БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЯ ДЗЯРЖАВА
Алейхем шалом. Як ВКЛ выгнала ўсіх сваіх габрэяў
Шок. Невяр'е. Безвыходнасць. Гэтыя пачуцці ахапілі тысячы жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў 1495 годзе. За пячаткай вялікага князя Аляксандра Ягайлавіча выйшаў загад, у які цяжка было прыняць: усе габрэі да красавіка месяца маюць неадкладна пакінуць тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Застацца ў дзяржаве маглі толькі тыя з іх, хто прыме хрысціянства.
Для іншых пачыналася выгнанне: маёмасць канфіскоўвалася, дамы, зямля, корчмы, мыты і іншыя даходныя аб'екты пераходзілі ў новыя рукі. Забраная маёмасць раздавалася баярам. Смачныя кавалкі атрымлівалі касцёлы і кляштары.
Адначасова князь Аляксандр распарадзіўся прыцягнуць на нашыя землі скандынаваў і немцаў. Дзеля гэтага актыўна надаваў і перанадаваў беларускім гарадам звыклае еўрапейцам магдэбургскае права - Высокае (1494 г.), Гародня (1496 г.), Полацак (1498 г.), Менск (1499 г.), Браслаў (1500 г.), Камянец (1503 г.), Ваўкавыск (1503 г.)
Змушаныя да выгнання габрэі з паўднёвых земляў ВКЛ рушылі ў Крым і Канстантынопаль. Іншыя перасяліліся, у асноўным у Карону Польскую, бліжэй да мяжы з Вялікім Княствам, спадзеючыся калі-небудзь вярнуцца дадому.
Сёння гэтае рашэнне вялікага князя выглядае амаль невытлумачальным. Гаворка ішла пра людзей, жыццё якіх на беларускіх землях на той час мела ўжо доўгую гісторыю.
Дзяржава, якая прытуліла
Першая вядомая беларуская габрэйская абшчына існавала ў Берасці ўжо ў пачатку XII стагоддзі. Самі габрэі называлі горад Берасцей. Гэта былі пераважна выгнанцы з нямецкіх земляў.
Сапраўдны росквіт габрэйскай прысутнасці ў Беларусі пачаўся пры вялікім князі Вітаўце. Пасля Крэўскага пагаднення многія габрэі з польскіх земляў на заклік менавіта Вітаўта перасяляліся ў Вялікае Княства Літоўскае. Вітаўт распачаў актыўнае дзяржаўнае будаўніцтва, і імкнуўся засяліць маланаселеныя тэрыторыі Беларусі і Літвы, развіваць гарады.
Прачытай больш пра законы нашай старажытнай дзяржавы
2 ліпеня 1388 года Вітаўт выдае хартыю, якой вызначыў правы і абавязкі беларускіх габрэяў. Першымі на беларускіх землях яе атрымліваюць габрэі Берасця. 18 чэрвеня 1389 года падобныя правы атрымалі гарадзенскія габрэі. У 1392 годзе Вітаўт перасяліў у ваколіцы сваёй рэзідэнцыі ў Троках іўдзеяў-караімаў з Крыму. Менск, Наваградак, Смаленск, Полацак, Пінск, Віцебск, Магілёў, Ворша - знакамітыя габрэйскія цэнтры сярэднявечнай Беларусі.
Вітаўту патрэбныя былі рамеснікі, гандляры, прадпрымальнікі. Габрэі атрымалі магчымасць стаць паўнавартаснай часткай вялікага дзяржаўнага праекта Вітаўта. Прывілеі фактычна ўраўноўвалі іх з мяшчанамі ў эканамічнай сферы. Габрэі атрымлівалі гарантыі асабістай бяспекі і абароны маёмасці, маглі свабодна займацца гандлем, рамёствамі і грашовымі аперацыямі.
Ліхвярства, шынкарства, гандаль крамны і дробны на рынках і вуліцах гарадоў, сфера паслуг – станавіліся сферай прымянення здольнасцяў беларускіх габрэяў. Некаторыя жылі з земляробства, але большасць былі гараджанамі. Асабліва важным было права займацца крэдытнымі аперацыямі. Менавіта праз рукі габрэйскіх купцоў, ліхвяроў і арандатараў праходзілі грошы краіны.
Прывілеі і рэлігійная талерантнасць шматэтнічнага Вялікага Княства стварылі для габрэйскіх абшчын бяспечныя ўмовы жыцця. Менавіта ў гэты перыяд пачынаюцца і індывідуальныя кар'еры асобных прадстаўнікоў габрэйскай супольнасці.
Віхура, Шчодрадух, Квотарбэк - як мала мы ведаем пра Вітаўта
Адны займаліся гандлем, другія арандавалі мыты і збіралі падаткі, трэція крэдытавалі беларуска-літоўскую шляхту. Але фінансавы поспех амаль заўсёды мае сваю цану. Разам з прыбыткамі раслі падазронасць і незадаволенасць.
Дзяржава, якая выгнала
Чаму дзяржава, якая больш за стагоддзе прытуляла габрэяў, абараняла іх законам, раптам вырашыла іх выгнаць? Што канкрэтна падштурхнула вялікага князя да такога рашэння, не зусім відавочна нават сёння.
