БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЯ ДЗЯРЖАВА
Статут ВКЛ пісаў гішпанец?! Oh, madre mía!
Замежніку ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI стагоддзя трэба было добра ўмець танчыць палітычнае фламенка. Рызыкні-ідзі разбярыся: як сябе паводзіць з двума наймагутнейшымі беларуска-літоўскімі родамі таго часу. З Радзівіламі, якія замяшчалі караля ў час яго адсутнасці ў ВКЛ, і з Хадкевічамі: з кім сябраваць, каго лепш не раздражняць, і як каталіку жыць сярод магнатаў, якія ўсё больш сімпатызуюць кальвіністам і антытрынітарыям.
Асабліва калі ты крытыкуеш княскіх кухараў за няўдалую дыету, манахаў за кіслае віно, Гродна і гарадзенцаў, бо аднойчы былі не надта гасцінныя і арганізавалі няўдалы начлег. Беларусы і літоўцы ў цябе - амаль што варвары, злодзеі, хітруны, ашуканцы. А п’юць яшчэ больш за палякаў, хоць у апошніх, як вядома, “жыццё і піццё - гэта адно і тое ж слова”.
.jpg)
Сталіца беларуска-літоўскай дзяржавы ў час, пра які ідзе размова ў артыкуле. Публічная дамена
Такім быў Педра Руіс дэ Марос, які з’явіўся ў Вільні ў 1551 годзе. Невысокі, каржакаваты, смуглявы, у акулярах. Беларусы з літоўцамі адзначалі яго дзіўнаваты, для іх вуха, акцэнт, выбуховы характар, злыя вершы пра п’яніц і дурняў.
Але была адна акалічнасць, якая прымушала мірыцца з усімі ягонымі “асаблівасцямі характару”. Педра Руіс дэ Марос быў адным з найбольш адукаваных і кампетэнтных еўрапейскіх юрыстаў пры двары беларуска-літоўскага князя і польскага караля Жыгімонта Аўгуста. І неўзабаве яму выпадзе гонар працаваць пры стварэнні ІІ Статута ВКЛ.
Чытаць: Чаму Статут ВКЛ апынуўся такім жывучым?
Сярэдзіна XVI стагоддзя безумоўна адзін з важнейшых перыядаў у гісторыі ВКЛ. Жыгімонт Аўгуст набліжаецца да фіналізацыі свайго палітычнага праекта - саюза Кароны і ВКЛ. Наша дзяржава на гэты час жыве паводле Статута 1529 года. Але абставіны ўнутры і вакол імкліва мянялася: расце палітычная вага шляхты, перабудоўваецца сістэма судоў і мясцовага самакіравання. І гэтыя змены патрабавалі новага права: сучаснага, які ўлічвае не толькі мясцовую прававую традыцыю, але і еўрапейскі досвед.
І тут наш гішпанец прыдаўся вельмі дарэчы.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст. Публічная дамена.
За плячыма Педра Руіса дэ Мароса была еўрапейская юрыдычная адукацыя і веданне рымскага, кананічнага і магдэбургскага права. Такіх спецыялістаў у тагачаснай Беларусі называлі «доктарамі правоў чужаземскіх». Нарадзіўся ў пачатку XVI стагоддзя недзе ў гішпанскай Арагоніі, вывучаў права ў Гішпаніі, працягваў адукацыю ў Італіі. Апускаючы падрабязнасці біяграфіі, адзначым толькі, што быў гэта чалавек еўрапейскага Адраджэння.
Вялікая княгіня і каралева Бона Сфорца актыўна спрыяла прыезду адукаваных замежнікаў у ВКЛ і Карону.
Чытаць: Тытулы і пасады ВКЛ. Хто, за што і як
Так, за пасярэдніцтвам Боны, у 1542 годзе з’явіўся найперш у Кракаве і Педра Руіс дэ Марос, і ўзяўся кіраваць кафедрай рымскага права ва ўніверсітэце. Ягелонскі ўніверсітэт у тыя часы глыбока ў крызісе: Руіс скардзіўся, што юрыстаў тут не цэняць, затое які-небудзь астролаг карыстаецца вялікай павагай.
