ХІХ СТАГОДДЗЕ

больш артыкулаў

02-07-2026

Падпольны беларускі горад, які рыхт...

Абсяг...

прачытаць
26-03-0206

Хуткая помста. Дзёрзкасць гарадзенц...

У Пеця...

прачытаць
23-04-2026

Куплялі беларускае. Іконы нацыяналь...

Людзі,...

прачытаць
19-03-2026

Касцюшка аддаў грошы на свабоду аме...

Але св...

прачытаць
09-07-2026

Прыдарожная краіна. Якой трапіла Беларусь у еўрапейскія травэлогі.  

Цяжка ў гэта сёння паверыць, але ў ХІХ стагоддзі амаль кожны папулярны тагачасны еўрапейскі трэвэлблогер ведаў, дзе знаходзяцца Віцебск, Бярэзіна, ваколіцы Магілёва, Полацк ці, прыкладам, Дрыса. Прычына была простая: гэтыя мясціны трапілі на мапу еўрапейскага турызму праз вайну 1812 года і паход Напалеона на Маскву.

Беларусь цікавіла іх найперш не як краіна гарадоў, архітэктуры, кухні ці мясцовых звычаяў. Яна была прасторай памяці нядаўняй вайны. Тэма расійска-французскага супрацьстаяння карысталася такой шалёнай папулярнасцю, што ў некаторых вандроўнікаў апісанне ваенных падзей займала больш месца, чым сама справаздача пра падарожжа праз Беларусь. Гэта звышувага тлумачылася не толькі асабістай цікавасцю аўтараў, але і чаканнямі іх чытачоў.

Прыкладам пра наш славуты Полацак падарожніца Мэры Холдэрнэс магла напісаць некалькі слоў:

 

«У горадзе няма дзе прабавіць час і чым заняць нашую ўвагу».

 

А вось апісваючы беларускія мясціны, звязаныя з вайной 1812 года, аўтары пераказвалі эпізоды бітваў і манёўраў, разважалі пра дзеянні камандуючых, уважліва адзначалі кожную мясціну і мясцінку, звязаныя з Напалеонам. На захадзе Беларусі Джон Максвел і Аўгуст Гранвіль асабліва вылучалі Нёман і пераправу праз яго Вялікай арміі.

Войскі Напалеона пераходзяць беларускую Беразіну. 28 лістапада 1812 год. Musee de l'Armee

Для такіх падарожнікаў старажытны беларускі горад не быў каштоўнасцю. Архітэктура, мястэчкі і мясцовыя асаблівасці былі фонам альбо банальнай нагодай для кпінаў.

Як беларускі горад у падполлі рыхтаваў новую дзяржаву

Найбольш моцнае ўражанне пакідалі не самі аповеды пра ваенныя падзеі ў Беларусі, а яе яшчэ бачныя сляды. Многія вандроўнікі на ўласныя вочы бачылі рэшткі спаленых і разбураных паселішчаў, пустэчы, сляды нядаўніх масавых смерцяў.

Шатладзец Роберт Пінкертон, едучы па бальшаку з Віцебска ў Шклоў, быў уражаны свежымі курганамі на полі адной з бітваў. Яны яшчэ не паспелі схавацца пад дзірванам, і паштовы тракт праходзіў літаральна па іх.

Рэйфард Рамбл у 1819 годзе стварыў вобраз дарогі смерці - ад Смаленшчыны да Гародні. Абапал яе ўзвышаліся масіўныя курганы, што хавалі парэшткі людзей і коней расейскай і французскай армій. Падобнае апісанне можна знайсці і ў Роберта Джонстана, які праязджаў гэтым гасцінцам некалькімі гадамі раней.

Джон Максвел у 40-я гады XIX стагоддзя, то бок праз 30 год пасля пахода французаў, сцвярджаў, што на пясчаных берагах Нёмана ўсё яшчэ можна было ўбачыць тое, што засталося ад Вялікай арміі Напалеона.

 

Габрэі як «візітоўка» Беларусі

Яшчэ адной своеасаблівай візітоўкай Беларусі ў вачах замежных падарожнікаў было шматлікае габрэйскае насельніцтва гарадоў і мястэчак. Менавіта яго вялікая канцэнтрацыя найчасцей уражвала вандроўнікаў. Нямецкі падарожнік Георг Рэйнбек, праязджаючы праз Менск у 1805 годзе, адзначаў:

 

«Сапраўды, гэту краіну можна назваць зямлёй габрэяў, колькасць іх тут незлічоная».

