БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЯ ДЗЯРЖАВА
Ты паслухай, Абраме... Фенаменальная гісторыя кар'еры!
Іўдзей сягае вяршыняў улады, трымае дзяржаўны скарб, яму зайздросцяць Радзівілы і Сапегі. Так, у ВКЛ і такое было мажлівым!
Жыгімонт Стары меў усе падставы непакоіцца як успрымуць ягонае рашэнне Радзівілы, Сапегі, Канстанцін Астрожскі? Заможныя, уплывовыя, славутыя мужы беларуска-літоўскай дзяржавы, людзі, якія прывыклі лічыць найвышэйшыя дзяржаўныя пасады сваёй натуральнай спадчынай.
Але справа гэтым разам тычылася дзяржаўных фінансаў. Княжа стаміўся ад хцівых здрадаў і выбар у яго быў толькі адзін - Абрам Ёзафовіч.
На двары быў 1510 год. Вялікім літоўскім падскарбіем - фактычна кіраўніком дзяржаўных фінансаў і скарбу з правам голасу ў паны-радзе - стаў берасцейскі іўдзей, які толькі-толькі перайшоў на хрысціянства.
У тыя часы шлях да вяршыняў дзяржаўнай улады быў акрэслены. Найвышэйшыя пасады займалі прадстаўнікі старажытных родаў, людзі, чые бацькі і дзяды таксама належалі да палітычнай эліты дзяржавы. Кар'ера Абрама Ёзафовіча была выключэннем з усіх пісаных і няпісаных правілаў ВКЛ.
Якія пасады і тытулы давалі ў ВКЛ
Але вярнемся амаль на трыццаць гадоў назад.
Браты Абрам, Міхал і Айзік Ёзафовічы апынуліся ў беларускім Берасці пасля 1482 года. Іх родны Кіеў быў разбураны войскамі крымскага хана Менглі-Гірэя. Тысячы людзей вымушаныя былі ратавацца ўцёкамі. Сярод іх апынулася і сям'я Ёзафовічаў.
ВКЛ сям'я абрала невыпадкова – звязвалі даўнія гандлёвыя сувязі, прываблівала, безумоўна, і талеранцыя, яшчэ з часоў прывілеяў Вітаўта берасцейскім і гарадзенскім габрэям.
Ёзафовічы ўмелі арганізоўваць фінансавыя справы, таму хутка зрабіліся патрэбнымі ўладзе. Падобна як манархі іншых еўрапейскіх дзяржаваў, вялікія князі літоўскі атачалі сябе багатымі габрэямі, з якімі было проста і, галоўнае, непублічна вырашаць уласныя фінансавыя праблемы. Уладары патрабалі кэша, а яго маглі даць толькі заможныя габрэі.
Абрам крэдытаваў вялікага князя Аляксандра Ягайлавіча, арандаваў мыты і паступова стаў чалавекам, без якога было цяжка вырашаць фінансавыя праблемы дзяржавы.
На што трацілі зберажэнні нашыя вялікія князі і каралі
Захаваўся характэрны эпізод. Вялікі князь у чарговы раз пазычыў у Абрама Ёзэфовіча вялікую суму грошай – дзве тысячы літоўскіх копаў, лічы добры табун коней. Каб разлічыцца, ён перадаў яму ў арэнду даходы ад ковенскіх мытаў і продажу солі.
І тут адбываецца цікавы паварот. Не прайшло і двух месяцаў, як Абрам вярнуў свае дзве тысячы коп і яшчэ прыехаў у Вільню і ўнёс у дзяржаўны скарб пяцьсот коп, маўляў, сваё я забраў, а лішак – дзяржаве.
Ці сапраўды Абрам настолькі хутка навёў парадак у фінансах, ці гэта была своеасаблівая інвестыцыя ў ўласную будучыню - сказаць складана. Але пры двары яго дакладна заўважылі.
У 1495 годзе Абрам змяняе веру – пераходзіць у праваслаўе, бярэ імя Іван, гэта дазваляе яму застацца ў ВКЛ, у той час, калі іншыя габрэі рашэннем вялікага князя Аляксандра Ягайлавіча былі вымушаныя пакінуць краіну. Як бы там ні было, кар'ера Ёзафовіча не толькі не спынілася, але пайшла яшчэ шпарчэй.
