ХІХ СТАГОДДЗЕ

больш артыкулаў

19-03-2026

Касцюшка аддаў грошы на свабоду аме...

Але св...

прачытаць
26-03-0206

Хуткая помста. Дзёрзкасць гарадзенц...

У Пеця...

прачытаць
23-04-2026

Куплялі беларускае. Іконы нацыянальнага бізнеса

У гэтым тэксце мы сабралі пяцёрку найлепшых, на наш погляд, архітэктараў будучыні, лакаматываў беларускай эканомікі ХІХ стагоддзя.

Чаму менавіта ХІХ стагоддзе?

Бо гэта страшэнна няпросты час у беларускай гісторыі. 1800-я гады - дэпрэсіўныя. Беларусь, подлымі падзеламі Рэчы Паспалітай, вырвана з укладу жыцця, які фармаваўся сотнямі гадоў.

Расейская імперыя нясе свае парадкі: ганебныя прысяганні шляхты на вернасць, даказванне сваіх правоў, якімі валодалі ад прадзедаў, адміністрацыйныя змены, экспрапрыяцыі, чужая мова, брутальнае падаўленне вольнадумства, закрыццё ўніверсітэтаў, рэпрэсіі. Часам самым адэкватным для нацыянальных эліт становіцца зашыцца ў сваім маёнтку, схавацца за "ўнутраную эміграцыю".

Але знаходзяцца людзі, якія робяць наадварот. Гэты тэкст пра іх.

І таму, ХІХ стагоддзе - гэта стагоддзе надзеі. Паўстанні, якія гартуюць і ствараюць гераічныя прыклады новым пакаленням. Кволыя, але ўпартыя пошукі сваёй ідэнтычнасці, свайго месца на гэтай зямлі. Беларускасць будзіцца ўсё смялей. Пакрысе з’яўляюцца людзі, якія вучацца і практыкуюцца ў лепшых, здабываюць досвед, рызыкуюць і пачынаюць ствараць бізнесы, якія нясуць славу Беларусі.

ХІХ стагоддзе заклала падмурак той эпохі, у якой нам пашчасціла (альбо не вельмі) жыць. Гэта стагоддзе, з якога ўсё пачалося. Таму яно такое мегацікавае.

 

Крытэрыі выбару нашай пяцёркі:

  • амбітнасць, якая выходзіць па-за межы стандартаў тагачаснага ўяўлення пра рынак;
  • уменне думаць і дзейнічаць стратэгічна;
  • інавацыйнасць і спробы адмовіцца ад банальнага выкарыстання дармовай сялянскай сілы;
  • сацыяльнае прадпрымальніцтва.
  • міжнароднае прызнанне. Гэта ці не самае галоўнае, бо ўва ўсе часы, а тым больш у ХІХ стагоддзі, з'яўлялася індыкатарам паспяховасці.

 

 Пачынаем.

1. Аляксандр І Скірмунт
– чалавек, які перазагрузіў Палессе.

Цэнтр бізнеса: Палессе: Піншчына, Кобрыншчына, часткова Віленшчына.

Профіль бізнеса: цукровыя заводы, суконная фабрыка, фабрыкі туалетнага мыла, стэарынавых і васковых свечак, паравы млын, фабрыка металічных інструментаў, вінакурня, вінаграднікі ў Крыму і Італіі, рытэйл. Скірмунты валодаюць не менш 27 000 гектарамі зямлі.

Пачаць з Аляксандра Скірмунта, а, дакладней кажучы, з двух Аляксандраў Скірмунтаў, бацькі і сына, будзе справядліва. Па-першае, Скірмунты гэта сям’я, якая дала Беларусі прэм’ера-міністра Беларускай Народняй Рэспублікі. А па-другое, яны зрабілі ў амаль бяздыханнай, тэхнічна адсталай Піншчыне - буйны прамысловы цэнтр, а іх бізнес-інтарэсы сягалі на толькі Беларусі, а Італіі і Крыма.