 

У нататках многіх заходнееўрапейскіх аўтараў менавіта іўдзейскае насельніцтва ў значнай ступені фармавала вобраз Беларусі, а праз іх нататкі і публікацыі - і ўяўленні чытачоў пра гэты край. Пры гэтым важна памятаць, што гаворка ідзе не пра аб'ектыўнае апісанне мясцовай габрэйскай супольнасці, а пра яе ўспрыманне людзьмі іншай культурнай традыцыі, са сваімі стэрэатыпамі і прадузятасцямі.

Прыкрая гісторыя - як ВКЛ пазбаўлялася ўсіх сваіх габрэяў

Асабліва паказальна, што падобныя рэакцыі пакідалі людзі, якія ўжо паспелі пабачыць многія краіны Еўропы, а часам і іншых кантынентаў. Аднак сустрэча з масавым іўдзейскім насельніцтвам беларускіх земляў нярэдка станавілася адным з найбольш моцных уражанняў усяго падарожжа.

Мапа Еўропы XIX стагоддзя. Italian Atlas. Stabilimento Civelli. Milan

Калі меркаваць па іх нататках, кантакты амаль заўсёды апісвалася ў выключна негатыўных танах. Аўтары звярталі ўвагу на знешні выгляд, вопратку, пах, жыллё, колькасць мясцовых габрэяў, манеру весці справы і якасць паслуг.

Характар гэтых назіранняў добра перадаюць некалькі сведчанняў:

 

«Мы апынуліся цалкам сярод габрэяў Воршы і ў выніку гэтага сярод неверагоднага бруду, які толькі можна сабе ўявіць. … Ва ўсім цывілізаваным свеце не знойдзецца класа людзей, якім так бракуе чысціні, як ніжэйшым слаям рускіх і польскіх габрэяў».

 

«З моманту перасячэння мяжы ВКЛ я заўважыў у кожным горадзе і вёсцы раі людзей… я адразу распазнаў раскіданых і вандруючых сыноў Ізраіля… Яны рояцца вакол гарадоў і вёсак з надзеяй на спажыву… Іх вонкавае выраджэнне закранула іх унутраную сутнасць…»

 

Падобныя характарыстыкі паўтараюцца ў нататках многіх падарожнікаў першай паловы XIX ст. Складаецца ўражанне, што аўтары нібы спаборнічалі паміж сабой у тым, каму ўдасца стварыць найбольш адштурхоўваючы вобраз мясцовага беларускага габрэя. Найбольш выразна гэтая тэндэнцыя праяўляецца ў запісках Роберта Джонстана:

 

«…мы адчулі, што апынуліся сярод людзей, чый галоўны прынцып — круцельства… Такое мноства найбольш брыдкіх, прытворных, хцівых нягоднікаў нідзе больш не пабачыш; яны людзі без характару, без патрыятызму, без манераў…»

 

Падобныя матывы сустракаюцца і ў іншых аўтараў. Так, Георг Рэйнбек сцвярджаў: «Габрэі тут гаспадары, рускія і палякі іх рабы», а Джон Максвел адзначаў, што яны «авалодалі ўсім гандлем і камерцыяй».

Такія ацэнкі цяжка разглядаць як бесстароннія назіранні. Яны былі сфарміраваныя пад уплывам рэлігійных, сацыяльных і культурных стэрэатыпаў, распаўсюджаных у заходнееўрапейскім грамадстве першай паловы XIX ст. Акрамя таго, чалавек, трапляючы ў незнаёмае асяроддзе, амаль заўсёды ацэньвае яго праз супрацьпастаўленне «свайго» і «чужога». У гэтым сэнсе прыведзеныя сведчанні больш гавораць не столькі пра беларускіх габрэяў, колькі пра светапогляд саміх заходнееўрапейскіх падарожнікаў.

Чытаць - Фенамельная гісторыя кар'еры беларускага габрэя

Агулам, трэба разумець, што беларускія землі ў першай палове XIX ст. не былі аб'ектам адмысловай цікавасці з боку замежных аўтараў. У першую чаргу іх прыцягвала сама Расейская імперыя: яе абшары, лад жыцця, імператарскі двор, сталіцы, нацыянальныя ўскраіны і экзатычныя народы. Наш край быў толькі адным з адрэзкаў доўгага маршруту, канчатковая мэта якога знаходзілася далёка за яго межамі.

 Усведамляючы гэта значна прасцей зразумець -  а дзе ж беларусы ў шматлікіх нататках гэтых падарожнікаў?

