ХІХ СТАГОДДЗЕ

больш артыкулаў

09-07-2026

Прыдарожная краіна. Якой трапіла Бе...

У ХІХ...

прачытаць
26-03-0206

Хуткая помста. Дзёрзкасць гарадзенц...

У Пеця...

прачытаць
23-04-2026

Куплялі беларускае. Іконы нацыяналь...

Людзі,...

прачытаць
19-03-2026

Касцюшка аддаў грошы на свабоду аме...

Але св...

прачытаць
02-07-2026

Падпольны беларускі горад, які рыхтаваў новую Рэч Паспалітую

Як гэта часта бывае, калі б не здрада, расейцы, хутчэй за ўсё, ніколі не выкрылі б іх.

Абсяг падполля ўражваў маштабамі - больш за тры тысячы сяброў, тэрыторыя ад эстонскага Тарту да ўкраінскай Адэсы. І калі Вільня была сэрцам арганізацыі, Бердычаў - яе галавой, дык Пінск і Палессе сталі яе мускуламі.

У траўні 1838 года расейскім жандарам удалося арыштаваць пятнаццаць пінчукоў. На допытах абсалютная большасць з іх адмаўлялася адказваць следчым па-расейску. Не таму, што не хацелі. А таму што не разумелі расейскай мовы. Так выглядала Піншчына ў сярэдзіне XIX стагоддзя.

Прачытаць больш пра пінскія бізнес-дынастыі ХІХ стагоддзя Скірмунтаў і Лур'е

Арыштаваных абвінавацілі ў стварэнні Пінскага дэмакратычнага таварыства - аднаго з галоўных цэнтраў падпольнай арганізацыі, якая дзейнічала ў Беларусі, Літве і Украіне.

 

Яе мэтай было вызваленне нашых земляў ад маскоўскай акупацыі і аднаўленне знішчанай падзеламі Рэчы Паспалітай. Але не ў выглядзе старой манархіі. Яны бачылі яе дэмакратычнай. Натуральна, мы кажам таку дэмакратыю, якой яе разумелі і ўяўлялі людзі ХІХ стагоддзя.

 

Удзельнікі падполля марылі пра новую дзяржаву, заснаваную на прынцыпах рэлігійнай, палітычнай, грамадзянскай і сацыяльнай роўнасці. Нездарма лозунгамі арганізацыі былі словы: «Праз народ да народу», «Вольнасць, роўнасць, братэрства».

У падпольным руху дзейнічала каля трох тысяч чалавек, нечуваная колькасць для патаемнай ініцыятывы. Гэта былі прадстаўнікі інтэлігенцыі і нацыянальных эліт народаў, што пацярпелі ад падзелаў Рэчы Паспалітай. На беларускіх землях гэтая сетка была асабліва разгалінаванай.

 

Падобнае да пінскага таварыства існавала на Случчыне, дзе ім кіраваў Юры Брынк, на Наваградчыне - Тамаш Булгак, на Кобрыншчыне рэй вёў Людвік Орда, на Мазыршчыне - шляхціч Яленскі. Амаль не было беларускага павета, дзе не дзейнічала б хаця б адна такая падпольная суполка.

 

Пінскае дэмакратычнае таварыства ўзнікла ўлетку 1836 года. Яго ўзначаліў 38-гадовы пінскі суддзя Антон Ажэшка - чалавек, які ўжо паспеў праславіцца ўдзелам у выратаванні паўстанцаў, пераследаваных расейскімі ўладамі пасля паўстання 1830-1831 гадоў.

Падполле было выбудавана з амаль вайсковай дысцыплінай. Гэта датычылася літаральна ўсяго - ад асабістых сустрэч да перапіскі.

Чалавек, які прыходзіў да незнаёмых яшчэ сяброў арганізацыі, не павінен быў адразу пачынаць размову. Яму прадпісвалася стаць на парозе, скрыжаваць ногі, нерухома глядзець гаспадару проста ў вочы і чакаць:

 

- Хто ты? Што табе трэба?

Гэта быў пароль. І правільным адказам было толькі адно слова:

 - Вітольд.

 

Не менш абачліва арганізоўвалася і перапіска.

У арганізацыі існаваў уласны шыфр. Вільню, прыкладам, называлі Маці, Коўна - Ганусяй, Ашмяны - Піячкай, Віленшчыну - халупай, Вількамір - Цёткай.