Значна больш за ўніверстэт Руіса вабіў каралеўскі двор. Яго здольнасці заўважыў яшчэ Жыгімонт Стары, але найперш не як юрыста, а як паэта. Кароткія вершы пра пахаванне Жыгімонта Старога і два шлюбы Жыгімонта Аўгуста даследчыкі лічаць выдатнымі паэтычнымі рэпартажамі, па якіх можна вывучаць гістарычныя падзеі таго часу.
Пасля смерці Жыгімонта Старога ў 1548 годзе, Руіс прызначаны юрыдычным дарадцам вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста, і досыць хутка замацаваўся ў яго найбліжэйшым атачэнні. Руіс кідае навуку і цалкам пераходзіць на княска-каралеўскую службу. Неўзабаве Жыгімонт Аўгуст практычна стала пераедзе ў беларуска-літоўскую дзяржаву, і з ім у сталіцу, у Вільню, перабярэцца і Педра Руіс дэ Марос.
У 1551 годзе Жыгімонт Аўгуст стварае камісію па распрацоўцы новай беларуска-літоўскай канстытуцыі - ІІ Статута ВКЛ. Задачай камісіі, якую ўзначаліў Мікалай Радзівіл «Чорны», было між іншага, улічыць інтарэсы розных груп палітычнай эліты дзяржавы, і ў яе склад увайшлі пароўну 5 праваслаўных і 5 католікаў.
Далучыўся да працы камісіі, што рыхтавала праект Статута, і Педра Руіс дэ Марос. Ягоныя веды рымскага права, досвед працы ў каралеўскім і вялікакняскіх судах былі тут патрэбныя. Разам з іншым «доктарам правоў чужаземскіх», Аўгусцінам Ротундусам, ён прынёс у працу над Статутам веданне рымскай прававой традыцыі. Прасцей кажучы, яны адказвалі за сінхранізацыю беларускіх прававых традыцый з лепшымі дасягненнямі тагачаснай еўрапейскай юрыдычнай навукі і рымскага права.
Старонка ІІ Статута Вялікага Княства Літоўскага. Публічная дамена
Праца над ІІ Статутам ВКЛ займе дзесяцігоддзе. Гатовы праект юрысты аддадуць Сойму на разгляд у 1561 годзе. Тры гады будуць цягнуцца дэбаты і дашліфоўка закона, які зацвердзяць толькі 1 ліпеня 1564. Але спрэчкі па асобных артыкулах яшчэ зацягнуць яго ўвядзенне.
Законную сілу Статут набыў 1 сакавіка 1566, але апошнія змены ўносіліся яшчэ і 1 ліпеня 1566 года. Статут пісалі па-беларуску, пераклалі і на польскую мову і лаціну. І тут таксама без ўдзелу Пэдра Руіса дэ Мароса не абыйшлося.
Другім Статутам беларускі след Руіса не абмежаваўся. Гішпанец застаўся ў Вільні да канца жыцця ў 1571 годзе, і працягваў займацца тым, у чым разбіраўся найлепш, - правам. І крыху паэзіяй. Працаваў у вялікакняскім судзе, разглядаў у тым ліку спрэчкі гарадоў, якія жылі паводле магдэбургскага права. У 1560-я гады Руіс заняўся яшчэ і падрыхтоўкай новых юрыстаў у беларуска-літоўскай дзяржаве: у Вільні выкладаў рымскае і магдэбургскае права. А ягоныя манументальная праца «Літоўскія рашэнні…» (Decisiones (...) de rebus in sacro auditorio Lituanico ex appellatione iudicatis) стала вядомай далёка за межамі ВКЛ і выкарыстоўвалася юрыстамі яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя.

Рэдакцыя