ПАЛІТЫЧНАЯ ГІСТОРЫЯ
Віхура, Шчодрадух, Квотарбэк - як жа мала мы ведаем пра Вітаўта
Сярэднявечныя храністы ў асноўным імкнуліся стварыць нясмачны вобраз беларуска-літоўскага князя Вітаўта Вялікага.
Чаго толькі вартыя ўсе гэтыя апісанні нашага ўладара: хоць і дужа моцны, валасы да плеч, але малы ростам, шчуплай паставы, правая рука значна даўжэйшая за левую, жаночыя рысы твару, барада не расце.
Чаму так? Троху з-за боязі “тырана” і “крывапійцы”, троху з павагі за вайсковы талент, нелаяльнасці “паганца” і “сарацына”, які жорстка крытыкаваў каталіцкія ордэны за хцівасць.
Вітаўт браў слова рэдка, прамаўляў лапідарна, але канкрэтна, любіў і ўмеў пажартаваць. Алкаголю не піў, толькі ваду. Шанаваў добрую забаву: трымаў пры двары блазнаў і музыкаў, то бок, рука яго была на пульсе тагачаснай музычнай сцэны. У Гародню да жонкі Ганны мог сарвацца нават не закончыўшы да канца паспяховую вайсковую выправу на Маскву.
.jpg)
Вітаўт Вялікі. Малюнак невядомага сярэднявечнага аўтара. Адкрыты доступ
Захапляўся паляваннямі, умеў у шахматы, ну і, вядома, любіў пайсці, паказаць і даказаць маскавітам і прусам хто гаспадар ва Ўсходняй Еўропе.
Ведаў некалькі моваў: родныя беларускую і літоўскую, польскую, татарскую, нямецкую, быў адкрыты на іншыя культуры. Іначай і быць не магло. Ягонае рашэнне пасяліць на беларуска-літоўскіх землях татараў, караімаў, габрэяў было не эмацыйным, а прадуманым, прадыктаваным вайсковымі, эканамічнымі, іміджавымі патрэбамі дзяржавы.
Актыўна ліставаўся з навакольным светам - ВКЛ пры Вітаўце не было ў ізаляцыі ад Еўропы. Вядомыя больш 200 лістоў, якія выйшлі з ягонай канцылярыі. Пісары Вітаўта пісалі лацінай, па-нямецку, беларуску, царкоўнаславянску, з часам беларуская сталася асноўнай мовай канцылярыі.
Мы перабралі розныя біяграфіі Вітаўта Вялікага і ўявілі як яго яшчэ ў дадатак да прыдомка “Вялікі” маглі называць сучаснікі і можам называць мы, нашчадкі:
І. Вітаўт “Віхура” Вялікі
віхура – імклівы рух, гвалтоўны вецер, які збівае з ног
Сярэдняя хуткасць, з якой перамяшчаўся Вітаўт па беларуска-літоўскіх землях – 25-35 км штодня. З Вільні да Трокаў, сямейнай рэзідэнцыі Вітаўта, якраз 30 кіламетраў, у тыя часы дарога займала дзень. А вось ад Трокаў да Крэва, рэзідэнцыі Альгерда і Ягайлы, дабіраліся на чацвёртую ноч, а гэта ўсяго толькі адлегласць блізу 110 км.
У параўнанні з іншымі еўрапейскімі манархамі Вітаўт перасоўваўся па сваёй зямлі імкліва. У нямецкіх землях мясцовыя ўладары за дзень добра калі кіламетраў 12-15 са світай праязджалі. Гэта калі ехалі на кароткія адлегласці. Пры далёкіх выправах ужо не так марудзілі – набягала і 20-25 кіламетраў штодня.
Агаворымся, што спрыт Вітаўта датычны заходняй часткі Вялікага Княства, дзе сетка дарог, двароў, станцый была больш развіта, чым на ўсходзе дзяржавы, бліжэй да маскоўскіх земляў. Там маглі 50-60 сённяшніх кіламетраў ехаць 15-17 дзён, асабліва ў вяснова-восеньскі перыяд.
Ці гэта быў максімум Вітаўта? Не. Летапісец узгадвае, што напачатку лістапада 1381 года князь вялікі Вітаўт “приженеть” з Гародні да бацькі свайго Кейстута ў Вільню “за адзін дзень”. А гэта недзе 165 кіламетраў, дарога якая зазвычай займала чатыры-пяць дзён. Але была і прычына ляцець так хутка.