Аляксандр І Скірмунт (падзелім Аляксандраў рымскімі нумарамі) нарадзіўся 1 ліпеня 1799 года. Амаль аднагодак Адама Міцкевіча. Яны разам вучыліся ў Віленскім універсітэце. Толькі наш пясняр на гістарычна-філалагічным кірунку, а наш бізнесовец закончыў фізіка-матэматычны.

Па заканчэнні Скірмунт амаль адразу едзе здабываць практычныя веды ў Еўропе, вывучае досвед арганізацыі фабрык Францыі і Нямеччыны.

 

У 1823 годзе бацька Сымон перадае яму ў спадчыну ўсе свае капіталы і ўладанні. А іх троху было: Моладава, Парэчча, Альбрэхтава, Кажанёва, Клетна - усё гэта пінска-кобрыньскі рэгіён, а таксама Шаметаўшчына на Віленшчыне.

 

Каб уявіць якой была атмасфера для прадпрымальных людзей, скажам, што Палессе пасля падзелаў беларуска-польска-літоўскай дзяржавы і прыходу Расейскай імперыі  - гэта страшэнная цемра, беспрасвецце і псіхалагічны феадалізм.

 

Ва ўсім Мінскім рэгіёне, а Палессе адміністратыўна падпадала менавіта пад Менск, з усёй прамысловасці - працуюць толькі некалькі гарбарняў, яшчэ вядома ганчары, вядома дрэваапрацоўка, вядома шкло. Усё!

 

Мясцовыя эліты актыўна супраціўляюцца інавацыям, гаспадарку вядуць па-старому - проста сякуць лес і выціскаюць усё, што можна выцягнуць з сялян. Ніякіх табе “попыт нараджае прапанову”, мадэрнізацый і выкарыстання прыродна-кліматычных перавагаў Палесся.

І ў такіх умовах з'яўляецца Скірмунт!

Аляксандр І Скірмунт яшчэ ў Заходняй Еўропе выношвае ідэю адчыніць пад Пінскам цукровы завод. Ідэя-шыкоўная! На ўсіх неабсяжных прасторах Расейскай імперыі функцыянуюць у той час …толькі 20 цукраварняў. То бок, попыт і збыт прадукцыі гарантаваны.

А Скірмунт мае know-how . Ён прыдумаў прыладу, якая дазваляе рэзка паскорыць працэс атрымання цукру. Усё насамрэч геніяльна проста! Цукар тады выпарвалі з цукровага сіропу. Скірмунт прапаноўвае пусціць сіроп па моцна нагрэтай адмысловай металічнай паверхні. І эфектыўнасць выпарвання павялічылася ў 100 разоў – тое што раней займала 5 гадзін, цяпер робіцца 3 хвіліны!

 

Аляксандр І Скірмунт рэгіструе ідэю. І гэта першы ў гісторыі беларускі “прывілей на вынаходніцтва”, ці іначай кажучы, патэнт.

 

Прадукцыю цукровы завод Скірмунта ў Моладаве пад Пінскам стабільна пачынае даваць з 1829 года. Скірмунт, здаецца, усё ўлічыў, але прыбытак мізэрны. Кадры становяцца аграмаднай праблемай. Іх, па-просту, на Піншчыне таго часу няма. А тут яшчэ ў 1835 годзе пажар - цукраварня аднаўленню не падлягае. Скірмунт на доўгія гады забываецца на цукарны бізнес.

 

Заводу маглі і дапамагчы сгарэць - для шэрагу зайздросных прадстаўнікоў навакольнай пінскай шляхты Скірмунты назаўсёды застануцца “спекулянтамі”.

 

Аляксандр І Скірмунт пераносіць капіталы ў суконную прамысловасць. Ткацкую фабрыку збірае фактычна ўручную. Арыентуецца выключна на досвед Заходняй Еўропы: там прагрэс, там тэхналогіі, там эфектыўны менеджмент.

Сам распрацоўвае ўвесь тэхналагічны працэс, закупае ў Нямеччыне станкі, прывозіць дасведчаных майстроў, якія навучаць прафесіі мясцовых беларусаў. Нават дырэктарам вытворчасці ставіць немца. Але ненадоўга, усё ж замежнікі каштуюць, а сабекошт прадукцыі трэба зніжаць, таму немца неўзабаве адпраўляе дадому, бярэ кіраванне фабрыкай на сябе.

