ХІХ СТАГОДДЗЕ
Касцюшка аддаў грошы на свабоду амерыканскіх рабоў
Але сваякі з Беларусі былі супраць і забралі ўсё да апошняга цэнта, яшчэ і працэнты. У справе была задзейнічана нават Расейская амбасада ў Вашынгтоне.
Легендарны ўжо пры жыцці. Яго імя захавана ў тысячах геаграфічных і ганаровых назвах на розных кантынентах. Помнікі яму стаяць у многіх краінах. І французскі Напалеон і расейская Кацярына не шкадавалі словаў, прызнаваючы веліч хлопца з-пад Івацэвічаў - "герой поўначы", "сапраўдная бестыя", "апошні рыцар".
"Дзе заканчваецца культ Касцюшкі, там заканчваецца цывілізацыя", - пісалі патрыятычныя польскія гісторыкі. Наш Касцюшка насамрэч быў слаўным, ідэйным, прагрэсіўным і ўплывовым.
Героя вайны за Незалежнасць ЗША ад Вялікай Брытаніі (1775-1783) брыгаднага генерала Тадэвуша Касцюшку ўрад ЗША ўзнагародзіў сертыфікатам на 12 280 даляраў, а Кангрэс ЗША патэнтам на зямельны надзел у 500 акраў у штаце Агаё.
У 1784 годзе Джордж Вашынгтон уганараваў Тадэвуша Касцюшку знакавым Ордэнам Цынцыната. Касцюшка адзін з нямногіх замежнікаў-кавалераў гэтага ордэна, і, дакладна, адзіны з грамадзянаў Рэчы Паспалітай. Аўтар карціны Міхал Стаховіч. Са збораў Muzeum Narodowe ў Кракаве.
Агулам на момант смерці на рахунку Касцюшкі ў Штатах было амаль 17 тысяч даляраў. Грошы вельмі вялікія: пабудаваць драўляны дом з двух пакояў у тыя часы ў Штатах можна было за 100 даляраў, а дзённая стаўка муляра ці цесляра была 1,5 даляры.
У 1798 годзе Касцюшка склаў тастамант, які павінен быў уступіць у сілу пасля ягонай смерці. Чорным па белым, Касцюшка прадпісваў свайму сябру Томасу Джэферсану, на секундачку, трэцяму прэзідэнту ЗША (1801-1809), аднаму з аўтараў амерыканскай Дэкларацыі аб незалежнасці, аддаць грошы і маёмасць у Штатах на выкуп і навучанне цемнаскурых нявольнікаў:
„Джэферсане, сябра дарагі, прашу Цябе ў выпадку маёй смерці, аддаць мае грошы на вызваленне столькіх чорнаскурых людзей, колькім гэтыя грошы змогуць запэўніць адукацыю і годнае жыццё...", - азадачыў Касцюшка Джэферсана 5 траўня 1798 года.
Кожнаму з вызваленых рабоў, акрамя адукацыі, Касцюшка прызначыў яшчэ па 100 акраў, а гэта амаль 40 га, зямлі, з неабходнымі сельскагаспадарчымі прыладамі і быдлам.
"Тадэвуш быў самым сапраўдным сынам свабоды якога я ведаў... і свабоды для ўсіх, а не толькі для некаторых і заможных", - прэзідэнт Джэферсан насамрэч быў у захапленні аб свайго сябра.
За месяц да смерці Касцюшка яшчэ раз пацвердзіў Джэферсану сваё рашэнне і сваю просьбу.
Тадэвуш Андрэй Банавентура Касцюшка пакінуў гэты свет у Швайцарыі 15 кастрычніка 1817 года.
І тут пачынаецца дзіўнае. 
Зборнік асабістых дакумантаў і лістоў Тадэвуша Касцюшкі. Выдадзены ў Кракаве ў 1784 годзе. Адкрыты доступ
Джэферсан адмаўляецца выканаць апошнюю волю свайго сябра і паплечніка. 12 траўня 1819 года містэр Томас Джэферсан з'явіўся ў судзе акругі Альбемарл, штат Вірджынія, дзе аргументаваў сваю пазіцыю старэчым векам (76 год на той момант) і слабым здароўем.
Але выглядае на тое, што Джэферсан больш за ўсё баяўся рэакцыі, якую можа выклікаць прэцэдэнт вызвалення рабоў: напружанасць у грамадстве, гвалтоўныя дзеянні ці нават чарговая грамадзянская вайна. Ды й сам Джэферсан, як вядома, быў хоць і праціўнікам рабства, але разам з тым быў ўласнікам ці не найвялікшай колькасці рабоў у штаце Вірджынія.
