БЕЛАРУСЬ НЕЗАЛЕЖНАЯ

больш артыкулаў

14-05-2026

Напісанае застаецца. Беларусь, якая не маўчала

Гэты тэкст - пра гісторыю пісьмовых пратэстаў беларусаў, калі слова станавілася маніфестам. Усё ХХ стагоддзе і да сённяшніх дзён публічныя звароты былі і ёсць формай супраціву беларусаў беззаконню і несправядлівасці. Яны не змянялі сітуацыю, але ламалі цішыню страху.

У крытычныя моманты сваёй гісторыі беларусы зноў і зноў браліся за публічнае слова, як за адзіную, апошнюю магчымасць абараніць правы, свае, народа, сваёй дзяржавы. Адкрытыя лісты, заявы, калектыўныя звароты былі формай супраціву, маральным жэстам і спробай захаваць чалавечую і нацыянальную годнасць. Часам за некалькі абзацаў тэксту людзі плацілі гадамі лагераў або жыццём.

Сёння па іх мы вывучаем нашу гісторыю.

 
“Ліст 3-х – не называйце беларусаў сабакамі!

4 снежня 1928 года, пісьменнікі Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Андрэй Александровіч публікуюць у газеце “Савецкая Беларусь” кароткі, але рэзкі зварот, які будзе каштаваць ім гадоў турмы, здзекаў і жыцця.

Маладых беларускіх літаратараў, якія на той момант вучыліся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, абурыла тое, што іх ўпарта цкуюць і абвінавачваюць у “белорусским шовинизме”. І толькі за тое, што “ўсюды і заўсёды” гавораць па-беларуску”. Адбываецца ўсё гэта ў Беларускім жа універсітэце:


Беларускіх пісьменьнікаў абвінавачваюць у тым, што яны чыста апранаюцца, носяць гальштукі, каўнерыкі, капелюшы, акуляры (які злачынны „шык“!), маюць на галаве валасы і ў кішэні насавыя хусьцінкі.

Беларускіх пісьменьнікаў абліваюць памыямі самай бруднай хуліганскай лаянкі, абзываюць „животными“, раўняючы з „собаками“ і ўжываючы іншыя непрыстойныя ў сьценах унівэрсытэта прыёмы, -  нават сёння, чытаючы гэтыя словы, адчуваецца, якое прыніжэнне мусілі перажываць беларускія творцы.

Яны агучваюць сваё рашэнне - адмовіцца працягваць навучанне ў такім ўніверсітэце.



Публікацыя выклікае розгалас. Ужо на наступны дзень, 5 снежня 1928 года, падпісантаў падтрымліваюць, з дробнымі агаворкамі, іншыя літаратары: Антон Адамовіч, Пятро Глебка, Сяргей Дарожны, Тодар Кляшторны, Кандрат Крапіва, Максім Лужанін. 

«Усе факты, пададзеныя ў лісце памянёных таварышаў, адпавядаюць сапраўднасці, і фарбы не згушчаны і не перабольшаны», пішуць яны публічна ў той жа камуністычнай газеце.

Савецкія камуністы асабліва і не хаваюць, што вядуць вайну супраць беларускай інтэлігенцыі. Алеся Дудара арыштоўваюць у сакавіку 1929 года, высылаюць у Смаленск у трохгадовую ссылку, дзе не даюць спакою допытамі і этапамі.

31 кастрычніка 1936 года Дудар бачыць сваю сям’ю апошні раз, энкавэдзісты застрэляць яго ў мурах вядомай усёй Беларусі Валадаркі.

Пісьменніка Міхася Зарэцкага назавуць “ворагам у доме”, арыштуюць на наступны дзень пасля Дзядоў 1936 года і  тыя самыя энкавэдзісты заб'юць яго ў Курапатах у 1937 годзе. Жонка Зарэцкага Марыя адсядзіць у сталінскіх лагерах 7 год.

Андрэй Аляксандровіч у 1938 годзе атрымае 15 год лагераў і выжыве ў турме.

 

Свабоду рэдактару “Нашай Нівы”! Пратэст Купалы, Коласа, Бядулі

Кастрычнік 1939 года. Савецкія “вызваліцелі” працягваюць “вызваленне”. У Маладэчне сталінскія службы арыштоўваюць знакамітага выдаўца і рэдактара “Нашай Нівы”, палітыка, адданага беларускага дзеяча, 65-гадовага на той момант Аляксандра Уласава.

