БЕЛАРУСЫ ПАМІЖ 1921-1939
Як беларусы вярталі незалежнасць пасля Рыжскага падзелу
«Паўсюдна ходзяць чуткі, што хутка пачнецца вайна і паўстане Беларуская Рэспубліка…» - такія данясенні польская паліцыя атрымлівала ад сваіх інфарматараў адно за адным.
Беларуская Рэспубліка? Але ці магчыма такое? На дварэ 1922 год. Рыжская мірная дамова падзяліла беларускія землі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Беларуская Народная Рэспубліка фактычна знікла з міжнароднай палітыкі, а яе кіраўніцтва апынулася ў эміграцыі. Выглядала на тое, што ў гісторыі незалежнай Беларусі пастаўленая кропка.
Але ўжо праз некалькі месяцаў пасля падзелу беларускіх земляў на беларуска-польска-літоўскім памежжы зноў загучалі стрэлы. Беларусы, якія прагнулі сваёй дзяржавы, стваралі ўзброеныя атрады, нелегальна пераходзілі мяжу, здабывалі зброю і рыхтавалі паўстанне.
У пачатку 1920-х гадоў у нашым рэгіёне разгортвалася вялікая палітычная гульня. І беларусам у ёй адводзілася ці не галоўная роля. Праўда, правілы гэтай гульні пісалі зусім не мы.
Пасля Першай сусветнай вайны мапа Еўропы змянілася да непазнавальнасці. Знікалі імперыі, узнікалі новыя дзяржавы. Свой шанец на незалежнасць атрымалі і беларусы. Але абвясціць дзяржаву было адно, а дамагчыся прызнання яе межаў і ўлады - зусім іншае. Межы ў рэгіёне яшчэ толькі вызначаліся, і далёка не ўсе былі гатовыя з імі пагадзіцца.
У 1919-1920 гадах па беларускіх землях - спачатку з усходу на захад, а потым з захаду на ўсход - пракацілася савецка-польская вайна. І без гэтага заблытаны клубок нацыянальных, тэрытарыяльных і палітычных супярэчнасцяў зацягнуўся яшчэ мацней. Новая вайна магла пачацца ў любы момант.

Чырвоная Армія ў красавіку 1920 года. Публічная дамена
У кастрычніку 1920 года Польшча і Савецкая Расія падпісалі папярэднія ўмовы міру, а ў сакавіку 1921-га заключылі Рыжскую мірную дамову. Для беларускага незалежніцкага руху гэта азначала паразу. Беларусы не здолелі адстаяць уласную дзяржаву, а беларускія землі былі разарваныя паміж суседзямі.
Беларуская палітычная эліта рыжскага падзелу катэгарычна не прызнала і ў канцы верасня 1921 года ў Празе на Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі заявіць на ўвесь свет:
«Беларускі народ вёў, вядзе і будзе весці барацьбу за незалежнасць і непадзельнасць Беларусі».

Але як весці гэтую барацьбу? Уласнай арміі няма, грошай бракуе, а міжнароднае становішча Беларускай Народнай Рэспублікі надзвычай слабое. Здавалася б, на што тут яшчэ спадзявацца?
І ўсё ж шанец з'явіўся. Прычым там, дзе яго, магчыма, найменш чакалі, - у канфлікце паміж двума суседзямі. Бо новы тэрытарыяльны парадак у рэгіёне не задавальняў не толькі беларусаў.
У кастрычніку 1920 года войскі польскага генерала Люцыяна Жалігоўскага прымусілі літоўскую армію пакінуць Вільню і Віленшчыну. На захопленай тэрыторыі абвясцілі новую дзяржаву - Сярэднюю Літву. Праўда, незалежнасць яе была хутчэй фармальнасцю. Паход Жалігоўскага адбыўся пры падтрымцы польскага кіраўніцтва, і мала хто сумняваўся, што рана ці позна Польшча далучыць гэтыя землі да сябе.

Народжаны на Ашмяншчыне Люцыян Жалігоўскі ў захопленай Вільні. Неўзабаве будзе абвешчаная Сярэдняя Літва. Публічная дамена.