У 1843 годзе на прадпрыемстве з 217 работнікаў ужо толькі два замежнікі, і тыя, лічы, мясцовыя - француз Маўрос упрасіў улады даць яму дазвол застацца жыць на беларускай Піншчыне.

 

Сыравіна для фабрыкі часткова свая - Скірмунт разводзіць “гішпанскіх авечак”, часткова скупае воўну па ўсёй Беларусі і ва Ўкраіне. Фарбу даводзіцца імпартаваць.

 

Першую прадукцыю суконная фабрыка Скірмунта дае ў 1836 годзе і амаль адразу становіцца заўважным гульцом на рынку як беларускім, так і Расейскай імперыі.

Кадры вырашаюць усё! І Скірмунт І будуе сацыяльную інфраструктуру - 90 кватэр для сямейных, 4 інтэрнаты для несямейных, наймае лекара, адчыняе ФАП, гарачае харчаванне па раскладзе, стварае прафесійную вучэльню, бібліятэка ў вольным доступе. Пазней, Скірмунт выхавае і свайго дырэктара - Аляксандр Скупяеўскі пачынаў на фабрыцы з таго, што фарбаваў сукно.

А побач ужо распраўляе крылы сын Аляксандр ІІ Скірмунт. Бацька забраў яго ў Пінск з універсітэту ў Пецярбургу і перадаў лейцы бізнес-імперыі. На Піншчыне Скірмунты  інвестуюць у фабрыкі туалетнага мыла, стэарынавых і васковых свечак, паравы млын, фабрыку металічных інструментаў. Агулам Скірмунты валодаюць не менш 27 000 гектарамі зямлі.

 

І гэта не Ліверпуль на Ясельдзе, як модна было называць бізнес-поспехі Скірмунта - гэта Палессе ў Ліверпульскім заліве! Такое параўнанне нам больш даспадобы!

 

Аляксандр І Скірмунт пакідае бізнес у Беларусі і едзе ў 1860 годзе ў Крым. Там, у  даліне Балаклавы, набывае 200 гектараў вінаграднікаў, выводзіць вянгерскія і нямецкія гатункі. Адчыняе санаторы з спа.

У сярэдзіне 60-х з высылкі ў Сібір пасля паўстання Каліноўскага вяртаецца іншы яго сын - Казімір. Разам з жонкай Аленай і дачкой Канстанцыяй. Расейскія ўлады не дазваляюць ім пасяліцца дома, у Беларусі. Тады бацька аддае Казіміру крымскі бізнес, сам набывае вінаграднікі ў Італіі, але здароўе слабее, доўга лечыцца ў Італіі і Нямеччыне, і там жа памірае ў 1870-м.

Крымскае і італійскае віно ад Скірмунтаў прадаецца ва ўласных крамах сям’і ў Вільні, Менску, Коўне. Там жа можна было набыць і “скірмунтоўку” – якасны моцны прадукт пад брэндам “Старая гарэлка”.

Лімітаваны каньяк у гонар Аляксандра Скірмунта ад Пінскага віннага заводу. Фота calvados.by

У 1860 годзе Аляксандр ІІ Скірмунт вяртаецца да бацькавай ідэі цукровага завода. Да новага прадпрыемства падыходзіць з размахам, сродкі дазваляюць. Завод дае 9 тысяч пудоў цукру ў год, а пяць іншых цукровых заводаў на Меншчыне разам - толькі 2,2 тысячы пудоў.

Працуе 300 работнікаў. Новы офіс і працоўныя плошчы: 4 паверхі з відам на Ясельду, 5 паравых машын. Амаль 250 000 кг цукру за сезон. Прадукцыю сбывае ў Пецярбургу, Варшаве, Кіеве. Але цукраварня ізноў гарыць - у 1879 годзе. Больш Аляксандр ІІ Скірмунт яе не аднаўляе. Засяроджваецца на ткацтве, тым больш суконная фабрыка ідзе па міжнароднае прызнанне: прадукцыю захоплена прымаюць у Парыжы і Вене.