Ковенскі гараднічы, смаленскі стараста, менскі войт, землі і маёнткі ў Вільні і пад Гародняй, шляхецкі герб «Ляліва» - уплыў Абрама ў дзяржаве і пры двары расце.
Ён кіраваў значнай часткай мытнай сістэмы краіны, займаўся фінансаваннем дзяржаўных патрэб, крэдытаваў манарха. Ён нават кантралюе працу манетнага двара Вялікага Княства ў Вільні.
На пачатку XVI стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае вяло цяжкую вайну з Маскоўскай дзяржавай. Зноў былі патрэбныя грошы. І зноў побач апынуўся Абрам Ёзафовіч. Што цікава, яго ўдзел не прагматычны, ён бароніць ВКЛ, як сведчаць сучаснікі “не шкадуючы ні крыві, ні горла”. І гэта бачаць усе.
У 1510 годзе Жыгімонт Стары прызначае яго вялікім літоўскім падскарбіем. Пасада была адной з найважнейшых у дзяржаве. Абрам на той момант ужо стараста горада Смаленска і войт Менскі. Няма мовы пра тое, што ён быў недасведчаны, альбо купіў пасаду.
Падскарбі адказваў за дзяржаўны скарб, кантраляваў даходы і выдаткі, кіраваў фінансавым апаратам Вялікага Княства і ўваходзіў у паны-раду.
Фактычна праз рукі Абрама Ёзафовіча праходзілі ўсе галоўныя фінансавыя плыні краіны.
У 1514 годзе Жыгімонт Стары бярэ ў яго ў пазыку вялікую суму грошай. Каб вярнуць пазычнае манарх перадае Абраму Коўна. Так Ёзафовіч становіцца яшчэ і ковенскім старастам.
Дарэчы, што тычыцца пераходу Абраму на праваслаўе. Змена веры не выглядае ўжо такой змушанай. Жонка Ёзафовіча преваслаўная беларуска - Ганна Васілеўна, імёны дзетак - Марына, Кастусь і Васіль. Гісторыя не захавала звестак пра тое, каб яны сумавалі па веры продкаў.
У любым выпадку калі Абрам Эзафовіч перайшоў у праваслаўе, то ягоныя браты Міхал і Айзік Ёзафовічы засталіся вернымі іўдаізму. І гэта не перашкодзіла ім стаць аднымі з багацейшых і ўплывовых людзей Вялікага Княства Літоўскага.
Ужо ў 1513 годзе Жыгімонт Стары прызначыў Міхала Ёзафовіча «старэйшым над усімі габрэямі Літвы». Паводле каралеўскага прывілею, менавіта да яго павінны былі звяртацца габрэі са сваімі справамі і праз яго выплачваць падаткі, вызначаныя дзяржавай. Атрыманне такой пасады сведчыла пра вялікі аўтарытэт Міхала не толькі ў габрэйскай супольнасці, але і пры двары.
Браты кантралявалі саляныя і васковыя зборы, карчмы, шынкі ў Магілёве і Віцебску. У 1523 годзе арандаваў мытні ў Драгічыне, Гарадні, Камянцы, Бельску на Падляшшы, Луцкую і Уладзімірскую ва Украіне. Даходы і магчымасці Міхала былі настолькі значнымі, што многія прадстаўнікі беларуска-літоўскай знаці былі яму вінаватыя, і часта вярнуць грошы можна было толькі з дапамогай караля.
Абрам Ёзафовіч памёр у 1519 годзе. У красавіку 1525 года Жыгімонт Стары, маючы на ўвазе яго заслугі і службу дзяржаве, надаў Міхалу спадчыннае шляхецтва і герб "Ляліва".
Гэта быў выпадак без перабольшання ўнікальны: верагодна, упершыню ў гісторыі Вялікага Княства шляхецкі тытул атрымаў чалавек, які заставаўся іўдзеем.
Рэдакцыя