ШТОДЗЁННАЕ ЖЫЦЦЁ

больш артыкулаў

27-07-2026

Панядзелак у Н'ю-Ёрку, які стаў Днё...

“З...

прачытаць
28-05-2026

Тытулы і пасады ВКЛ. Хто, за што і...

Рэальн...

прачытаць
04-05-2026

Інвестыцыя Радзівіла ў беларускі ро...

Гэтая...

прачытаць
09-04-2026

Кіраваць вечна. Сакрэты дыеты Ягайл...

Ці вед...

прачытаць
27-08-2026

Хлопец з-пад Талачына стаў агентам Масквы. Жыць яму заставалася тыдзень

 

Дзямкоўскі маўчаў і ўвесь час толькі глядзеў перад сабой. Багавы крычаў, размахваў савецкім дыпламатычным пашпартам, а супрацоўнікі польскай контрвыведкі нервова збіралі рассыпаныя па салоне машыны дакументы з грыфам «Ściśle tajne» - абсалютна сакрэтна. Мабілізацыйныя ваенныя матэрыялы, карты, планы абароны, нататкі, стэнаграмы.

Савецкага дыпламата Васіля Багавога, пасля праверкі асобы і дыпламатычнага пашпарта, адпусцілі. Дзямкоўскаму надзелі кайданкі і адразу павезлі на допыт.

Дакументы былі настолькі сакрэтныя, што цяпер трэба было як мага хутчэй высветліць, якія з іх Дзямкоўскі паспеў ужо перадаць СССР. Каляндар паказваў 11 ліпеня 1931 года.

Пятру Дзямкоўскаму было 36 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1895 годзe ў вёсцы Гарбачэва пад Талачынам. І хто ведае, ці не пранеслася перад Пятром у момант арышту яго беднае сялянскае беларускае, але, напэўна, шчаслівае дзяцінства на тагачаснай Магілёўшчыне.

Пётр Дзямкоўскі, ураджэнец Беларусі, маёр польскага войска, расстраляны ў 1931 годзе за шпіянаж на карысць СССР. Публічная дамена

Дзямкоўскі зрабіў ашаламляльную кар'еру ў польскім войску: маёр Генеральнага штаба, ветэран вайны з бальшавікамі, тройчы ўзнагароджаны Крыжамі. А цяпер вось яго выцягнулі з машыны савецкага дыпламата з сакрэтнымі дакументамі ў папцы.

Польская контрвыведка чакала на гэты момант амаль два месяцы. Планавае, штодзённае назіранне за савецкімі дыпламатамі ў Варшаве прынесла цікавую інфармацыю 20 траўня 1931 года.

На адной з цэнтральных варшаўскіх вуліц у машыну савецкага пасольства сеў добра складзены мужчына ў светлым касцюме. Спецслужбы вырашылі дазнацца, што гэта за спадарожнік у савецкага дыпламата. Мужчыну ўзялі ў распрацоўку.

А ён асабліва і не хаваўся. Праз дзесяць дзён гэты ж мужчына, але ўжо ў мундуры маёра польскага войска, з тоўстай цёмнай папкай сядзе ў тую ж машыну савецкага пасольства. Зачэпка ёсць!

Чытаць таксама: Як ГПУ падбіралася да Якуба Коласа

Польскія аператыўнікі тэрмінова запрошваюць фотаздымкі ўсіх маёраў, якія служаць у Варшаве. Невядомага пазнаюць - Пётр Дзямкоўскі, маёр Генеральнага штаба, герой вайны з бальшавікамі. І самае небяспечнае: ён мае доступ да найсакрэтнейшых дакументаў польскага войска.

Цяпер контрвыведку цікавіць усё, што можна даведацца пра Дзямкоўскага. Нарадзіўся ў Беларусі, у Гарбачэве, цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці, тады Магілёўшчына. У 1916 годзе добраахвотнікам пайшоў у расейскую армію, скончыў вайсковую школу ў Тбілісі, ваяваў на аўстрыйскім фронце, вывучаў тэхналогіі газавай вайны. Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы далучыўся да польскага войска і далей толькі падымаўся па кар’ернай лесвіцы. Вышэйшая ваенная школа, чын маёра, нарэшце, у 1930 годзе - Генеральны штаб.

