БЕЛАРУСЬ 1944-1991

больш артыкулаў

11-08-2026

«Спыніце тэрор!». Гісторыя беларуск...

Дэманс...

прачытаць
12-08-2026

Як Аляксандр Мілінкевіч запусціў гадзіннік, "які падаваў сігналы вязням у СІЗА"

Той гадзіннік на Фарным касцёле Гродна ведае кожны, хто хоць раз бываў у цэнтры гэтага горада. А калі і не бачыў, то дакладна чуў: ён адбівае не толькі гадзіны, але і паўгадзіны, і чвэрці.

Адразу пасля Другой сусветнай вайны даглядала яго Марыя Гратулевіч. Разам з мужам Іосіфам, касцёльным цесляром, яны кожны дзень падымаліся на вежу - на вышыню шматпавярховага дома - і ўручную заводзілі старажытны механізм. Для гэтага трэба было падымаць дзве каменныя гіры вагой больш за 60 кілаграмаў, што віселі на пятнаццаціметровых канатах.

У 50-я гады, гарадзенскія ўлады запатрабавалі спыніць гадзіннік. Спачатку прыдумалі, што з дапамогай бою гадзінніка нібыта перадаюцца нейкія сігналы ў Гродзенскую турмуМарыя Гратулевіч толькі разводзіла рукамі: як гэта магчыма, калі ён заўсёды б'е аднолькава? Тады «знайшлася» іншая прычына. Маўляў, бой гадзінніка блытае кіроўцаў тралейбусаў, якія паварочваюць непадалёк. Найхутчэй жа шляхетнасць і еўрапейскасць Гародні былі не да спадобы тым, хто прымаў такія рашэнні. Так ці інакш, улады прымусілі гадзіннік замаўчаць.

У сакавіку 1987 года Марыя Гратулевіч папрасіла дапамогі ў Аляксандра Мілінкевіча, тады дацэнта Гарадзенскага ўніверсітэта.

 

Гэта ж такая прыгажосць Гародні. А ты ж фізік, любіш гісторыю. Можа дасі рады запусціць гадзіннік?

 

Чытаць: Яго клікалі швайцарскія брэнды, але яму снілася Масква

Мілінкевіч узяў жмут старадаўніх ключоў і разам са старэйшым сынам падняўся па кручаных сходах на касцёльную вежу.

 

"Механізм гадзінніка быў амаль нябачны - увесь у птушыным памёце. На вокнах даўно не засталося сетак, якія не давалі б птушкам залятаць на паддашша і ў вежы храма. Каля тыдня мы толькі чысцілі старажытныя колы, валы і клець - усім, што траплялася пад руку.

Я тады нічога не ведаў пра механізмы вежавых гадзіннікаў, а тым больш пра старадаўнія. Але адразу адчуў: перад намі нешта сапраўды ўнікальнае і таямнічае. Пачаў чытаць усё, што толькі мог знайсці, разбірацца, майстраваць. Амаль год пайшоў на гэтую працу. Але гадзіннік усё ж удалося ажывіць".

 

Часткі механізма гарадзенскага гадзінніка. Фота з прыватнага архіва сям'і Аляксандра Мілінкевіча

 

Каб аднавіць механізм гадзінніка давялося аднавіць і яго гісторыю. Наступныя месяцы Мілінкевіч адседзеў у архівах Гародні, Мінска, Вільні, Кракава, Варшавы і Масквы. І там паступова пачала вымалёўвацца біяграфія гадзінніка, першыя старонкі якой вялі ў канец XV стагоддзя.

21 сакавіка 1496 года, у дзень Святога Бенядзікта, у сваім паляўнічым гаспадарскім двары ў Берштах

 

[…] Аляксандр з ласкі Божай вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі надаў Гародні Магдэбургскае права і дазволіў яе жыхарам мець "Ратушу з Гадзіннікам […] на месцы гаднейшым.

 

Першая Гарадзенская ратуша з публічным гадзіннікам на высокай вежы паўстала паміж 1496 і 1540 гадамі, хутчэй за ўсё на мяжы XV і XVI стагоддзяў. Сам гадзіннік вырабіў майстра, запрошаны з Гданьска або Каралеўца - найбліжэйшых гарадоў, дзе ўжо існавалі цэхі такога рамяства. На левай верхняй частцы клеці механізма ён пакінуў сваё таўро - знак, падобны да перавернутай лацінскай літары «G». Расшыфраваць яго не ўдалося і дагэтуль.

Таўро майстра з лацінскай літарай "G". Фота з прыватнага архіва сям'і Аляксандра Мілінкевіча.