Іншыя падобныя прыбытковыя бізнесы ў Беларусі ХІХ стагоддзя і іх бенефенцыяры: Альберцінская суконная фабрыка (Слонімшчына) Уладзіслава Пуслоўскага, Гарбарны завод у Багданаўцы (Клімавіччына) Валяр’яна Галынскага, Будаўніча-цяслярская і паркетная фабрыка Васіля Гершнэра ў вёсцы Чорная на Гомельшчыне, Бабруйская мэбля ад Уладзіміра Матыскевіча і Рудольфа Гонэсці.

 

 2. Княгіня Марыя Канстанцыя Патоцкая з Сапегаў
– каралева беларускай сельскай гаспадаркі.

Цэнтр бізнеса: маёнтак Высока-Літоўск на Камянеччыне.

Профіль бізнеса: вытворчаць элітнага насення, жывелагадоўля: авечкі, быкі і каровы галандскіх парод, вінакурня, піўны бровар, цагляны завод, млыны, сады, мёдаварэнне. 3 500 гектараў зямлі ў абароце, альбо 345 тысяч, больш блізкіх нам, сотак.

Наша Марыя Канстанцыя – гэта перш за ўсё, канешне, Сапегі, магутны княскі род, які стагоддзямі славіў Вялікае Княства і быў сімвалам яго самастойнасці. І, канешне ж, бабуля Пелагея, якая заклала аснову эканамічнага поспеху ўнучкі. Так што, як і ў выпадку са Скірмунтамі, будзе цалкам справядліва і тут казаць пра бізнес-дынастыю - Марыі Патоцкай з Сапегаў і Пелагеі Сапяжанкі.

 

Цэнтрам іх бізнеса стаў Высока-Літоўск на Берасцейшчыне, старадаўняе беларускае мястэчка, якім валодалі ў розныя часы Храптовічы, Вольскія, Войны, і, нарэшце, Сапегі.

 

Высока-Літоўск - гэта таксама знакамітыя кірмашы, якія пачыналіся 29 верасня на Міхала і доўжыліся ўвесь кастрычнік. Гандлявалі пераважна коньмі і быдлам.

Высока-Літоўск - гэта таксама і замак, вакол якога гуртавалася жыццё. Замак гарэў, быў знішчаны ў паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, і да жыцця ў ім больш не надта не надаваўся.

Пелагея Сапяжанка (1775 - 1846), якой Высокае пакінуў ва ўладанне першы муж, узялася мяняць сітуацыю. І ўжо з новым мужам будуе ў 1816-1820 гадах на заходнім беразе Пульвы палац у класічным стылі. Пелагея рабіла з Высокага пярлінку – на 14 гектарах заклала парк: апрача разнастайнай мясцовай расліннасці, таксама і таполі італійскія, амерыканскія каштаны, аўстрыйскія сосны, чорныя сосны, “дрэвы шчасця” - катальпы, веймутавыя сосны, іглічнікі, лістоўніцы.

Партрэт 21-гадовай Пелагеі Сапяжанкі аўтарства папулярнай у другой палове ХІХ стагоддзя французскай мастачкі Louise Élisabeth Vigée Le Brun. Выява знаходзіцца ў Каралеўскім замку Варшавы.

Пазней, ужо наша гераіня - унучка Марыя Канстанцыя (1837-1923), упрыгожыць яго яшчэ больш - у 1895 годзе топавы ў тыя часы ландшафтны дызайнер Валерыян Кронэнберг рэалізуе яе задумы і зробіць парк, на нашу думку, найпрыгажэйшым на захадзе Беларусі.

Валерыян Кранэнберг - выдатны піяніст, які знайшоў сябе яшчэ і ў ландшафтным дызайне. Больш 300 паркаў і садоў у Беларусі, Украіне, Польшчы - гэта вынік яго творчасці і фантазіі.

Але найперш Пелагея перадасць Высокае ў спадчыну свайму сыну Францішку Ксаверыю (1807-1883) і з’едзе паміраць у Парыж.

