ЭКАНАМІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ
Чым беларусы здзіўлялі свет у ХІХ-ым стагоддзі
Глыбокая савецкая гістарычная традыцыя, на якой і сёння працягвае ехаць беларускі афіцыёз, замацавала за Беларуссю імідж адсталай правінцыі Расейскай імперыі. Якая калі і развівалася, дык толькі дзякуючы ўцягнутасці ў агульнарасейскі эканамічны рынак.
Цёмны, забіты селянін-беларус – такі міф на любыя спосабы прасоўвалі як навуковыя кнігі, так і папулярныя выданні.
Тым дзіўней і…прыемней на гэткім непрывабным тле чытаць паведамленні перыядычных выданняў ХІХ стагоддзя. Напрыклад, выніковыя справаздачы розных сусветных эканамічных форумаў, дзе беларускай прадукцыі ставяцца высокія адзнакі, а прадпрымальныя і таленавітыя людзі з Беларусі, у тым ліку і сяляне, становяцца лаўрэатамі разнастайных прэстыжных узнагарод
Давайце літаральна канспектыўна звернемся да гісторыі ўдзелу беларусаў у сапраўдных эканамічных Алімпіядах - сусветных выставачных форумах ХІХ стагоддзя, фактычна адзінай так прадстаўнічай падзеі, дзе кожны бізнесовец мог зразумець чаго ён варты.
У ХІХ стагоддзі чалавечая цывілізацыя зрабіла вялізарны крок наперад у сваім развіцці. Дзякуючы індустрыяльнай рэвалюцыі, імкліваму развіццю капіталістычных адносін заходняеўрапейскае грамадства ўступіла ў новы этап свайго развіцця. Адной з галоўных характарыстык якога было імклівае ўкараненне новых тэхналогій у штодзённае жыццё. У гэтым была крыніца невычарпальнага прагрэсу і надзеі на пабудову грамадства новага, больш справядлівага ладу.
Сусветныя і ўнутрыеўрапейскія міжнародныя выставы сталі пляцоўкамі для дэманстрацыі найноўшых дасягненняў чалавецтва ў самых разнастайных сферах. Спрыялі эканамічнаму, культурнаму і тэхнічнаму абмену паміж краінамі і народамі. Зародкі сённяшняй глабалізацыі былі ўжо там - у ХІХ стагоддзі. Выставы з’яўляліся сапраўдным правадніком, а таксама і ініцыятарам гэтых працэсаў. Дэманстрацыя навукова-тэхнічнага прагрэсу, імкненне да стандартызацыі і класіфікацыі, публічнасць і галоснасць, дух спаборніцтва, камунікатыўныя працэсы – усё гэта выходзіла з павільёнаў міжнародных выставаў і паступова станавілася нормай. Выставы садзейнічалі збліжэнню дзяржаў і народаў.
Праз такія выставы ў агульнасусветны цывілізацыйны працэс уваходзіла і рабіла ў яго свой унёсак і Беларусь.
З 1829 года да 1914-га мы ўзялі ўдзел у больш як двухсот міжнародных выставах. Каля 100 прадстаўнікоў Беларусі былі прадстаўлены на дзевяці ўніверсальных сусветных выставах XIX ст., больш за 250 - на агульнарасійскіх. Гэта была дэманстрацыя дасягненняў не толькі нашай эканомікі, але і беларускай навукі, тэхнікі, культуры і сістэмы адукацыі.
Першая “Вялікая выстава прамысловых вырабаў усіх народаў” адбылася ў 1851 годзе ў тагачаснай сталіцы свету Лондане. Падобныя форуму заўвсёды ладзіліся ў найбуйнейшых цэнтрах прамысловасці і культуры тагачаснага свету: Парыжы, Вене, Філадэльфіі, Чыкага, Бруселі і інш. Чым жа беларусы здзіўлялі свет?
Прадукцыя, якую прадстаўляла Беларусь на сусветных выставачных форумах паходзіла з розных рэгіёнаў нашай дзяржавы. Рознай была і спецыялізацыя: прамысловыя вырабы, сельскагаспадарчая прадукцыя, кустарныя вырабы, прыродная гаспадарка, а таксама адукацыя, навука і культура.
