ШТОДЗЁННАЕ ЖЫЦЦЁ

больш артыкулаў

09-04-2026

Кіраваць вечна. Сакрэты дыеты Ягайл...

Ці вед...

прачытаць
02-04-2026

Ільвіная доля. Звярыныя забавы беларускіх уладароў

Выглядае на тое, што браты зацята пайшлі ў заклад. Ягайла ці Вітаўт, Кракаў ці Трокі, Карона ці ВКЛ. Хто першы, той лепшы. Займець ільва пры сваім двары. Забавы вялікіх. Ягайла быў спрытнейшы, але Вітаўт таксама меў чым здзівіць.

Уводзім на гуглмапс „via dei Leoni”, вуліца Ільвіная, Фларэнцыя - побач знакаміты Palazzo Vecchio, сэрца і сімвал моцы гэтага італійскага горада. Менавіта тут, на Ільвінай, знаходзілася вядомая на ўвесь свет фларэнтыйская зала ці “ферма ільвоў”. Гадаванцаў якой марылі мець магутнейшыя асобы еўрапейскага сярэднявечча.

Фларэнцыя ў тыя часы была галоўным дыстрыб’ютарам ільвоў у Еўропе. Драпежнікаў прывозілі сюды з Афрыкі праз парты Венецыянскай рэспублікі. Фларэнтыйскі ільвы тады былі не раўнуючы кітайскія панды сёння. Сімвал, інструмент дыпламатыі. Драпежнікі з Фларэнцыі сведчылі моц і веліч, заможнасць знакамітай сям’і Медзічы.

Узгадваецца, што яшчэ ў 1298 годзе на “ферме ільвоў” гадаваліся да 30 дарослых асобінаў, на якія прэтэндавалі магутныя на тыя часы гарадскія асяродкі Нідэрландаў, Бельгіі, Францыі, Італіі - Амстэрдам, Бруге, Брусэль, Луўр, Антвэрпен, Турын.

А на часы росквіту нашага Вялікага Княства Літоўскага трымаць пры сваіх дварах ільвоў была мода і ў меньшых ўзроўнем еўрапейскіх магнатаў.

У нашай беларуска-літоўскай дзяржаве экзатычных драпежнікаў трымалі здаўна. Служылі яны, галоўным чынам, каб дэманстраваць магутнасць, багацтва, прэстыж Гедымінавічаў.

Ільвы, але таксама і вярблюды, былі сімваламі ўлады, выклікалі павагу высокіх гасцей, але былі і нагодай для добрай забавы, падкрэсліваючы добры густ уладароў. Сімвалізавалі раскошу, якую маглі сабе дазволіць толькі самыя заможныя і магутныя. Усё гэта разам, веліч, сіла, густ, натуральна, перакладаліся на статус манарха. 


Леў на гербе Ліды. Адкрыты доступ

Відавочна, што сямейную традыцыю перанёс у Кракаў і Ягайла, пасля абрання каралём Польшчы. Ды і там яна была звычайнай справай яшчэ з часоў Мешкі І. Вядома, што пры Ягайле на Вавельскім замку быў вялікі звярынец. А ў рахунках каралеўскага скарбу за 1388-1420 гады занатаваны заробак адмысловаму даглядальніку жывёлаў у каралеўскім звярынцы.

Драпежнікаў манархі трымалі не толькі дзеля забавы, але таксама і дзеля харчовага свята на гасцінным стале. Калі ты ў тыя часы не меў пачаставаць гасцей стравамі з 6-7 гатункаў мяса - дык які ты князь ці кароль!

Але вернемся да імавернага закладу Ягайлы з Вітаўтам. У 1406 годзе месцічы Фларэнцыі даслалі ліст Ягайлу, з якога вынікае, што ліцвін на польскім троне ужо некалькі год імкнуўся здабыць у Заходняй Еўропе прыгожага ільва, вартага асобы караля. І звярнуўся па найлепшым адрасе, да тасканцаў, з прапановай стаць экслюзіўным пастаўніком на каралеўскі двор у Кракаў экзатычных драпежнікаў.
 

Фларэнтыйцы пастаўлялі ільвоў манаршым дварам усёй Еўропы, але Ягайлу доўгі час адмаўлялі. І ўсё ж Ягайла свайго дамогся.

Прычынай затрымкі былі, відаць, праявы экалагічнай і звералюбнай ідэалогіі. Ільвы любяць цяпло, а суворыя беларуска-польска-літоўскія зімы гэтаму не спрыялі.

