БЕЛАРУСЫ ПАМІЖ 1921-1939

больш артыкулаў

23-10-2026

«Народ, паўстань!» Так беларускія ю...

прачытаць
15-10-2026

Як беларусы вярталі незалежнасць па...

прачытаць
28-07-2026

Вільня, 1930. Чатыры постаці белару...

.....

прачытаць
30-07-2026

У даганялкі з чэкістамі. Як ГПУ пад...

прачытаць
30-10-2026

"Я не забіваў. Я - толькі вазіў"

 

Як энкавэдзісты расстрэльвалі людзей у Курапатах пад Менскам, што бачылі жыхары навакольных вёсак і чаму дзесяцігоддзямі баяліся пра гэта гаварыць? Зянон Пазьняк узгадвае як у 1980-х шукаў сведкаў сталінскіх забойстваў, праводзіў раскопкі масавых пахаванняў і адкрываў праўду, якая ў 1988 годзе ўскалыхнула Беларусь. А таксама расказвае пра людзей, чые сведчанні немагчыма і нельга забыць.

 

 - У Курапатах энкавэдзісты звычайна рабілі так: настрэльвалі яму, пакідалі двух вязьняў. Давалі рыдлёўкі – засыпайце. Засыпалі, потым забівалі і іх.

 

Псыхіка была зламаная настолькі, што людзі не маглі супраціўляцца. Можа, спадзяваліся: калі менавіта ім загадалі закопваць магілы, а не забілі разам з усімі, то, можа, вырашылі пакінуць жывымі. Перад расстрэлам каштоўныя рэчы забіралі: адзеньне, гадзіньнікі. На раскопках я бачыў пераважна рэчы бедных людзей, сялянаў – лахманы, бахілы, галёшы. А ў пахаваньнях, зьвязаных з 1939 годам, дзе ўжо былі гарадзкія людзі, – акуляры, лекі, скураныя паліто і боты.

 

 Знакаміты артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва ў газеце "Літаратура і Мастацтва" ад 3 чэрвеня 1988 года, які адкрыў праўду пра савецкія забойствы беларусаў у Курапатах пад Менскам. 

 

Вазілі забіваць днём, ноччу, раніцай. Кругласуткавая вахта, зьмены. Перазьменка – а дзясятай-адзінаццатай вечара. Пасьля расстрэлаў гэбісты вярталіся ў горад, ішлі ў сваё кафэ. За такую працу давалі па дзесяць рублёў у дзень – на дзьве бутэлькі гарэлкі хапала.

Я хадзіў па вёсках і запісваў людзей усю зіму 1987–1988 году. Адзін хадзіў і зь Яўгенам Шмыгалёвым. Удвух было больш прадуктыўна, людзі больш давяралі. Тады магнітафоны былі вялікія, як чамадан, імі можна было чалавека напалохаць, то мы магнітафонам не карысталіся. Запісваў я ўжо потым, адышоўшы, у сшытак. Пры людзях нельга было: пабачылі б, што занатоўваю, – баяліся б гаварыць.

У Цне гаварыў з Вольгай Бароўскай. У дзяцінстве яна выпадкова апынулася каля расстрэльнай ямы і бачыла ўсё зблізку. Адзінаццаць гадоў ёй было. Казала, што ў Цне чулі стрэлы і крыкі штодня. Жыта жнуць, а побач людзей забіваюць. Найбольш крычалі жанчыны, клікалі маму, пыталіся: «За што?» Малая Воля захварэла ад убачанага. Лячылі ад пярэпалахаў. Цяжка слухаць, што перажылі тыя, хто застаўся жыць.

Вера Тоўсьцік з Дроздава расказвала, што энкавэдзісты пасьля расстрэлаў часта прыходзілі да іх на танцы, ужо выпіўшы. Ад Курапатаў да вёскі паўтара-два кілямэтры. Вёска невялікая, у 1980-х заставалася з дванаццаць хатаў.

 

Калі распытваў пра маёра Бачкова, які кіраваў расстрэльнай камандай, знайшоў ягоную сваячніцу па жонцы. Сам ён быў расеец, жыў прымаком у Дроздаве. Прыехаў, назабіваў, потым уцёк. Дык яна расказвала: былі малыя, падыходзілі пад вакно, глядзелі, слухалі. Бачылі, як Бачкоў прыходзіў зь лесу, лез да жонкі, а тая яму: «Ідзі, памыйся, ты крывёй пахнеш».

 

У Лошыцы размаўляў зь Верай Шумскай... Адзін энкавэдзіст у маладосьці за ёй цягаўся, настырна дамагаўся. Яна ня ведала, як пазбавіцца. Казала: страшна, скажаш нешта ня так – мог застрэліць. Расказвала, што мясцовыя камсамольцы і розныя падонкі прасіліся пастраляць у «ворагаў народу». Па пяцьдзясят капеек плацілі за стрэл.