Флагманамі беларускага ткацтва былі ў тыя часы Парэцкая і Альбярцінская суконныя фабрыкі. Сукно Парэцкай фабрыкі (Пінскі павет) экспанавалася ў Парыжы (1867, 1878 гг.) і Вене (1873 г.). І масава забірала ганаровыя водгукі, медалі заслугі, срэбраныя медалі.
Альбярцінская суконная фабрыка (Слонімскі павет) з медалём заслугі вярнулася з Сусветнай выставы 1873 год. Парэцкая фабрыка стала ўладальніцай залатога медаля на выставе 1882 года і сярэбранага на выставе 1896-га. Несумненна поспехі быў найперш звязаны з асобамі іх заснавальнікаў і уласнікаў, аднымі з буйнейшых беларускіх прапрымальнікаў тых часоў Войцехам Пуслоўскім і Аляксандрам Скірмунтам.
Буйны землеўладальнік і прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду Аляксандр Скірмунт у першай палове ХІХ ст. адыходзіць ад векавых традыцый вядзення памешчыцкай гаспадаркі. Пасля вывучэння хіміі ў Германіі і Францыі ён заняўся актыўнай перабудовай усёй гаспадарцы ў сваім маёнтку. Ён сам асабіста распрацаваў усю тэхналогію, закупіў замежнае абсталяванне, запрасіў з Германіі дасведчаных майстроў, якія навучылі спачатку мясцовых рабочых з сялян. У 1836 годзе фабрыка дала першую прадукцыю і неўзабаве стала адным з лідараў у сваёй галіне. На Мануфактурнай выставе 1865 года прадукцыю Парэцкай фабрыкі адзначылі вялікім сярэбраным медалём. У гэты час на ёй працавала 250 чалавек, дзейнічалі тры паравыя машыны, 142 станкі, гадавы абарот дасягнуў 150 тыс. расейскіх рублёў. Далей быў поспех на сусветных выставах: ганаровы водгук у 1867 годзе (у гэты час на фабрыцы працавала 300 працоўных, гадавы абарот дасягнуў 250 тыс. руб.), медаль заслугі ў 1873 годзе.
Іншым прыкладам выкарыстання выставачных пляцовак у якасці стратэгіі развіцця вытворчасці і прасоўвання на шырокі рынак сваёй прадукцыі з’яўляецца алоўкавая фабрыка ў Гродне. Яе заснавальнікам быў сын купца Максім Эльяшаў, які ў канцы 80-х гадоў ХІХ ст. не пабаяўся ўкласці капітал у гэтую досыць вузкаспецыялізаваную вытворчасць з ужо падзеленым рынкам. І тут гродзенскі фабрыкант дастаткова актыўна задзейнічаў выставачныя поспехі. Спачатку гэта быў бронзавы медаль Усерасійскай выставы 1882 года. Затым былі поспехі на міжнароднай арэне – ганаровыя водгукі Міжнароднай выставы 1885 годзе ў Антвэрпэне і сусветнай выставы 1889 года ў Парыжы.
У 1893 годзе на сусветнай выставе ў Чыкага ўзнагародай журы была адзначана прадукцыя хімічнага завода Рыгора Лурье з Пінска. Дарэчы, на гэтым заводзе пэўны час працаваў першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вайцман.