У Княстве трывала грамадзянская вайна. Кейстут адбіў у Ягайлы і Скіргайлы Вільню ды знайшоў дакуманты, якія кідалі цень на дачыненні Ягайлы з тэўтонамі. Дзеля такой інфармацыі не шкада было коней і сілаў.
Прыспешваўся Вітаўт яшчэ некалькі разоў. У 1421 годзе, калі надзвычай хутка праехаў 500 км ад Трокаў да Любліна, і ў 1429 калі гнаў ва ўкраінскі Луцк, дзе адбываўся гучны на ўвесь свет з’езд манархаў Еўропы. Тады таксама адзін з адрэзкаў трасы адлегласцю ў 80 км Вітаўт здолеў паканаць цягам аднаго дня. А яму ішоў ужо, нагадаем, 80 год.
Што цікава, 11 ліпеня 1410 года, напярэдадні Грунвальдскай бітвы, беларуска-польска-літоўскае войска Вітаўта і Ягайлы, манеўруючы разам з усімі табарамі ў невыносным шквары, мусіла прамаршыраваць за адзін дзень 42 кіламетры!
ІІ. Вітаўт “Шчодрадух” Вялікі
шчодрадух – характарыстыка неабыякавага чалавека, часта бескарыслівага, гатовага дапамагчы, падзяліцца апошнім
Вітаўт дбаў пра гасціннасць, імідж і аўтарытэт беларуска-літоўскай дзяржавы ў свеце. Замежнік, які трапляў на нашыя землі транзітам, турыстам ці па справах, быў на поўным утрыманні беларуска-літоўскай дзяржавы. Гэта была прынцыповая пазіцыя Вітаўта, справа дзяржаўнага гонару.
На загад вялікага князя замежным гасцям дастаўлялі прадукты харчавання, усё неабходнае для жыцця, а таксама суправаджалі іх у падарожжы па дзяржаве. Дзеля іх жа бяспекі. І ўсё гэта коштам дзяржавы. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што замежныя візіты не былі ў тыя часы надта ўжо частай справай. І, зразумела, што госці былі заўсёды статусныя.
Калі спрабаваць ацаніць магчымасці нашай старажытнай дзяржавы, дык, да прыкладу, Вітаўт мог мець ва ўласнасці нават 10 тысяч асядланых коней. Неймаверная лічба ў любыя часы!
У Троках, у дзяржаўнай рэзідэнцыі, князь заснаваў звярынец з зубрамі, валамі, муламі, ласямі, мядзведзямі, дзікамі, аленямі, пэўна ж там былі львы і вярблюды.
А найлепей за любыя словы праілюструе “шчодрадушнасць” Вітаўта спіс падарункаў, якія ў 1396 годзе князь з жонкай Ганнай мелі за гонар пераказаць Жыгімонту Люксембургскаму, каралю Венгрыі на той момант. Дакладнасць спіса пакінем на сумленні аўтара біяграфіі вянгерскага караля „Leben Koenigs Sigmunds”:
- 12 баявых сокалаў, 12 ручных сокалаў, 12 ястрабаў, 12 шчытоў, 12 сокалаў-падарожнікаў, 12 паляўнічых сокалаў, 24 сапсаны, 12 сакаліных сабакі, 12 верхавых каня з аздобленымі золатам сёдламі, 12 коней на скачкі, 12 хуткіх коней, 12 шапак абшытых футрам з собаля, 2 з якіх былі яшчэ ўдэкараваныя пярлінамі, 12 шаўковых адрэзаў, 12 пар рукавіц вялікага памеру з футра куніцы, 12 пар рукавіц з іншага матэрыялу, адна пара з іх упрыгожаная пярлінамі, 12 ядвабных ліцвінскіх плашчы, 12 ядвабных хустаў, 12 дываноў, 12 000 сабаліных футраў, 12 000 сабаліных жалудкаў (дэлікатэс на сярэднявечныя часы), 12 пазалочаных ды інкруставаных срэбрам кашоў, 12 пазалочаных нажоў, выкаваных з срэбра.
Звернем увагу і на сярэднявечную магію лічбы “12” – яна лічылася шчаслівай і святой у тыя часы.