Знайшоў і жонку энкавэдзіста Друзя, які расстрэльваў у Курапатах. Пра яе падказаў былы лётчык, мой зямляк. Жонка Друзя зьмяніла прозьвішча, жыла ў Менску. Прадставіўся ёй знаўцам падпольля. Яна прыняла мяне за савецкага вучонага. Цікава апраўдвала сваё замужжа. Казала: тады многія дурныя дзеўкі марылі выйсьці за энкавэдзіста. Прэстыжна – «вялікія людзі», зьнішчаюць ворагаў народу. Сама паходзіла зь Зеляноўкі каля Зялёнага Лугу. У 1980-х той вёскі ўжо не было.

За такой «модай» мог стаяць і падсьведамы прагматызм. Кожную ноч езьдзяць хапуны, забіраюць людзей. Выйдзеш за такога – застанесься жывая. І заставаліся. Жонка Друзя казала: калі прыйшлі немцы, думала, што канец, але нашыя людзі яе ня выдалі. Відаць, таму, што была свая, вясковая, хоць і замужам за расейскім забойцам.

У траўні 1988 году я вырашыў зрабіць раскопкі Курапатаў. Меў адкрыты ліст на археалягічную разьведку па Менскай вобласьці. Амаль адразу напісаў артыкул «Курапаты – дарога сьмерці». Разумеў, што будзе шырокі розгалас. Але не чакаў, што ўзьнімецца ўсё грамадзтва. Здавалася, усё прыдушана і задушана. Як тарфяны пажар – вырвалася наверх.

 

Калі капаў Курапаты, то раніцай бывала, еду, сонца сьвеціць, людзі ў аўтобусе. Едзе малая пара, прыціскаюцца адзін да аднаго, а я бачу іхныя шкілеты. Бо я раскапваў адну курапацкую яму, валасы жаночыя, доўгія-доўгія, сьветлая бландзінка. Вось еду аўтобусам раніцай на раскопкі і бачу: стаіць жанчына, такія самыя валасы. І раптам бачу шкілеты. Галюцынацыя, поўны аўтобус шкілетаў.

 

Калі я пачынаў раскопкі, Алесь Адамовіч прывёз тэлевізійную групу з Масквы. Падышоў да мяне, падказваў нешта, даваў прапановы, відаць было, што ён пазытыўна ўспрыняў працэсы, якія пачаліся ў Беларусі, яго ўразіла праўда пра Курапаты… 

Алесь Адамовіч, Зянон Пазьняк у Менску, 1990 год

 

… Яшчэ ў 1970-х я расказаў Яўгену Шмыгалёву пра расстрэлы і пахаваньні ў Зялёным Лузе, так мы напачатку між сабой называлі Курапаты. Выявілася, што ён таксама пра гэта ведаў. Мы ня раз туды хадзілі, глядзелі на тое месца. Разумелі, што тут трэба было чакаць свайго часу і маўчаць. Бо калі вымкнецца нешта, то Саветы ўсё зьнішчаць, зробяць басэйн ці стадыён. Потым аказалася, што і Мікола Купава пра тое чуў. Натуральна, пра расстрэлы ведалі жыхары з ваколічных вёсак. Даволі шмат людзей ведала. Але яны ўсе маўчалі. Вяскоўцы ўвогуле пабойваліся. У 1970-х гадах я якраз жыў там на крайняй тады вуліцы Кальцова, размаўляў з жыхарамі вёсак і шмат што даведаўся…

 

Як людзі Сталіна палявалі на беларускага народнага паэта - чытаць

 

…Большасьць яшчэ ня ведала маштабу генацыду, таго, што невінаватых зьнішчалі мільёнамі, па пляне. Веды былі ўрыўкавыя. Пасьля ХХ зьезду камуністычнай партыі ў 1956 годзе людзі вярталіся зь лягераў, расказвалі між сабой, за бутэлькай. Іншыя чулі, але дакладных фактаў ня мелі…

 

… Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце выяўленьня чалавечых рэшткаў. Зьвярнулася ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук, каб выдзелілі археолягаў для эксгумацыі і раскопак. Дырэктар выдаў загад. Працу даручылі мне, Мікалаю Крывальцэвічу і Алегу Іову. Стварылі атрад, наладзілі кантакты з пракуратурай, міліцыяй, пачалі раскопкі.

 

Навуковае дасьледаваньне вялі мы: дзёньнік, замалёўкі, уся неабходная мэтодыка. Побач працавалі крыміналісты, каля пяці чалавек. Сьледчую групу ачольваў Язэп Бролішс. Сьледчыя здымалі на відэа, фатаграфавалі. Пакінулі тады ўражаньне вельмі прыстойных людзей…

…Спачатку ўсё казённа. Потым пайшлі штабялі расстраляных, чарапы, косьці, бедныя рэчы бедных людзей – галёшы, бахілы. І ў іх адбыўся паварот у душы.

 

Курапаты.

