БЕЛАРУСЬ ХІХ СТАГОДДЗЕ

больш артыкулаў

06-08-2026

Забраць маёмасць у беларусаў. Схема...

Амаль...

прачытаць
09-07-2026

Прыдарожная краіна. Якой трапіла Бе...

У ХІХ...

прачытаць
02-07-2026

Падпольны беларускі горад, які рыхт...

Абсяг...

прачытаць
26-03-0206

Хуткая помста. Дзёрзкасць гарадзенц...

У Пеця...

прачытаць
09-11-2026

Ад студэнцкай справы да турмы ў 59 гадоў. Як Расейская імперыя нішчыла жыццё Напалеона Орды

 

Наш знакаміты мастак Напалеон Орда амаль 25 гадоў пражыў у вымушанай палітычнай эміграцыі. І ўвесь гэты час расейскія ўлады спрабавалі забраць яго маёнтак Варацэвічы: накладалі арышт, уводзілі абмежаванні, патрабавалі выплат. А маці мастака за перапіску з сынам да самай смерці заставалася пад наглядам паліцыі.

Напалеон Орда з’явіўся на свет 11 лютага 1807 года ў сям'і Міхала і Юзафіны ў Варацэвічах, тады ў Кобрыньскім павеце Гарадзенскай губерні,  цяпер у Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці Беларусі. Акрамя яго ў сям’і было яшчэ і чатыры дачкі: старэйшыя Юзэфа, Ганна, Эмілія і малодшая Гартэнзія. У 1809 годзе галава сям’і Міхал памёр, і ўвесь цяжар па выхаванню дзяцей лёг на плечы маці.

 

Варацэвічы Напалеона Орды ў 1875 годзе. Публічная дамена

Першую палітычную крымінальную справу супраць Напалеона Орды завялі яшчэ ў 1826 годзе. Але ўвагу царскіх следчых ён прыцягваў і раней. Прозвішча Орды стаяла пад нумарам два ў спісе палітычна падазроных навучэнцаў Свіслацкай гімназіі. Прычынай стала дзейнасць таемнай арганізацыі «Заране». Але на той момант Напалеон ужо скончыў гімназію і працягваў навучанне ў Віленскім універсітэце.

 

Якраз у гэты час расейскія ўлады грамілі ў Вільні таемныя студэнцкія таварыствы. Былі арыштаваныя Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Ян Чачот. 30 жніўня 1826 года арыштавалі ў родных Варацэвічах пад Кобрынем і Напалеона Орду. У маёнтку правялі ператрус, забралі непадцэнзурныя выданні і перапіску. Праз тры дні Орду пад вартай этапавалі ў Вільню і там кінулі за краты.

 

Пад арыштам будучы беларускі мастак правёў больш за год. Усе спробы сям'і дамагчыся вызвалення сына не мелі поспеху. І ўсё ж у той раз праблемы вырашыліся больш-менш па-вегетарыянску. Многіх паплечнікаў Орды асудзілі да службы ў расейскай арміі, а Напалеону дазволілі вярнуцца ў Варацэвічы, дзе перадалі пад паліцэйскі нагляд. Сям'ю яшчэ прымусілі кампенсаваць імперыі выдаткі на арышт, дастаўку і ўтрыманне Орды пад следствам. Пецярбург выставіў Ордам рахунак на 99 рублёў 63 капейкі срэбрам і 364 рублі асігнацыямі.

Пад наглядам расейскай паліцыі ў Кобрыні Напалеон Орда будзе знаходзіцца са снежня 1827-га да траўня 1829 года. Яму забаранілі пакідаць Варацэвічы і ўладкоўвацца на цывільную і вайсковую службу. Для гэтага патрабаваўся спецыяльны дазвол Канстанціна Паўлавіча - генерал-губернатара Польскага Каралеўства.

 

Паўстанне супраць Расеі, якое пачалося ў 1830 годзе, адказны і сумленны грамадзянін Напалеон Орда прапусціць не мог. Але пасля яго здушэння, як і тысячы іншых паўстанцаў, быў вымушаны пакінуць радзіму, каб пазбегнуць расейскіх рэпрэсій. Эміграцыя не ўратавала яго ад пераследу.

 

Царскія ўлады абвінавацілі Орду ў тым, што ён з'ехаў за мяжу без афіцыйнага дазволу. І пастановай ад 9 лістапада 1832 года Напалеона Орду аднеслі да другой катэгорыі «злачынцаў». Гэта азначала, што, калі Орду ўдасца завабіць у імперыю і арыштаваць, яго аддадуць пад ваенна-палявы суд і, найверагодней, адправяць у расейскую армію або сашлюць у Сібір.

 

Палац Тышкевічаў у Лагойску. 1877 год. Публічная дамена.

Орда здолеў дабрацца да Швайцарыі, а адтуль у верасні 1833 года з пашпартам на чужое імя трапіў у Парыж. У французскай сталіцы Орда ўдасканальваецца як музыка, робіць першыя крокі як кампазітар, і асвойвае таямніцы выяўленчага мастацтва. У 1843 годзе бярэ шлюб з францужанкай Ірынай Бугле.