“Арышт Уласава гэта скрайняя недарэчнасць, памылка, абсурд і шкода”, - несправядлівасці не вытрымліваюць нават тыя, хто выжылі ў сталінскіх чыстках - Янка, Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля.  26 чэрвеня 1940 года яны пішуць ліст вышэйшаму камуністычнаму кіраўніцтву Беларусі:

«З імем Уласава непарыўна звязана арганізацыя першых беларускіх газет – “Наша Доля” і “Наша Ніва” … Мы добра ведаем Уласава як чалавека, адданага працоўнаму народу, як культурнага работніка і збіральніка разрозненай беларускай інтэлігенцыі з тым, каб паставіць яе на службу народа. …Супраць рускай культуры Уласаў ніколі не ставіўся адмоўна і ў сваёй дзейнасці не ставіў пытання аб адрыве беларускага народа ад народа рускага…”

Не дапаможа. Аляксандра Уласава кідаюць у савецкія турмы тэрмінам на 5 год. І там даводзяць да смерці. 11 сакавіка 1941 года Уласаў гіне на доўгіх расейскіх лагерных этапах.

Ён першым настроіў на патрэбную хвалю малапісьменную яшчэ беларускую нацыю - неардынарны погляд на Аляксандра Ўласава

 

«Ліст 7-і». Бітва за гісторыю

Пад шыльдай пасляваеннага аднаўлення ў Менску актыўна знішчаецца гістарычная забудова.

Нязгодных з фарматам разбуральнага аднаўлення сталіцы шмат. Але адзін з іх - мастацтвазнаўца, архітэктар Міхаіл Кацар, пачынае змагацца за беларускую гісторыю актыўна.

У 1956 годзе ён звяртаецца да дзесяткаў аўтарытэтных навукоўцаў як у Беларусі, так і за яе межамі, піша аргументаваны зварот намесніку міністра культуры СССР. Кацар надзвычай эмацыйны:

“…Взываю к Вам о помощи. В Беларуси творится страшное варварство…»;

«…В Беларуси варварски уничтожаются памятники археологии и вообще культуры. Если не прекратить этот вандализм, то все эти памятники будут уничтожены...»;

«…Безадказныя адносіны да старажытнай культуры Беларусі выклікаюць законнае абурэнне…».

Кацару баліць не толькі гісторыя Менска - ён бароніць гістарычныя помнікі Віцебска, а ідэолагі ад “аднаўлення” знішчаюць і Тураў, і Магілёў, дзе ў 1956 годзе бураць гарадскую Ратушу, Жыровічы, Альбярцін, Воршу, Полацак, Наваградак, Крэва, Ліду, менскі палац Сапегаў, дамініканскі кляштар, гарадскую вежу былога кляштару езуітаў, Замкавую гару.

Увосень 1956 года Кацар ідзе ад кватэры да кватэры, ад кабінета да кабінета, угаворвае тых, каго лічыць беларускай інтэлігенцыяй, падпісаць зварот “У абарону помнікаў”. І знаходзіць адважных.

20 кастрычніка 1956 год гэты зварот публікуе газета «Літаратура і мастацтва». Падпісантаў 7 чалавек, але кожны варты тысяч:

паэт Пятро Глебка,
пісьменнік Піліп Пястрак,
кампазітар Яўген Цікоцкі,
народны артыст Уладзімір Уладамірскі,
дэкан філфака БДУ Міхась Ларчанка,
акадэмік Мікалай Нікольскі,
і сам мастацтвазнаўца Міхаіл Кацар.

 

Падпісанты пішуць выверана, узважваючы кожнае слова, але акцэнты растаўляюць рашуча:

... Калі так злачынна нядбайна, як цяпер, будзе працягвацца ахова помнікаў старажытнасці, дык большасць і тых нямногіх, захаваных да нашых дзён помнікаў культуры, загіне ў бліжэйшыя дзесяцігодздзі. Усё гэта прымушае нас сур’ёзна падумаць аб гэтым і прыняць радыкальныя меры, каб спыніць зьнішчэнне помнікаў культуры і арганізаваць іх ахову і вывучэнне...

