ПОСТАЦІ
Уласаў Аляксандр
Газет і рэдактараў у Беларусі было шмат. Але менавіта Ўлас зрабіў “Нашу Ніву” вялікай. Чаканай крыніцай інфармацыі для тых, хто жыў у Беларусі на пачатку ХХ стагоддзя, і бясцэннай крыніцай гісторыі для тых, хто жыве сёння. Ён першым настроіў на патрэбную хвалю малапісьменную тады яшчэ беларускую нацыю - мільён асобнікаў “Нашай Нівы” за 8 гадоў, ад 1906 да 1914 года, гэта яго поспех - Аляксандра Ўласава.
Што ён беларус і што гэта на ўсё жыццё, ён зразумеў у самым пачатку 90-х гадоў ХІХ стагоддзя на лекцыях выдатнага менскага выкладчыка гісторыі Генрыка Татура. Ад яго Ўласаў упершыню пачуў пра Вітаўта і Кейстута, пра каралёў і паўстанні. Уласаў нарадзіўся ў 1874 годзе 28 жніўня ў Вілейцы, але давялося пажыць і ў Пінску і ў Менску.
Пройдзе зусім няшмат часу і разам з братамі Луцкевічамі Аляксандр Уласаў стане ля вытокаў беларускага нацыянальнага руху, ужо не сарамлівага і хаатычнага, а крэатыўнага і мэтанакіраванага. Найперш дыстанцыйна, з Рыгі, дзе вучыцца ў палітэхнічным. Пасля ў 1905 годзе, пасля вяртання дадому на беларускую Віленшчыну. Час рэвалюцыйны, і ён уздымае забастоўку за забастоўкай у Радашковічах, удзельнічае ў нелегальных сходах, вядзе партыйную беларускую дзейнасць пад папулярнай тады сацыялістычнай шыльдай.
Рэдактарам “Нашай Долі” ён ці не першым верне ў беларускі друк назву сталіцы такой, як яе называў народ - Менск.
- У нас было вельмі мала сілаў, вельмі мала грошай, але вельмі шмат энтузіязму , - гэтая шчыры SWOT-аналіз Уласава гучыць як беларускі праклён і шчасце адначасова.
З "Нашай Нівай" ён будзе мець масу прыгодаў - публікацыі беларускіх журналістаў настолькі прарыўныя, што расейскія ўлады не паспяваюць ўводзіць супраць беларускай газеты санкцыі - канфіскуюць наклады, вешаюць непад’емныя штрафы, Уласаву даводзіцца прайсці праз чатыры месяцы Бабруйскай турмы, а папярэджанняў і розных спагнанняў беларускай газеце і не злічыць.
- Беларускі паэт не павінен сядзець у турме! – мае сказаць Уласаў у 1914 годзе, калі расейцы кідаюць у Вільні за краты ўжо Янку Купалу, новага рэдактара Нашай Нівы. Гучыць неверагодна, але Ўласаў дамаўляецца з турэмнікамі: Купалу выпускаюць, а Ўлас дасіджвае за яго тры месяцы. А пасля яго забіраюць у расейскае войска на першую сусветную вайну. І як тут абысціся без энтузіязму і веры ў Беларусь?!
Канец вайны і распад Расейскай імперыі прыносіць надзею на самастойную беларускую дзяржаву. Уласаў не толькі вітае абвяшчэнне БНР, ён актыўны ўдзельнік падзеяў, адзін з працавітых сяброў Рады БНР, ад траўня 1918 віцэ-старшыня Рады. Займаецца міжнароднымі справамі і рашэннем надзённых эканамічных праблем Беларусі.
Кім быў шэф Дыпламатычнай місіі БНР у Фінляндыі
Улада ў тыя месяцы на нашых землях змяняецца часта, звесткі пра Уласава ў гэты час фрагментарныя. У 1921 годзе ён бачыць непазбежнасць Рыжскіх дамоваў, разумее, што дбаць пра інтарэсы і жаданні беларусаў ані палякі, ані расейцы з саветамі, ані французы не будуць. Таму вяртаецца да сябе, у Мігаўку пад Радашковічамі, дзе неўзабаве пераможа на выбарах у польскі Сэнат.