Для літоўцаў вяртанне сталіцы Вільні стане галоўным нацыянальным заданнем. І дзеля гэтага яны пачалі шукаць саюзнікаў.
_________________________________
Вільня, 1930. Чатыры постаці беларускага адраджэння - чытаць
__________________________________________
А ў аслабленні Польшчы былі зацікаўленыя не толькі літоўцы. Германія, якая пацярпела паразу ў Першай сусветнай вайне, пакуль не магла дазволіць сабе вялікіх геапалітычных авантур, але ад сваіх інтарэсаў у рэгіёне адмаўляцца не збіралася.
Савецкая Расія таксама вяла ўласную гульню. Масква падпісвала мірныя дамовы з Літвой, Латвіяй і Польшчай, прызнаючы іх уладу над землямі, якія беларускі нацыянальны рух лічыў сваімі.

Старонка савецка-літоўскай дамовы 1920 года. У тэксце можна пабачыць па якіх беларускіх землях мела праходзіць савецкая-літоўская дзяржаўная мяжа. Дамова ніколі не пачала дзейнічаць. Публічная дамена.
Складвалася зусім неспрыяльная для беларусаў канфігурацыя. Усе вакол вызначалі лёс беларускіх земляў. Акрамя саміх беларусаў.
_______________________________
ТБШ. Беларусы, якім школа замяніла дзяржаву - чытаць
________________________________________
Здавалася б, мірныя дамовы падпісаныя, межы - сяк-так, але праведзеныя. А наш рэгіён па-ранейшаму нагадваў парахавую бочку. Неразвязаны канфлікт паміж Польшчай і Літвой мог у любы момант перарасці ў новую вайну. І вось у гэтай пагрозе беларускія і літоўскія палітыкі ўбачылі свой шанец. Праўда, кожны - на сваё.
У лістападзе 1920 года ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Вацлавам Ластоўскім падпісаў з Літвой пагадненне аб узаемнай падтрымцы. Беларуска-літоўскі саюз стаў фактам.

Вацлаў Ластоўскі трэці ад левай. Публічная дамена.
Літва разлічвала атрымаць права прадстаўляць беларускі бок на міжнароднай арэне, умацаваць свае пазіцыі ў спрэчках з Польшчай за Гарадзеншчыну і Віленшчыну. А галоўнае - заручыцца падтрымкай беларусаў у барацьбе за Вільню.
Для ўрада Вацлава Ластоўскага супрацоўніцтва з Літвой адкрывала магчымасць працягваць барацьбу за незалежную Беларусь. Беларусы нарэшце атрымлівалі тое, чаго ім катастрафічна не ставала: грошы, зброю, базы для падрыхтоўкі ўзброеных атрадаў і міжнароднае прадстаўніцтва.
Але найбольшыя надзеі беларускія дзеячы звязвалі са стварэннем уласнай нацыянальнай арміі. І вось тут высветлілася, што інтарэсы саюзнікаў супадаюць далёка не ва ўсім.
Стварэнне самастойнага беларускага войска літоўскія ўлады заблакавалі. У Вільні баяліся, што ў неспрыяльны момант беларусы могуць павярнуць зброю супраць самой Літвы. Таму замест паўнавартаснай арміі дазволілі ствараць толькі ўзброеныя атрады, падпарадкаваныя літоўскаму вайсковаму камандаванню.
У Літвы, зрэшты, быў свой разлік. Пасля Рыжскага міру Польшча разам з новымі тэрыторыямі атрымала мільёны няпольскага насельніцтва. І гэтыя мільёны адразу сталі для маладой польскай дзяржавы сур'ёзнай праблемай. Літоўцы разлічвалі, што нацыянальныя меншасці, найперш беларусы, якія цяпер апынуліся на ўсходніх ускраінах Польшчы, падымуць узброенае паўстанне. Паўстанцаў павінны былі падтрымаць дыверсійныя групы з тэрыторыі Літвы, Германіі, Чэхаславакіі і Савецкай Расіі, а таксама рэгулярная літоўская армія. Такім чынам, Польшчы давялося б ваяваць адразу на два франты: супраць літоўскай арміі і супраць паўстанцаў у сваім тыле.