...У выніку такога безадказнага стаўлення на нашых вачах гінуць многія каштоўныя помнікі культуры... У Мінску на плошчы Свабоды знесена нядаўна ратушная вежа - выдатнае архітэктурнае збудаванне XVIІІ стагодздзя. Па-варварску знішчаюцца гарадзішчы (замчышчы) у Мінску і Віцебску...



Беларусь тады пакрысе адыходзіла ад дзесяцігоддзяў рэпрэсій і зноў спрабавала гаварыць уголас, ліст выклікаў рэдкае для таго часу грамадскае абмеркаванне, але бальшавіцкія ўлады праігнаруюць зварот, аўтары не дачакаюцца адказу. Разбурэнне Беларусі працягнецца.

Неўзабаве галоўны рэдактар газеты «Літаратуры і мастацтва» Васіль Вітка, які апублікаваў зварот, і амаль уся рэдакцыя газеты будуць звольненыя.

Гісторыя абароны гістарычнай спадчыны Менску - дзень за днём, дакумант за дакумантам, унікальныя фота


Ліст 148-і
. Сяляне супраць сістэмы: справа выкладчыка Ржэўскага

У жніўні 1957 года 141 жыхар вёскі Скарчава Баранавіцкага раёна і 7 жыхароў Баранавічаў звярнуліся  ў Пракуратуру СССР у абарону палітычна асуджанага выкладчыка Гродзенскага педінстытута Браніслава Ржэўскага.

Выкладчык, былы адважны савецкі партызан, які біўся як леў з акупантамі якраз у ваколіцах Баранавіч, не мог пагадзіцца з палітыкай русіфікацыі ў Беларусі і палітычнымі рэпрэсіямі. Што рабіць? Пісаць, прасіць, маліць абараніць беларускую мову і культуру.

І Ржэўскі піша ў самыя беларускія ўстановы: у Акадэмію навук Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, беларускі музей беларускага паэта Янкі Купалы, беларускую газету „Літаратура і мастацтва”. Да лістоў Ржэўскі далучае свае вершы „Аб помніку Янку Купалу” і „Табе, правадыр”, дзе называе Сталіна жываглотам, забойцам, Неронам і Чынгісханам.

16 студзеня 1957 проста падчас лекцыі ў Гродне выкладчыка арыштоўваюць карныя савецкія органы.

Ржэўскаму адмерваюць 7 гадоў зняволення па самым папулярным палітычным артыкуле таго часу:

“прапаганда ці агітацыя, якія ўтрымліваюць заклік да звяржэння, падрыву ці аслаблення савецкай улады, ці да з­дзяйснення контррэвалюцыйных злачынстваў, а таксама распаўсюд, ці выраб, ці захаванне літаратуры таго самага зместу”.

Дома ў Ржэўскага забіраюць арыгіналы вершаў, беларускія “антысавецкія” кнігі.

Па ўсёй Беларусі ў 1957 годзе за антысавецкія погляды пакараныя не менш 65 чалавек. Кіраўнік СССР таго часу Мікіта Хрушчоў вельмі напалохаўся падзеяў у Венгрыі 1956 года, і спецслужбы кінуліся зачышчаць грамадскую прастору.

Ржэўскі будзе змагацца за беларушчыну ў зняволенні, закідваць лістамі савецкае кіраўніцтва, выйдзе на волю пасля 4 год зняволення (верагодна паўплываў ліст сялян вёскі Скарчава), атрымае забарону на прафесію, грамадскае забыццё, памрэ заўчасна ў 1980 годзе ў Гродне ў атачэнні толькі сваёй сям'і.

«…Я прошу Вас, разъясните мне, в силу каких реальных законов (кем и когда изданных) белорусский язык в Беларуси оказался изгнанным из партийных и советских органов и заменен русским языком (тогда как русский язык является в СССР для союзных республик только языком интернациональных связей)? Почему суды в Беларуси защиту мною известных партийных решений по вопросу о языках нацменьшинств в союзных республиках квалифицируют контрреволюционными действиями и социально опасными?..»