І толькі пасля многіх “гарачых і пераканаўчых” просьбаў, а магчыма ў выніку змены пакалення фларэнтыйскіх чыноўнікаў, удалых дыпламатычных захадаў і, хутчэй за ўсё, добрай цаны, “адкату”, скажам  мы сёння, тасканцы згадзіліся прадаць Ягайлу ільвоў - самца і саміцу. Каб найяснейшы пан меў абодва полы дзеля размнажэння”.

Разам з драпежнікамі Ягайла атрымаў і інструкцыю: пільна сачыць за тым, каб звяроў трымалі ў цёплым месцы. Ягайла найперш адгарадзіў ільвам месца ў замку. Але вельмі хутка іх вывелі па-за замак, бо ўночы занадта рычэлі і не давалі спаць. Новае месца прытулку драпежнікаў, відавочна, стала Непаламіцкая пушча.

А што ж Вітаўт? Ён, шукаючы ільвоў, паставіў на крыжакоў. У тамтыя часы ўдзельнікі тэўтонскага ордэну таксама любілі экзатычных жывёлаў. Вялікія магістры, усе як адзін, не вылучаліся сціпласцю і выдаткоўвалі на экзотыку аграмадныя бюджэты. У Мальбарку трымалі статак малпаў, якія аднаго разу былі паўцякалі, улезлі ў замкавую каплічку і пабілі фігуркі святых.

У 1408 годзе вялікі магістр крыжакоў Ульрых фон Юндынген здабыў такі Вітаўту ільва, падарунак з гонарам даставілі ў Трокі. Падобна, крыжакі не спыняліся адзначаць, што такім падарункам падкрэсліваюць магутнасць і статус беларуска-літоўскага суседа.

Вітаўт у адказ, на знак падзякі, падарыў магістру на наступны год чатыры, рэдкіх ужо на той час, туры. А гісторыя захавала яшчэ звесткі і пра верблюдаў, якія трапілі на беларуска-літоўскія землі таксама з ласкі вялікага магістра тэўтонаў.


Пушчанскі тур. Імаверны аўтар Ioannem Oporinum, Bazylea. Зборы Biblioteka Narodowa w Warszawie

Дыпламат з Фландрыі Жыльбер дэ Ланаа, які ў 1413-1414 гадах наведаў Вялікая Княства па  просьбе бургундскага герцага, быў зачараваны звярынцам, які Вітаўт заснаваў Троках.

Уразілі яго разнастайныя дзікія жывёлы, драпежнікі, зубры, мулы. Вядома, што ў Гародні Вітаўт трымаў малпаў. Адна з іх, уратавала князя з сям’ёй ад смерці ў пажары.


Малпы вачыма ілюстратараў Сярэднявечча . Бестыярый з Рэдфорд. Зборы Morgan Library


Малпа спачатку далікатна дакраналася да гаспадара, але ўбачыўшы, што полымя ўжо блізка, узялася бесцырымонна трэсці Вітаўта і выліла яму на галаву некалькі балеяў вады”. Так уявіў гэтую гісторыю Уладзімір Арлоў.


Мода на экзатычных драпежнікаў на стагоддзі захавалася ў нашых князёў у каралеў. Прычым не мела значэння дзе і з якіх гарадоў і паселішчаў яны найбольш любілі кіраваць дзяржавай і бавіць час. 

Ягайла ў 1413 годзе прывёз з вянгерскай Буды трох вярблюдаў, якіх ласкава падараваў яму хан Залатой Арды, чым меў засведчыць поўную і ўсебаковую падтрымку.

Праз 20 год аднаго з гэтых вярблюдаў Ягайла падарыць чэшскім гусітам, якія цягалі жывёліну з ваенныя паходы. І дайшло да таго, што аднойчы, адбіваючыся ад гусіцкай аблогі жыхары Пльзеня захапілі вярблюда ў палон. Што дарэчы адлюстравана ў сённяшнім гербе гэтага горада.

 

Выява вярблюда, падоранага Ягайлам, замацавана ў гарадскім гербе Пльзеня. Адкрыты доступ

Традыцыя гадаваць ільвы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай пратрывала стагоддзі. Вядома, што ільвоў трымалі Жыгімонт Стары і Жыгімонт Аўгуст. Апошні, які быў таксама і апошнім з Ягелонавічаў, трымаў не толькі ільвоў, але і іншых “замежных звяроў”.