Беларусы ж спадзяваліся выкарыстаць гэтую вайну, каб зноў паставіць пытанне незалежнасці Беларусі на міжнародным парадку дня. Вось такі атрымаўся саюз. Літоўцы разлічвалі вярнуць Вільню з дапамогай беларусаў, а беларусы - вярнуць незалежнасць з дапамогай літоўцаў. І пакуль абодва бакі спадзяваліся на новую вайну, іх інтарэсы супадалі.
Пасля Рыжскага міру ад Беларусі засталася параўнальна невялікая тэрыторыя, - раёны вакол Мінска, Барысава, Бабруйска, Чэрвеня, Мазыра і Слуцка. Усяго каля 53 тысяч квадратных кіламетраў. Прыкладна чвэрць тэрыторыі сучаснай Беларусі. А мільёны беларусаў апынуліся па-за межамі БССР - у Польшчы і Савецкай Расіі.
Паводле некаторых ацэнак, пад польскай уладай жылі амаль тры мільёны беларусаў. Значная частка гэтых людзей толькі нядаўна вярнулася з бежанства.

Беларускія бежанцы ля Баранавічаў, 1915 г. Kreva.travel, фота з калекцыі Уладзіміра Багданава
Яны прайшлі праз пекла Першай сусветнай вайны, Расійскай імперыі, рэвалюцый, расейскай грамадзянскай вайны пазнайміліся з бальшавіцкай уладай. Сярод бежанцаў былі былыя салдаты царскай арміі, камісары Чырвонай арміі. Гэта ўжо не былі тыя беларускія сяляне з традыцыйным вясковым укладам жыцця. Гэта ўжо былі іншыя людзі, з новымі ўяленнямі пра жыццё і навакольны свет. Нярэдка вельмі радыкальнымі ідэямі, нашаптанымі бальшавіцкімі агітатарамі.
Беларусы з бежанства вярталіся ўжо ў іншую дзяржаву. Іх вёскі і гарады апынуліся ў складзе польскай Другой Рэчы Паспалітай. А гаспадарка і хаты былі занядбаныя, паўразбураныя, а часам ужо і з новымі гаспадарамі. Іх дом, дзе яны жылі стагоддзямі, раптам зрабіўся чужым.
Ня дзіва, што стаўленне мясцовых беларусаў да польскай дзяржавы было рэзка адмоўным. Яны спадзяваліся на дапамогу ад дзяржавы, а стаўленне чыноўнікаў, збольшага прысланых з этнічнай Польшчы, было малапрыхільнае. Беларусы і дзяржава размаўлялі даслоўна на розных мовах.
Рост нацыянальнай свядомасці беларускага сялянства ў такіх умовах быў папросту імклівы. Як тых беларусаў, хто апынуўся ў бежанстве, так і тых, хто заставаўся на радзіме. Вось на гэтых людзей, на будучых партызанаў, на гэтыя настроі - і быў разлік.
Сваю задачу беларускія дзеячы ў Літве бачылі так: стварыць беларускія нацыянальныя ўзброеныя сілы, каб у момант літоўска-польскай вайны перайсці да актыўных дзеянняў. На чале войска стаяў Галоўны беларускі штаб, які, праўда, поўнай самастойнасці не меў і падпарадкоўваўся Літоўскаму генштабу.
Цэнтрам партызанскага руху стаў Мерач - Мяркіне. Наймацнейшую падтрымку беларускі рух атрымаў на Гарадзеншчыне і Лідчыне. Старэйшыя беларусы мелі ўжо досыць войнаў і рэвалюцый, а вось сялянская моладзь актыўна пераходзіла мяжу і далучалася да партызанскіх груп. Вясковая інтэлігенцыя, найперш настаўнікі, рабілася мясцовымі лідарамі партызанскага руху.
Каб уявіць, як моцна віравала ў той час беларускае жыццё, дастаткова хаця б аднаго факта: у самым пачатку 1922 года толькі з вёсак Берштаўскай гміны Гарадзенскага павета больш за дзвесце маладзёнаў нелегальна перайшлі мяжу і падаліся ў Мерач, каб стаць беларускімі партызанамі. На тутэйшых землях беларускі партызанскі рух непараўнальна пераўзыходзіў той, што дзейнічаў у часы Другой сусветнай вайны.
