БНР/BNR
больш артыкулаў
Адзін шалёны месяц «Нашай Долі». Газета «исключительно вреднаго направленія»
Расейская паліцыя прыйшла ў рэдакцыю «Нашай Долі» ўжо на наступны дзень пасля выхаду першага, гістарычнага нумара газеты. Наклад канфіскавалі, потым яшчэ адзін, і наступны таксама, разграмілі рэдакцыю, завялі крыміналку. Так пачыналася легальная беларуская журналістыка.
1 верасня адзначаем 120 гадоў з выхаду першага нумара "Нашай Долі". У 1906 годзе беларусы скарысталіся вакном магчымасцяў - і ў Расейскай імперыі ўпершыню легальна пачала выходзіць газета па-беларуску. Дата эпахальная і ў значнай ступені лагічны пачатак нашага беларускага адраджэння. Але за гэтай прыгожай юбілейнай датай хаваецца адзін шалёны месяц, за які беларуская легальная журналістыка мусіла нарадзіцца і адразу вучыцца змагацца за права на існаванне. Пагартайма каляндар разам:
1 верасня 1906 года. У Вільні выходзіць першы нумар першай легальнай беларускамоўнай газеты "Наша Доля". Наклад - 10 тысяч асобнікаў, палова беларускай кірыліцай, палова беларускай лацінкай.
- Беларускія (і не толькі - рэд.) гараджане Вільні на ўздыме: газету разбіраюць на вуліцах. У рэдакцыі "Нашай Долі" (на сённяшняй Vìlniaus gatvė, 21 - рэд.), увесь дзень не зачыняюцца дзверы, - так узгадваў чытацкі (а хутчэй, грамадзянскі - рэд.) ажыятаж вакол газеты Антон Луцкевіч.

2 верасня. У рэдакцыі ператрус. Расейскія ўлады накладаюць прафілактычны арышт на ўвесь наклад першага нумара. Але, на шчасце, запозна - амаль пяць тысяч асобнікаў ужо разышліся па чытачах.
Паліцыя шалее ад артыкула Антона Луцкевіча «Што будзе?»:
- Правіцельства кроўю заліло цэлы край i думала гэтым успакоіць народ. Але штыкамі i кулямі можна прыдушыць народ, можна з усёй Pacei зрабіць адну вялікую масу, а не ўпраўляць жывымі людзьмі… Не, штыкі і нагайкі не ўспакояць народу! Для ўспакаення народу ёсць адна толькі рада: споўніць тое, чаго дамагаецца народ, даць уладу народным абраннікам…
Паліцыю цікавіць і змест невялічкага расследвання «Даходъ Расейскаго Цара», зробленага літоўскімі журналістамі газеты "Naujoji gadynė" і перадрукаванага па-беларуску ў першым нумары "Нашай Долі".
Ад першага ўдару беларускія журналісты ачуняюць не адразу. Перыядычнасць выдання саб'ецца: тыдзень сыходзіць на тое, каб сабрацца з сіламі і думкамі. З грашыма, як ні дзіўна, праблем менш: нягледзячы на канфіскацыю часткі першага накладу, яго продаж прынёс рэдакцыі прыбытак.
15 верасня. Выходзіць другі нумар "Нашай Долі". Падазроная цішыня, у якую цяжка паверыць, але яна дае надзею.
20 верасня. Трэці нумар. Зноў ператрусы. Наклад канфіскуюць цяпер ужо не прафілактычна. Палітычная паліцыя вывучае верш Якуба Коласа «Беларусам», артыкулы «Старое лекарство» і «Як мужыку палепшыць сваё жыцьцё». На знак салідарнасці з калегамі беларуская "Наша Доля" ў гэтым нумары піша пра пераслед расейскімі ўладамі іншых віленскіх газет: польскага «Рэха» і літоўскай «Naujoji gadynė».

27 верасня. Выходзіць чацвёрты нумар. У той жа дзень наклад забірае паліцыя. Журналісты паспрабавалі былі змяніць танальнасць, гэты нумар яны лічылі «ціхім і спакойным», але не дапамагло. Улады арыштавалі газету яшчэ ў друкарні. Гэтым разам прычына рэпрэсій - рэдакцыйны артыкул на першай старонцы пра выбары ў Дзяржаўную думу Расеі.
- Wot hetakich deputatau nam patreba, katoryje smieła baraniliby mużyckaje sprawy i dabiwaliśby palepszennia życcia jak mużyka-biełarusa, tak i usiej pracawitaj biednaty, szto żywieć u naszym kraju.
За гэтую пазіцыю рэдакцыі ўлады грамяць "Нашу Долю". Пачынаюцца рэпрэсіі супраць журналістаў. Некаторыя з іх і без гэтага, асцерагаючыся арыштаў, перайшлі на нелегальнае становішча. Францішак Умястоўскі, Цётка выязджаюць за мяжу.
- Dziela pryczyn ad redakcji niezaležnych „Nasza Dola” bolsz wychadzić nia budzie, - напішуць журналісты на першай старонцы, але працу над газетай працягнуць.

