БЕЛАРУСЫ ПАМІЖ 1921-1939
Вільня, 1930. Чатыры постаці беларускага адраджэння
"...Народзе наш, прысягаем Табе шумам ніў родных, усходам сонца - сымбалям Твайго адраджэньня;
прысягаем на хаты старыя, мохам парослыя, на магілы - курганы слаўныя прадзедаў нашых, што мы - Твае непадзельна, толькі Твае.
Думка наша, мрыя наша - гэта Ты. Адкідаем усё і ідзём служыць Табе..."

Аўтар гэтых радкоў - Аўген Бартуль. На здымку, зробленым улетку 1930 года ў Вільні, ён у модных тады пумпах - кароткіх пуцатых мужчынскіх нагавіцах, зашпіленых пад каленамі.
На фота чатыры беларускія студэнты Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, актывісты і лідары Беларускага студэнцкага саюза. Яны выдаюць беларускія часопісы, даследуюць гісторыю Беларусі, арганізуюць беларускі студэнцкі рух, займаюцца беларускай асветай і развіваюць беларускае палітычнае жыццё.
Падпішыся на Facebook Кароны Вітаўта!
Аўген Бартуль (1908-1992) - сярод іх самы малады, яму 22 гады. Нарадзіўся ў Пецярбургу ў сям'і выхадцаў з беларускай Друйшчыны. Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Дзвінску (сёння латышскі Даўгаўпілс). Паступаючы ў Віленскі ўніверсітэт, назваў сваёй нацыянальнасцю - беларус, а роднай мовай - беларускую. Пачынаў навучацца на матэматычна-хімічным факультэце, пасля перавеўся на права і грамадскія навукі. З першых дзён вучобы далучыўся да актыўнай дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза.
Бартуль адзін з найбольш адметных беларускіх паэтаў Заходняй Беларусі. У 30-я гады працаваў суддзём у Пінску, Брэсце, Ашмяне і Лунінцы, падчас Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні.
Усё пасляваеннае жыццё Бартуль пражыў у польскім Лембарку. Нібыта з-за сувязі з Арміяй Краёвай яму не дазволілі працаваць суддзём, ён кіраваў гарадской натарыяльнай канторай. Абіраўся нават мясцовым дэпутатам. Прэса называла яго чалавекам заслужаным і паважаным у Лэмбарку.
Аўген Бартуль старанна хаваў сваю беларускую маладосць: у пасляваеннай камуністычнай Польшчы мець біяграфію свядомага беларуса было небяспечна. Пра яе ня ведалі нават жонка з дачкой. Імя Бартуля было сярод беларусаў, якіх вышуквалі польскія і савецкія камуністычныя спецслужбы.
Першы ад левай на фотаздымку Мікола Шкялёнак (1899–1946), яму тут 31 год. Паходзіў з вёсцы Пякоціна на Мёршчыне. Адзін з лідараў беларускага студэнцкага руху ў Вільні, старшыня Беларускага студэнцкага саюза, рэдактар «Студэнцкай думкі», юрыст, беларускі палітык і даследчык гісторыі беларускага права і дзяржаўнасці. Стэфан Баторы і статуты ВКЛ былі адной з яго ўлюбёных тэм.
Чытаць: Факты пра Стэфана Баторыя. Беларускі ракурс
У гады Другой сусветнай вайны Мікалай Шкялёнак далучыўся да беларускіх арганізацый, якія дзейнічалі ва ўмовах нямецкай акупацыі, спадзеючыся выкарыстаць гістарычную сітуацыю дзеля беларускай дзяржаўнасці.
На Другім Усебеларускім кангрэсе ў Менску ў чэрвені 1944 года заклікаў прызнаць несапраўднымі савецкія і польскія рашэнні адносна Беларусі, яе тэрыторыі і народа. Разам з тым дзейнасць беларускіх арганізацый адбывалася ва ўмовах нямецкай акупацыі, што ставіла беларускі нацыянальны рух у складаную палітычную залежнасць ад нацысцкіх уладаў.