На першы погляд - біяграфія паспяховага афіцэра. Звяртаюць увагу на той факт, што жонка Дзямкоўскага, Антаніна Мядзведзева, была расейкай. Нічога асаблівага, польскія землі яшчэ нядаўна былі часткай Расейскай імперыі. Але спрабуючы атрымаць дазвол на выезд яе сваякоў з СССР, Дзямкоўскі аднойчы з’явіўся ў савецкай амбасадзе ў Варшаве.

Там ён і пазнаёміўся з намеснікам савецкага вайсковага аташэ Васілём Багавым.

Сёння, ведаючы абставіны справы, можна казаць, што Дзямкоўскі сам шукаў кантакта з Саветамі.

 

“Што я мушу зрабіць, каб выправіць мае ранейшыя грахі перад савецкай уладай  і пачаць працаваць дзеля яе?” - меўся запытаць Дзямкоўскі ў Багавога. І атрымаў адказ: не трэба ахвяраў, дастаткова будзе выканаць пэўную паслугу ў вайсковай сферы.

 

Дзямкоўскі пачынае перадаваць Багавому здабытыя ў Генштабе польскага войска дакуманты: агентурныя звесткі, стэнаграмы нарадаў, схемы кіравання войскам. Багавы штораз забіраў дакуманты ў пасольства, фатаграфаваў і яшчэ ў той самы дзень вяртаў Дзямкоўскаму.

Маёр не браў, не патрабаваў і не прасіў за паслугі грошай. На допыце ў дзень затрымання Пётр Дзямкоўскі скажа:

“калі б выбухнула камуністычная рэвалюцыя, я, безумоўна, стаў бы на баку камуністаў”.

Ён бязлітасна крытыкаваў арганізацыю вайсковай справы ў Польшчы, затое захапляўся Чырвонай Арміяй: “там усё лагічна звязана, разумна збудавана і падрыхтавана да ўмоваў вайны”. 

Польскія спецслужбы прымаюць рашэнне - затрымаць Дзямкоўскага пры наступнай жа сустрэчы з ворагам.

Варшава 30-х гадоў XX ст. Фота: публічная дамена

І гэты дзень, як мы ўжо ведаем, прыйшоў 11 ліпеня 1931 года. Аператыўнікі сачылі за Дзямкоўскім ад самай раніцы. Пасля працы ён вярнуўся дадому з туга набітай папкай. Праз некаторы час выйшаў з дому ў цывільным, таксама з папкай. Паехаў у Цэнтральную вайсковую бібліятэку, а праз дзве гадзіны выйшаў адтуль і трамваем вярнуўся ў цэнтр Варшавы. Увесь час папка пры ім. У гэты момант побач спыніўся аўтамабіль савецкага пасольства з Васілём Багавым за стырном. Дзямкоўскі ўскочыў у машыну. У тую ж секунду два аўто з аператыўнікамі польскай контрвыведкі, якія сачылі і за савецкай машынай, і за Дзямкоўскім, заблакавалі дарогу.

Суд над маёрам быў надзвычайны і імклівы - пакараць смерцю. Адвакат звярнуўся па памілаванне да прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага, але ў той жа ж дзень атрымаў адмову. 18 ліпеня, праз тыдзень пасля затрымання, Пятра Дзямкоўскага расстралялі.

За дзень да растрэлу, яго жонка, расейка Антаніна Мядзведзева, даслала ў прэсу зварот, дзе адцуралася ад мужа:

 

«Я цалкам і назаўсёды адмяжоўваюся  ад свайго мужа, маёра Генеральнага штаба Пятра Дзямкоўскага, з прычыны цяжкага і ганебнага абвінавачання, якое было яму прад'яўлена».

 

Савецкі дыпламат-агент Васіль Багавы практычна адразу, у рэжымё ўцёкаў, выехаў праз Данцыг у Маскву. Грымаса лёсу - у 1937 годзе яго расстраляюць за шпіянаж і контррэвалюцыйную дзейнасць.

Рэдакцыя