ШТОДЗЁННАЕ ЖЫЦЦЁ
Слуцкі пояс часу: ад Радзівіла да Мроі
Ці мог думаць Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», аднаўляючы ў XVIII стагоддзі ў Беларусі выраб слуцкіх паясоў, што праз два стагоддзі адзін з іх ускосна паспрыяе развіццю беларускай рок-музыкі?
Гэтая гісторыя гучыць амаль як легенда - пра тое, як мінулае ціха, але ўпэўнена ўмяшалася ў беларускую будучыню.
У 1986 годзе ў вёсцы Мікелеўшчына на Мастоўшчыне на гарышчы старой суседскай хаты студэнт, які вярнуўся з Менску на лета, заўважыў скрутак, які раптам бліснуў у промні вечаровага сонца. Разгарнуўшы, ад захаплення ён не можа вымавіць ані слова: перад ім - чатырохметровы старажытны наш слуцкі пояс. Пашкоджаны часам, але на рамонт надаецца.
Адкуль у сялянскай хаце апынуўся прадмет, што некалі быў знакам элітарнасці, шляхецкай годнасці і дастатку, гаспадары патлумачыць не змогуць - дзядзька-сусед толькі паціснуў плячыма.
Студэнт - будучы выбітны скульптар Генік Лойка. Крыху пазней ён створыць важныя для беларускай культурнай прасторы помнікі Тадэвушу Касцюшку, Францішку Скарыне, бюсты Кастуся Каліноўскага, Алеся Адамовіча, памятную дошку Ларысе Геніюш.
А ў тыя дні ён акуратна аднаўляе артэфакт, падшывае пашкоджаную тканіну, умацоўвае аксаміт чырвонай ніткай, вяртае кутасікі, нібы загойвае гістарычныя раны.

Слуцкі пояс, найверагодней 1760-1770 гады. Захоўваецца ў Muzeum Narodowe w Lublinie (Польшча)
Першае, што прыходзіць Лойку да галавы, - перадаць пояс у бліжэйшы музей, у Гудзевічы, знакамітаму настаўніку Алесю Белакозу. Але ў Менску, пасля размовы з сябрамі, узнікае іншая ідэя: не проста захаваць пояс для нашчадкаў, а даць яму, у пэўным сэнсе, новае жыццё.
Знаходкай зацікавіўся Музей Максіма Багдановіча. Пояс там набываюць за значную на той савецкі час - больш за тысячу рублёў, грошы, якія маглі вырашыць маладзёнам нямала побытавых праблем.
Аднак яны прымаюць іншае рашэнне - укласці іх у беларускую культуру.
Пояс пераўтварыўся не столькі ў грошы, колькі ў новы беларускі vibe.
Атрыманыя за слуцкі пояс сродкі перадаюць гурту “Мроя” - музыкам, якія першымі свядома пачалі граць беларускі рок. Гурт, у якім вядзе рэй будучы мастадонт музычнай сцэны Лявон Вольскі, неўзабаве возьме гран-пры менскага фэсту “Тры колеры”, а наведнікі гарадзенскага “Рок-кроку” аддадуць менавіта "мроеўцам" прыз глядацкіх сімпатый.
Ад моманту першага публічнага канцэрту ў лістападзе 1981 года і, фактычна, жа 1994 года "Мроя" выпусціць альбомы "Студыя БМ", "Дваццаць восьмая зорка", "Зрок", "Стары храм", "Біяполе".

Гурт "Мроя", Менск, 28 ліпеня 1988 года. Фота Уладзіміра Парфянка
Музыкі набываюць за перададзеныя Генікам Лойкам грошы ўласныя інструменты - рэчы, пра якія ў сярэдзіне 1980-х многія маглі толькі марыць.
Амаль праз дзесяць гадоў «Мроя» трансфармуецца ў NRM, які стане адным з галоўных сімвалаў беларускай рок-музыкі.
Так адбыўся своеасаблівы культурны трансфер: артэфакт XVIII стагоддзя, створаны ў асяроддзі шляхецкай культуры, праз дзвесце год паспрыяў развіццю новай музычнай формы нацыянальнага мастацтва.
Гэтая гісторыя - не толькі пра выпадковую знаходку. Яна пра пераемнасць. Пра тое, як рэчы з мінулага могуць не проста захоўвацца, але і дзейнічаць - уплываць, падтрымліваць, нараджаць новае.
І, магчыма, у гэтым і ёсць іх сапраўдная каштоўнасць.
Рэдакцыя