ПОСТАЦІ
Агінскі Міхал Казімір
Гетман Вялікага Княства Літоўскага, але перадусім, кампазітар, паэт, мецэнат.
Нарадзіўся ў 1728 годзе. Паходзіў з уплывовага княскага ліцвінскага роду. Арыстакраты тых часоў планавалі сваім нашчадкам вайсковую кар’еру, і будучы гетман ВКЛ таксама пачаў з вайсковай службы і нават у 18 год атрымаў генеральскае званне.
Але Міхала Казіміра вабілі не мілітарныя, а артыстычныя таленты. Ён віртуозна граў на арфе, скрыпцы, кларнэце і фартэпіяне, ягоныя канцэрты прынеслі яму еўрапейскую славу.
У 1760 годзе ў Парыжы Міхал Казімір Агінскі так уразіў сваім граннем на арфе філосафа, асветніка Дэні Дзідро, што славуты француз папрасіў маладога князя напісаць артыкул "Арфа" для французскай «Энцыклапедыі».
У 1761 годзе ажаніўся з Аляксандрай, дачкой Міхала Чартарыйскага, з магутнага на той час польскага рода. Супернікам быў іншы вядомы літвін, будучы маршалак ВКЛ, Юзаф Сангушка. Але Агінскі так чароўна іграў на арфе, што не пакінуў дзяўчыне выбару.
Па шлюбе маладая сям’я атрымлівае ва ўладанне Слонімскую эканомію, і Агінскі актыўна пачынае будаваць канал, які злучыў Нёман і Дняпро праз Ясельду, Прыпяць і Шчару. Вынік так уразіў можных асобаў таго часу, што прынёс Агінскаму ў 1768 годзе булаву гетмана Вялікага Княства. Але вайсковай славы гетман не здабыў. Хутчэй наадварот.

Канал Агінскага ля Целеханаў. Развадны мост, здымак 20-30-х гадоў ХХ ст. Фота NAC.
12 верасня 1771 года гетман Агінскі атрымаў у баі пры Сталовічах ля Баранавіч ганебную паразу ад расейскіх войск і, ратуючы сябе, быў вымушаны збегчы на тэрыторыю Кароны. Усе яго маёнткі на ўсходняй Беларусі, ужо захопленай Расеяй, былі канфіскаваныя. У 1775 годзе Агінскага амністуюць, ён вяртаецца ў Слонім, дзе засноўвае некалькі прадпрыемстваў, друкарню, таксама пераўтварае горад у цэнтр музычнай культуры, тут працуе опера, збіраецца выдатны аркестр.

"Гістарычныя і маральныя аповесці Слонімскага грамадзяніна" аўтарства Міхала Казіміра Агінскага. Са збораў Biblioteki Narodowej.
Агінскі ахвяруе грошы на кляштар і касцёл у Смілавічах, засноўвае дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Пакідае пасля сябе і вынікі творчасці: 26 песень, паланэзы, оперу, некалькі кніг. Да самай смерці Агінскі спрабуе вярнуць забраныя маёнткі, вядзе прыніжальную перапіску з Кацярынай ІІ, нават прысягае ёй на вернасць. Частку ўладанняў атрымалася выпрасіць, але што з таго, калі ў гэты час канала Радзіма - Рэч Паспалітая.
Памёр 31 траўня 1800 года ў Слоніме. Пахаваны на варшаўскіх могілках Павонзкі. У Слоніме на будынку мясцовага драматычнага тэатра ўстаноўлена мемарыяльная шыльда, прысвечаная гетману Агінскаму. Адна з вуліц горада носіць яго імя, а ў 2019 годзе ўсталяваны бюст.