БЕЛАРУСЫ ПАМІЖ 1921-1939

больш артыкулаў

01-07-2026

ТБШ. Беларусы, якім школа замяніла дзяржаву

У верасні 1923 года ў беларускай вёсцы Лаша пад Горадняй адбылося тое, чаго ўлады ніяк не чакалі.

Настаўнік прыйшоў у школу. Дзеці - не. Ніводнае. Бацькі загадзя дамовіліся: пакуль улада не дазволіць адкрыць у вёсцы беларускую школу, сваіх дзяцей яны не пашлюць і ў польскую.

Гэта была пазіцыя. І стаяў за ёй былы мясцовы настаўнік Язэп Баліцкі. У рапарце польскай паліцыі чытаем:

 

 «...жыхары вёскі Лаша Ян Варанец і Язэп Баліцкі стаяць на чале беларускай арганізацыі і агітуюць тамтэйшую люднасць, каб не плаціла падаткаў і не пасылала сваіх дзяцей да польскай школы. Тады Польскі Урад будзе вымушаны даць беларусам аўтаномію, а таксама адчыніць на "ўсходніх крэсах" беларускія школы».

 

Следчыя «знайшлі» і больш прыземленае тлумачэнне. Маўляў, Баліцкі проста хацеў атрымаць працу ў будучай беларускай школе. І такое магчыма. Менавіта настаўнікі і станавіліся ў той час сілай беларускага руху. Барацьба за права вучыць дзяцей на роднай мове была для іх адначасова і нацыянальнай справай, і барацьбой за ўласную прафесію.

Гісторыя ў Лашы не была нечым выключным на беларускіх землях. Гэта быў толькі эпізод, бадай, самай маштабнай грамадскай кампаніі беларусаў у Заходняй Беларусі - барацьбы за беларускую школу. І гэта кампанія, якую вяло ТБШ.

 

Пачатак вялікай плыні

Таварыства Беларускай Школы, а менавіта так расшыфроўваецца ТБШ, нарадзілася рашэннем Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні. Яго статут быў зацверджаны 1 ліпеня 1921 года.

У першым спісе ТБШ у 1921 годзе - 116 прозвішчаў, інтэлігенцыя, людзі, якія падтрымалі і арганізоўвалі беларускія школы ў часы першай сусветнай вайны.

Памятайма, Беларусь толькі што разрэзала дамова ў Рызе. Адна яе частка апынулася ў Савецкай Расіі, другая — у Польшчы. Уласнай дзяржавы ўжо не існавала. І ТБШ паўставала, каб адваяваць беларускую школу.

Мэта была простая і амбітная:

 

зрабіць магчымым існаваньне беларускіх пачатковых школ на ўсіх беларускіх землях.

 

Сапраўдны пералом адбыўся пасля 31 ліпеня 1924 года. Менавіта тады польскі Сейм прыняў закон аб школьніцтве для нацыянальных меншасцяў. Цяпер легальна дазвалялася ствараць у Польшчы дзяржаўныя школы як з беларускай мовай навучання, так і двухмоўныя беларуска-польскія.

Тагачасныя беларускія дзеячы выдатна разумелі: гэтай магчымасцю трэба карыстацца. Пачаўся сапраўдны бум беларускага школьніцтва.

Ужо ў 1925 годзе толькі ў Гарадзенскім павеце беларускія бацькі падалі 22 заявы на адкрыццё беларускіх школ.

 

А праз некалькі месяцаў гэта ўжо была

сапраўдная беларуская Ніагара.

 

У 1926 годзе па ўсёй Заходняй Беларусі 16 тысяч беларусаў падалі заявы на адкрыццё больш за 400 беларускіх школ.

У лістападзе 1926 года на беларускіх землях, забраных Польшчай, дзейнічаюць 156 арганізацый ТБШ. Больш трох тысяч актыўных сяброў Таварыства.

 

„Таварыства не падтрымлівае ніякія палітычныя сілы: адзінай нашай задачай ёсць развіццё беларускага школьніцтва і беларускай асветы ў цэлым”.

