ДУМАЦЬ ДЗЯРЖАВУ
больш артыкулаў
Трансфер улады. Як апошні Ягайлавіч ратаваў дзяржаву
Паглядзелі на Люблінскую ўнію 1569 года, якая аб’яднала беларуска-літоўскую дзяржаву з польскай Каронай, адкінуўшы нацыянальную міфалогію (не надта і атрымалася :). Даць ацэнку не ў катэгорыях “здрада” ці “трыюмф”, “катастрофа” ці “перамога”, а як маштабнаму праекту палітычнага трансферу ўлады, які задумаў і рэалізаваў Жыгімонт Аўгуст - апошні з Ягайлавічаў.
___________________
Што мы маем на ўваходзе.
Яшчэ не стары, бо нарадзіўся ў 1520 годзе, вялікі князь ВКЛ і кароль Кароны Жыгімонт Аўгуст, раздзіраны хваробамі, безумоўна ўсведамляе, што застанецца апошнім прамым нашчадкам беларуска-літоўскай дынастыі, пачынальнікамі якой былі Ягайла з Сафіяй Гальшанскай. Жыгімонт Аўгуст жыве бяздзетным, а гэта азначае няўмольны палітычны крызіс “ад мора да мора” пасля ягонай смерці.
Кіраваць вечна. Сакрэты дыеты Ягайлы, Жыгімонта, Казіміра
Для Польшчы, з яе пэўнай электаральнай традыцыяй, калі караля так ці іначай, зацвярджала шляхта, крызіс у цэлым выглядаў вырашальнай праблемай. Для Беларуска-літоўскай дзяржавы, якая была юрыдычна “прыватнай уласнасцю” дынастыі Ягайлавічаў, смерць яе апошняга прадстаўніка пагражала сур’ёзнай турбуленцыяй. І яна, беручы пад увагу апетыты Масквы, магла стаць фатальнай. Дзяржава вельмі верагодна завісала ў безуладдзі, і яе напэўна разарвалі б на кавалкі.
Ці думаў пра гэта Жыгімонт Аўгуст? Не мог не думаць. Ён стаў вялікім князем літоўскім у вельмі малым узросце - у 1529 годзе яму было толькі 9 год. І няхай амаль 20 год, да смерці бацькі, Жыгімонта Старога ў 1548 годзе, гэта і было княжанне vivente rege – ВКЛ фармальна мела двух уладароў. Абставіны такой палітычнай камбінацыі Жыгімонта Старога – тэма для асобнага артыкула на “Кароне Вітаўта”.
Але застаецца фактам, што маленства і юнацтва Жыгімонта Аўгуста праходзіла ў ВКЛ. Вядома, што ён любіў сваю віленскую рэзідэнцыю, ведаў, адчуваў, разумеў мясцовую палітыку, норавы, традыцыі і настроі.
Ільвіная доля. Звярыныя забавы беларускіх уладароў
А ВКЛ у тыя часы было ўжо сур’ёзным клубком праблем. І тут варта звярнуць увагу на некалькі ключавых момантаў.
1. “Закулісная” ўлада ў Вялікім Княстве ў руках магнатаў: Радзівілы, Сапегі, Пацы, Хадкевічы, Гаштольды круцяць унутранай і замежнай палітыкай дзяржавы як хочуць. Свае інтарэсы часцяком ставяць вышэй дзяржаўных. І гэтым, натуральна, аслабляюць ВКЛ. Так, яны безумоўна разумеюць маскоўскую пагрозу, але не вельмі гатовыя дзеля бяспекі дзяржавы падзяліцца амаль бязмежнай уладай.
2. Самакіраванне ў дзяржаве практычна на нулі. Голаса шляхты на дзяржаўным узроўні амаль не чуваць (чаму так? Глядзі пункт 1).
3. Правы праваслаўнага насельніцтва беларуска-літоўскай дзяржавы моцна абмежаваныя, і гэта вельмі ўплывае на кандыцыі дзяржавы. І, натуральна, стварае выдатную падатную глебу для маскоўскай прапаганды, якая жывіцца ідэяй аб’яднання “рускіх” земляў.
4. Масква марыць пра Інфлянты-Лівонію. Жыгімонт разумее, што ВКЛ самастойна не толькі не абароніць Інфлянты, але не абароніць таксама і сваёй усходняй мяжы. Толькі ў 1564 годзе на вайсковую дапамогу Вялікаму Княству Карона выдала больш за 70 адсоткаў сабраных у дзяржаве падаткаў. Сярод польскай эліты такая падтрымка суседа, натуральна, выклікала пытанні. А патэнцыйная страта Інфлянтаў для ВКЛ - гэта крах не толькі стратэгічна-палітычны, але таксама і гаспадарчы. Спыніцца свабоднае выкарыстанне Дзвіны як гандлёвага шляху ў Балтыку – пытанне, ці вытрымае такое эканоміка ВКЛ.