Таксама ў галіне хімічнай вытворчасці, але трохі пазней, міжнароднага прызнання дабіўся Ачышчальна-фільтрацыйны завод тлушчаў і алеяў для гарбарнай вытворчасці гандлёвага дома “Ёсель Ліпнік і сын з Гродна”. Завод перапрацоўваў рыбін тлушч, тлушч з дэльфінаў, цюленяў. Натуральна, што для Беларусі такую вытворчасць ніяк нельга назваць традыцыйнай. Сыравінай для яго з’яўляліся адкіды рыбнай гаспадаркі на Белым і Чорным морах, якія практычна за бясцэнак прадавалася за мяжу. Кіраўнік гродзенскай фірмы Азары Ліпнік спецыяльна вывучыў тэхналогію фільтрацыі тлушчу ў Нарвегіі і пасля ўкараніў на сваім заводзе тыя ж спосабы і сістэму ачысткі, як і за мяжой. Прадпрыемства чакаў значны эканамічны поспех. Завод дзейнічаў з 1898 года (тады на ім працавалі 60 работнікаў), штогадовая вытворчасць складала каля 40 тыс. пудоў на суму 200 тыс. расейскіх рублёў. Прадукцыя гэтага завода была адзначана вялікім сярэбраным медалём міжнароднай выставы скур, мяхоў, пуху і пёраў у 1907 годзе
Годна прадстаўлялі беларускія землі на міжнароднай арэне не толькі буйныя фабрыкі і заводы з вялікімі рабочымі калектывамі, але і асобныя прадпрымальнікі.
Прыкладам, на міжнароднай выставе 1901 года ў Глазга ячменны солад, спіртавы лак і воцат уласнай выстворчасці прадставіў слонімскі прадпрымальнік Навум Лазінскі.
Заўсёднай падзеяй стаў удзел у выставах беларускіх зэгармайстраў. Адзіным экспанентам ад Беларусі і, наогул, ад Расійскай імперыі на Лонданскай сусветнай выставе 1862 года быў зэгармайстар Генрых Сон з Магілёва. Яго гадзіннік з механізмам уласнага вынаходніцтва быў высока адзначаны арганізатарамі. Яшчэ больш складаныя гадзіннікавыя канструкцыі Генрых Сон прадставіў на наступнай - Парыжскай сусветнай выставе 1867 года. Гэта быў гадзіннік з гадавым заводам, а таксама маленькі сферычны гадзіннік у форме залатой кулі. Нягледзячы на моцную канкурэнцыю з боку калег з такіх прызнаных цэнтраў гадзіннікавай справы, як Швейцарыя, Вялікабрытанія і Францыя, магілёўскі майстар зноў заваяваў узнагароду.
Харчовая прамысловасць на працягу вельмі доўгага часу з’яўлялася важнейшай галіной беларускай вытворчасці. Яе лідарам і найбуйнейшым прадпрыемствам з другой паловы ХІХ ст. з’яўлялася гродзенская тытунёвая фабрыка Лейбы Шарашэўскага.
Мільёны цыгарэт і папярос, сотні тысяч кілаграм курыльнага і нюхальнага тытуню выраблялі на найноўшай вытворчасці з выкарыстаннем паравых машын і катлоў, прэсаў і станкоў.
У 1889-м, у год Парыжскай выставы, на фабрыцы працавала 900 мужчын і жанчын (працоўны дзень доўжыўся 11 гадзін), а таксама 300 падлеткаў (працоўны дзень - 8 гадзін). І амаль з кожным годам вытворчасць пашыралася. Для сваёй папулярызацыі і пацверджання высокай якасці прадукцыя фабрыкі неаднаразова экспанавалася як на міжнародных так і расейскіх выставах.
Беларускую тытунёвую прадукцыю адзначылі срэбраным медалём на міжнародных выставах у Амстэрдаме (1883 год), Новым Арлеане (1885 год), сусветнай выставе 1889 года ў Парыжы і залатым медалём на міжнароднай выставе ў італійскім Турыне 1911 года. Дарэчы, на сусветнай выставе 1893 года Шарашэшскі прадставіў не толькі прадукцыю тытунёвай фабрыкі, але і яшчэ аднаго прадпрыемства, якога быў уласнікам - аптовага склада і спіртаачышчальнага завода ў Гродне.
Вяртаючыся да храналогіі ўдзелу беларускіх зямель у міжнародным выставачным руху адзначым, што дэбют Беларусі адбыўся ў Лондане ў 1862 годзе.
Першымі, хто прадставіў свае вырабы на самым высокім міжнародным узроўні былі сяляне: І. Мядзведзеў і Т. Філімонаў з Магілёўскай губерні паслалі ў Лондан лён, Гаўрыла Якаўлеў з вёскі Прусінава Сенненскага павета – ільняное семя, Гаўрыла Фёдараў, Даніла Іваноў і Іван Кузьмін з вёсак Кашалева і Буды Рагачоўскага павета - цыноўкі. Іх дэбют быў паспяховым - Іванова і Кузьміна адзначылі медалямі, а Мядзведзева і Філімонава – ганаровымі водгукамі.