Лісты пісаліся паміж радкоў звычайнага тэксту адмысловымі чарніламі. Напісанае заставалася нябачным і праяўлялася толькі пасля хімічнай рэакцыі, прыкладам, ліст падаграваўся на полымі свечкі. Выкарыстоўваліся некалькі спосабаў такога пісьма, а спецыяльным знакам уверсе ліста адрасант падказваў адрасату, якім чынам прачытаць схаваны тэкст. Для найбольш важных паведамленняў выкарыстоўваўся яшчэ і асобны алфавіт, ключ да якога мелі толькі некалькі чалавек.

Дзеячы падполля стварылі ўласную друкарню на беларускіх землях. З дапамогай менчука Яна Высоцкага быў арандаваны невялікі фальварак у глыбіні Палесся. Пінскія балоты і лясы хавалі яго так надзейна, што дабрацца туды можна было па зямлі толькі два месяцы на год. Наборшчыкі друкарні і ўся абслуга фальварка былі выключна сябрамі падполля, што зніжала рызыку выкрыцця.

Усёй гэтай сеткай кіраваў чалавек, без якога яна, верагодна, ніколі не стала б такой маштабнай.

 

Сымон Канарскі.

Ён нарадзіўся ў 1808 годзе на тэрыторыі гістарычнай Літвы - на памежжы сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы, зямлі, якая нарадзіла яцвягаў і бачыла геройствы Эміліі Плятэр. Адзін з дзядоў Сымона Канарскага ваяваў у войску Вялікага Княства Літоўскага, другі ўваходзіў у Нацыянальны ўрад ВКЛ падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі.

Пратэстант-кальвініст, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, Сымон Канарскі быў чалавекам, які лёгка заваёўваў давер. Сучаснікі згадвалі яго як невысокага, моцнага, заўсёды ветлівага чалавека з жывымі блакітнымі вачыма і прыемнай усмешкай. Ён валодаў французскай, нямецкай і англійскай мовамі, граў на флейце, добра маляваў. Але галоўным яго талентам было іншае. Канарскі ўмеў гаварыць так, што пасля яго прамоў людзі былі гатовы ісці за Радзіму.

Сымон Канарскі. Малюнак 1841 года. Публічная дамена

 

Яго палітычную праграму можна ўкласці ў некалькі радкоў:

 

 - Усеагульная свабода - галоўная мэта нашых намаганняў. Роўнасць і дэмакратычныя інстытуты - адзіная гарантыя яе захавання. Калі яны будуць існаваць, ні адзін дэспат не здолее прыгнятаць мільёны, а праца кожнага будзе служыць дабру ўсіх.

 

У траўні 1838 года Сымона Канарскага арыштавалі. Ён якраз накіроўваўся з Вільні ў Менск.

Следства вёў садыст, віленскі віцэ-губернатар Аляксей Трубяцкі. Літоўскі  гісторык Томас Вэнцлова піша, што падчас допытаў Канарскаму «палівалі раны лакам і спіртам, а пасля падпальвалі». Нягледзячы на катаванні, ён не выдаў ніводнага са сваіх паплечнікаў.

Катаванні паплечнікаў Сымона Канарскага. Малюнак Яна Матэйкі. Зборы Нацыянальнага музея ў Кракаве. Публічная дамена

27 лютага 1839 года Сымона Канарскага расстралялі ў Вільні, на Пагулянцы.

Па справе падполля былі асуджаныя не менш за 215 чалавек. Сярод іх пінчукі - 25-гадовы суддзя Франц Тарлецкі, Фаўстын Вішнеўскі, 30-гадовы манах-уніят Казімір Шалевіч, 38-гадовы Блажэй Адамовіч, 36-гадовы шляхціч Язэп Кужанецкі, адстаўны вайсковец Леанард Седлікоўскі, браты Каспер і Караль Будзіскія, Эразм і Вернер Горнічы, Людвік Корсак, Язэп Краскоўскі, Ян Дмахоўскі ды іншыя.

Пінскіх падпольшчыкаў засудзілі да часовай або пажыццёвай высылкі ў глыб Расейскай імперыі. Фаўстына Вішнеўскага трымалі ў турме толькі за тое, што дома ў яго знайшлі гузікі з выявай Напалеона і сімвалы сэрца, крыжа і якара. Вернер Горніч загінуў у пецярбургскай турме. Язэп Краскоўскі, верагодна, загінуў у Валагодскай губерні. Толькі ў 1840-х — пачатку 1850-х гадоў тым, хто выжыў, паступова дазволілі вярнуцца дадому або ў бліжэйшыя беларускія рэгіёны.

Драматычная гісторыя паўстанца Каліноўскага - чытаць

Рэдакцыя

Тэкст напісаны на падставе публікацый Святланы Лугаўцовай і Уладзіслава Загорскага