Пелагея Сапяжанка пахавана ў Парыжы на Манмартры. Фота tombeauxpolonais.eu

Францішак Ксаверы Сапега, бацька Марыі Канстанцыі, у 1863 годзе, сумна назіраючы за хадой паўстання Кастуся Каліноўскага, пакуе ў валізкі самае небходнае і разам з жонкай едзе ў курортны французскі Біарыц. Назаўжды.

У Высока-Літоўскім пачынае гаспадарыць наша Марыя Канстанцыя - дачка Францішка Ксаверыя ад першага шлюбу. На той час яна ўжо Марыя Патоцкая - жонка Станіслава.

І справа не ў тым, што і колькі Патоцкая атрымала ў спадчыну, а як яна атрыманым распарадзілася.

Марыя актыўна інвестуе ў маёнтак і пераўтварае яго ў ферму па вырошчванні элітнага насення, гародніны, тэхнічных траваў.

 

Яна вядзе даследванні адаптавання раслін у беларускім клімаце, выводзіць новыя гатункі шляхам селекцыі і гібрыдызацыі. Бульба з Высока-Літоўска карыстаецца шалёным попытам як у Расеі, так і за межамі імперыі.

 

Марыя Канстанцыя Патоцкая робіць берасцейскую зямлю флагманам беларускай селекцыі бульбы, жыта, пшаніцы, аўса, ячменю, гароха, люпіну, канюшыны.

Высока-Літоўск дае да 570 тонаў элітнага насення ў год, якое прадаецца ў Расейскую імперыю, а там аграмадны попыт на якасны сельска-гаспадарчы матэрыял. 165 тон з іх - гэта суперэлітарнае насенне бульбы, якое гарантуе здаровы і вялікі ўраджай.

Расейскі рынак быў заваяваны. Бізнесвумэн Марыя Патоцкая адна з нямногіх атрымлівае права змяшчаць на ўпакоўцы дзяржаўны герб імперыі. У Беларусі такога права даб’ецца яшчэ толькі Добруш - знакамітая папяровая фабрыка.

 

Па колькасці і якасці насення ў прадпрыемстваў Патоцкай бясспрэчнае першае месца ў Расейскай імперыі. Для беларускі ў Расеі няма супернікаў.

 

Княгіня Патоцкая трыўмфальна ідзе ў Еўропу. У 1889 і 1900 гадах прадукцыю з Берасцейшчыны прызнаюць у Парыжы. 56 тысяч удзельнікаў сусветнай выставы, 30 мільёнаў наведнікаў, удзел у адкрыцці знакамітай Эйфелевай вежы і “Гран-пры” для Высока-Літоўскага.

Пасля Патоцкая яшчэ скорыць Чыкага і зноў Парыж.

Іншыя падобныя прыбытковыя бізнесы ў Беларусі ХІХ стагоддзя і іх бенефенцыяры: Аляксандр Мянжынскі і Вера Чачкова з-пад Горак; Леанард Іваноўскі з маентка Лябёдка, якая ляжыць паміж Шчучынам і Лідай. У гэтым самым маёнтку ў 1902 годзе выходзіла беларуская газета “Свабода”.

 

3. Ёсель і Азары Ліпнік. Бізнес на моры,
якога ў Беларусі няма.

Цэнтр бізнеса: Гродна

Профіль бізнеса: Гандлёвы дом “Варшава-Мінск”, ачышчальна-фільтрацыйны завод.

Цяпер перанясем наш фокус на хімічную вытворчасць у Беларусі. Тут ці не самы варты аб’ект – гэта бізнес-ідэя сям’і Ліпнікаў - Ёселя і сына Азарыя. Яны заснавалі ў Гродне “Ачышчальна-фільтрацыйны завод тлушчаў і алеяў для гарбарнай вытворчасці”. І зарабілі капітал на перапрацоўцы рыбінага тлушчу, а таксама тлушчу з дэльфінаў і цюленяў.