 

Упершыню Гарадзенскі ратушны гадзіннік згадваецца 25 ліпеня 1541 года. Тады ў сваім прывілеі адносна гарадскога добраўпарадкавання каралева Бона Сфорца загадала гарадзенскаму магістрату:

 

Майстра гадзіннікавага няхай возьмуць, які б гадзіннік мог абслугоўваць і аднавіць умеў, каб не псаваўся.

 

Пра гадзіннік клапаціліся. Ён быў не проста гонарам і сімвалам самакіравання еўрапейскага горада - ён задаваў рытм жыцця. Па яго званах пачыналіся набажэнствы, адчыняліся і зачыняліся гарадскія брамы, майстэрні і крамы. А калі гадзіннік спыняўся, каб горад не быў «нямы і глухі», наймалі званароў, якія дзень і ноч уручную адбівалі час у званы.

Чытаць: У якім умовах жыла Бона Сфорца

Наступныя архіўныя знаходкі Аляксандра Мілінкевіча паказалі, што падчас акупацыі Гародні ў вайне 1654–1667 гадоў, расейскія войскі разбурылі гарадскую Ратушу, а гадзіннік скінулі з вежы.

Механізм удалося выратаваць. Некаторы час ён знаходзіўся на вежы мураванага калегіума езуітаў, якія задамавіліся ў Гародні ў 1623 годзе, выконваючы запавет Стэфана Баторыя. Дакуманты сведчаць, што яшчэ ў пачатку 80-х гадоў XVII стагоддзя гарадскі магістрат за грошы, сабраныя гарадзенскімі габрэямі, адрамантаваў стары механізм. Езуіты ж спецыяльна для яго ўзвялі ў сваім калегіуме высокую вежу побач з гарадзенскім Рынкам, каб гадзіннік быў добра бачны і чутны для значнай часткі горада.

Чытаць: Факты пра Стэфана Баторыя. Беларускі ракурс

Яшчэ адной важнай знаходкай стаў запіс 1725 года:

 

Разладжаны і непрыдатны з прычыны старажытнасці сваёй гадзіннік у гэтым годзе трохмесячнай працай быў адроджаны і змешчаны ў вежы храма. Зусім гнілая высокая драўляная вежа калегіума - старая аснова гадзінніка - была сваечасова скінута, каб не пагражала сваім падзеннем даху калегіума.

 

Цікавая ўзгадка пра Гарадзенскі гарадскі хранаметр у Рымскім архіве езуітаў датуецца 1743 годам. Паведамляецца, што […] вялікі гадзіннік на вежы касцёла быў адрамантаваны і адноўлены.

Падчас аднаго з гэтых рамонтаў  у 1725 ці 1743 годзе - хутчэй за ўсё была часткова перароблена і сістэма ходу механізма. Усталявалі доўгі маятнік. Гэта дазволіла павялічыць дакладнасць гадзінніка - ад хібнасці каля пятнаццаці хвілін да ўсяго пятнаццаці секунд у суткі.

Мілінкевічу ўдалося «ажывіць» у архівах не толькі гісторыю самога механізма, але і лёсы людзей, якія на працягу стагоддзяў апекаваліся гадзіннікам.

Першае дакладна вядомае нам імя гарадзенскага зэкгармістра захавалася ў "Актавых кнігах Магдэбургіі горада Яго Каралеўскай Мосьці Гродна". 29 ліпеня 1772 года ў іх пакінуў свае сведчанні "Ягомасць Пан Людвік Франсуа:

 

Я ніжэй падпісаны, Людвік Франсуа, майстар гадзіннікаў Яго Каралеўскай Мосці, мешчанін гарадзенскі, які тут стала знаходжуся, сведчу [...]".

 

Архіўныя дакументы дазволілі знайсці і імёны яго наступнікаў. Вядома, што ў 1823-1824 гадах зэкгармістрам «Публічнага Гарадскога Гадзінніка на вежы Паезуіцкага Касцёла» быў Самуэль Крыгер. З гарадской касы яму раз на паўгода выплачвалі па пятнаццаць рублёў серабром.

З гэтых і іншых дакументаў вынікае, што нават пасля пераносу гадзінніка спачатку на вежу калегіума, а пазней на вежу езуіцкага касцёла, ён, паводле старадаўняй еўрапейскай традыцыі, заставаўся пад апекай гарадскіх уладаў.

У 70-я гады XIX стагоддзя імперская расейская адміністрацыя не прыдумала нічога лепшага як прадаць старажытны вежавы гадзіннік і замест яго набыць новы, расейскай вытворчасці. Механізм прызналі "настолькі сапсаваным, што ён не можа быць адрамантаваны", і прапаноўвалі купіць новы гадзіннік у Маскве.

