ПАЛІТЫЧНАЯ ГІСТОРЫЯ

больш артыкулаў

11-06-2026

Няпрошаны госць беларускай Незалежн...

Снежан...

прачытаць
19-05-2026

Беларуская Дэкларацыя Свабоды

У студ...

прачытаць
02-04-2026

Няма багоў, няма паноў. Так пачынал...

Былі ч...

прачытаць
21-05-2026

Гэтым нахабным жэстам пачалася Грун...

Здзекл...

прачытаць
05-09-2026

Сцяг над Менскам. Так аднаўлялі гістарычную справядлівасць

 

Цудатворны чацвер 5 верасня 1991 года! Толькі што Менскі гарадскі савет народных дэпутатаў прыняў гістарычнае рашэнне – сталіца Беларусі будзе выкарыстоўваць нароўні з дзяржаўнай сімволікай БССР і нацыянальныя сімвалы -  бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”.

 

 - Гэта быў кульмінацыйны момант цяперашняй сесіі. Дэпутаты стоячы віталі нацыянальны сцяг Беларусі. Ён заняў сваё месца ў залі пасяджэнняў, побач з дзяржаўным сцягам БССР, - так пачынаўся назаўтра артыкул газеты "Вечерній Мінск", фотакор якой і зацэментаваў у гісторыі гэтую знакамітую падзею.

 

Падпішыцеся на Facebook "Карона Вітаўта"!

Крок смелы, але каму як не сталіцы весці рэй у прынцыповых справах: Беларусь ужо абвешчана незалежнай і суверэннай дзяржавай, але Савецкі Саюз і ўсе яго структуры, у тым ліку і рэпрэсіўныя, усё яшчэ існуюць. Нацыянальная сімволіка стане дзяржаўнай толькі 19 верасня.

У 250 асабовым гарадскім савеце Менску было каля 60 дэмакратычных дэпутатаў. Ім удалося пераканаць большасць, беларусы ў адказны для дзяржавы момант узняліся па-над палітычнымі падзеламі.

Дамо слова ўдзельнікам гістарычнай падзеі - дэпутатам Галіне Вашчанка і Алесю Бяляцкаму.

 

 

 

Галіна Вашчанка, дэпутатка Менскага гарадскога савета народных дэпутатаў (1990-1995):

 - ...За вельмі невялікі час былі падрыхтаваныя і абгрунтаваныя рашэньні аб вяртаньні беларускай сталіцы гістарычнай назвы Менск, аб сьцягу і гэрбе Пагоня на тэрыторыі Менска. Але рашэньні аб уключэньні пытаньня ў парадак дня сэсіі прымаліся Прэзыдыюмам (яго бальшынёй).

(Удакладнім са свайго боку, што Прэзідыюм Савета ў Менску складаўся з 18 чалавек: 10 прадстаўлялі камуністычную большасць Савета, 8 - фракцыю "Дэмакратычная плынь". Гэта былі дэпутаты Вольга Кузьміч, Ігар Чарняўскі, Міраслаў Кобаса, Міхаіл Пліска, Міхаіл Фрыдлянд, Тадэвуш Чылек, Мікалай Тарчэўскі і Ўладзімер Кавызін. У фракцыю “Дэмакратычная плынь” гарсавета Менску ўваходзіла не больш 60 дэпутатаў. Кіраваў групай дэпутат Анатоль Гурыновіч, які быў таксама першым намеснікам старшыні гарсавета. - удакл. "Карона Вітаўта").

 

...Тут трэба было пераконваць: многія ў тыя часы проста ня ведалі анічога пра Бел-Чырвона-Белы сьцяг, гэрб Пагоню. А камуністычныя газэты, радыё, тэлебачаньне прыкладалі велізарныя намаганьні, каб абліць гразёй тое, што павінна было б стаць для беларусаў сьвятым...

 ...мы прапанавалі запрасіць на паседжаньне аўтарытэтных гісторыкаў, якія б прафэсійна патлумачылі гістарычную сітуацыю. Так на першым такім паседжаньні выступаў вядомы гісторык, прафэсар Міхась Ткачоў.

Ён доўга расказваў сябрам Прэзыдыюма гісторыю нашай Беларусі, адкуль, зь якіх часоў да нас дайшоў Бел-Чырвона-Белы сьцяг, гэрб Пагоня, потым доўга адказваў на пытаньні і ... не пераканаў (асабліва тых, якім перакананьні былі не патрэбныя, у іх была пазыцыя). Артадоксы ашчэрыліся „ намёртва”, былі і тыя, хто ўсё яшчэ „ сумняваўся”...