У адрозненне ад шматлікіх апісанняў іўдзейскага насельніцтва, мясцовым хрысціянскім жыхарам беларускіх земляў у нататках заходнееўрапейскіх падарожнікаў адводзілася значна менш месца. Прычына была даволі простая.

Перасякаючы Беларусь па паштовых трактах, вандроўнікі на станцыях, у заезных дварах, корчмах, шынках, гарадах і мястэчках мелі справу пераважна з прадстаўнікамі іўдзейскай супольнасці - карчмарамі, шынкарамі, гандлярамі, рамеснікамі, уладальнікамі пастаялых двароў. Менавіта асабістыя сустрэчы і ўражанні ад іх звычайна станавіліся асновай падарожных нататак.

Да таго ж магчымасці шчыльней паназіраць за жыццём краіны былі вельмі абмежаванымі. Падарожнікі рухаліся выключна паштовымі трактамі і рэдка пакідалі галоўныя дарогі. Таму яны стваралі вобраз не ўсёй Беларусі, а найперш Беларусі «прыдарожнай».

Нават калі кантакт з мясцовымі быў непазбежным, заходнееўрапейскія вандроўнікі далёка не заўсёды разумелі, кім былі гэтыя людзі ў этнічным сэнсе.

Касцюшка аддаў рабам усе свае зберажэнні

Адны называлі нас палякамі, іншыя, асабліва падчас падарожжаў па ўсходняй Беларусі - рускімі. Мала што змянілася за апошнія 200 год :) Найчасцей, аднак, называлі нас «літоўцамі» або «ліцвінамі». Адзіным выключэннем стаў амерыканец Роберт Сірс, які, апісваючы размову з беларусамі выкарыстаў назву Rusniaks, што, верагодна, можна аднесці да этноніму «русіны».

Гэтая тэрміналагічная няпэўнасць вельмі паказальная. Яна сведчыць, што заходнееўрапейскія падарожнікі першай паловы XIX ст. яшчэ не мелі выразнага ўяўлення пра этнічную карту беларускіх земляў і апісвалі яе праз стэрэатыпныя, звыклыя ім палітычныя, гістарычныя або рэгіянальныя назвы.

Аднак, нягледзячы на рознагалоссі ў назвах, амаль усе аўтары адзначалі адно і тое ж: мясцовае насельніцтва выразна адрознівалася як ад сваіх усходніх, так і ад заходніх суседзяў. Роберт Джонстан пасля перасячэння мяжы ВКЛ каля Лядаў на Дубровеньшчыне пісаў:

 

«Тут губляецца "руская душа" - жывая і апантаная весялосць беднай Русі змяняецца на сцюдзёную, разважлівую халоднасць іншых. Іншыя нават твары і вопратка… і кожная рыса іх тыпу сведчыць аб змене племені».

 

Падобныя супастаўленні, аднак, далёка не заўсёды былі на карысць мясцовых жыхароў. Так, Георг Рэйнбек сцвярджаў, што «простыя палякі» (маючы на ўвазе насельніцтва беларускіх земляў, далучаных да Расійскай імперыі пасля другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай) «схільныя да ашуканства і саступаюць рускім у маральных якасцях». Джонстан, знаходзячы шмат агульнага паміж мясцовымі жыхарамі і ніжэйшымі пластамі ірландскага грамадства, рабіў яшчэ больш катэгарычную выснову, што «ніколі гэтая нацыя не выйдзе з цемры».

Параўноўваючы ўбачанае з уласным жыццёвым досведам, вандроўнікі імкнуліся ўпісаць незнаёмы край ва ўжо вядомыя ім схемы і стэрэатыпы. Менавіта таму адрознасць або незвычайнасць мясцовага жыцця беларусаў нярэдка інтэрпрэтаваліся замежнікамі як прыкметы культурнай ці цывілізацыйнай непаўнавартасці.

 

 

Беларускія гарады вачыма замежных падарожнікаў

Мы ўжо адзначалі, што беларускія гарады рэдка выклікалі ў замежных падарожнікаў цікавасць як гістарычныя ці архітэктурныя аб'екты. І ўсё ж яны пакінулі нямала абразкоў з штодзённага жыцця нашых месцічаў. Праўда, увагу вандроўнікаў прыцягвалі не помнікі ці планіроўка гарадоў, а тое, што адразу кідалася ў вочы.

Калі паспрабаваць знайсці адно слова, якім аўтары найчасцей характарызавалі беларускія гарады першай паловы XIX стагоддзя, такім словам безканкурэнцыйна будзе «бруд».