Ганна Вітаўтава зрабіла яшчэ і асобны падарунак жонцы караля Венгрыі. Вось і яго пералік:
- Плашч з собаля ўпрыгожаны пярлінамі і аздоблены 12 залатымі гузікамі, капялюш абшыты футрам з собаля і ўпрыгожаны пярлінамі, пара вялікіх рукавіц, запінаных на гузікі і аздобленых пярлінамі, 20 белых рушнікоў аздобленых золатам, адзін рушнік абшыты золатам і карункамі, 10 доўгіх белых абрусоў, 12 клетак для сокалаў, ядвабны шаль, 3 пары абутку, адна з іх упрыгожаная пярлінамі, 10 маленькіх рушнікоў, абшытых золатам, 2 пары вялікіх рукавіц на сабаліным футры, 100 футраў сабаліных.
А ў 1399 годзе, калі кароль Польшчы і стрыечны брат Вітаўта Ягайла з жонкай Ядзвігай чакалі першае дзіця, Вітаўт з Ганнай даслалі з Трокаў у Кракаў вельмі дарагую калыску з чыстага срэбра. Дзіцятка і маці, на гора бацьку, памерлі неўзабаве пасля нараджэння, а калыскай карысталіся ўсе наступныя дзеці Ягайлы, а таксама і ўнукі.
ІІІ. Вітаўт “Квотарбэк” Вялікі
Квотарбэк - у амерыканскім футболе мозг каманды, валодае выключным гульнявым інтэлектам, здольны прадбачыць развіццё падзей, змяняць ход гульні нестандартнымі рашэннямі. Той, хто робіць чэмпіёнам каманду без відавочных перавагаў.
Вітаўт бачыў беларуска-літоўскія землі аб’яднаныя адной царквой. Падтрымліваў выбар балгарына Рыгора Цамблака на мітрапаліта беларуска-літоўскай дзяржавы. Так і зрабіў у Наваградку ў 1415 годзе сабор усіх праваслаўных епіскапаў Вялікага Княства Літоўскага.
Наша праваслаўная царква засталася незалежнай ад Масквы, падпарадкоўвалася непасрэдна патрыярху ў Канстантынопалі. Новы беларуска-літоўскі мітрапаліт у выніку здолеў трапіць у тым жа 1415 годзе ў Нямеччыну на сабор у Канстанцы, меў там аб’яднаўчую прамову - адстойваў адзінства хрысціянства, важнае для беларускіх земляў.
Унія праваслаўнай і каталіцкай цэркваў на Беларусі магла быць падпісаная ўжо тады, але каталіцкі касцёл у Канстанцы быў заклапочаны сваімі ўнутранымі праблемамі.
Вітаўт выступаў у падтрымку крыжовых паходаў, і сваю ваенную актыўнасць лічыў абаронай хрысціянства. Быў перакананы, што менавіта ён, лідар дзяржавы, якая мяжуе з “краінамі варвараў і схізматыкаў” і ёсць адзіным сапраўдным абаронцам хрысціянства. А крыжацкія ордэны займаюцца найперш не развіццём хрысціянства, а здабыццём матэрыяльных выгодаў.
Гэтая пазіцыя, магчыма, каштавала Вітаўту каралеўскай кароны. На тым жа найвялікшым сходзе каталікоў сярэднявечча – саборы ў Канстанцы – Вітаўта жорстка крытыкавалі.
“Ягайла без Вітаўта як рука без мяча”, - літоўскія гісторыкі пішуць слушна. Вайсковы талента нашага беларуска-літоўскага квотэрбэка немагчыма было не заўважыць.
У пакліканай Ягайлам 10 ліпеня 1410 года, перад самым Грунвальдам, ужо фактычна па поле бітвы, вайсковай Радзе васьмі ваеначальнікаў, Вітаўт быў адзіным прадстаўніком беларуска-літоўскай дзяржавы. Але менавіта ён адыграў галоўную ролю ў гэтым своеасаблівым Генштабе аб’яднаных войск. Вітаўта прымаў стратэгічныя рашэнні, адказваў за рэкагнасцыроўку, вызначэнне маршрутаў, пазіцый, дарог, месцаў атак, прывалаў і г.д.
