ПОСТАЦІ
Міндаўг
Адзін з заснавальнікаў Вялікага Княства Літоўскага, першы і адзіны кароль старажытнай дзяржавы продкаў сённяшніх беларусаў і літоўцаў. Менавіта Міндаўг распачаў хрысціянізацыю балтаў.
Міндаўг найперш аб’яднаў пад сваёй уладай шматлікія балцкія плямёны, стаўся наймацнейшым кунігайкшцісам, а каля 1248 года заключыў саюз з адным з важнейшых усходнеславянскіх беларускіх цэнтраў - Наваградкам.
Гэтая дата і гэтая падзея лічыцца пачаткам Вялікага Княства Літоўскага. Дзяржава апынулася трывалай і моцнай, што запэўніла Міндаўгу пачэснае месца ў беларускай, літоўскай, і разам з гэтым, еўрапейскай гісторыі.
Першы раз афіцыйна на гістарычнай сцэне Міндоўг з’яўляецца ў 1219 годзе, калі разам з 20 іншымі балцкімі князямі падпісвае мірнае пагадненне з Галіцка-Валынскім княствам. Міндаўг пазначаны сярод пяці старэйшых князёў. Выбітны ваяр свайго часу, Міндаўг досыць хутка аб’яднаў пад сваім кіраваннем амаль усе балцкія княствы.
Разам з тым для Літвы Міндаўга надыходзяць цяжкія часы. Землі аточаныя ворагамі: крыжакі, яцвягі, жамойты на захадзе, інфлянты на поўначы, пакрыўджаныя супляменнікі на ўсходзе, Галіцка-валынскае княства на поўдні.
Блізу 1248 году на саюз з Міндаўгам ідзе Наваградак.
Заможнаму гораду патрэбны таленавіты, моцны і здольны ўладар, каб абараніцца ад ворагаў, у тым ліку ад мангола-татараў.
Невядома, што праўда, якімі былі абставіны і ўмовы гэтага саюза.
У любым выпадку, менавіта вакол Наваградка і пачынаюць аб’ядноўвацца землі Літвы і Беларусі, на мапе Еўропы з’яўляецца новая дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае - якая праіснуе 600 год. Месцам кіравання Міндаўга, а значыць і першай сталіцай ВКЛ становіцца Наваградак.
Шукаючы спосабу пазбавіцца крыжацкіх абдымкаў, Міндаўг дамагаецца згоды Папскай дзяржавы стаць беларуска-літоўскім каралём. У тыя часы ўладары хрысцісціянскіх дзяржаваў атрымлівалі карону ад папы рымскага. Узамен язычнік Міндаўг абяцае ахрысціцца і далучыць гістарычную Літву да хрысціянскай цывілізацыі.
Міндаўг прыняў каталіцызм на Вялікдзень 16 красавіка 1251 году.
Абставінаў атрымання Міндаўгам кароны пісьмовыя крыніцы не захавалі. найверагодней за ўсё, каранацыя адбылася 6 ліпеня 1253 года ў царкве Барыса і Глеба ў сталіцы Наваградку. Жонка Міндаўга Марта стала каралевай Літвы.
Каранацыя прынесла першаму гаспадару Літвы шмат здабыткаў: ВКЛ зрабіла выбар на карысць заходняй цывілізацыі і гэтая палітыка цягнулася дзесяцігоддзі. Міндаўг умацоўвае дзяржаву і пашырае яе на Гародню, Ваўкавыск, Слонім, Меншчыну, Браслаўшчыну, гарады, так званай, Чорнай Русі, зацята бароніць дзяржаву ад мангола-татараў і крыжакоў.
Крыжакам не была патрэбна моцная беларуска-літоўская дзаржава, а нашых продкаў не задавальняла палітыка крыжацкіх дзяржаваў, якія захапілі гандлёвыя выхады да Балтыйскага мора.
У 1260 годзе крыжакі церпяць паразу ля возера Дурбе ў сённяшняй Латвіі, Міндаўг спыняе кантакты з каталіцкім касцёлам, вяртаецца ў паганства і, фактычна, адмаўляецца ад кароны. Гістарычная Літва назаўсёды застанецца Вялікім Княствам.
Увосень 1263 года нальшанскі князь Даўмонт, жамойцкі князь Траняты і полацкі Таўцівіл уклалі змову і забілі Міндоўга і двух ягоных малых сыноў. Ацалелы Войшалк, старэйшы сын, здолеў збегчы ў Пінск, каб пазней пакінуць свой след у беларускай гісторыі.