ХІХ СТАГОДДЗЕ
Забраць маёмасць у беларусаў. Схема Кацярыны ІІ
Канфіскацыя маёмасці палітычных апанентаў, продаж дамоў і кватэр ужо даўно сталі сістэмным спосабам палітычнага ціску ў Беларусі. Гэты механізм не ноу-хау, ён мае значна даўжэйшую гісторыю. Амаль 230 гадоў таму, каб задушыць у Беларусі незалежніцкае паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, расейская акупацыйная адміністрацыя стварыла на беларускіх землях разгалінаваную сістэму адбірання маёмасці.

Расейская імператрыца Кацярына ІІ дзейнічала аператыўна. Паўстанцы толькі вызвалілі ад акупацыі Вільню, а ўжо 19 і 22 красавіка 1794 года яна падпісала два ўказы на імя менскага генерал-губернатара Цімафея Туталміна і камандуючага расейскімі акупацыйнымі войскамі на беларускіх землях Мікалая Рапніна.
Афіцыйны Пецярбург слаба ўяўляў сапраўдны стан справаў на нядаўна захопленых беларускіх землях. У Расеі вельмі баяліся, што паўстанне перарасце ў агульнанародны выступ і пачне ахопліваць новыя тэрыторыі. Таму Кацярына ўказамі патрабавала ад сваіх намеснікаў «вышукваць любыя сродкі» для памяншэння колькасці паўстанцаў, жорстка караць «закасцянелых злачынцаў», але адначасова і шчодра ўзнагароджваць тых, хто заставаўся верным расейскай уладзе.
Адным з галоўных інструментаў гэтай палітыкі павінна была стаць маёмасць.Указамі загадвалася неадкладна перадаваць у расейскае кіраванне зямельныя ўладанні ўсіх, хто ўдзельнічаў у паўстанні або нават толькі падазраваўся ў падтрымцы інсургентаў. У афіцыйных дакументах гэта называлася секвестрам - часовай канфіскацыяй маёмасці і перадачай яе пад кантроль кіраванне дзяржаўных органаў. То бок, своеасаблівы арышт маёмасці, кажучы сучаснай працэсуальнай мовай. Канфіскацыя часовая, але на практыцы многія беларускія маёнткі сваіх гаспадароў ужо ніколі не ўбачылі.
Беларусь падпадала пад асаблівы рэжым. Расейскім войскам загадвалася займаць маёнткі паўстанцаў адразу, разам з акупацыяй тэрыторыі. Забіраць загадвалася ўсё ў кожнага, хто, як пазначалася ва ўказе, «...выкрыецца яўна, альбо ў змове даказаны будзе...».
Пра гэта добра сведчаць інструкцыі расейскага генерала Рапніна расейскаму генералу Ота Дэрфельдэну. Там літаральна па пунктах распісана, што рабіць з маёнткамі наваградскага ваяводы і праўстаўніка Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Літоўскага Язэпа Несялоўскага і аднаго з Тызенгаўзаў.
Збожжа забраць і аддаць на забеспячэнне войска, знойдзеныя грошы - ідуць на закупку правіянту і фуражу, быдла і авечкі - на харчаванне салдат, сена – палкавым коням, а забраных коней - прадаць у Нясвіжы.
Шляхецкія маёнткі на беларускіх землях ператвараліся ў склады, гаспадарчыя двары і фінансавую базу акупацыйнай арміі.
У «часовае» расейскае кіраванне пераходзілі мануфактуры, млыны, гарадскія дамы і іншыя гаспадарчыя аб'екты. Яшчэ ў красавіку 1794 года Савет пры імператарскім расейскім двары пастанавіў накіроўваць даходы з забраных маёнткаў на кампенсацыю ваенных выдаткаў.
Іншымі словамі, беларуская шляхта павінна была не толькі пагадзіцца з акупацыяй беларускай зямлі, але і ўтрымліваць войска, якое гэтую зямлю акупавала.
Асаблівасцю было і тое, што забіралі маёмасць не чыноўнікі цывільнай адміністрацыі, а вайсковыя падраздзяленні. У значнай ступені, гэта было для расейцаў вымушаным рашэннем: на толькі што акупаваных беларускіх землях расійская адміністрацыя яшчэ не паспела замацавацца. Імператарскія ўказы дазвалялі генералу Рапніну рабіць з маёмасцю паўстанцаў «ўсё тое, што казне карысным будзе», кожны «карысны» маёнтак адразу трапляў пад кантроль арміі.