Суд прыняў да ведама довады Джэферсана, вызваліў яго ад выканання функцый выканаўцы тастаманта і прызначыў адміністратарам амерыканскіх капіталаў Тадэвуша Касцюшкі адваката Ліра. Лір у сваю чаргу прыдумаў, каб на грошы грошы героя з-пад беларускіх Івацэвічаў была заснавана школа для цемнаскурых рабоў у штаце Нью-Джэрсі.
Але шляхетная ідэя разбілася аб пратэсты спадчыннікаў. І ці не ў першую чаргу беларускіх спадчыннікаў. Амерыканскія капіталы Тадэвуша сталі аб’ектам юрыдычных прэтэнзій з боку шэрагу асобаў.
Прэтэндаваў на іх амерыканскі хроснік Тадэвуша - Касцюшка-Армстранг, а таксама сям’я Цэлтнераў з Швайцарыі, у доме якіх генерал жыў да самай смерці.
Але галоўнае змаганне вялі крэўныя Тадэвуша Касцюшкі з тагачаснай Гарадзеншчыны.
Беларускія прэтэндэнты-сваякі Касцюшкі падзяліліся на два кланы - Эстак і Жалкоўскіх. Першы з іх ўзначаліла Кацярына Эстка, яна была нявесткай, памерлым ужо на той час, уласнікам радавых касцюшкавых Сяхновічаў Пятру і Ганне Эсткам. Першапачаткова Кацярына прадстаўляла інтарэсы сваіх дзяцей (Рамана, Мартына, Іпаліта і Людвікі па мужу Нарбут).
У клан Жалкоўскіх уваходзілі нашчадкі роднай сястры Тадэвуша - Кацярыны, якая пабралася шлюбам з Юзафам Жалкоўскім. Сыноў у гэтай пары не было, і ў бітву за спадчыну з гэтага боку ўключыліся таксама далейшыя сваякі - Адам Быхавец, Міхал Шырма, браты Іпаліт і Уладзіслаў Ваньковічы.
Усе гэтыя людзі заслугоўваюць асобнай гісторыі. У гэтым тэксце адзначым толькі, што яны былі патрыётамі сваёй радзімы.
Іпаліт Эстка, Адам Ваньковіч і Міхал Шырма падтрымалі незалежніцкае антырасейкае паўстанне 1831 года ў Польшчы, Беларусі і Літве. Той жа Адам Быхавец быў высланы расейцамі далёка за Урал пасля паўстання Каліноўскага ў 1863 годзе. Але ўсё гэта не замінала ім судзіцца за спадчыну свайго гераічнага стрыечнага дзеда.
Ніхто з іх асабіста ў той час за акіян выправіцца не мог. Інтарэсы кланаў у Штатах прадстаўлялі адвакаты, якіх наняла для гэтай справы расейская дыпламатычная місія ў Вашынгтоне. Увогуле, усе зносіны на першапачатковым этапе адбываліся па каналах міністэрства замежных справаў Расейскай імперыі.
Судовыя разбіральніцтвы па справе аб спадчыне Тадэвуша Касцюшкі зацягнуліся на дзесяцігоддзі. У гэтым працэсе былі задзейнічаны суды розных інстанцый, у тым ліку самых вышэйшых.
У 1827 годзе кэйс "Армстранг супраць Ліра” сягнуў Вярхоўнага суда ЗША. У 1833 годзе гэты ж судовы орган разгледзеў прэтэнзіі Эсткаў да адміністратара касцюшкаўскай спадчыны, а ў наступным 1834 годзе зноў прэтэнзіі з боку Армстрангаў. Ва ўсіх гэтых выпадках Вярхоўны суд ЗША выносіў рашэнне на карысць "тастаманта Касцюшкі".
Сітуацыя змянілася ў 1840-я гады, калі на сцэну выходзяць новыя гульцы ў гэтай справе. У першую чаргу Каспер Тохман, новы адвакат, якога Эсткі-Жалкоўскія прыцягнулі да вядзення справы ў ЗША. Яго імя выклікала сапраўдную істэрыку расейскай амбасады.
Расейскія дыпламаты патрабавалі ад Эсткаў адмовіцца ад паслуг Тохмана. Больш таго, расейцы вымагалі, каб амерыканскія ўлады арыштавалі адваката і выслалі ў Расейскую імперыю.
Усё проста. Каспер Тохман быў актыўным удзельнікам антырасейскага паўстання 1831 года і актыўным дзеячом эміграцыі. Іншымі словамі - быў “экстрэмістам” з гледзішча расейскіх уладаў.
Іншай важнай падзеяй, якая аказала безумоўны ўплыў на развіццё падзей, стаў прыезд у ЗША Уладзіслава Ваньковіча, палкоўніка расейскай арміі ў адстаўцы, які таксама імкнуўся атрымаць кус спадчыны Тадэвуша Касцюшкі.