Чытаць таксама: Няпрошаны госць беларускай Незалежнасці

...Тады мы запрасілі вядомага гісторыка і геральдыста Анатоля Цітова, які, здавалася, не пакінуў ніводнай кропкі над „ і”. Але і гэта было бязвынікова: пераканаць некаторых камуністычных артадоксаў было немагчыма, яны цьвёрда стаялі „ супраць”. Акрамя таго, у іх быў адзін „ галоўны”, на іх думку, аргумант: Вярхоўны Савет не прыняў адпаведных рашэньняў па рэспубліцы, як жа, маўляў, мы можам прымаць такія рашэньні раней!

Але мы не здаваліся. Работа з дэпутатамі ішла актыўная, усё былі „ на ўздыме”. Мы мелі магчымасьць уключыць пытаньне ў парадак дня яшчэ праз галасаваньне ўсіх дэпутатаў на сэсіі (здаецца, двумя трацінамі), што нам і ўдалося зрабіць. І вось 5 верасьня 1991 года на 5-й нечаргавай сесіі цаной цяжкага змаганьня Менгарсавет прымае гістарычныя рашэньні аб выкарыстаньні нацыянальнай сымволікі…

…Калі такое рашэньне пры галасаваньні „ прайшло”, мы не маглі ў гэта паверыць: яшчэ існавала БССР, над будынкам Вярхоўнага Савета вісеў сымвал рэспублікі СССР, а над будынкам насупраць, над гарадзкой уладай будзе лунаць наш нацыянальны сьцяг!

Гэта і зараз, праз шмат гадоў, прымушае ганарыцца няхай сабе і не такой маштабнай, але перамогай. Цікава, што за некалькі дзён да прынятага рашэньня аб узьняцьці нацыянальнага сьцяга над будынкам Гарсавета, наш сьцяг ужо залунаў над ім. Знайшліся сьмелыя людзі, якія яго там умацавалі. Правісеў наш сьцяг каля гадзіны, пакуль заўважылі. А вось 5 верасьня, як толькі рашэньне было прынятае, мы ўжо павесілі яго законна і неадкладна: усё было падрыхтавана заранёў. Ніхто ня ведаў яшчэ пра прынятае рашэньне. Зноў пачаўся перапалох: зьняць! А не ўдалося!.. 

(Фрагмент кнігі Галіны Пазьняк “Беларусь у сэрцы”)

 

Чытаць таксама: Беларусь, якая ніколі не маўчала

 

Алесь Бяляцкі, дэпутат Менскага гарадскога савета народных дэпутатаў (1990-1995), Нобелеўскі лаўрэат, так узгадвае той гістарычны дзень:

 

 - ... Бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваўся супрацоўнікамі музэю Багдановіча пры правядзеньні ўсіх нашых імпрэзаў: і на сьвяце Багдановіча ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладэчанскага раёну, і пры ўскладаньні кветак і правядзеньні імпрэзаў каля помніка Багдановічу.

Сьцяг, прыгожа разгорнуты, стаяў адразу пры ўваходзе ў музэй, у фае. У той дзень, прадчуваючы, што ён можа быць прыняты і заменіць стары сьцяг савецкай Беларусі, я яго захапіў на сэсію і прынёс разам з дрэўкам. Пакінуў унізе, на ўваходзе ў гарсавет, каля міліцэйскага посту.

Пасьля прыняцьця рашэньня я вобмігам зьбег уніз, да міліцыянтаў, узяў сьцяг і ўнёс пад аплядысмэнты яго ў залю гарсавету. Мы паставілі яго на чале залі, за сьпінаю ў сьпікера.

А неўзабаве дэпутаты (сярод іх быў Міраслаў Кобаса) усьцягнулі яго на дах будынка гарсавету.

(Фрагмент кнігі: "Справа Бяляцкага")

 

Чытаць больш: Панядзелак у Н'ю-Ёрку, які стаў Днём Незалежнасці Беларусі

Менск быў першым! Праз два тыдні, 19 верасня 1991 года, рашэннем Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня стануць дзяржаўнымі сімваламі беларускай дзяржавы.

Рэдакцыя

Гістарычнае фота: Н.Ахраменка

Чытаць таксама:

• Хто падпісаў Беларускую Дэкларацыю Свабоды

• «Спыніце тэрор!». Гісторыя беларускай дэманстрацыі 1971 года