Як прызнаваў расейскі кіраўнік створанай Мінскай губерні генерал-губернатар Цімафей Туталмін:
Без увядзення вайсковых каманд секвестр маёнткаў будзе толькі марнай дэкларацыяй.
Удзел войска вельмі часта заканчваўся поўным гаспадарчым спусташэннем маёнткаў. У вайсковым сэнсе такое рашэнне каштавала Расіі. На адбіранне маёмасці даводзілася адрываць вайсковыя часткі ад баявых дзеянняў, хаця іх востра не хапала на фронце.
Адначасна секвестр рабіўся інструментам застрашэння і прымусу. Логіка расейскай адміністрацыі была відавочнай - пагроза страціць зямлю, дом і даходы павінна была прымусіць беларусаў адмовіцца ад падтрымкі паўстання і пратэстаў.
Пра гэта красамоўна сведчаць адозвы расейскага камандавання. Уступаючы на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, генерал Мікалай Рапнін папярэджваў мясцовае насельніцтва, што за невыкананне паставак для расійскай арміі буду «апісваць маёмасць і забіраць усё».
Іншы расейскі генерал Багдан Кнорынг загадваў распаўсюджваць улёткі з патрабаваннем да паўстанцаў вярнуцца дадому, пагражаючы ў адваротным выпадку не толькі вайсковай сілай, але і канфіскацыяй маёмасці.
Чытаць: Падпольны горад, які рыхтаваў новую Рэч Паспалітую
Сам Кнорынг актыўна праводзіў палітыку канфіскацыі. Ён забраў, між іншым, віленскую маёмасць кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага і маёмасць падкаморыя Вялікага Княства Літоўскага Фелікса Каменскага ў Лідскім павеце. Пасля канчатковага падаўлення паўстання расейскі князь Павал Цыцыянаў ужо адкрыта папярэджваў жыхароў Гродна: любая новая змова або супраціў скончацца секвестрам усёй маёмасці.

Сумнавядомы ўльтыматум расейскага ваеначальніка Цыцыянава гарадзенцам. Публічны доступ
Пад удар траплялі нават тыя, хто не ўдзельнічаў у паўстанні. Секвестр накладалі на маёнткі людзей, якія ў час паўстання знаходзіліся за межамі Беларусі. Дастаткова было, каб улады ведалі пра іх знаходжанне на польскіх землях Рэчы Паспалітай або падазравалі ў сувязях з паўстанцамі. Так толькі на Полаччыне пад расейскае кіраванне было перададзена больш за 30 тысяч сялян.
Канфіскацыя стала мовай, на якой расейскі царызм пачаў размаўляць з беларускім грамадствам.
Кожны новы апісаны маёнтак павінен быў пераконваць уладальніка і ўсіх навокал: будзеш супраціўляцца імперыі, страціш усё, што маеш.
І яшчэ адну важную ролю, якую Пецярбург вызначыў канфіскацыі і Кацярына ІІ гэтага нават не хавала. У тых самых красавіцкіх указах 1794 года, дзе загадвала жорстка караць «закасцянелых злачынцаў», яна патрабавала ад сваіх намеснікаў адначасова «падбадзёрваць і падтрымліваць добранадзейных», «узнагароджваць шчодра» і «прывязваць іх да расійскага кіравання ўласнай іх выгодаю».
Просты і вельмі дзейсны хцівы прынцып. У адных забіраем - каму трэба аддаем. Своесаблівы перадзел маёмасці. Палітычная лаяльнасць адорвалася падарункамі. Тым больш расейскай дзяржаве такая шчодрасць абыходзілася амаль дармова - раздаваліся, альбо прадаваліся праз аўкцыён, чужыя, нерасейскія, землі.