А выязджаючы ў Беларусь, пакідаў даглядаць за ўлюбёнай ільвіцай не абы каго, а свайго асабістага дарадцу. А пазней і наогул загадаў пераправіць яе ў Вялікае Княства, дзе праводзіў усё больш і больш часу.

У Вільні Жыгімонт ІІ Аўгуст заснаваў звярынец, дзе гадаваліся ільвы, мядзведзі, вярблюды, папугаі ды розныя іншыя экзатычныя птушкі. Пра ўзровень княска-каралеўскага заапарка можа сведчыць адна з пасадаў, якая існавала за часоў Жыгімонта Аўгуста"майстар па дрэсіроўцы львоў на замку". Ім быў нехта Бернард, які прыбыў у Вільню ў 1546 годзе разам з ільвом. 


Два грыфы трымаюць "Пагоню" на Вострай Браме ў Вільні, сталіцы сярэднявечнай беларуска-літоўскай дзяржавы. Грыф, гібрыд ільва і арла, сімвалізуе магутнасць, сілу, адвагу, мудрасць, незалежнасць, вытрываласць у барацьбе дабра са злом. Фота Wikimedia Commons

А Бона Сфорца, маці Жыгімонта Аўгуста, трымала ў Кракаве пташнік з экзатычнымі птушкамі і рознага віду папугамі. А бацька – Жыгімонт Стары ў 1510 годзе запрасіў італійца Якуба займацца гадаваннем і харчаваннем леапарда. Вядомыя выдаткі каралеўскага скарбу і на такія пазіцыі як, напрыклад, пабудова буды для мядзведзяў, альбо ўтрыманне сям’і рысяў.

З Жыгімонтам Аўгустам звязана адна цікавая заалагічная гісторыя. Маючы 14 год ён папрасіў сваіх бацькоў, Жыгімонта Старога і Бону Сфорцу, паспрыяць, каб з каралеўскім запаснікоў яму выдалі рог аднарога. Хацеў трымаць яго ў сваім пакоі, бо паводле тагачаснай традыцыі рог аднарога прыносіў шчасце. 

Праблема толькі ў тым, што аднарогаў не існуе ў прыродзе, гэта міфічныя істоты. Але ў той Еўропе ў такія рэчы верылі, дакладней кажучы, верылі ў іх містычную сілу. І Жыгімонт-сын атрымаў свой рог, але, па ўсім відаць, гэты быў зуб кіта-нарвала. У нашыя скарбы ён трапіў, найверагодней за ўсё з Грэнландыі альбо з Белага мора.

Кілім "Спадарыня з аднарогам". Зборы парыжскага Musée National du Moyen Âge

У пэўным моманце ўтрымліваць звярынец было цяжкавата нават кантралюючы каралеўскі скарб. Невядома пры якіх дакладна абставінах прымалася гэтае рашэнне, але вялікі князь і кароль Жыгімонт Стары абавязаў габрэйскую супольнасць Кракава аплочваць утрыманне замежных звяроў. А догляд кожнага драпежніка каштаваў нічога сабе  - амаль 4300 сённяшніх еўра штогод.

Вядома, што некалькіх ільвоў трымаў пры двары і  Стэфан Баторы. Але актыўны ўдзел у войнах супраць маскоўскіх суседзяў, і не менш актыўны ўдзел у паляваннях, пераважна пад Гародняй, забіралі ўвесь яго каралеўскі час. Яму было не надта да экзотыкі.

Дарэчы ў сучасніка і суперніка Баторыя - маскоўскага сатрапа Івана Жахлівага пры двары ў Маскве пры канцы 1550-х жыў слон, прысланы праўдападобна персамі. Іранскі шах падараваў слана разам з апекуном. Слана ахвотна паказвалі жыхарам тагачаснай Масквы, але толькі кароткі час. Пасля слана і даглядчыка абвінавацілі ў распаўсюдзе чумы і выслалі падалей ад сталіцы.

Вядома што сланоў досыць часта прывозілі з Азіі і ў Рэч Паспалітую. Дзеля цікавінкі, здзівіць шаноўных гасцей на магнацкіх вяселлях. Вясельныя ды івэнт-агенцтвы існавалі ўжо і ў тыя часы.