 

Папулярнасць беларускай арганізацыі расла імкліва. Асабліва вылучалася Гарадзеншчына. Толькі ў Гарадзенскім павеце ў тыя дні дзейнічалі 19 гурткоў, у якіх працавалі 348 чалавек.

У сярэдзіне 1928 года ТБШ ужо аб'ядноўвае 430 арганізацый і амаль 15 тысяч сяброў. У 1930 годзе – больш за 500 гурткоў і 30 тысяч чалавек.

Амаль у кожнай большай вёсцы ці мястэчку на Заходняй Беларусі з'яўляліся бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы, народныя дамы. Арганізоўваліся драматычныя і харавыя гурткі, літаратурныя вечарыны, лекцыі і спектаклі.

Гэта было неверагодна - нараджалася беларуская культурная прастора! Уявіце сённяшніх “купалаўцаў” на сотнях вясковых сцэн. Аншлагі на «Паўлінцы» Янкі Купалы,  «Модным шляхцюку» Каганца, «Збянтэжаным Саўку» Леапольда Родзевіча, «Судзе» Уладзіслава Галубка, «У зімовы вечар» Элізы Ажэшкі. У рэпертуары харавых гурткоў галоўнае месца займалі беларускія народныя песні.

Прычым беларусы ўсё часцей дапамагалі адзін аднаму нават калі ніколі не бачыліся ні дагэтуль ні пасля. Гэта быў беспрэцэдэнтны на той час выпадак грамадзянскай самаарганізацыі нацыі. (Наш 2020-ы не ўзяўся з паветра!)

Дзясяткі тысяч людзей, якія паверылі, што беларускую школу можна стварыць і адстаяць уласнымі сіламі.

 

Прыкладам, вясковы гурток ТБШ у Галавачах пад Скідзелем. Яго сябры ахвяравалі 650 злотых на адбудову беларускай гімназіі ў адлеглым на 350 кіламетраў Глыбокім. Большасць жыхароў Галавачоў наўрадці калі была ў Глыбокім. Але для іх удзел у адбудове быў сваёй агульнай беларускай справай.

 

Красамоўная тут рэзалюцыя гуртка ТБШ у вёсцы Хвайняны Скідзельскай гміны:

 

«Мы дамагаемся сваёй роднай беларускай школы, у якой бы мы вучыліся на сваёй беларускай мове. Мы перакананыя, што толькі з адкрыццём сваіх школ мы зможам паставіць сваю культуру на роўні з культурамі іншых свабодных народаў...»

 

З 1926 года ТБШ легальна дзейнічае ў Віленскім, Навагрудскім, Палескім і Беластоцкім ваяводствах тагачаснай Польшчы.

10 красавіка 1927 года ў Горадні адбыўся з'езд мясцовых дзеячаў ТБШ. Перад імі выступіў пасол польскага Сейма і адзін з дзеячаў «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў. Ён заклікаў прысутных працягваць нацыянальную працу і прыводзіў у прыклад украінцаў, чэхаў і сербаў. Мы не вынаходзілі ровар, рабілі сваё адважна побач з іншымі паняволенымі народамі.

I з'езд ТБШ, які адбыўся 28–29 снежня 1927 года ў Вільні, паставіў перад арганізацыяй новыя сур’ёзныя задачы. Таварыства патрабавала

 

адкрыцця дзяржаўных беларускіх пачатковых школ, беларускіх гімназій, настаўніцкіх курсаў і семінарыі, стварэння беларускіх аддзелаў пры Віленскай і Палескай школьных акругах, а таксама кафедры беларусазнаўства ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя.

 

Чужыя млыны

Але хуткі рост папулярнасці меў і адваротны бок.

ТБШ стала аб'ектам цікавасці палітыкаў. Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, кіраванай з Масквы, беларускаму пасольскаму клубу «Змаганне»  - ішло не пра культуру: на даляглядзе была сусветная камуністычная рэвалюцыя і трэба было займацца «выкрыццём памешчыцка-капіталістычнага характару фашысцкай палітыкі ў вёсцы».