У 1945 годзе Шкялёнка выкралі ў Польшчы савецкія спецслужбы, таемна вывезены ў Мінск і ў 1946 годзе расстралялі.
Другі ад левай Мар'ян Пецюкевіч (1904–1983) - на гэтым здымку яму 26 гадоў. Нарадзіўся ў каталіцкай сям'і ў вёсцы Цецеркі на Браслаўшчыне, скончыў Віленскую беларускую гімназію, быў вучнем Браніслава Тарашкевіча і Адама Станкевіча.
- Жывучы на такой правінцыі, як наша Браслаўшчына, у той час цяжка было даведацца, што адбываецца ў свеце. Беларусь, беларускі народ, беларускае пытанне - для нас, нацыянальна несвядомых сялян, падзеленых праклятай гісторыяй на «рускіх» (праваслаўных) і «палякаў» (католікаў), былі нейкімі абстрактнымі праблемамі, - скажа пазней Мар'ян Пецюкевіч.
Ён арганізоўваў грамадскі беларускі рух у роднай вёсцы, займаўся нацыянальнай асветай моладзі. Рэдагаваў беларускія часопісы і газеты. Публікаваў вершы пад псеўданімам Марвіч і казкі пад псеўданімам Дзед Марцін. Даследаваў гісторыю, этнаграфію і культуру Беларусі, абараніў магістарскую працу пра старавераў на Браслаўшчыне, працаваў у Навукова-даследчым інстытуце Усходняй Еўропы
Чытаць: ТБШ. Беларусы, якім школа замяніла дзяржаву
Падчас Другой сусветнай вайны займаўся беларускай адукацыяй і культурай у Вільні і Ашмянах: кіраваў Бібліятэкай імя Урублеўскіх, Беларускім музеем. За беларускую дзейнасць пакараны пасля вайны савецкай уладай 25 гадамі зняволення. Толькі ў 1957 годзе быў вызвалены, фактычна, пад гарантыі, што выедзе ў Польшчу да сям'і. Да канца жыцця працаваў у музейнай і культурніцкай справе горада Торунь. Беларускай справы Мар'ян Пецюкевіч ніколі не кідаў.
Побач з Бартулем - Кастусь Глінскі (1906-1987) - на гэтым здымку яму 24 гады. Паходзіў з колішняй вёскі Прытычына на дзісенска-мёрскім памежжы. Студэнт юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта, з траўня 1930 да траўня 1931 года старшыня Беларускага студэнцкага саюза, рэдагаваў часопіс беларускіх навучэнцаў «Студэнцкую думку», арганізоўваў беларускае студэнцкае жыццё ў Вільні, выдаваў часопіс «Новая варта».
Пасля ўніверсітэта працаваў суддзём у Ашмянах. Але ўжо ў 1939 годзе пасля ганебнай дамовы якую падпісалі сталінскі СССР і гітлераўская Германія, і падзелу імі народаў і дзяржаваў Усходняй Еўропы, Кастуся Глінскага арыштавалі савецкія ўлады і кінулі на 8 гадоў у ГУЛАГ.
Пакаранне адбываў на архангельскіх лагерах Расеі. Вырвацца на свабоду здолеў толькі, калі запісаўся ў польскую Армію Андэрса. З 1946 года жыў у Вялікабрытаніі, дзе заставаўся адным з найбольш актыўных дзеячаў беларускай эміграцыі, выдаваў часопіс «Званіца», а ў 1982 годзе апублікаваў для ангельскамоўнага чытача брашуру «Byelorussia», у якой распавядаў непадцэнзурную гісторыі Беларусі.
Чытаць пра лёсы Мікалая Марцінчыка
Рэдакцыя
Здымак упершыню апублікаваны ў выданні "Czasopis"