леніна.

У машыне Ленін дайшоў да сябе, шок мінуў. Калі дамчаліся, Гіль дапамог яму накінуць пінжак і падняцца па лесвіцы на трэці паверх, да кватэры. Ленін працягваў крывавіць, ледзь выціснуў агаломшанай сястры, якая адамкнула дзверы: 

 - У мяне стралялі… 

Кваліфікаванага хірурга знайшлі не адразу. Бальшавікі толькі некалькі месяцаў як перабраліся з Пецярбурга ў Маскву: яшчэ не абжыліся. Найперш жонкі двух высокапастаўленых партыйных функцыянераў агледзелі Леніна, зрабілі ўкол марфіну і засталіся чакаць прыезду хірургаў.

Адна з куляў прабіла лёгкае, ледзь не закранула аорту, і засела над ключыцай. Другую кулю знайшлі ў левым перадплеччы.

 

Чытаць: Помста за пагромы. Такія яны габрэі Беларусі

 

Леніну было цяжка дыхаць. Прыбылі хірургі, адразу запатрабавалі падушкі з кіслародам, марлю, бінты, халаты. Але нічога гэтага ў Крамлі не знайшлося. Чыноўнікам давялося бегчы па ўсё неабходнае ў аптэку.

Бліжэй да ночы стала зразумела: лідар расейскай партыі бальшавікоў, хутчэй за ўсё, выжыве. А значыць, мы можам нарэшце высветліць, кім быў той чалавек, які выратаваў Леніна і пакінуў гісторыю такой, якой мы яе ведаем.

 Сцяпан Гіль, сын Казіміра, асабісты шафёр Леніна. Нарадзіўся ў Беларусі, праўдападобна пад Гродна альбо ў самім горадзе.

Дэталі дзяцінства, юнацтва, адукацыі супярэчлівыя, але вядома, што яшчэ перад Першай сусветнай вайной Сцяпан ужо быў на заробках у Пецярбургу. Відавочна, меў залатыя рукі, быў камунікабельным, выканаўчым: уладкаваўся ў расійскі Імператарскі гараж. Напэўна быў лаяльным - праверку ж прайшоў. Цяжка ўявіць, каб да царскай сям'і дапусцілі выпадковага чалавека.

Найчасцей Гіль вазіў імператрыцу Аляксандру Фёдараўну. Потым прыйшоў 1917 год - і пасажыры ў машынах беларуса змяніліся.

Пазней Гіль распавядзе, што ўжо ўвечары 8 лістапада 1917 года, на наступны дзень пасля пераломных падзей, года яму загадалі выбраць найлепшую машыну і ехаць у Смольны - штаб бальшавікоў. Знаёміцца з новым статусным пасажырам - Уладзімірам Ульянавым-Леніным.

Гіль выбраў лімузін Turcat-Mery і а 10.00 запаркаваўся ля Смольнага.

 

Сцяпан Гіль і Ленін, кожны на сваім месцы. Публічная дамена

 

У 1921 годзе бальшавікі пачнуць ствараць Гараж асаблівага прызначэння для кіраўнікоў Савецкай Расіі, і першым яго загадчыкам стане беларус Сцяпан Гіль. Пачыналася ўсё сціпла: пяць аўтамабіляў і дзесяць супрацоўнікаў. Між іншых - Delaunay-Belleville, Peugeot, Turcat-Mery, Rolls-Royce Silver Ghost - парк прадстаўнічых машын бальшавікоў, якія абслугоўваў ураджэнец Беларусі.

На беларуса Ленін наракаў: лічыў, што той ездзіць занадта асцярожна і абачліва. Маўляў, «перад кожнай курыцай рэверанс робіць» на дарозе.

А Сцяпан Гіль проста бярог шыны, якія імгненна зношваліся на хуткасці каля 60 кіламетраў за гадзіну.

Леніна ён вазіў да апошніх дзён жыцця бальшавіцкага правадыра ў студзені 1924 года. Гіль нават атрымае за працу і службу знак «Ганаровы чэкіст».

 

 - Я заўсёды трымаўся строгага правіла: ніколі нікому не казаў каго прывёз, адкуль прыехалі і куды едзем далей, - раскрыў пазней беларус некаторыя пункты сваёй працоўнай інструкцыі.

 

Пасля смерці свайго галоўнага пасажыра Гіль будзе асабістым шафёрам члена Палітбюро, паплечніка Сталіна Анастаса Мікаяна і сумнавядомага пракурора, аднаго з архітэктараў сістэмы сталінскіх рэпрэсій, Андрэя Вышынскага. З апошнім беларус нават ездзіў у пераможаны Берлін, падбіраць трафейную машыну. Механікам Гіль быў знаным.

 

ЧытацьСтаў агентам Масквы. Жыць яму заставалася тыдзень

 

А яшчэ беларус напіша ў 1957 годзе пафасную, паркетную кнігу з немудрагелістай назвай - «Шэсць гадоў з У. І. Леніным».

 

 

Сцяпан Гіль памрэ ў Маскве ў 1966-м. Яму было 77 гадоў. Пра смерць беларуса, былога шафёра Леніна, напіша нават The New York Times.

У некралогу ўплывовая амерыканская газета асобна прыгадала той самы вечар - 30 жніўня 1918 года, калі ў самым цэнтры гісторыі апынуўся беларус - Сцяпан Гіль.

 

 

А бальшавікі падзеі гэтага дня выкарысталі, каб пашырыць і ўзмацніць рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Ужо назаўтра, 31 жніўня, іншы бальшавіцкі лідар Якаў Свярдлоў выпусціць у прэсу адозву:

 

«…Рабочы клас адкажа на замахі на жыццё сваіх правадыроў яшчэ большым згуртаваннем сіл і бязлітасным масавым тэрорам супраць усіх ворагаў рэвалюцыі…»

 

І панясецца чырвоны тэрор.

У Петраградзе-Пецярбургу ў верасні 1918 года пяцьсот вязняў - іх бессаромна і цынічна назвалі закладнікамі - неадкладна расстраляюць у выніку тэрору, абвешчанага пасля "забойчага замаху на Уладзіміра Ільіча". Пасля яшчэ трыста. Былых царскіх чыноўнікаў і эсэраў забіваць будуць публічна.

Усяго за два месяцы пасля замаху на Леніна больш 31 тысячы чалавек трапілі ў турмы, канцлагеры альбо былі ўзятыя ў закладнікі. Карныя органы вынеслі 6185 смяротных прысудаў.  Аднак вельмі верагодна, што ў тыя месяцы бальшавікі забілі значна больш людзей.

Рэдакцыя