ПОСТАЦІ
Вітан-Дубейкаўскі Лявон
Эпітафія на ягоным помніку гучыць як зварот і заклік да нас сённяшніх, вымушана раскіданых па свеце: «Не сумуйце як тыя, хто надзеі не мае».
Лявон Вітан-Дубейкаўскі - дзяржаўны дзяяч Беларусі, архітэктар-рэфарматар, які марыў, каб нашы будынкі мелі сваю нацыянальную адметнасць - нарадзіўся 19 ліпеня 1869 года ў Дубейкаве на Мсціслаўшчыне.
Падпішыся на Facebook Кароны Вітаўта!
Каб выбраць свой жыццёвы шлях яму хапіла адной знаходкі – асобніка багушэвічавай «Дудкі беларускай», адкапанай у завалах аднаго з касцёлаў Магілеўшчыны. І з гэтай свядомай беларускай дарогі ён ужо не збочыў, нягледзячы на ўсе нашыя ліхалецці ХХ стагоддзя.
З Вітан-Дубейкаўскім звязваюць пошук «беларускага стылю» ў архітэктуры. Бо скончыўшы Акадэмію архітэктуры ў Парыжы, ён імкнуўся спалучыць еўрапейскі досвед з народнымі беларускімі традыцыямі.
Архітэктурныя знакі Вітан-Дубейкаўскага густа раскіданыя пацеркамі па ўсходняй Еўропе: Варшава, Дрысвяты, Шчучыншчына, Браслаўшчына, Відзы, Будслаў, Вільня, Ліда, Смаленск, Манастыршчына, Ярцава, Вязьма, Ворша, Мсціслаў, Полаччына, Крычаў, Смаляны, асіповіцкая Свіслач.

Але ён быў будаўніком не толькі храмаў, але і цэлай дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі. Найперш галоўны ўрадавы архітэктар, пазней консул незалежнай беларускай дзяржавы ў Польшчы. Крэатыўны Вітан-Дубейкаўскі прапанаваў у 1916 годзе свой варыянт сцяга, які аб'яднае беларускую нацыю. Аднак калі пабачыў несумненна лепшы, адразу і ўсёй душой падтрымаў яго - бела-чырвона-белы.
"Полацкі Беларускі Крыж - Крыж Пагоні", аўтарства Вітан-Дубейкаўскага, меўся стаць адным з галоўных дзяржаўных ордэнаў незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

А яшчэ для многіх ён быў «дзядзечкам». Так называлі яго ўдзячныя беларускія вучні, сіроты і іх апекуны.
«Дзядзечка даражэнькі! Даруйце, што дагэтуль не напісала, не падзякавала за дапамогу, вельмі ў час прысланую. Дзякаваць Богу, так неяк трохі маркі да нас ад таго часу паплылі й ужо не галадаем і трохі вокны ўставілі..." , - пісала ў верасні 1921 года Вітан-Дубейкаўскаму Станіслава Буйлянка, загадчыца Гарадзенскага дзіцячага прытулку.
У Вільні Вітан-Дубейкаўскі заснаваў будаўніча-мулярскую школу для вясковых дзяцей, дзе выпускнікі атрымлівалі не толькі дыплом, але і стартавы капітал для жыцця, зароблены пад ягонай апекай.
Лявон Вітан-Дубейкаўскі спачыў 6 лістапада 1940 года і пахаваны на могілках Росы ў Вільні - там, дзе знаходзіцца адзін з пантэонаў выбітных беларусаў-будаўнікоў нашай дзяржавы.
Гісторыя Аляксандра Уласава, які выдаў мільён асобнікаў "Нашай Нівы"
На здымку ў пачатку артыкула: Лявон Вітан-Дубейкаўскі (ад правай). 1914 год. Недзе на прасторах Беларусі. Публічная дамена.