Вялізныя судовыя штрафы рэдакцыя імкнецца сплаціць, каб не даць уладам падставаў зачыніць выданне. Першай легальнай беларускамоўнай газеце яшчэ не было і месяца!
На гэты момант у Вільні ўжо выходзілі, знікалі, ізноў выходзілі 16 літоўскіх газет і часопісаў, каля паўсотні выданняў на расейскай мове, больш за 30 перыядычных найменняў на польскай, пяць на іўрыце, каля 25 на ідышы. Багаты выбар, амаль на любы густ.
Але з’яўленне першай легальнай газеты па-беларуску заўважылі ўсе. Рэдакцыя "Нашай Долі" была настроена рашуча. Гэта было пакаленне маладых людзей, студэнтаў, якім ужо было мала беларускай справы толькі для сябе і сярод сваіх.
«…мінуў беспаваротна час Калядных і Вялікодных пісанак, якія мы ў гуртках беларускіх у Маскве і Петраградзе друкавалі на гэктографах у некалькіх дзесятках экзэмпляраў…», - узгадваў пазней Францішак Умястоўскі, адзін з ідэйных натхняльнікаў «Нашай Долі».
Першы нумар газеты ён адкрываў амаль маніфестам:
- Мы аб'яўляєм вайну ўсім цёмным сілам, каторым дзеля карысці сваёй вялікая выгода была трымаць васьмімільённы народ беларускі ў нядолі і паняверцы, баламуціць і дурыць яго.
За гэтымі словамі - рэдакцыя, аўтары, распаўсюднікі, постаці, многія з іх цяпер частка гісторыі барацьбы за беларускую дзяржаву: Ян Тукеркес, Алаіза Пашкевіч-Цётка, Антон Луцкевіч, Францішак Умястоўскі, Іван Луцкевіч, Якуб Колас, Антон Лявіцкі, Марыя Пясяцкайце-Шлапялене, Юргіс Шлапяліс, Антон Трэпка, Браніслаў Зяменцкі, Яўстах Сымановіч, Казімір Кастравіцкі, Адам Гедвіла.

Пасля разгрому «Нашай Долі» ў верасні 1906 года, яны знойдуць сілы і магчымасці, каб аднавіць выданне. У палове лістапада «Наша Доля» зноў пабачыць свет.
- Ot żesz kryhu aprawiuszyś ad usich bied, szto na mianie nawaliliś, znou paczynaju wydawać “Naszu Dolu”, znou idu służyć biednamu, skryużennamu wioskowamu i miestowamu raboczemu narodu, - пісаў Ян Тукеркес да чытачоў.
Але рэанімаванае жыццё газеты аказалася яшчэ карацейшым за першае. Рэдакцыя паспела выдаць два нумары, якія ўлады таксама канфіскавалі. Апошні вядомы нумар «Нашай Долі» пабачыў свет 1 снежня 1906 года.
Расейская адміністрацыя выдала цыркуляр з загадам арыштаваць і канфіскаваць усе нумары «Нашай Долі» - газеты «исключительно вреднаго направленія».
Заведзеная крымінальная справа пазней скончыцца годам турэмнай крэпасці для рэдактара Яна Тукеркеса і забаронай на тры гады займацца рэдактарскай дзейнасцю. Сам Тукеркес не стане выпрабоўваць лёс і здароўе турэмнымі лёхамі і з’едзе ў Парыж.
Фармальную забарону на выданне "Нашай Долі" расейскія ўлады абвесцяць у студзені 1907 года. Уся гісторыя першай легальнай беларускамоўнай газеты "Наша Доля" змясцілася ў некалькі месяцаў і шэсць нумароў.
А ў дзень выхаду першага нумара ўсе ў рэдакцыі чакалі Францішка Умястоўскага, які нёс беларускую газету з друкарні.
- Усе з нецярпеннем чакалі майго прыходу з друкарні і газэту амаль не парвалі, выдзіраючы з рук адзін у аднаго. Ня ведаю скуль узялася гарэлка і закуска, і наліўшы чаркі, ня гледзячы на косыя пагляды Цёткі, якая не цярпела п’ючай кампаніі, мы духам асушылі іх, за будучыну Бацькаўшчыны. Гэтак да познай ночы мы гулялі на хрэсьбінах “Нашае Долі”.
Рэдакцыя