Там жа ў Лондане срэбраным медалём была ўзнагароджана аўсянка, якая выраблялася ў Ляўках Горацкага павета. За яе вытворчасцю стаяў адстаўны падпалкоўнік Аляксандр Мянжынскі. Яго дачка Вера Чачкова працягнула справу бацькі і на розных выставах атрымлівала медалі за воўну, муку, бульбяны крухмал і пад.
Аднак найбольшыя поспехі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на міжнароднай арэне звязаныя з імем княгіні Марыі Патоцкай. Якая стала адным з найбуйнейшых і найбольш вядомых селекцыянераў у імперыі. Марыя Патоцкая атрымала ў спадчыну ў 1865 годзе маёнтак у Высока-Літоўску (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці). Перарабіла яго ў ферму па вырошчванні элітнага насення. У гадавальніках вяліся доследы па акліматызацыі прывезеных раслін і выводзіліся новыя гатункі шляхам селекцыі і гібрыдызацыі. Бульба для насення прадавалася як у імперыі так і за мяжой.
На выставах Расійскай імперыі прадукцыя Патоцкай бясспрэчна займала першае месца. Акрамя таго ў 1896 годзе княгіню адзначылі вышэйшай узнагародай - правам змяшчаць на сваёй прадукцыі дзяржаўны герб імперыі.
Прызнаннем высокай якасці выведзенага насення ў родавым маёнтку Марыі Патоцкай былі шматлікія міжнародныя ўзнагароды, сярод якіх асобнае месца займаюць залаты медаль сусветнай выставы ў Парыжы ў 1889 годзе і гран-пры тамсама з 1900 годзе.
Прамысловыя вырабы, прадукцыя сельскай гаспадаркі - гэта далёка не ўсё, чым здзіўляў беларускі край прафесійныя журы і простых цікаўных на міжнародных экспазіцыйных форумах. Сярод іншага тут досыць шырока было прадстаўлена прыроднае багацце нашай краіны: розныя пароды дрэў, чучалы зробленыя з жывёл (у тым ліку зубра), а таксама прадукцыя дрэваапрацоўкі. Пэўнае здзіўленне сёння можа выклікаць досыць актыўны ўдзел у міжнародных выставах разнастайных беларускіх навучальных устаноў. На падобныя форумы ў розныя гады высылалі дэлегацыі Горацкая сельскагаспадарчая вучэльня, Парыцкая жаночая вучэльня праваслаўнага Духоўнага ведамства, Мінская губернская дырэкцыя народных вучэльняў Віцебская мужчынская гімназія, Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская жаночыя гімназіі, прафесійная вучэльня фабрыкі Шарашэўскага.
Натуральна, што ў гэтым невялікім па аб’ёме артыкуле немагчыма закрануць і асобна спыніцца на ўсіх беларускіх удзельнікаў сусветных і іншых міжнародных выстаў другой паловы ХІХ – пач. ХХ ст. Тут толькі прадстаўлены прадпрыемствы, гаспадаркі і асобы, якія найбольш яскрава выявілі сабе на падобных форумах. Атрыманыя імі адзнакі з’яўляюцца пацверджаннем іх высокай канкурэнтаздольнасці, адпаведнасці самым высокім міжнародным стандартам, прызнаннем якасці прадукцыі. Дзякуючы такім выставам міжнародная супольнасць мела магчымасць лепей пазнаёміцца з беларускім краем і нашай прадукцыяй. І разам з тым, удзел у падобным мерапрыемствах стымуляваў далейшае эканамічнае развіццё беларускіх зямель і іх паступовае ўцягванне ў агульнасусветны рынак.
Рэдакцыя
Пры напісанні артыкула выкарыстана інфармацыя з публікацый, манаграфій ды інтэрв’ю беларускага гісторыка Андрэя Кіштымава.