І тут цікава, што гэта абсалютна не ўласцівая вытворчасць для Беларусі, дзе даўно няма мора, а тым больш дэльфінаў і цюленяў. Але Ліпнікі знайшлі патрэбную сыравіну – адкіды рыбнай гаспадаркі на Белым і Чорным марах. Расея гэтыя адкіды прадавала за мяжу за бесцань.

 

Азары Ліпнік наведаў рыбныя пераапрацоўчыя прадпрыемствы ў Нарвегіі і перанёс іх досвед ачысткі і пераапрацоўкі на гарадзенскі завод, які пачаў працу з 1898 года.

 

Поспех быў наканаваны. Амаль 650 тон прадукцыі штогод і сусветнае прызнанне.

Іншыя падобныя прыбытковыя бізнесы ў Беларусі ХІХ стагоддзя і іх бенефенцыяры: Гарбарная фабрыка Пінхуса Бразніцкага са Свіслачы ля Ваўкавыска, алоўкавая фабрыка ўкраінца Максіма Эльяшава ў Гродне.

 

4. Генрых Сон – беларускі мастар, які зацугляў час.

Цэнтр бізнеса: Магілеў

Профіль бізнеса: вытворчасць гадзіннікаў прэміўм-класа

Сорак год з 1840-га ён апранаў у гадзіннікі магілёўскую багему. І гэта не быў мас-прадукт, кожная адзінка мела свой унікальны механізм. У Лондане на міжнароднай выставе ў 1862 годзе публіка яму апладзіравала, а ён быў адзіным прадстаўніком з Беларусі і ўсёй Расейскай імперыі.

Гадзіннікавая вытворчасць у Беларусі мае сваю гісторыю. Мінімум 650 беларускіх майстроў пакінулі свой след у гэтым фаху з XVI стагоддзя. У 1784-1794 гадах у Дуброўне пад Воршай працавала элітная гадзіннікавая мануфактура зэгармайстра нямецка-шведскага паходжання Пятра Нардштэйна. Усю яе прадукцыю скупаў Пецярбург, імперскі двор.

Майстар яшчэ і дзяліўся сваімі ўменнямі. Вядома, што Нардштэйн падрыхтаваў не менш 33 беларускіх паслядоўнікаў. І, вельмі верагодна, што адным з іх быў Восіп - бацька Генрыха Сона, які пасля перадаў свае напрацоўкі сыну.

Кішэнны гадзіннік мануфактуры ў беларускім Дуброўне. Здымак з "Музея Часу і Гадзіннікаў"

Былі гады калі з лагатыпам “Фабрыка Дубровенская” мануфактура выпускала да 120 кішэнных гадзіннікаў з адкрытым цыферблатам. Нардштэйн змог дасягнуць большай дакладнасці гадзіннікавага механізма, ён стаў выйграваць у расейскіх канкурэнтаў і … Кацярына ІІ у 1794 годзе загадала перанесці паспяховую фабрыку з Беларусі пад Маскву. Там прадпрыемства праіснавала да 1812 года.

Генрых Сон працаваў на тонкім швайцарскім абсталяванні. Ён быў не толькі рамеснікам, ён быў творцам, паэтам-інжынерам. Рабіў арыгінальны прадукт, якасны, надзейны, дызайнерскі. У 1852 годзе на адзін з распрацаваных ім механізмаў выдала патэнт Бельгія. 

 

У захапленні ад філіграннасці магілёўскага майстра быў знакаміты ювелір Карл Фабержэ. А швайцарская фірма гадзіннікаў “Eterna”, вядомая тым, што першай у гісторыі выпусціла наручны гадзіннік, а ўжо ў нашыя часы была паспяховай часткай Porsche Designe Group, у 1860-ыя ў гонар Генрыха Сона арганізавала ўрачысты абед.

 

І зразумела чаму! На міжнароднай выставе ў Парыжы беларускі майстра прадстаўляе гадзіннік з механізмам, які можна было завесці адзін раз і ён не спыняўся год. Сенсацыя на тыя часы!