Першым крокам да статуса "дабранадзейны" была прысяга лаяльнасці: да паўстання Касцюшкі далучацца не буду, дапамагаць не буду, перамяшчэнне войск Расеі здраджваць не буду, сваіх здаваць буду, вернасць Найяснейшай Імператаравай Усёй Расеі і паслухмянасць абяцаю. І няхай дапаможа мне ў гэтым Бог. Публічная дамена
Секвестраваныя беларускія маёнткі амаль адразу ў Расеі сталі разглядаць як своеасаблівы зямельны фонд імперыі. Пакуль на беларускіх землях яшчэ трывала паўстанне Касцюшкі, у Санкт-Пецярбургу ўжо абмяркоўвалі, каму дастануцца канфіскаваныя ўладанні. І ахвотных, скажам адразу, было нямала.
Фактычны кіраўнік тагачаснай замежнай палітыкі Расеі, актыўны апалагет знішчэння беларуска-польска-літоўскай Рэчы Паспалітай, Аляксандр Безбародка ў адным з лістоў нават не спрабаваў хаваць сваіх мэтаў:
«Адзіны мой цяпер клопат - каб атрымаць (беларускія. - рэд.) вёскі». Што праўда, доўга не пакарыстаўся, памёр у 1799 годзе.
У Пецярбургу ішла рэальная барацьба за забраныя беларускія маёнткі. Будучыя ўладальнікі ўпрошвалі імператрыцу, шукалі лабістаў пры двары, імкнуліся атрымаць найбольш багатыя ўладанні.
Той жа Аляксандр Безбародка “па-сяброўску” прасіў «выбраць яму тысячы 3- 4 душ, каб яны былі значныя, а не кепскія, не далёкія…».
А расейскі фельдмаршал Пётр Румянцаў-Задунайскі выпрасіў сабе Пружанскі ключ Брэсцкай эканоміі. Але гэтага яму было мала. У перапісцы з Мікалаем Рапніным ён настойліва дамагаўся, каб да яго ўладанняў далучылі яшчэ і частку Белавежскай пушчы. Дзе, як ён пісаў, вадзіліся незвычайныя для Расіі «дзікія каровы». Настойлівасць была ўзнагароджана: разам з кавалкам брэсцкага лесу новы гаспадар атрымаў і тэрыторыю, дзе жылі зубры.
За няпоўныя два гады, з 1794 да 1796, працэс перадзелу маёмасці ў Беларусі набыў беспрэцэдэнтны размах. Толькі ў Мінскай губерні зямельнымі ўладаннямі былі ўзнагароджаны 42 расейскія падданыя, якія атрымалі больш за 38 тысяч сялянскіх душ. Найбуйнейшая аднамомантная «раздача» беларускай зямлі і сялян адбылася 18 жніўня 1795 года, калі семдзесят прадстаўнікоў расійскага істэблішманту падзялілі паміж сабой каля 104 тысяч беларускіх сялян. Гэта быў падарунак імператрыцы коштам канфіскаванай беларускай маёмасці.
У жніўні 1795 года “па новых чатырох губернях, Брацлаўскай, Менскай, Валынскай і Падольскай, амаль ужо не засталося нічога для раздачы”.
Разам са зменай уладальнікаў змянялася і сама сістэма і прынцыпы ўлады. Месца беларускай, польскай, літоўскай шляхты займалі людзі, чые багацце, кар'ера і ўплыў былі непарыўна звязаныя з расійскім імператарскім дваром.
Імперыя вельмі хутка зразумела, што забраны маёнтак можна выкарыстаць двойчы - яго ж можна не толькі забраць, але і вярнуць. Вяртанне секвестраваных уладанняў станавілася ўзнагародай за лаяльнасць. Адныя беларускія землеўладальнікі даказвалі сваю «невінаватасць», другія дэманстравалі адданасць новай уладзе, трэція шукалі падтрымкі пры расейскім двары. Ужо з канца 1794 года пачаўся працэс вяртання часткі раней секвестраваных маёнткаў.
Канфіскацыя маёмасці апынулася адным з самых дзейсных інструментаў імперскай палітыкі. Яна дазваляла не толькі пакараць палітычных праціўнікаў, пазбавіць іх эканамічнай незалежнасці, але і ўзнагародзіць сваіх прыхільнікаў і прымусіць астатніх зрабіць патрэбны выбар. Гэты механізм аказаўся надзвычай жывучым. Ён перажыў і Кацярыну ІІ, і Расійскую імперыю і Савецкі Саюз.
Рэдакцыя