Паводле адной з версій, сваю ролю адыграла жонка Аляксандра - Алена, дачка вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. Яна нясвойска пачувалася ў шматкультурным асяроддзі ВКЛ, да таго ж паміж сужонцамі існавалі рэлігійныя супярэчнасці: умовай геапалітычнага шлюбу з боку маскоўскага ўладара было захаванне Аленай праваслаўнай веры. Адносіны паміж Масквой і Вялікім Княствам заставаліся напружанымі, амаль бесперапынна ішлі войны, і Аляксандр мог не хацець дадатковых канфліктаў.
Тут прачытаеш пра Ганну - жонку Вітаўта
Аднак больш праўдападобным выглядае іншае тлумачэнне. Калі не ведаеш у чым справа - справа ў грошах.
Яшчэ за часоў бацькі Аляксандра - вялікага князя беларуска-літоўскай дзяржавы Казіміра Ягайлавіча - многія прадстаўнікі беларуска-літоўскай знаці, дзяржаўныя ўраднікі і нават сам вялікі князь займелі значныя даўгі перад габрэямі.
Да таго ж, беларускія габрэі не толькі давалі грошы ў пазыку, але і трымалі ў сваіх руках значную частку мытаў, падаткаў і іншых прыбытковых галінаў эканомікі дзяржавы. Да канца XV стагоддзя іх уплыў у фінансавай сферы стаў вельмі адчувальным. Для часткі эліты такая залежнасць выглядала прыніжэннем. А пазыкі вяртаць не хацелася.
Заўсёды знойдзецца той, хто прапануе пазбавіцца не ад доўгу, а ад крэдытора. Таму не вельмі яшчэ дасведчанага вялікага князя, ён кіраваў дзяржавай толькі тры гады, актыўна апрацоўвала маса хадакоў, шаптуноў і добразычліўцаў. І нічога лепшага, як прымусовае выгнанне габрэяў, яны прыдумаць не змаглі.
Спецаперацыя дазваляла адначасова пазбавіцца і ад крэдытораў, і ад неабходнасці вяртаць даўгі.
Міжнародная сітуацыя таксама «спрыяла». Напрыканцы XV стагоддзя з захаду прыходзілі весткі пра выгнанне габрэяў з многіх нямецкіх княстваў, Гішпаніі ў 1492 годзе і Партугаліі ў 1496–1497 гадах. Аляксандру нескладана было ўпісацца ў агульнаеўрапейскі трэнд свайго часу.
Так дзяржава, якая больш за сто гадоў давала прытулак і магчымасці для развіцця габрэйскім абшчынам, нечакана абвесціла ім: вось Бог, вось парог. І, здавалася, што гісторыя габрэяў у Вялікім Княстве Літоўскім скончылася.
Дзяржава, якая вярнула
І хоць не існавала ў тыя часы Белстата, але вельмі хутка стала відавочным, што выгнаць людзей значна прасцей, чым замяніць іх.
Прайшло ўсяго восем гадоў. Эканоміка дзяржавы была на мяжы зруйнавання. Дзяржава страціла вопытных фінансістаў, купцоў і арандатараў. Разам з габрэямі Вялікае Княства пазбавілася людзей, якія крэдытавалі гаспадара, арганізоўвалі збор даходаў і падтрымлівалі гандаль.
Ну і зноў спатрэбіліся грошы – на вайну з Масквой.
Пасля смерці брата Яна Альбрэхта Аляксандр Ягайлавіч атрымаў польскую карону і ў 1503 годзе дазволіў габрэям вярнуцца ў Вялікае Княства.
22 сакавіка 1503 года Аляксандр паведамляе гарадзенскаму старасту, што дазваляе габрэям вярнуцца ў дзяржаву. Ён загадвае вярнуць ім у Гародні сінагогу, могілкі, дамы, зямельныя надзелы, а таксама ўсе даўгі, якія заставаліся нявыплачанымі.
Абрам Ёзафовіч - фенаменальная кар'ера беларускага іўдзея
Дазвол на вяртанне атрымала і берасцейская габрэйская абшчына. Князі пінскія таксама запрасілі назад тых, каго раней выгналі.
Аднак на практыцы вяртанне аказалася значна больш складаным. Цяжка ішоў працэс вяртання дамоў і зямлі, якія за гады выгнання паспелі перайсці да новых уладальнікаў. Спрэчкі цягнуліся доўгія гады, а судовым працэсам і новым пастановам не было канца.
Габрэям даводзілася выкупляць назад сваю ж маёмасць у новых гаспадароў, аднаўляць сінагогі, дамы і гандлёвыя сувязі. Акрамя таго, на іх быў накладзены спецыяльны падатак, які яны красамоўна называлі «паваротным». На габрэяў-вяртанцаў наклалі таксама абавязак утрымання тысячнага коннага атраду.
А неўзабаве, у 1506 годзе, надыйшлі часы кіравання Жыгімонта Старога, вельмі прыхільнага да габрэйскай беларускай супольнасці.