Адным з першых гэта заўважыў старшыня ТБШ у Скідзелі Пётр Сяўрук. Пасля з'езда ТБШ у Горадні ў кастрычніку 1928 года яго арыштавалі.

Але яго не турбаваў пераслед польскай паліцыі. Прыгнятала тое, што беларускую школу ўсё часцей выкарыстоўваюць дзеля чужых палітычных мэтаў.

Пасля вызвалення, ён пакінуў у дзённіку запіс:

 

«…целая куча политических социалистических лозунгов с неизменным “рабоче-крестьянским правительством” – так что это начало не предвещает ничего хорошего… будут еженедельно и чуть ли не ежедневно собираться собрания, на которых будут говорить грозные речи с революционными кличами, будут выноситься резолюции, протесты, требования, будут собираться подписи с требованиями того или иного, по случаю будут посылаться приветствия забастовавшим где-либо рабочим,… будут заниматься китайскими делами, ибо в Китае опять что-то разгорается….

 

Ён пісаў, што нават дапамога беларускім сем'ям, якія пацярпелі ад неўраджаю, ператвараецца ў нагоду для палітычных лозунгаў. Замест дапамогі людзям усё часцей гучалі заклікі да рэвалюцыі.

Беларусь, якая не маўчала. Чытайце пра беларускія невулічныя пратэсты ў ХХ стагоддзі

Гэта была сур'ёзная праблема. Польскія ўлады таксама зрабілі свае высновы.

Паслухайце распараджэнне аднаго з паліцыянтаў, які адказваў за Заходнюю Беларусь:

 

“Рэкамендую распачаць адпаведныя крокі … скіраваныя да ліквідацыі гурткоў ТБШ. Зразумелая рэч, сродкаў яўных, адкрытых і легальных вы ўжываць не можаце. Аднак ёсць тысячы спосабаў, з дапамогай якіх можна, пры адпаведным спрыце і такце, ускосна ўплываць на сяброў актыву ТБШ, зняхочваючы іх да далейшай працы ў Т-ве і схіліць да роспуску гурткоў” .

 

І гэтыя "тысячы спосабаў" хутка пайшлі ў ход. Пачаліся забароны, ператрусы, суды, арышты, ліквідацыі. Закрываліся беларускія школы, бібліятэкі, клубы.

У 1928–1930 гадах былі ліквідаваныя шэсць акруговых упраў ТБШ і больш за трыста гурткоў.

Да восені 1932 года ад некалі магутнай арганізацыі засталося толькі каля 150 гурткоў і прыкладна чатыры тысячы сяброў.

У 1936 годзе актыўныя беларусы зноў аб'ядналі намаганні ў новай школьнай кампаніі. Быў створаны Школьны сакратарыят, выдадзены юрыдычныя інструкцыі для бацькоў, распачаты збор новых заяў на адкрыццё беларускіх школ.

Нягледзячы на ператрусы, канфіскацыі дакументаў, арышты і запалохванне, удалося сабраць каля чатырох з паловай тысяч заяў.

Але было ўжо позна.

У канцы 1936 года ў Заходняй Беларусі дзейнічалі толькі восем беларускіх і чатырнаццаць польска-беларускіх пачатковых школ. З усіх беларускіх сярэдніх навучальных устаноў засталася толькі адна гімназія — у Вільні.

А 2 снежня 1936 года польскія ўлады цалкам забаранілі Таварыства беларускай школы.

За пятнаццаць гадоў свайго існавання ТБШ зрабіла так, што беларуская школа, беларуская адукацыя, беларуская асвета стала справай дзясяткаў тысяч людзей.

Але наша справа, як гэта не раз было і будзе, апынулася паміж двумя сіламі. Для савецкіх камуністаў яна ўсё больш рабілася сродкам палітычнай барацьбы. Што ў сваю чаргу рабілася палітычнай пагрозай для польскай дзяржавы.

Чытаць гісторыю Браніслава Ржэўскага

Рэдакцыя