Не да экзатычных жывёлаў было і ў багатым на войны 17 стагоддзі. І ўсё ж кароль нашай Рэчы Паспалітай Ян Сабескі здолеў здзівіць дзяржаву верблюдам, якога прывёў дадому пасля чарговай перамогі над туркамі.

Цікава, што і мы мелі тое-сёе, што ў Заходняй Еўропе лічылася экзотыкай.

Беларускія бабры! Хвост бабра лічыўся смакалыкам, дэлікатэсам, да таго ж посным, крыху нагадваў смакам вэнджаную рыбу і падаваўся з шафранавым соўсам. 

Ба! Баброў у сярэднявеччы адносілі да рыб, і дзякуючы гэтаму можна было абыйсці суворыя абмежаванні рэлігійнага посту. Дарэчы, ахова баброў і бабровых хатак была акрэслена яшчэ ў І Статуце ВКЛ. І ўсё ж ганітва за экспартам прывяла, на жаль, да таго, што на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай бабры амаль зніклі.

У сярэднявеччы, дзякуючы хвастам, баброў залічвалі да рыбаў. З Livre des simples médecines, каля 1480 года. Адкрыты доступ

XVIII стагоддзе гэта ўжо быў час для фантазіі і шаленства не столькі каралеўскага, колькі магнацкага. І тут мы маем сваіх селебрыты – нясвіжскіх Радзівілаў, якія трымалі аграмадныя багатыя звярынцы. Узгадаць хаця б унікальных белых арлоў-альбіносаў, якія паходзілі з украінскай Вінніччыны.

Аднаго разу з візітам у Нясвіж прыбыў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Можна ўявіць ягонае здзіўленне калі да замку пад’ехала карэта, якую цягнулі не коні, а васьмёра мядзьведзяў, і вупраж зіхацела жоўтым шоўкам. Больш таго, да вазака, які кіраваў карэтай, прытуліўся дзевяты мядзведзік, апрануты ў шляхецкі жупан.

Караль Радзівіл, нібы нічога ніякага, запрасіў Панятоўскага сесці, і яны разам рушылі экстравагантнай карэтай у кірунку Гарадзеі. Радзівілы ўмелі зрабіць уражанне, гэта праўда.

Іншым разам у Нясвіжы, Радзівіл мог сустрэць Панятоўскага васьмёркай коней, вупраж якіх была аздоблена брыліянтамі, вартымі амаль 15 мільёнаў сённяшніх EUR. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

А ўласна Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і сам, як найбольш, адпавядаў гэтаму XVIII-му стагоддзю, знанаму з вытанчанасці, пышнасці і раскошы. Неяк наведваючы Неапаль, кароль прывёз адтуль у каралеўскія Лазенкі трох афрыканскіх страўсаў.

А яго эксцэнтрычны вядомы брат Казімір, вырошчваў у Варшаве ананасы, а пазней набыў на Мадагаскары некалькі малпаў, пасяліў у сталіцы Рэчы Паспалітай, але ў выніку істоткі не паранеслі варшаўскі клімат.

Бюджэт Рэчы Паспалітай, моцна абмежаваны ў тым ліку і агрэсіўнымі дзеяннямі Расіі, не дазваляў каралю бавіцца ў экзотыку. Утрыманне звярынца ў Лазенках патрабавала вялікіх выдаткаў. Колькасць гадаванцаў рэзка скарацілі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай.

У верасні 1794 года ў спісе заставаліся пераважна птушкі: 48 ланяў, 140 фазанаў (16 кітайскіх, 37 індыйскіх і 87 чэшскіх; з гэтых 140 фазанаў 20 прызначалася на каралеўскі стол), 24 белых павы, 42 павы звычайныя, 12 цэсарак, 10 гусяў індыйскіх, 16 індычак, 1 індык белы і 2 буслы.

А ўласна Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітай, пасля паразы паўстання Касцюшкі, быў змушаны расейцамі да пераезду ў Гародню. Дзе амаль два гады ад 1795 да 1797 года жыў фактычна пад хатнім арыштам. Настрой яму ўздымаў шпіц, які адгукаўся на турэцкае імя Köpek.

Рэдакцыя


Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыялы:

Karol Łukaszewicz  Ogrody zoologiczne. Wczoraj, dziś, jutro 

Skowroński P, Sosin E. Nie tylko Strusie. Zwierzęta Łazienek Królewskich czasów Stanisława Augusta. Studia Wilanowskie.