Альбо, і гэта ўжо haute couture ў гадзіннікавым бізнесе - Сонаў мінімалістычны сферычны гадзіннік у форме залатой кулі, які можна было на ланцужку насіць у кішэні. А які брэнд - «Сонъ из Могилева»!

Фрагмент каталога экспанатаў з Расейскай імперыі на міжнароднай выставе ў Парыжы ў 1867 годзе

Генрыха клікалі да сябе гадзіннікавыя мануфактуры Швайцарыі, Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі. Сон выконваў замовы ў Брусэлі і Вільні, але выбраў усё-ткі быць першым на вёсцы :). У 1880 годзе з’ехаў з Магілёва ў Маскву. Чаму не? Таксама бізнес-мадэль: канкурэнцыі мізер, а людзей з вялікімі “шалёнымі” грашыма на яго жыццё ў Маскве хапіла.

Іншыя падобныя прыбытковыя бізнесы ў Беларусі ХІХ стагоддзя і іх бенефенцыяры: менчукі Абрам Лейзероўскі (гадзіннікі), Зыгмунт Свянцінцкі (аўтамабілі і сэрвіс) і браты Стараневічы.

 

5. Лур’е - калі сям'я гэта і ёсць стратэгія. 

Цэнтр бізнеса - Пінск і Палессе

Профіль бізнеса: экспарт прадуктаў харчавання і дрэваапрацоўкі, будаўніцтва і рамонт параходаў і малых пасажырскіх суднаў, вытворчасць раслінных масел, соды, глаўберавай соды, лакаў, сікатываў, суперфасфатаў, банкаўскія канторы, гандлёвы дом, маса дробных прадпрыемстваў, аптэкі.

У зародку поспеху сям’і стаіць тая самая Хая, неверагодна крэатыўная, прадпрымальная жанчына, з заможнай пінскай сям’і Левіных, якая зарабіла капіталы на экспарце палескага лесу.

 

Хаю ў Беларусі звалі не іначай як – Каралева Палесся. Яе другі муж Аарон Лур’е жыў больш філосафам, чым умеў лічыць і памнажаць грошы. За дабрабыт і развіццё ў сям’і адказвала Хая.

 

Уласнаручна выбірала лепшыя дзялянкі пад выруб лесу і выбівала выгадныя кантракты. Самастойна кантралявала працы па вырубцы, аб’язджала свае лясы, не зважаючы на лютыя маразы. Валёнкі і шуба па пяты, - гэты вобраз Хаі захавала сямейная памяць. Так у першай палове ХІХ стагоддзя пачыналася бізнес-гісторыя сям’і Лур’е.

Мойша, адзін з сыноў Хаі і Аарона, укладае сямейныя грошы ў будаўніцтва і абслугоўванне параходаў. Справа прарыўная для Пінска 1850-х.

 

Герадотава мора – бясконцыя балаты, каналы, Піна, Ясельда, Гарынь, Стыр, Прыпяць. Вада – самая надзейная, хуткая і прыбытковая транспартная сістэма для пінчукоў. Часта адзіная магчымая. Тавары плывуць на экспарт і на поўдзень і на поўнач, і на Кіеў і на Балтыку.

 

Лур’е не адзіны, хто інвестуе ў Беларусі ў параходы, але першы. Ужо ў 1860-я гады дзесяткі грузавых параходаў курсуюць па маршруце беларускі Пінск - украінскі Крамянчуг.

Майсей Лур’е будуе і малыя пасажырскія судны. "Кумір", "Данцыг", "Прага" належаць пінскаму «Гандлёваму дому «Браты Лур'е і Ко», які Майсей заснаваў у Пінску разам з братам Давідам.

 

Бізнес братоў хутка робіцца мультыпрофільным: млыны, маслабойня, заводы па вытворчасці цвікоў, абуткавых калодак і абцасаў. Гандлююць стратэгічным таварам – хлебам, салам, сплаўляць лес у Прусію. Лур’е адважна ўкладаюцца ў кваліфікацыю кадраў – адчыняюць вучэльню, якая выпускае з мясцовых беларусаў механікаў і машыністаў для параходнай справы.