Наогул дзейнасць беларускіх партызанаў ахоплівала шырокую тэрыторыю - ад Пружанаў, Беластока і Берасця да Нясвіжа і Наваградка.
Таемная інструкцыя Генштаба ад 11 снежня 1921 года вызначала задачы беларуска-літоўскіх партызанаў: збіраць інфармацыю пра польскія войскі, весці дыверсійную барацьбу і рыхтаваць узброенае выступленне беларусаў у тыле польскай арміі. Яго трэба было ўзняць, як толькі пачнецца вайна паміж Польшчай і Літвой.
Інструкцыя была надзвычай антыпольская: вока за вока, жыццё за жыццё, агнём на агонь, ніякай літасці. Маўляў, калі мы, беларусы, спынімся, гэта будзе пачаткам нашага поўнага фізічнага вынішчэння.
Многія запісваліся ў партызаны, атрымлівалі зброю і вярталіся з ёй дадому. Рапарты паліцыі былі безапеляцыйныя:
«…маладыя людзі, якія яшчэ засталіся на месцы, належаць да вайсковых арганізацый, і ўсе, без выключэння, маюць зброю».
Мяжу масава пераходзілі беларускія пасланцы Галоўнага штаба са стосамі агітацыйных матэрыялаў і газеты «Беларускі партызан».
.jpg)
Асобнікі «Беларускага партызана» праносілі праз мяжу і раскідвалі на беларускім памежжы. «Беларускі партызан» у маёй мясцовасці знаходзіў амаль кожны, - пісаў у дзённіку беларускі актывіст са Скідзеля Пётр Сяўрук. Публічная дамена.
«8 паштовак на беларускай мове: Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка, відарысы беларускіх ваяводстваў — Віленскага, Берасцейскага, Менскага, Троцкага, Віцебскага, Мсціслаўскага, Смаленскага і Наваградскага. А яшчэ беларускі каляндар на 1922 год, дзе напісана, што частка тэрыторыі польскай дзяржавы павінна вярнуцца ў склад Беларусі…», - так паведамляў паліцэйскі рапарт пра вынікі ператрусу ў хаце аднаго з партызанаў.
Партызаны ўсведамлялі, што змагаюцца за Беларусь. Яна ўяўлялася ім ідылічнай сялянскай краінай - без паліцыі, абшарнікаў і падаткаў. Але пра незалежную беларускую дзяржаву ў агітацыйных дакументах гаварылася шмат.
_____________________________
Адзін шалёны месяц «Нашай Долі». Газета «исключительно вреднаго направленія» - чытаць
_____________________________________
Пазней на адным з судовых працэсаў у Горадні зачытаюць партызанскую ўлётку па-беларуску:
« … трэ не дапускаць асаднікаў, гэта зямля беларускага насялення, трэ выгнаць войска, і калі будзе свая Беларуская Народная Рэспубліка, дык і ўсё будзе для беларусаў»
Лідарам партызанскага руху прызначылі Вячаслава Разумовіча. Беларускія партызаны называлі яго атаманам Хмарай. Народжаны ці то ў Троках, ці то ў Горадні, ён прайшоў вайсковымі сцежкамі Расійскую імперыю, Аўстра-Вугоршчыну, Украіну.
Разумовіч быў неадназначнай фігурай у беларускім руху. Але дзейнасць атрадаў пад ягоным камандаваннем усе прызнавалі найбольш эфектыўнай.
Вячаслаў Разумовіч, атаман Хмара. Публічная дамена
У пачатку 1922 года камандзіры рапартавалі, што ў атрадах змагаюцца амаль 7 тысяч партызанаў. Найбольш, што цікава, у атрадах, якія дзейнічалі ў раёне Пружанаў, Берасця, Бельска-Падляскага.
У кастрычніку 1922-га ў прыналежнасці да партызанскага руху абвінавацілі жыхара вёскі Бершты Аляксандра Мілінкевіча, дзеда вядомага сучаснага беларускага палітыка. Паводле паведамлення польскай контрвыведкі:
«Мілінкевіч - арганізатар беларускіх партызанскіх атрадаў і выведнік… часта бывае ў Мерачы ў штабе партызанаў, сустракаецца з Разумовічам…Партызаны называюць Мілінкевіча сваім чалавекам, які ім шмат дапамагае».
