ПОСТАЦІ

больш артыкулаў

15-04-2026

Агінскі Міхал Казімір

Гетман...

прачытаць

Васількоўскі Алег

Белару...

прачытаць
01-03-2026

Міндаўг

Адзін...

прачытаць
02-03-2026

Манюшка Станіслаў

Менск,...

прачытаць
08-03-2026

Папроцкі Францішак

Францішак Папроцкі - першы галоўны рэдактар першай рэгулярнай газеты ў Вялікім Княстве Літоўскім. Народжаны ў Беларусі 10 чэрвеня 1723 года, праўдападобна, на Меншчыне, Францішак Папроцкі ўвайшоў у гісторыю як святар, навуковец, менеджар, журналіст, аўтар папулярных кніг.

Францішак Папроцкі скончыў ці не найлепшую навучальную ўстанову тагачаснай Беларусі - езуіцкі калегіўм у Полацку. Застаўся ў навуцы, перабраўся ў Слуцк, дзе ў мясцовай духоўнай семінарыі паглыбіўся ў гуманітарныя навукі. Далей няспынна штудзіруе філасофію ў Нясвіжы і Гродне.

Не на марна, бо неўзабаве атрымлівае званне доктара філасофіі, а таксама святарскі сан у 1749 годзе.

 

Папроцкі таленавіты педагог - максімальна запатрабаваны ў Нясвіжы, Вільні, варшаўскай элітнай школе Collegium Nobilium. Пра ягоныя лекцыі па філасофіі, гісторыі, геаграфіі, фізіцы, французскай мове захоплена гавораць студэнцкія і навуковыя асяродкі ўсёй Рэчы Паспалітай.

 

Нехта з уплывовых заступнікаў раіць яму напісаць падручнік па геаграфіі. І Папроцкі робіць гэта, ствараючы бестсэлер, які вытрымае 8 перавыданняў - “Еўропа – найлепшая частка свету” (Europa z części świata najprzedniejsza opisana).

Кнігу выдаюць у 1754 годзе Варшаве, перавыдаюць у Львове, Вільні.

Папроцкі адчуў смак даследчыка і пісьменніка.

“Хатнія навіны пра Вялікае Княства Літоўскае”, “Інфармацыя, якую трэба ведаць кожнаму грамадзяніну ВКЛ і Кароны Польскай”, “Хатнія навіны пра Карону Польскую”, “Навука пра рыцарскую справу”, “Гісторыя прэтэндэнтаў на карону Англіі”, “Самыя значныя войны перад і па нараджэнні Хрыстовым”, штогадовыя “Палітычныя календарыкі” – гэта ўсё справа 15-17 гадоў, ад 1754 да 1771 году.

А Папроцкі яшчэ і выкладае філасофію ў Віленскім універсітэце, якім на той момант усё яшчэ кіруюць езуіты.

У 1760 годзе Папроцкаму давяраюць узначаліць універсітэцкую друкарню ў Вільні. Яму выпадае адначасова гонар і адказнасць стаць знакавай персонай гістарычнай падзеі Вялікага Княства.

Францішак працуе над стварэннем перыядычнага выдання. І ў канцы лютага 1760 года выпускае ў свет першы нумар Літоўскай кронікі” (Kronika Litewska)першай рэгулярнай грамадска-палітычнай газеты ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ад гэтага моманту Папроцкага зацягвае журналісцкі вір:

 

да галоўнага выдання выпускае дадаткі “Замежныя навіны” (Wiadomości Cudzoziemskie), “Літаратурныя навіны” (Wiadomości Literackie). Папроцкі друкуе навіны з Вільні, Варшавы, Гародні, Наваградка, Слоніма, Нясвіжа. “Літоўскі кур’ер” пад кіраўніцтвам Францішка Папроцкага выходзіць да чытача амаль да канца 1763 года.

 

Ён не хоча, але мусіць пакінуць працу ў газеце. У асяроддзі духавенства загады не абмяркоўваюць. Папроцкага прызначаюць кіраваць духоўнай семінарыяй у Вільні і элітнай школай Collegium Nobilium, навучальнай установай у Коўне. У 1768 годзе ён ідзе на пасаду адміністратара беларуска-літоўскіх езуітаў.

Нашыя народы ў гэтыя часы страсаюць палітычныя падзеі і прадчуванне дзяржаўнай трагедыі. На гэтым тле Францішак Папроцкі зыходзіць у цень: не піша, не выкладае, не выдае. Ён перажыве яшчэ два падзелы Айчыны, прыход расейскіх войскаў і расейскай адміністрацыі, ліквідацыю рымскім Папам ордэна езуітаў, убачыць як вышэйшая адукацыя вернецца ў Вільню ў выглядзе Віленскага царскага ўніверсітэта.

Рэдактар першай сапраўднай газеты ВКЛ незаўважна адыйдзе ў іншы свет 2 жніўня 1805 года.