У Вашынгтоне Ваньковіч амаль адразу ўступіў у канфлікт з імперскай дыпмісіяй. І нават выклікаў на двубой расейскага дыпламата, які дазволіў сабе некалькі разоў публічна яго абразіць.
У 1852 справа аб тастаманце зноў трапляе ў Вярхоўны суд ЗША. І гэтым разам той прыняў рашэнне на карысць спадчыннікаў і абавязаў адміністратараў спадчыны выплаціць суму, якой генерал Касцюшка валодаў на момант смерці. З улікам працэнтаў і даходаў, якія нараслі на гэты капітал за дзесяцігоддзі разгляду справы.
У амерыканскіх газетах, якія пільна сачылі за ходам справы, фігуравалі розныя сумы - ад 50 да 64 тысяч даляраў.
Падзел гэтай вялізнай сумы ажыццяўляўся адпаведна французскім законам, такія ў той час у ЗША былі прававыя нормы. Найбольшую частку спадчыны (¼) павінен быў атрымаць Раман Эстка, найменшую – Міхась Шырма (1/42).
Але ні Эсткі, ні Шырмы, ні іншыя прэтэндэнты з Беларусі гэтых грошай ніколі так і не ўбачылі. Усе капіталы паклалі ў свае кішэні, валізы і сакі Уладзіслаў Ваньковіч і Каспер Тохман.
На грошы, якія меліся быць вызваленыя рабы, Ваньковіч набыў ферму Вудсток у штаце Н'ю-Ёрк. Дарэчы, гэта ферма дасць назву знакамітаму рокаваму фестывалю ў 1969 годзе, які стане сінонімам культуры хіпі, культуры свабоды.
Як жа гэта сімвалічна! Тадэвуш Касцюшка, складаючы свой тастамант таксама марыў пра свабоду, у ягонай гісторыі гэта была свабода рабоў. 
Афіцыйная афіша рок-фэсту Вудсток-1969. Аўтар Арнольд Скольнік. Wikimedia Commons
Падобным жа чынам зрабіў Каспер Тохман. Але вядзенне сельскай гаспадаркі ў ЗША не пайшло Ваньковічу так жа проста, як гэта атрымлівалася на радзіме, у Віленскім павеце.
Не дзіва, што літаральна праз некалькі год Уладзіслаў Ваньковіч збанкрутаваў і вымушаны быў часткамі распрадаць сваю ферму.
Ваньковіч, былы палкоўнік расейскіх войск, з пачаткам Грамадзянскай вайны ў Штатах у 1861 годзе канчаткова кінуў сельскую гаспадарку і далучыўся да войскаў канфедэратаў.
Да поўнай адмены рабства ў ЗША ў 1865 годзе заставалася чатыры гады.
З тастамантамі ды й са сваякамі Касцюшку канкрэтна не шанцавала.
Перад самай сваёй смерцю 2 красавіка 1817 года, у Швайцарыі,
Тадэвуш Касцюшка склаў яшчэ адзін тастамант, у якім вызначаў лёс прыналежных беларускіх сялян:
“… пераконваючыся, што асабісты прыгон не адпавядае натуральнаму закону і дабрабыту сялян … Вызваляю гэтым ад прыгону … як цяперашніх сялян маіх так і іх спадчыннікаў у маім маёнтку Сяхновічах…”.
Касцюшка вельмі спадзяваўся на сумленнасць сваіх сваякоў, якім ён адпісаў маёнтак Сяхновічы яшчэ ў 1775 годзе. То бок, мусім разумець, што на момант складання тастаманту ён даўно не быў уласнасцю Тадэвуша, і наш герой, насамрэч, не меў на яго ніякага права. Апрача, можа быць, маральнага.
Пасля смерці Касцюшкі яго родная сястра Ганна з мужам Пятром Эсткам, даведаліся пра беларускі тастамант, але шляхетныя задумы брата і швагра іх не цікавілі, таму лёс сялян быў перадвырашаны.
Звернем прыканцы ўвагу на адну цікавую акалічнасць. Як бы дзіўна гэта не гучала, але афіцыйныя расейскія ўлады на ўзроўні вышэйшых чыноўнікаў тагачаснай Гарадзенскай губерні былі за тое, каб апошняя воля Касцюшкі была выкананая.
Сяхновіцкія прыгонныя, як толькі дазналіся пра жаданне Касцюшкі таксама актыўна ўключыліся ў змаганне за сваю вольнасць, пісалі лісты на імя імператара Аляксандра І. Але закон і чалавечы, і прававы, апынуўся не на іх баку.
Рэдакцыя
Адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне. Фота Уладзя Грыдзіна (RFE/RL)