Дыверсійныя акцыі, напады на адміністрацыю і маёнткі асаднікаў - зводкі паліцыі стракацелі такімі рапартамі. Перамагчы партызанаў польская дзяржава здолела толькі з дапамогай рэгулярных войскаў.
Ужо ўлетку 1922 года ўлады арыштоўваюць амаль 70 чалавек, якіх вінавацяць у прыналежнасці да беларускага партызанскага руху. На пачатак 1923-га колькасць абвінавачаных сягне трохсот чалавек. Толькі ў гарадзенскай турме на той момант застаюцца каля 60 арыштаваных партызанаў.
Партызанскі рух пачынае згасаць. Як ацэньвалі сітуацыю аналітыкі польскага Генштаба:
«Беларускі селянін меў ужо досыць усялякай няпэўнасці ў заўтрашнім дні, таму перспектыва новай магчымай вайны ці нейкай завірухі, якая пагражала канчатковым зруйнаваннем усяго таго, што яшчэ пасля апошніх войнаў засталося, і таго, што ён паспеў адбудаваць, яго зусім не радавала... Мара пра незалежнасць Беларусі адыходзіла з парадку дня, страчвала адпаведнасць бягучаму моманту».
Але сапраўдным ударам па беларускім партызанскім руху сталі пастановы Канферэнцыі амбасадараў Францыі, Італіі, Бельгіі, Японіі і Вялікай Брытаніі. У сакавіку 1923 года ў Парыжы яны зацвердзілі, між іншага, заходнюю мяжу Літвы: Вільня і Віленшчына застаюцца пад уладай Польшчы. Усё! Польска-літоўская вайна робіцца нерэальнай, і Літва страчвае цікавасць да беларускіх партызанаў. Беларусы - у цяжкай сітуацыі: яны непатрэбныя Літве, вярнуцца дадому не могуць. Дом цяпер у міжнародна прызнаных межах Польшчы.
Частка партызанаў, якая засталася ў Заходняй Беларусі, трапіла ў польскія турмы. Здушэнне партызанскага руху вядомае двума гучнымі працэсамі.

Следчая справа беларускіх партызан. Публічная дамена
У траўні 1923 года ў Беластоку судзілі 45 партызанаў, якія дзейнічалі пераважна на Беласточчыне, у раёне Белавежскай пушчы. На лаве падсудных - мясцовая палітычная дзяячка Вера Маслоўская, дэпутаты Сейма Сяргей Баран і Сымон Якавюк. Большасць партызанаў апраўдалі, але 20 чалавек атрымалі розныя тэрміны зняволення.
Вера Маслоўская ў часу судовага працэсу. Публічная дамена
Яшчэ праз два гады, у 1925-м, у Горадні суд вызначаў меру пакарання 72 партызанам. Усе яны былі сялянамі. Старэйшаму - 64 гады, малодшаму — 18. У турмах апынуліся 30 чалавек.
Атаман Разумовіч Хмара, здавалася б, дамаўляецца пра ратунак з Савецкім Саюзам. 150 партызанаў у канцы траўня 1923 года асобнымі групкамі па 15–20 чалавек прарываюцца праз Польшчу ў СССР і БССР. Некаторыя там нават робяць кар’еру.
Але міне некалькі гадоў, і ва ўмовах сталінскага тэрору беларускія партызаны зробяцца ідэальнымі кандыдатамі на ролю польскіх і літоўскіх шпіёнаў. І апынуцца ў турмах ГУЛАГу альбо будуць забітыя.
Пасля паражэння беларуска-літоўскага партызанскага руху нашае памежжа заціхла ў руціне штодзённага выжывання. Каб праз некалькі гадоў ізноў выбухнуць. Цяпер ужо падтрыманнем сялянскай Грамады і мясцовых камуністаў, кіраваных з Масквы.
Данясенні польскай паліцыі па-ранейшаму заставаліся трывожнымі – мясцовыя беларусы верылі: „настануць лепшыя часы – часы беларускай улады”.
Рэдакцыя на падставе "Беларускі след" BELSAT TV