У турме, калі многія абіралі замаўчаць, Ржэўскі працягваў змагацца - нязвыклая гісторыя беларуса і грамадзяніна

 

Ліст 302-х. Кастрычнік 1968 года. Менск

Тры студэнты філалагічнага факультэта БДУ пачынаюць збор подпісаў навучэнцаў да кіраўніцтва ўніверсітэта. Патрабаванне да болю простае: чытайце нам, у беларускім універсітэце, усе лекцыі, акрамя спецдысцыплін, па-беларуску.

Адзін з падпісных лістоў


Пад зваротам падпісваюцца 302 студэнты трох курсаў факультэта. Спецслужбы называюць збор подпісаў «ідэалагічнай дыверсіяй», ініцыятараў збору, беларускага паэта энігматычнай сілы Алеся Разанава, а таксама Віктара Ярца, Льва Барташа робяць «буржуазнымі нацыяналістамі». Разанава і Ярца выключаюць з БДУ.

Дзякуючы беларускай салідарнасці, дапамозе паэтаў Ніла Гілевіча, і, найперш, Максіма Танка, Разанаў закончыць навучанне ў Брэсце, Ярац у Гомелі.

Тут усе падрабязнасці гэтага студэнцкага пратэста 


Ліст 50+. Прэч з ідэалогіяй

Больш 50 студэнтаў пераважна філасофскага факультэта БДУ ў красавіку 1981 года падпісваюць зварот да кіраўніцтва універсітэта. Патрабаванняў было больш дзесяці, асноўная ідэя  - перастаньце лезьці да нас са сваёй ідэалогіяй, дайце нам нармальна вучыцца.

“Бунт філосафаў”, так падзея ўвойдзе ў гісторыю, патрапіць пад прэс КГБ. Ініцыятарамі пратэста назавуць студэнтаў Леаніда Свярдлова, Іну Войцкую, Алега Малашчука, Валерыя Залатара, якіх выключаць з універсітэта.

У тле рэпрэсій будзе яшчэ і ліст у падтрымку польскага прафсаюза “Салідарнасць”, які група студэнтаў спрабавала перадаць у Польшчу.

Справа неспадзявана зрабіла віток у 1984 годзе, віток трагічны. Алег Малашчук паспрабаваў аднавіцца на ІІ-м курсе філасофскага факультэта, але кіраўніцтва ўніверсітэта яму адмовіла.  26 ліпеня ён з’явіўся ў галоўным корпусе БДУ, у адным з кабінетаў пакінуў на дошцы развітанне па-беларуску і скочыў з апошняга паверха.

 

Ліст 28-мі. Масква, Крэмль, Гарбачову

У снежні 1986 года на стол новаму кіраўніку Савецкага Саюза Міхаілу Гарбачову лягае ліст беларускай творчай інтэлігенцыі. Тэма вечная беларуская: звярніце ўвагу на нацыянальныя праблемы беларусаў у Беларусі!

Напісанне ліста ініцыявалі менчукі - мастак Яўген Кулік і біёлаг Зміцер Санько.

Яны не бачаць сэнсу грукацца да пастаўленых Масквой беларускіх чыноўнікаў, тыя ўпарта ігнаруюць просьбы палепшыць у Беларусі стан беларускай мовы і культуры.

Ва ўладзе ў СССР новы генсек - Міхаіл Гарбачоў. І падпісанты ліста вырашаюць выкарыстаць гэты факт, каб звярнуць увагу на нацыянальныя праблемы ў Беларусі. Адзначаюць адкрыта, што сітуацыю ўжо трэба проста ратаваць, на кану выміранне нацыі:

Мы перажываем складаны пэрыяд у гісторыі беларускага народа, калі патрабуюцца рашучыя дзеянні па выратаванні (менавіта выратаванні, бо асобныя павярхоўна-касметычнага меры становішча не выправяць) роднай мовы, роднай культуры, а такім чынам, беларускага народа ад духоўнага вымірання.

Аўтары ліста  ў доказ сваіх словаў прыводзілі яскрава-жахлівыя лічбы:

На момант напісання ліста ў Беларусі толькі 25% першакласнікаў маюць беларускі буквар, выданне мастацкай літаратуры па-беларуску менш 5%, практычна няма кінематографа па-беларуску, з паўтара дзесяткаў тэатра толькі 3 беларускія, беларуская мова як працоўная і як мова справаводства практычна не выкарыстоўваецца дзяржаўнымі органамі, у цалкам занядбаным, жалобным стане знаходзіцца дашкольнае навучанне па-беларуску, сярэдніх, сярэднетэхнічных, вышэйшых навучальных установаў адукацыі па-беларуску няма.