Вітаўт Вялікі. Аўтар @Aetas_Memoria
І гэта менавіта Вітаўт, абураны прамаруджаннем саюзніка, аддаў загад беларуска-літоўскім войскам рушыць у атаку на тэўтонаў пад Грунвальдам.
Гэта Вітаўт прапаноўваў хану Тахтамышу ў 1398 годзе, шліфуючы ў галаве канцэпцыю стварэння беларуска-літоўскага каралеўства:
- Цябе я прызначу кіраваць усімі землямі Арды, а ты мне аддай у кіраванне Маскоўскае княства, Ноўгарад Вялікі, Пскоў, Цвер, Разань і без гэтага мая, а Нямеччыну я вазьму сам.
Летапісцы параўноўвалі Вітаўта з Аляксандрам Македонскім, тым больш Вітаўт ахрышчаны ў 1386 годзе ў праваслаўе атрымаў і палюбіў імя Аляксандр.
У літаратурных тэкстах позняга сярэднявечча ўзгадваецца, што калі жаўнерам ВКЛ, якія ўваходзілі глыбока ў Маскоўскую дзяржаву, трапляліся населеныя пункты, названыя ў гонар Вітаўта, дык гэтыя землі было прынята лічыць беларуска-літоўскімі ўладаннямі, абавязковымі да адваявання.
На гарматах часоў іншага нашага князя, Жыгімонта Аўгуста, было напісана – “Я ёсць Вітаўт і названа яго імем, глядзі як дрыжаць вежы і рушацца крэпасці”.
А Стэфана Баторыя, які выгнаў маскоўскія войскі з беларускай зямлі, вярнуў у 1579 годзе Беларусі Полацк, жаўнеры віталі воклічамі: “Вітаўт з Табой!”
Не менш цікавы эпізод, які дадае фарбаў у партрэт Вітаўта, адбыўся ў 1410 годзе на шляху на Грунвальд. Адзін за атрадаў ВКЛ у Мазовіі паквапіўся і разрабаваў мясцовыя паселішчы і некалькі храмаў. Вітаўт, калі дазнаўся пра гэта, загадаў павесіць вінаватых.
Два пакараных ліцьвіна павінны былі самі (!!!) пабудаваць сабе шыбеніцы і павесіцца. Прычым адзін вельмі спяшаўся развітацца з жыццём, каб яшчэ больш не раззлаваць вялікага князя.
За часоў Вітаўта ў Беларусі і Літве было звычайным, што пакараны смерцю сам выконваў на сабой прысуд. Вітаўт быў супраць, каб абцяжарваць грахом забойства трэціх асобаў. Той, хто адмаўляўся самазабівацца, усё адно гінуў, але мусіў прайсці праз жахлівыя пакуты: яго кідалі мядзведзям, якіх адмыслова трымалі дзеля такіх паказальных экзекуцый.
І яшчэ крыху жорсткасці ў вобраз сярэднявечнага беларуска-літоўскага ўладара. Пасля чарговага хрышчэння, Вітаўт загадаў беларуска-літоўскім баярам пагаліць бароды, але для ліцвінаў у тыя часы гэта было не раўнуючы ганьба. Таму шмат хто не выканаў загад.
Вітаўт тады на людзях пагаліўся сам, і загадаў ад гэтага моманту забіваць кожнага, хто не падтрымае яго прыклад. Вітаўт мог паехаць конна і трымаць у руках нацягнуты лук. Калі бачыў, што нехта не выконвае яго распараджэнняў – страляў. Так забіў шмат людзей. Лічылася, што лепей было павесіцца, чым трапіць у няміласць.
Пячатка Вітаўта. Адкрыты доступ
Рэдакцыя
У тэксце выкарыстаныя матэрыялы публікацый:
Аляксандр Краўцэвіч, Вялікі князь Вітаўт
Alvydas Nikžentaitis, Ldk kulturines tradiciojos praradimas: Vitauto Didziojo kultas Lietuvoje XV-XX a.
Giedrė Mickūnaitė, Vytautas Didysis. Valdovo įvaizdis
Nikodem Jaroslaw, Witold wielki książę litewski
Марозава Святлана, Залатаардынская палітыка Вітаўта
Sergiej Polechow, Itinerarium wielkiego księcia litewskiego Witolda: 4/5 sierpnia 1392–27 października 1430