Аднак гэтыя планы так і не былі рэалізаваныя. На замену не знайшлося сродкаў. Замест гэтага архіўныя дакументы падсвятлілі нам яшчэ адно імя - француза П'ера Касею.

 

 - У цяперашні час французскі падданы П'ер Касею, што знаходзіцца ў горадзе Гародні, агледзеўшы гарадскі гадзіннік, які знаходзіцца на вежы Фарнага касцёла, заявіў Думе, што ён можа такія направіць за выплату яму 150 руб.

 

Касею праз месяц работ запусціў ход вежавага гадзінніка.

Дадае дэталяў у гісторыю і наступныя знойдзеныя Аляксандрам Мілінкевіча дакуманты. У Журнале прысутнасці Гарадзенскага губернскага праўлення ад 31 снежня 1874 года занатавана, што Дума наймае шляхціца Мечыслава Праневіча "за плацёж па 5 рублёў у месяц […] спраўна штодзень заводзіць гарадскі гадзіннік, што знаходзіцца на вежы Фарнага касцёла, са змазкай таго за свой кошт". Калі ж праз няспраўную заводку гадзіннік не дзейнічаў, Праневіч мусіў плаціць штраф - па дваццаць капеек за кожны дзень прастою.

У 1887 годзе ксёндз Дабравольскі заплаціў са сваіх сродкаў 50 рублёў гадзіншчыку Давыду Лазарсону за год працы. У час акупацыі Гародні кайзераўскай арміяй у 1915-1919 гадах у Германію вывезлі тры з чатырох старажытных званоў Фарнага касцёла, у тым ліку і вялікі гадзіннікавы звон. Падчас рамонту касцёла ў 1921–1922 гадах былі дэмантаваны і квадратныя цыферблаты гадзінніка. На свае месцы яны вернуцца толькі ў час нацысцкай акупацыі.

У 30-ыя гады ХХ стагоддзя гадзіннік спраўна функцыянаваў: «[…] Магістрат заўсёды рамантаваў, а служачы гарадскі стала заводзіў гэты гадзіннік».

Пачынаючы з 1944 года за станам гадзінніка сачылі вядомыя нам Марыя Гратулевіч і яе муж Іосіф.

Калі Мілінкевіч у 1987 годзе ачысціў механізм, стала відавочна, што ён моцна зношаны і патрабуе рэстаўрацыі падшыпнікаў, шэсцерняў, колаў, а таксама вяртання да ручной заводкі і вырабу адпаведнага маятніка.

Дапамогу прапанаваў тагачасны першы сакратар Гарадзенскага гаркама КПБ Аляксандр Алёшын. Пасля звароту Мілінкевіча ён асабіста каардынаваў тэхнічную і фінансавую дапамогу шматлікіх арганізацый і прадпрыемстваў горада.

Вывучэнне гісторыі гадзінніка, над якой давялося працаваць у тыя гады ў архівах Гародні, Мінска, Вільні, Кракава, Варшавы і Масквы, было не простым. Асноўная праблема заключалася ў тым, што Актавыя кнігі Гарадзенскага магістрата часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, як і дакументы Гарадзенскага езуіцкага калегіума, у значнай ступені былі страчаны. Яны гарэлі падчас войнаў, вывозіліся ў Пецярбург пасля анэксіі Беларусі Расейскай імперыяй.

Прайшло амаль два гады пасля таго як Аляксандр Мілінкевіч падняўся да гадзінніка на вежу Фарнага касцёла. У поўдзень 14 красавіка 1989 года гарадзенскі гадзіннік ізноў пайшоў, і на Гародняй ізноў пачуўся ягоны бой. Сімвалічная дата: гэта быў дзень нараджэння маці Аляксандра Мілінкевіча - Марыі, якая нарадзілася ў тых самых Берштах, дзе пяць стагоддзяў таму вялікі князь Аляксандр надаў Гародні Магдэбургскае права і дазволіў яе жыхарам мець Ратушу з гадзіннікам.

Адзін з этапаў аднаўлення знакамітага гарадзенскага гадзінніка. Фота з прыватнага архіва сям'і Аляксандра Мілінкевіча.

 

У 1996 годзе Гарадзенскі вежавы гадзіннік быў зарэгістраваны ў Рэестры помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны з наданнем першай катэгорыі каштоўнасці, а ў 2007 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Гэты тэкст можа спадабацца: Найстарэйшы дзеючы вежавы гадзіннік Еўропы знаходзіцца ў Беларусі

Рэдакцыя

Тэкст напісаны на падставе публікацый Аляксандра Мілінкевіча, усе фота з асабістага архіва сям'і Аляксандра Мілінкевіча.