ПАЛІТЫЧНАЯ ГІСТОРЫЯ

больш артыкулаў

26-03-2026

Хуткая помста. Дзёрзкасць гарадзенц...

У Пеця...

прачытаць
05-03-2026

Віхура, Шчодрадух, Квотарбэк - як ж...

Перабр...

прачытаць
02-04-2026

Няма багоў, няма паноў. Так пачыналі беларускія анархісты

Былі часы, калі Беларусь вяла рэй у анархісцкім руху Усходняй Еўропы. Гродна і Беласток, які тады адміністратыўна ўваходзіў у Гродзенскую губерню - гэтыя два гарады былі наймацнейшымі цэнтрамі анархізму ў Расейскай імперыі.

Гісторыя станаўлення і развіцця анархічнага руху ў тагачаснай Расейскай імперыі вельмі цесна пераплецена з тэрыторыяй тагачаснай Гродзенскай губерняй.

Менавіта тут, у сённяшнім польскім горадзе Беластоку, які з’яўляўся найбольш развітым на той час цэнтрам прамысловасці ўсяго рэгіёну, на самым пачатку ХХ ст. -- у 1902-1903 гадах, паўстала першая вядомая анархісцкая арганізацыя ў імперыі.

Ля яе вытокаў стаялі актывісты, якія пазнаёміліся з новымі ідэямі па стварэнні бяскласавага "справядлівага" грамадства ў Заходняй Еўропе. Першапачаткова яны былі прыхільнікамі тэорый Пятра Крапоткіна, але ў наступныя гады тэарэтычны базіс, на якім грунтаваліся разнастайныя арганізацыі анархісцкага толку значна пашырыўся.

Ужо падчас рэвалюцыі 1905-1907 гадоў на землях Беларусі дзейнічалі ўсе асноўныя плыні тагачаснага анархізму – хлебавольцы, чорназнаменцы, камунары і безматыўнікі, а таксама безначальцы

Мінскія сябры арганізацыі "Чорнае знамя", 1906 год. Фота з The Russian Anarchist, Princeton University Press

Узнікненню і пашырэнню ідэй анархізму, аднаго з найбольш радыкальных вучэнняў у тыя часы, спрыялі многія эканамічныя, палітычныя, дэмаграфічныя і нацыянальныя фактары. Апошнія праяўляліся ў тым, што ў гэты час вельмі актыўна адбывалася эмансіпацыя габрэйскай супольнасці, межы пражывання якой былі абмежаваныя пераважна гарадамі і мястэчкамі Беларусі, Літвы і Украіны.

Імклівы індустрыяльны рост, на змену якому прыходзілі перыяды застою і стагнацыі суправаджаліся павелічэннем эксплуатацыі рабочых з боку капіталістаў. У межах барацьбы з агульным ворагам, дзеля дасягнення агульных мэт, на пачатку ХХ ст. адбываўся працэс паступовага пераадольвання былой адасобленасці іўдзейскай супольнасці.

У выніку падобных працэсаў склад анархісцкіх арганізацый быў цалкам інтэрнацыянальны: акрамя габрэяў актыўнымі ўдзельнікамі гэтага руху былі палякі, беларусы (у тым ліку сяляне), украінцы і інш. 

Анархісты беластоцка-гарадзенскага рэгіёну. 1905 год. Фота з кнігі: Księga-album pamięci gminy żydowskiej w Białymstoku

Значную ролю ў пашырэнні тэорыі і практыкі анархізму адыгралі падзеі першай расейскай рэвалюцыі. Менавіта цягам 1905-1907 гадоў анархісты заявілі пра сабе як пра адну з найбольш дзейсных палітычных сіл, значна пашырылі арэал сваёй дзейнасці, а таксама ўплыў на розныя пласты тагачаснага грамадства.

Найбольш яскрава гэтая тэндэнцыя прасочваецца на прыкладзе Гродзенскай губерні, дзе ўжо да 1905 г. існавалі арганізацыйныя структуры і нават пэўны практычны вопыт барацьбы.

Найбольш рэзанансную аперацыю гарадзенскія анархісты правялі 28 жніўня таго ж 1906 года, калі высачылі ў цэнтры горада і забілі шэфа жандараў Гродзенскай губерні Мікалая Грыбаедава, які адзначыўся асаблівай жорсткасцю падчас антыгабрэйскага пагрому ў Беластоку.