 

Грошы ў сям’і ёсць. Давід у 1866-м засноўвае банк, першы ў Пінску, які дазваляе акумуляваць патрэбныя для вядзення бізнеса сродкі.

 

Фінансавыя інтарэсы Лур’е пакрываюць усё беларускае Палессе, а таксама ўкраінскую Валынь з Роўна і Дубна, і Палтаўшчыну. Лур’е даўно перараслі памеры Пінска, і Давід пераязджае ў Кіеў. Яго банкаўскі бізнес квітнее.

 

Менскі камерцыйны банк, першы прыватны банк у Беларусі, засноўваецца ў 1873 годзе таксама пры ўдзеле капітала сям’і Лур’е.

Пляменнік Давіда і Майсея Рыгор Лур’е вучыцца на інжынера, удасканальвае веды і ўменні ў Францыі і Нямеччыне, і вырашае паставіць на хімічную прамысловасць.

Хімічны завод, які 25-гадовы Рыгор Лур’е адкрыў у Пінску ў 1886 годзе, выпускае між іншага дэзінфікуючыя сродкі, і гучыць далёка па-за межамі Беларусі. Завод спецыялізуецца на выпуску соды, расліннага алею, суперфасфатаў, крэаліна і лізола, мыла. У 1893 годзе на сусветнай выставе ў Чыкага прадукцыя завода адзначана адмысловай узнагародай журы.

 

Да поспехаў на міжнароднай арэне прыклаўся і сябар Рыгора - студэнт вучэльні ў Пінску Хаім Вайцман, які пэўны час кіраваў завадской хімлабараторыяй, і які ў 1949 годзе стане першым праэзідэнтам Ізраіля.

 

Аповед пра бізнес-імперыю сям’і Лур’е будзе няпоўным, калі не ўзагадаць хаця б словам Аляксандра і Леапольда Лур’е, якія нарадзіліся ўжо ў аўстрыйскай Вене, але жыццё звязалі з Пінскам. Менавіта з іх пачалася гісторыя “Пінскдрэва”.

Лур’е далі Беларусі таксама і беларускага палітыка і дыпламата Ісаака (Сашу) Лур’е. Бліскучы археолаг, журналіст, ён з 1915 года жыве ў Швецыі, засноўвае Балтыйскае тэлеграфнае агегства. Прасякнуты ідэяй незалежнасці Беларусі, падтрымаў Беларускую народную Рэспубліку, абвешчаную 25 сакавіка 1918 года. Іншы выбітны пінчук Раман Скірмунт настойліва раіць Ураду БНР звярнуць увагу на Ісаака Лур’е. У 1920-1922 гадах Лур’е аддана служуць беларускай дзяржаве. 

Ісаак займае пасаду консула і гандлёвага агента БНР у Капенгагене. Гэта вымушаны, але і неабходны фінт: для адкрыцця гандлёвага прадстаўніцтва не трэба было чакаць прызнання незалежнасці Беларусі ўрадамі Даніі і Швецыі. А гэтага прызнання скандынавамі Лур’е дабіваўся акіыўна. Стварыў праект Беларускай гандлёвай палаты, заснаваў Беларускае прэс-бюро.

 

“Я вельмі аптымістычна гляджу на беларускую справу і веру, што Беларусь хутка будзе свабоднай краінай”, - так Ісак Лур’е ацэньваў беларускую будучыню. Лур’е лічыў сябе беларускім патрыётам.

 

Іншыя падобныя прыбытковыя бізнесы ў Беларусі ХІХ стагоддзя і іх бенефенцыяры: кафляны менскі магнат Айзенштадт, паравая тытунёвая фабрыка Памеранца ў Пружанах.

Рэдакцыя

______________

Пры напісанні тэкста выкарыстаны матэрыялы:

Андрэй Кіштымаў, Беларусь на выставках ХІХ-начала ХХ вв.

Аляксандр Смалянчук, Раман Скірмунт, Жыццё грамадзяніна Краю

Анатоль Цітоў, Зэгармістры Беларусі ХVІ-пачатак ХХ ст.

Маргарыта Акуліч, Пинск и евреи