…Аўлас, як вядома, у тым сейме бараніў Беларусь, хацеў, каб яна была знаная і паважаная ўсім светам. Роўная сярод роўных…, - сваёй шчырай пазіцыяй Уласаў крануў нават землякоў-сялянаў.
Сумеснае фота сяброў Беларускага пасольскага клубу ў парламенце Польшчы. Аляксандр Уласаў сядзіць крайні ад правай у цэнтральным шэрагу. Здымак 1923 года з архіва Куфэрка Віленшчыны і Міхася Казлоўскага.
У 1921 годзе Ўласаў сярод заснавальнікаў Таварыства Беларускай школы, а ў 1922 годзе адчыняе ў Радашковічах беларускую гімназію імя Францішка Скарыны. У 1929 годзе польскія ўлады яе зачыняць, але на рахунку школы больш за 360 беларускіх выпускнікоў-патрыётаў. Уласаў, канешне, паспрабуе пераканаць міністра адукацыі Рэчы Паспалітай ў неабходнасці адукацыі на беларускай мове - піша свае пераканаўчыя 13 аргументаў.
«…выхаванцы гімназіі паспяхова вучацца ў вышэйшых навучальных установах Вільні, Празе, Мілане, Бруселі, Францыі, …. беларуская моладзь, якая скончыла беларускую гімназію вызначаецца вельмі памяркоўным палітычным светапоглядам. Ліквідацыя ж беларускамоўнай Радашкаўскай гімназіі - гэта вялікая страта для беларускай асветы».
Ну але што з таго польскаму міністру. А шкада! Бо ў планах Уласава было і адкрыццё аграрнай школы.
Часамі ён настройвае прыймач на Менск, і паддаецца бальшавіцкай прапагандзе. Ведае пра рэпрэсіі, але наўрадці ў стане ацаніць размах і бесчалавечнасць савецкага сталінскага рэжыма.
У верасні 1939 года ён сустракае бальшавікоў з поўным кошыкам толькі што стрэсенай улюбёнай антонаўкі. А тыя, першае, што робяць - забіраюць у яго 60 гектараў зямлі. Пасля, аднаго з прадстаўнікоў новай улады, зацікавіць здымак, які стаяў на крэдэнсе ў гасцёўні, а найбольш уразіць подпіс на здымку: Няхай жыве вольная Беларусь!
Міне некалькі дзён, і 65-гадовага Аляксандра Ўласава арыштуюць. Доўга прасядзіць у маладэчанскай савецкай турме, дзе ў камеру на сем чалавек напхаюць больш 70.
“Арышт Уласава гэта скрайняя недарэчнасць, памылка, абсурд і шкода”, - такой несправядлівасці не вытрымаюць нават тыя паплечнікі і сябры, што выжылі ў сталінскіх чыстках - Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля. 26 чэрвеня 1940 года яны пішуць ліст вышэйшаму камуністычнаму кіраўніцтву Беларусі:
«З імем Уласава непарыўна звязана арганізацыя першых беларускіх газет – “Наша Доля” і “Наша Ніва” … Мы добра ведаем Уласава як чалавека, адданага працоўнаму народу, як культурнага работніка і збіральніка разрозненай беларускай інтэлігенцыі з тым, каб паставіць яе на службу народа. …Супраць рускай культуры Уласаў ніколі не ставіўся адмоўна і ў сваёй дзейнасці не ставіў пытання аб адрыве беларускага народа ад народа рускага…”
Самыя гучныя пратэсты беларусаў
Не дапаможа. Аляксандра Уласава кідаюць у савецкія турмы тэрмінам на 5 год. І там даводзяць да смерці. 11 сакавіка 1941 года Уласаў гіне на доўгіх расейскіх лагерных этапах.