Незалежна ад сезона падарожжа і грамадзянства вандроўніка, у іх нататках зноў і зноў паўтараюцца аднолькавыя назіранні:

 

«Бруд пераўзыходзіць усё, што я бачыў у Расіі… Большыя гарады нясуць усе адзнакі спусташэння ад апошняй вайны і ляжаць у асноўным у руінах», - такія словы ўжыў адзін з падарожнікаў у 1805 годзе.

 

«У ліцвінскіх гарадах нельга прайсціся па вуліцы, каб не ўгразнуць вышэй шчыкалаткі ў гразі», - вось вам сведчанне з 1814 года.

«Менск - хаатычна забудаваны горад з вузкімі і бруднымі вуліцамі. Дамы ў асноўным мізэрныя, пабудаваныя з дрэва…», «Менск - адзін з лепшых ліцвінскіх гарадоў, губернскі цэнтр, але вельмі брудны і хаатычны горад», - і сталіца наша ім запомнілася такой.»

 

Падобныя характарыстыкі настолькі часта сустракаюцца ў падарожных нататках, што іх нельга лічыць выпадковымі. Менавіта дрэнны стан вуліц і агульная занядбанасць станавіліся аднымі з першых уражанняў замежнікаў ад беларускіх гарадоў.

На чым зараблялі беларусы ў ХІХ стагоддзі. Амбіцыі і бізнес-стратэгіі

Не менш часта падарожнікі звярталі ўвагу на яшчэ адну асаблівасць — сляды нядаўніх паўстанняў і войнаў. Іх цікавіла не гісторыя горада, а тое, што вайна працягвала прысутнічаць у яго штодзённым абліччы.

Пра Гародню адзін з падарожнікаў занатаваў:

 

«Гародня не аднаўляецца. Ад замка і да самай апошняй халупы - заняпад кідаецца ў вочы». Гэта 1805 год

 

Не лепшае ўражанне пакінуў і Полацак у 1815 годзе:

 

«… Усе вуліцы былі пабураныя, дамы патрушчаныя і голыя сцены ўсё яшчэ стаяць як шматлікія помнікі цяперашняй нэндзы».

 

У Шклове ўвагу падарожніка ў 1827 годзе прыцягнулі руіны будынка ўзведзенага для вайсковай адукацыі маладых людзей:

 

«Ён быў пабудаваны ў форме паўмесяца і быў амаль што цалкам знішчаны Банапартам падчас яго ўварвання ў 1812 г.; уся ўнутраная яго частка згарэла, але знешнія сцены пакуль яшчэ трываюць, уяўляючы сабой сумны помнік былой сваёй велічы і ўсёпажыральным наступствам вайны».

 

Заўважым, што паміж сведчаннямі дзесяткі гадоў, але карціна вельмі падобная карціну. Наступствы ліхалецця яшчэ доўга будуць вызначаць аблічча беларускіх гарадоў і заставацца адной з найбольш прыкметных рыс мясцовага краявіду.

Значна радзей увагу замежнікаў прыцягвалі асобныя элементы гарадской прасторы. Эдвард Мортан пісаў пра Віцебск:

 

«Дзве каменныя калоны вялікіх памераў з імперскімі арламі ўверсе ўтвараюць заставу (barrier), праз якую вандроўнік, што ўязджае ў горад, можа пабачыць астрог...»

 

Менавіта праз гэтыя падарожныя нататкі ў свядомасці заходнееўрапейскага чытача фармаваўся пэўны вобраз беларускіх земляў. Яго вызначалі не толькі асабістыя назіранні аўтараў, але і іх культурны досвед, распаўсюджаныя ў Заходняй Еўропе ўяўленні пра ўсход кантынента, а таксама сацыяльныя і рэлігійныя стэрэатыпы, праз якія інтэрпрэтавалася ўбачанае.

Для большасці падарожнікаў Беларусь паўставала як край, пазначаны слядамі войнаў і паўстанняў, беднасцю гарадоў, незвычайным для іх этнічным і рэлігійным асяроддзем. Менавіта такі вобраз і трапляў да заходнееўрапейскага  чытача, а самі травелогі доўгі час заставаліся аднымі з галоўных праваднікоў у знаёмстве Еўропы з беларускімі землямі.

Рэдакцыя

Публікацыя створана на падставе даследванняў Адама Мальдзіса, Валянціна Грыцкевіча, Аляксандра Радзюка.