ПАЛІТЫЧНАЯ ГІСТОРЫЯ
Няпрошаны госць беларускай Незалежнасці
Прыканцы снежня 1991 года многім беларускім палітыкам было не да Калядаў і святкавання Новага году. Савецкі Саюз толькі што спыніў сваё існаванне, Беларусь рабіла першыя крокі як незалежная дзяржава, а ў Менск ужо ехаў няпрошаны госць, які заклікаў усё гэта адмяніць.
Візіцёрам быў Уладзімір Жырыноўскі - расейскі палітык, які зрабіў сваёй палітычнай візітоўкай агрэсіўны імперыялізм, настальгію па СССР і адмаўленне права былых саюзных рэспублік на самастойнае існаванне.
Белавежскія пагадненні былі падпісаныя 8 снежня 1991 годам - усяго некалькі тыдняў да падзей, пра якія ідзе гаворка. 20 снежня 1991 года - Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь дэнансаваў Саюзны Дагавор ад 1922 году: СССР знік з палітычнай карты свету. Рэспубліка Беларусь атрымала рэальную магчымасць будаваць сваю дзяржаўнасць. Над Домам ураду ўжо лунаў бел-чырвона-белы сцяг, але дзяржаўныя інстытуты толькі фармаваліся. У гэтым і быў галоўны цынізм сітуацыі: незалежная Беларусь яшчэ не паспела ўмацавацца, а з суседняй Масквы ўжо гучалі патрабаванні вярнуць яе назад у «родную гавань».
Візіт Жырыноўскага не выглядаў выпадковым. Яго суправаджала беспрэцэдэнтная па тагачасных мерках інфармацыйная кампанія. Беларускія дзяржаўныя СМІ ахвотна адкрылі перад палітыкам свае пляцоўкі: інтэрв'ю ў газетах, выступы на радыё, жывы тэлевізійны эфір, а кульмінацыяй павінна была стаць сустрэча ў шматтысячным менскім Палацы спорту.
Сам госць не хаваў сваіх намераў. Ён публічна заклікаў да ліквідацыі новых незалежных дзяржаў, перагляду межаў і крымінальнага пераследу тых палітыкаў, якія падпісалі дакументы аб спыненні існавання СССР.
Рэакцыя ў Беларусі была імгненнай і катэгарычнай. Народны паэт Беларусі і дэпутат першага парламента незалежнай Беларусі - Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Ніл Гілевіч адкрыта папярэджваў:
- З друку стала вядома, што ў Менск прыяжджае і атрымлівае найбольшую ў Беларусі залю для выступлення фашыстоўскі дэмагог Жырыноўскі. Няма сумнення, што яго ваяж моцна спрацуе на палітычную дэстабілізацыю ў рэспубліцы... Прагрэсіўнай грамадскасцю Беларусі агітвізіт няпрошанага госця будзе ўспрыняты як абраза для нашай нацыянальнай годнасці.
Прагноз народнага паэта аказаўся дакладным.
23 снежня 1991 года Жырыноўскі паспрабаваў без запрашэння трапіць у кабінет старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча - аднаго з трох палітыкаў, якія некалькі тыдняў таму падпісалі Белавежскія пагадненні. На яго шляху сталі дэпутаты Апазіцыі БНФ у парламенце Лявон Дзейка, Мікола Маркевіч, Віктар Какоўка, Пётра Садоўскі і Сяргей Навумчык.
Галіна Сямдзянава - біяграфія і гісторыя абаронцы Незалежнасці
Паводле сведчанняў удзельнікаў падзей, расейскі палітык паводзіў сябе агрэсіўна, абражаў беларускіх дэпутатаў і не рэагаваў на патрабаванні пакінуць будынак. Асабліва дасталося Пятру Садоўскаму - старшыні парламенцкай камісіі па міжнародных справах і будучаму першаму амбасадару Беларусі ў Нямеччыне.
/padzei/zyr_NEW.jpg)
Фрагмент звароту дэпутата Вярхоўнага Савета Сяргея Навумчыка ў Генеральную пракуратуру. Фота Радыё Свабода
Далей падзеі развіваліся імкліва.
Пётра Садоўскі і Сяргей Навумчык літаральна выпхнулі няпрошанага госця на лесвіцу Дома ўраду і пагналі ўніз. Сам Жырыноўскі суправаджаў спуск крыкамі і пагрозамі, абяцаючы «павесіць Навумчыка на слупе». Міліцыянты толькі назіралі за сцэнай.
Але галоўнае ўсё ж адбывалася не на лесвіцы. Усяго праз некалькі тыдняў пасля распаду СССР у Менску сутыкнуліся два погляды на будучыню. Для адных Беларусь была незалежнай дзяржавай. Для другіх - памылкай гісторыі, якую трэба было як мага хутчэй выправіць.
На паводзіны Жырыноўскага адрэагавалі праваахоўныя органы: дазвол на сустрэчу з ім у Палацы спорту быў адкліканы. Увечары той усё ж з'явіўся пад будынакам, але замест апладысментаў вымушаны быў уцякаць ад менчукоў у атачэнні сваіх саратнікаў. На расейскага палітыка менская міліцыя склала адміністрацыйны пратакол паводле артыкула «дробнае хуліганства» і перадала матэрыялы ў суд.
Жырыноўскі з'ехаў з Менска. Наўзадагон яму ў Маскву паляцела афіцыйная тэлеграма з просьбай забяспечыць яўку Жырыноўскага для дачы паказанняў у Цэнтральны РАУС Менска. Натуральна, расейскія праваахоўныя органы выконваць такую просьбу не збіраліся.
/padzei/Zyr_1New.jpg)
Адказ генеральнага пракурора Беларусі на зварот дэпутата парламента. Фота Радыё Свабода.
Разважалі ў Беларусі і над крымінальнай справай у дачыненні да Жырыноўскага. У Генеральную пракуратуру Беларусі звярнуўся дэпутат Сяргей Навумчык.
Незалежнай Беларусі тады было ўсяго некалькі месяцаў. Дзяржаўныя інстытуты толькі фармаваліся, улада яшчэ шукала сябе ў новай рэальнасці. Але снежань 1991 года паказаў досыць прынцыповую рэч: маладая беларуская дзяржава аказалася значна мацнейшай, чым думаў яе няпрошаны госць.