Важным метадам барацьбы, да якога досыць часта прыбягалі анархісты падчас рэвалюцыі 1905-1907 гадоў і ў пазнейшыя часы была экспрапрыяцыя. Апошняя заключалася ў практыцы адбірання грошай у прадстаўнікоў багацейшых класаў грамадства, пераважна капіталістаў і памешчыкаў.

Падобныя акты ажыццяўляліся як мірным шляхам, калі багацею-эксплуататару дасылаўся мандат, альбо ліст з пагрозамі, у якім указвалася сума, якую неабходна было выплаціць да пэўнага тэрміну, або, у большасці выпадкаў, гэта адбывалася з выкарыстаннем сілы і гвалту.

Асабліва частымі напады на буйных землеўладальнікаў і ўладароў прадпрыемстваў сталі на заключным этапе рэвалюцыі. Таксама шырока практыкаваліся прамыя рабункі, налёты на банкі, касы, цягнікі і нават кіднэпінг.

Фінансавыя сродкі, атрыманыя падчас падобных акцый ішлі як на падтрымку страйкавага руху і яго ўдзельнікаў, так і на патрэбы арганізацыі. Тут варта заўважыць, што большасць VIPаў анархісцкага руху былі адданымі сваёй справе ідэалістамі, якім не быў уласцівы карыслівы разлік.

Вельмі важным і адначасова канструктыўным эпізодам у гісторыі рэвалюцыі 1905−1907 гадоў быў першы “беларускі” Савет рабочых дэпутатаў, створаны на пачатку снежня 1905 года сумеснымі намаганнямі максімалістаў і анархістаў.

Да іншых прыкладаў“пазітыўнай” працы можна аднесці групы самаабароны (узброеныя атрады на выпадак габрэйскіх пагромаў), якія ствараліся сумеснымі сіламі ўсіх рэвалюцыйных груп, у тым ліку і анархістамі. Паводле польскага сацыяліста Баляслава Шушкевіча, такія групы перашкодзілі пагрому ў Гродне.

У анархістаў ніколі не было яскрава вызначанага цэнтра, які аддаваў бы дырэктывы, кіраваў экспрапрыяцыяй, тэрактамі і іншымі мерапрыемствамі – іх характарызавала непрыняццё планамернай працы. Кожны сябра анархісцкага гуртка фактычна кіраваўся сваімі меркаванні і дзейнічаў паводле свайго плана.

Анархістаў не цікавіў удзел у легальных арганізацыях, мірная прапаганда разглядалася імі толькі як плацдарм для далейшых “наўпроставых” дзеянняў. Ідэйныя лідары анархісцкіх груп удзельнічалі ў ажыццяўленні тэрактаў і экспрапрыяцый нароўні з шэрагоўцамі.

Паліцыя, жандары, тайныя агенты і правакатары вялі сапраўднае паляванне на анархістаў. Масавыя арышты, турэмныя зняволенні, ссылка і смяротныя пакаранні найбольш актыўных удзельнікаў гэтага руху, а таксама параза самой рэвалюцыі сталі адной з прычын паступовага зніжэння іх актыўнасці.

Але сам рух не быў разгромлены. Анархісцкія суполкі працягвалі сваю дзейнасць у гады паслярэвалюцыйнай рэакцыі ў многіх мясцовасцях Беларусі.

Падзеі 1917 года, лютаўская рэвалюцыя і захоп улады бальшавікамі ў значнай ступені садзейнічалі актывізацыі анархістаў, частка з якіх спрычынілася да беларускага нацыянальнага руху.

Напрыклад, у снежні 1917 году, на Першым Усебеларускім з’ездзе з 1700 дэлегатаў 25 былі анархістамі. Таксама прынамсі 5 анархістаў увайшлі ў склад Беларускага абласнога камітэта пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў, які дзейнічаў з лістапада 1917 да сярэдзіны 1918 году.

У гэты ж час зараджаецца анарха-бальшавізм. Некаторыя анархісты пайшлі на супрацоўніцтва з бальшавікамі. Апошнія актыўна выкарыстоўвалі папулярнасць анархічных ідэй, а таксама арганізацыйны, агітацыйны патэнцыял і баявы вопыт анархістаў для дасягнення ўласных мэтаў.

Аднак, пасля таго як пазіцыі камуністаў сталі моцнымі, тыя без усялякіх ваганняў расправіліся з усімі палітычнымі сіламі, якія ім яшчэ нядаўна дапамагалі, у тым ліку і з анархістамі.

Рэдакцыя


Выкарыстаны матэрыялы:

Anarquistas de Bialystok, Edicions Anomia/Furia Apatrida