БЕЛАРУСЬ 1944-1991
«Спыніце тэрор!». Гісторыя беларускай дэманстрацыі 1971 года
Дэманстрацыя доўжылася ўсяго некалькі хвілін. Але менавіта гэтыя некалькі хвілін зрабілі яе гістарычнай - адной з першых гучных антысавецкіх публічных акцый у Беларусі.
Падпішыся на Facebook Карона Вітаўта!
Замежныя СМІ распавядалі пра гэтыя падзеі як пра крывавыя сутыкненні моладзі з міліцыяй. Савецкая беларуская прэса маўчала. Пра гарадзенскую дэманстрацыю не згадвалі нават на камсамольскіх сходах.
У сераду, 11 жніўня 1971 года, больш за сотню юнакоў і дзяўчат выйшлі на Савецкую плошчу беларускага Гродна з плакатамі «Спыніце тэрор», «Свабоду рок-н-ролу», «Рукі прэч ад доўгіх валасоў» і All You Need Is Love. Яны былі хіпі. Хаця ім было не істотна як іх называюць:
проста жылі так, як хацелі: апраналі і слухалі тое, што ім падабалася. Былі маладыя, здаровыя, вясёлыя: сядзелі, травілі анекдоты, гулялі да раніцы...Марылі набыць Замкавую гару ў Гродна, абвясціць там незалежную дзяржаву, каб ні камунізму, ні сацыялізму, нармальная свабодная дзяржава без маразма.
Хлопцы былі ў джынсах-клёш, кашулях у кветку і гарошак, з доўгімі валасамі, завушніцы ў вушах, - пісала ўжо ў часы незалежнасці беларуская прэса. Наперадзе калоны маладзён вёў на ланцужку яскравага баявога гішпанскага пеўня. Гэта талінец па мянушцы Віру, а баявога пеўня яму прывёз у падарунак бацька-марак далёкага плавання.

Гэта той самы Віру з Таліна. Прынамсі такім яго памятаюць удзельнікі акцыі. Публічная дамена
Акрамя талінцаў, на акцыі з гарадзенцамі была моладзь з Вільні, расейскага Ленінграда, каля 30 чалавек прыехала з беларускіх Мастоў.
Рушылі а 14.00 ад дома на рагу вуліц Сацыялістычнай і Карла Маркса. Тут жыў адзін з гарадзенскіх хіпі Міхал Гуленін. Да цэнтральнай Савецкай плошчы адсюль усяго 300 метраў.
Падрыхтаваныя "мінакі" не ашчаджалі горла: Цыганы валасатыя, галубыя!
Як толькі калона выйшла на Савецкую плошчу, стала зразумела: будуць біць. Плошча была поўная міліцыі і ціхароў. Варанкі-аўтазакі па перыметры плошчы, нейкі важны чын ў пагонах у рупар аддае загады.
У руках міліцыянтаў былі гумовыя дубінкі, хаця ў той час яны выдаваліся толькі ў выпадку скрайняй неабходнасці і дазвол на іх прымяненне даваўся не менш як на абласным узроўні. Моладзь хапалі за валасы, цягнулі і закідвалі ў аўтазакі. Хтосьці з дэманстрантаў нема крычаў іншым, каб уцякалі.

Бацька аднаго з дэманстрантаў падпрацоўваў у Фарным касцёле. Сам касцёл камуністы ўжо больш як дзесяць год закрылі для набажэнстваў, але ўдалося адчыніць браму і схаваць у святыні некалькі чалавек, а пасля выпусціць праз іншы выхад, на тэрыторыю прылеглай будоўлі.
Тых з моладзі, хто выглядаў найбольш «вызывающе», заводзілі тут жа на плошчы ў Палац культуры тэкстыльшчыкаў. Там іх прымусова стрыглі, рэзалі клёшы і рамяні.
Каго палічылі арганізатарамі, адвезлі ў аддзяленне міліцыі. Да самага вечара дапытвалі людзі ў цывільным, высвятляючы, хто арганізаваў дэманстрацыю і хто быў яе «заказчыкам»:
«Голас Амерыкі» - гэта вам не голас амерыканскага народа, гэта рупар амерыканскай разведкі!
У дварах на Замкавай вуліцы стаялі ПАЗы-652 з фіранкамі на вокнах. Туды таксама цягнулі затрыманую моладзь. А потым вывезлі за дзесяткі кіламетраў ад горада і выкінулі з аўтазакаў, каб вярталіся ў горад пешшу.