Яны ж спэцыялісты, бачылі ўсялякія трупы: парэзаныя, расчлянёныя, безгаловыя, гнілыя. Але Курапаты зрабілі іншае ўражаньне – мэнтальнае, сказаў бы, сакральнае. Я ня думаў, што так будзе. Меркаваў, пачуцьці ў іх прытупленыя. На глыбіні двух мэтраў ужо было відаць рэшткі. Расчышчаеш пэнзлікам, ножыкам, робіш замалёўку, здымку, наносіш на плян, на мілімэтроўку. Мэтодыка дазваляе шмат што высьветліць. Расчысьціш пласт – і бачыш, як чарапы «сьмяюцца». Для непрывычнага чалавека жудасная карціна. Сяджу ў доле, расчышчаю косьці. Наверсе бярозкі, сосны, ветрык шуміць, сінічкі – «ціў-ціў».

 

Калі гадзіну-другую глядзіш толькі на чарапы і рэшткі людзей, трэба вылазіць, адыходзіць. Бо адбываецца нешта дзіўнае. Пачынаеш успрымаць іх як жывых, нібы апускаесься ў тую эпоху. Рэчы гавораць, уцягваюць. Пранікаеш у магілу як у супольнасьць нежывых. Трэба выйсьці, паглядзець у неба, пагаварыць, каб не ўвайсьці ў псыхічны штопар.

 

І вось чую наверсе сьледчага Бролішса: «А вось і тады так птушачкі сьпявалі». Вочы вільготныя ў яго, падняў галаву, глядзіць на бярозкі. Суровы чалавек, сьледчы. Адна справа – забойства, прыватны чалавечы лёс. А тут – генацыд, забойства народу. Я яшчэ тады падумаў: э, хлопец, з такім сэрцам доўга ў пракуратуры не прабудзеш…

… Каля году ішло змаганьне ў Курапатах, урэшце вымушаныя прызнаць: расстрэлы зрабілі савецкія органы НКВД. Пазьней я аналізаваў, чаму верхавіна КГБ так лёгка пагадзілася на раскопкі. Думаю, меркавалі, што рэшткаў ужо няма. Бо прыкладна ў 1949 годзе зрабілі выемку касьцей. І вывезьлі. Меў зьвесткі ад розных людзей, і мы пацьвердзілі яе археалягічна. Усё ёсьць у навуковай справаздачы. Зямля пакідае сьляды. Ад археоляга ў ёй нічога не схаваеш. Відаць, хто, дзе і што капаў. Трэба толькі ўмець чытаць.

Дакладна невядома. Маглі закапаць у кар’еры, маглі спаліць. Людзі казалі, што напрыканцы 1940-х у Курапатах два гады стаяла вайсковая частка. Што рабілі там салдаты, для многіх загадка. Нашыя сьведкі расказвалі пра вываз касьцей у балота за Заслаўскай дарогай. А таго балота даўно няма…

… Кіроўца НКВД вазіў вязьняў на расстрэл. Пакуль забівалі, выходзіў з кабіны, хадзіў. Бачыў, як настрэльвалі поўную яму, а калі заставаліся яшчэ людзі – ускоквалі наверх, тапталі забітых, пакавалі. Аднойчы вывелі чарговых. Адзін вязень зьвяртаецца: «Міша, гэта ты?» Ягоны школьны настаўнік.

Паўза, маўчаньне. Энкавэдзісты пераглянуліся, падвялі настаўніка да ямы і застрэлілі на вачах кіроўцы. Той кінуўся ўцякаць. Бег па лесе, ня ведаў куды, ударыўся ў дрэва, упаў, плакаў. Гістэрыка. Трэба ад’яжджаць, шафёра няма. Знайшлі з матам, прыцягнулі, пасадзілі за руль.

У кінафільме «Дарога на Курапаты» Міхаіла Жданоўскага паказаны іншы шафёр НКВД, які вазіў людзей на расстрэл. Ён кажа: «Я не забіваў. Я – вазіў». Ягонае сумленьне чыстае. Ён толькі вазіў на расстрэл свой народ. Ён толькі меў працу.

 

Дзяды ў Курапатах, 1993 год.

 

Курапаты былі не адзіным такім месцам у Беларусі, дзе энкавэдзісты забівалі людзей. Расстрэльвалі паўсюль: наша краіна – зона сьмерці. У Пінску, Воршы, Магілёве, Віцебску, Берасьці, Глыбокім, Вялейцы. Фактычна ў кожным горадзе. Пасьля Курапатаў адкрылася і Быкаўня пад Кіевам, месцы расстрэлаў пад Піцерам.

У Менску некалькі такіх жахлівых месцаў. Найбольшае пасьля Курапатаў – парк Чалюскінцаў. Там таксама працавала машына забойстваў. Пазьней магілы зраўнялі, зьнівэлявалі, на паверхні нічога ня відаць...

 

Рэдакцыя.

Фрагменты кнігі "Зянон Пазьняк у размовах зь Дзьмітрыем Гурневічам і Паўлам Мажэйкам"