5. Поўдзень, Валынь, Брацлаўшчына, Кіеўшчына – многія пытанні не зняты. Украінскія рэгіёны патрабуюць абароны ад татараў, большага ўдзелу дзяржавы ў іх справах. А Вільня тут парадзіць не можа.
Давайце ўявім, што Жыгімонта Аўгуста рэальна непакоіць лёс ВКЛ, і ён кіруецца ў сваіх планах рацыяй дзяржавы, а не персанальнай выгадай, ці інтарэсамі групы магнатаў.
У пачатку 60-х гадоў ён праводзіць адміністратыўныя рэформы ў ВКЛ, якія фіналізуюцца ІІ Статутам ВКЛ у 1566 годзе. Беларуска-літоўская шляхта, то бок палітычная эліта дзяржавы, паціху пачынае заяўляць пра сябе ў палітычным жыцці на сейміках. І менавіта гэтая шляхта стане рэальнай сілай, якая абмяжуе апетыты тагачасных беларуска-літоўскіх “алігархаў”.
Жыгімонт-джуніёр актамі 1563 і 1568 гадоў выраўнівае правы вернікаў розных веравызнанняў у ВКЛ. Для праваслаўных эліт ВКЛ зноў становіцца “сваёй” дзяржавай.
І, ці не галоўнае, у 1564 годзе Жыгімонт Аўгуст адмаўляецца ад персанальнага права Ягайлавічаў на ВКЛ. І гэта сапраўды прававы і цывілізацыйны прарыў. ВКЛ перастае быць “прыватнай уласнасцю” адной дынастыі, атрымлівае магчымасць існаваць незалежна ад канкрэтнага манарха, што зробіць яе ў большым сэнсе дзяржавай.
Раней любы Ягайлавіч мог сказаць, а можа так і казаў: ВКЛ - гэта я! Цяпер манарх станавіўся чыноўнікам, нанятым на службу. Дзяржава працягвае жыць, нягледзячы на смерць дынастыі. Змяншаецца значэнне роду, вырастае роля дзяржаўных інстытутаў і права. Важнейшым робіцца палітычны народ.%20-%201.png)
Жыгімонт Аўгуст адмаўляецца ад "прыватнай уласнасці" Ягайлавічаў на беларуска-літоўскую дзяржаву. Публічная дамена.
Кароль ідзе на абмежаванне ўлады - робіць караля “нанятым чыноўнікам”, якога супольна абірае беларуская, польская, літоўская, украінская шляхта, і робіць ВКЛ з прыватнай уласнасці - дзяржавай інстытутаў.
Не будзем дапускаць памылкі мераючы палітычныя крокі Жыгімонта Аўгуста сённяшнімі паняццямі. Натуральна, што ён не будаваў “дэмакратыю”, не ствараў “дзяржаву грамадзян”, не думаў мовай сучасных дзяржаўных інстытутаў. Зразумела, што ён ратаваў уласны дынастычны праект, шукаў стабільнасці, ствараў механізм перадачы ўлады, хацеў захаваць цэласнасць сістэмы.
І што мы маем на выхадзе.
Жыгімонт Аўгуст памёр у 1572 годзе. Цяпер лідарам дзяржавы фармальна мог стаць кожны, нягледзячы на паходжанне і прыналежнасць да канкрэтнай вызначанай дынастыі.
Федэратыўнае аб’яднанне Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, «саюз роўных з роўнымі», апынулася трывалым. Дзяржава ўдала прайшла праз кароткі этап безкаралеўя.
Хто з беларусаў падпісаў Люблінскую унію
Усе спробы разарваць унію ў першыя дзесяцігоддзі пасля яе заключэння былі марнымі. Закон і супольныя інстытуты (агульны Сейм, Сенат, выбарны кароль) дазволілі дзяржаве існаваць яшчэ больш за 220 год пасля таго, як згасла дынастыя Ягайлавічаў.
Вялізнае значэнне мела тое, што аб’яднанне адбылося не праз акупацыю і анэксію, а на дабраахвотнай згодзе. У лепшыя часы дзяржаве будзе сягаць 1 млн квадратных кіламетраў.
Рэч Паспалітая была найвялікшай еўрапейскай дзяржавай таго часу, калі браць толькі еўрапейскія часткі Расеі і Турцыі. У 1582 годзе Стэфан Баторы верне нам усе Інфлянты. Рэлігійную талерантнасць на нашых землях у гэты перыяд прыгожа назавуць - “дзяржава без вогнішчаў”.
Жыгімонт Аўгуст не стварыў ідэальнай палітычнай сістэмы. Рэч Паспалітая зведае яшчэ паразы, здрады эліт, параліч парламенту, подлы падзел дзяржавы суседзямі. Але ў 1569 годзе перад апошнім Ягайлавічам стаяла значна больш простая і жорсткая задача - не дапусціць распаду дзяржавы пасля смерці дынастыі. І ён яе вырашыў.
Рэдакцыя
Люблінская унія пэндзля Яна Матэйкі. Публічная дамена.