Фота @soviethippies
У гэты ж час у кватэрах найбольш актыўных удзельнікаў-гарадзенцаў міліцыя рабіла ператрусы. У Міхала Гуленіна забралі фатаграфіі, запісныя кніжкі, вершы і кружэлкі The Beatles. Больш іх ён не бачыў.
Пратэстаў ніхто не планаваў, усё справакавала самаўпэўненая, абмежаваная савецкая ўлада. За тыдзень да падзеяў на плошчы, у самым пачатку жніўня 1971 года да гарадзенскіх хіпі прыехалі сябры з Вільні і Таліна. Маладзёны не хацелі раздражняць міліцыю і камсамольцаў, і нават сабрацца вырашылі не ў горадзе, а на беразе маляўнічага возера блізу мястэчка Азёры, за дваццаць пяць кіламетраў ад Гродна.
Але пра падазроную кампанію доўгавалосай моладзі пільныя мясцовыя камсамольцы паведамілі «куды трэба». Прыехала міліцыя. Усіх разагналі. Давялося вярнуцца ў Гродна. Але і там моладзі спакою не далі. Некаторых пахапалі, збілі і прымусова пастрыглі.
Тады і ўзнікла думка пра дэманстрацыю пратэста. Прыніжаныя і абураныя маладзёныя былі настроены рашуча. Разумелі, якой будзе рэакцыя камуністаў, але спадзяваліся, што ўдасца звярнуць увагу людзей і падобныя здзекі нарэшце спыняцца.

А гэта Палац тэкстыльшчыкаў, выгляд з пачатку 1970-х. Тут дэманстрантаў білі, прымусова абразалі валасы, рвалі клёшы, забіралі рамяні. Публічная дамена
Пра дэманстрацыю паведамілі знаёмым. Каб збіць міліцыю з панталыку, сказалі, што акцыя адбудзецца праз два тыдні. А выйшлі ўжо праз тыдзень - 11 жніўня 1971 года, але хітрасць не дапамагла...
…Праз некалькі дзён пасля гарадзенскага разгону на акцыю выйшла Вільня. Літоўскія хіпі ўзнялі на плошчы Гедыміна плакаты ў падтрымку гарадзенскай моладзі.
Пасля дэманстрацыі жыццё яе ўдзельнікаў змянілася. Гарадзенца Мішу Гуленіна паказалі па мясцовым тэлебачанні. Спецыяльна прыйшлі на танцы і сфатаграфавалі, каб потым гэты здымак паказаць у эфіры, каментуючы словамі, якія Міхал запомніў на ўсё жыццё:
- Не палохайцеся: гэта не Маша, гэта Міша. Ён мае нетрадыцыйную арыентацыю, ён жаноцкі, і калі яго бачыш, дык так і хочацца абняць...
Ён хацеў вучыцца музыцы, але пасля гэтага дакументы не прыняла ніводная навучальная ўстанова - ні ў Гродне, ні ў Менску. Толькі цудам яму ўдалося ўладкавацца кіроўцам тралейбуса.
Гарадзенец Міхал Гуленін ад правай. Публічная дамена
Андрэя Панцэвіча супрацоўнікі КДБ забіралі на допыты проста са школьных урокаў. Распытвалі пра нейкіх "пана Шульца" і "пана Юзафа" - нібыта каардынатараў пратэсту з-за мяжы. Насамрэч гэта былі толькі мянушкі хлопцаў з іх гарадзенскай кампаніі. Пасля арміі Панцэвіч працаваў дзе прыйдзецца, гандляваў на рынку. Пазней стаў вартаўніком.
Толю Макушына выгналі з працы на тэлебачанні.
Іх фатаграфіі вывешвалі на гарадской «Дошцы сатыры» побач са здымкамі алкаголікаў - насупраць аддзела міліцыі на вуліцы Сацыялістычнай Гродна. У прамым эфіры мясцовага тэлебачання камсамольскія кіраўнікі тлумачылі гараджанам, што ўсе гэтыя доўгавалосыя хлопцы - наркаманы, гомасексуалісты, амаральныя асобы, здольныя ледзь не забіць старую жанчыну. Маўляў, хіба могуць нармальныя людзі так выглядаць?
Кажуць, што неўзабаве ў Менску, на каланадзе Дома ўрада, што на сённяшняй Плошчы Незалежнасці, з'явіўся вялізны надпіс: «Хіпі Гродна».
Беларусь, якая не маўчала. Гісторыя пратэстаў ХХ-стагоддзя
Апрацавана рэдакцыяй на падставе артыкула Гэта не Маша, гэта Міша, фота на вокладцы @soviethippies