 
Зварот падпішуць 28 чалавек. Подпісы на вагу золата, як заўседы ў Савецкім Саюзе. Галоснасці і перабудовы яшчэ няма. Кожны такі жэст пагражае рэпрэсіямі і абвінавачваннямі ў нацыяналізме:

 Уладзімір Содаль, Саюз журналістаў СССР

Леў Мірачыцкі, гісторык

Віктар Маркавец, Саюз мастакоў СССР

Генадзь Каханоўскі, гісторык

Яўген Кулік, мастак

Яўген Лецка, філолаг

Аляксандр Рашчынскі, кампазітар

Яўген Лаўрэль, супрацоўнік Мінасветы

Леанід Лыч, гісторык

Эдвард Зайкоўскі, гісторык

Вячаслаў Вярэніч, філолаг

Васіль Талстой, гісторык

Мікалай Арочка, філолаг

Алесь Разанаў, паэт

Леанід Шчамялёў, народны мастак

Уладзімір Конан, філосаф

Рыгор Барадулін, Саюз пісьменнікаў

Пімен Панчанка, народны паэт

Васіль Быкаў, народны пісьменнік

Аляксей Дудараў, Саюз тэатральных дзеячаў СССР

Вячаслаў Адамчык, Саюз пісьменнікаў СССР

Васіль Вітка, заслужаны дзеяч культуры БССР

Стэфанія Станюта, народная артыстка БССР

Максім Лужанін, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР

Эдвард Агуновіч, заслужаны работнік культуры БССР

Валянціна Пархоменка, заслужаная артыстка БССР

Алесь Кудравец, галоўны рэдактар часопіса “Нёман”

Янка Брыль, народны пісьменнік БССР

 
Адказу і заўважнай рэакцыі на зварот няма і 4 чэрвеня 1987 года беларусы шлюць Гарбачову яшчэ адзін ліст, які падпісвае ўжо 137 чалавек. Але перад Беларуссю ўжо лунаюць мары аднаўлення Незалежнасці, і народ атрымае шанец на нацыянальнае адраджэнне.

 

Ліст 400+ у абарону гарадзенскага гісторыка

У 2012 годзе грамадскасць Беларусі ўзнялася на абарону гісторыка, звольненага з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прычынай звальнення стала выданне кнігі па гісторыі Гродна. Кніга не спадабалася цэнзарам, ідэолагам і кгбістам.

Ліст па сваёй сутнасці стаў пратэстам супраць забароны на прафесію гісторыкам прабеларускіх поглядаў і супраць пераследу за выкарыстанне ў навуковых працах «гістарычных і дзяржаўных сімвалаў Беларусі - герба «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга».

"Ацэнку будзем ставіць мы", - адкрыты ліст гісторыкаў  

 

100 000 + у абарону нацыянальных сімвалаў

 Петыцыя стала пратэстам на заявы Генеральнай пракуратуры Аляксандра Лукашэнкі аб магчымым прызнанні гістарычнага бела-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім.

Заява прагучала прыканцы студзеня 2021 года. У адказ, цягам некалькі дзён больш 100 000 беларусаў падпісалі электронную петыцыю ў абарону нацыянальных сімвалаў, за прызнанне бела-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Мы считаем, что запрет на использование бело-красно-белой символики не обоснован ничем, кроме политического давления на граждан, несогласных с действиями действующих властей.

Бела-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным сімвалам Беларусі з 19 верасня 1991 года да 7 чэрвеня 1995 года.

________________________

Беларуская гісторыя поўная паразаў, але мы ніколі не пераставалі бараніць сваё. Публічныя звароты часцей за ўсё не ратавалі ад арыштаў, і тым больш не ратавалі жыцці, не спынялі планы імперыялістаў, не захіналі ад рэпрэсій. Але яны рабілі не менш важнае ў такіх умовах – яны не давалі перамагчы маўчанню, і ўпарта сведчылі, што беларусы не пагадзіліся.

У дзяржаве, дзе людзей стагоддзямі пазбаўлялі голасу, сам жэст публічнага выступу стаўся формай свабоды. І таму напісанае сапраўды застаецца.

Рэдакцыя