Тым часам на радзіме расейскія ўлады рэалізуюць план па адабранні маёнтка ў Варацэвічах. Паводле царскага ўказа ад 17 ліпеня 1831 года, маёмасць асоб, аднесеных да першай і другой катэгорый «віны», падлягала канфіскацыі. Напалеон Орда, як памятаем, належаў да другой катэгорыі.

 

Працэс адабрання Варацэвічаў на карысць расейскага скарбу зацягнуўся на некалькі дзесяцігоддзяў. Справа ў тым, што маці мастака, Юзафіна Орда, прад'явіла шлюбны кантракт, пра які расейскія ўлады не ведалі, і дзе было зафіксавана яе права на пажыццёвае валоданне маёнткам. Расейскі Сенат быў вымушаны прызнаць за Юзафінай Ордай гэтае права.

 

Але ўлады ствараюць Юзафіне максімальныя цяжкасці: маёмасць нельга было прадаваць, дарыць, закладаць - прасцей кажучы, праводзіць з ёй любыя маёмасныя аперацыі. Маці Напалеона Орды абавязалі нават даць адмысловую распіску, што яна захавае маёнтак цэлым і не парушыць інтарэсаў расейскай дзяржавы. Дадаткова ўлады апісалі ўсю маёмасць Ордаў.

Маці мастака, як львіца, змагалася за маёмасныя правы сям'і. Яна спаслалася на нормы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года і дамаглася рашэння аб вяртанні чвэрці канфіскаванай маёмасці. У нашым Статуце была норма, якая абараняла правы малалетніх дзяцей у выпадку смерці аднаго з бацькоў. А сёстрам Напалеона на момант смерці бацькі не споўнілася яшчэ і дзесяці гадоў. Унікальнасць гэтага рашэння заключалася ў тым, што расейская прававая сістэма не мела падобных нормаў. Пры гэтым рашэнне засталося ў сіле нават пасля таго, як у 1840 годзе дзеянне Статута ВКЛ на тэрыторыі Беларусі было гвалтоўна спынена.

_____________________

Статут ВКЛ пісаў гішпанец?! Oh, madre mía! - чытаць

___________________________

Расейскія ўлады не адмовіліся ад ідэі забраць Варацэвічы ў Ордаў і ў 1838 годзе зрабілі яшчэ адну спробу. Штуршком стала новая палітычная справа супраць сям'і.

 

Справа ў тым, што родную сястру Напалеона, Юзафату Платніцкую, абвінавацілі ва ўдзеле ў таемнай незалежніцкай арганізацыі Сымона Канарскага. У ліпені 1838 года Юзафату арыштавалі ў Варацэвічах, і расейцы скарысталі гэту магчымасць, каб ізноў улезці ў маёнтак і правесці ператрус. Сястра Напалеона Орды правяла пад следствам у Вільні пяць месяцаў, і ўсё ж сям'я дамаглася яе вызвалення.

 

А вось стрыечнага брата Напалеона і Юзафаты, Людвіка Орду, па той самай справе ваенна-палявы суд прысудзіў да смяротнага пакарання. Пазней прысуд замянілі высылкай у Сібір. 

 

Чашнікі Напалеона Орды. 1876 год . Публічная дамена.

 

Парэшткі замка ў Геранёнах. Малюнак Напалеона Орды. Публічная дамена

Увесь гэты час, нагадаем, Напалеон Орда жыве ў эміграцыі ў Францыі, але царскія ўлады не пакідаюць у спакоі ні яго, ні ягоную сям'ю, ні маёмасць Ордаў.

Удзельнікаў паўстання, якія эмігравалі за мяжу, улады працягваюць лічыць «злачынцамі». Сваякам забараняюць любыя кантакты з эмігрантамі. Яшчэ ў 1834 годзе ўладам стала вядома, што Напалеон Орда перапісваецца са сваёй сям'ёй. І маці мастака паставяць пад паліцэйскі нагляд, яна будзе пад ім да апошніх сваіх дзён.

 

Толькі пасля смерці Мікалая І ў 1855 годзе ў Напалеона Орды з'явіўся шанец вярнуцца ў Беларусь да сям'і. У тым жа 1855 годзе маці Юзафіна Орда звярнулася да царскіх уладаў з просьбай дазволіць сыну вярнуцца з-за мяжы. Ёй адмовілі. Але ўжо ў чэрвені 1856 года з'явіўся ўказ новага расейскага імператара Аляксандра ІІ, які дазваляў вяртанне асобам з заходніх губерняў імперыі, «якія да гэтага часу застаюцца за мяжой».

 

На гэты раз ініцыятыву праявіў сам Напалеон Орда. У верасні 1856 года ён падаў прашэнне аб дазволе вярнуцца на радзіму, атрымаў згоду і ў тым жа годзе праз Варшаву прыехаў у Варацэвічы. 11 студзеня 1857 года ён прынёс прысягу на вернасць Расейскай імперыі. Такой была ўмова вяртання.

Але вяртанне на радзіму не азначала, што царскія ўлады забыліся пра палітычнае мінулае Напалеона Орды. Ды і самі Варацэвічы, у якіх ён нарадзіўся і вырас, яму ўжо не належалі. Пакуль была жывая маці, за ёй яшчэ захоўвалася права пажыццёва валодаць маёнткам. Але 26 студзеня 1859 года яна памерла. Разам з яе смерцю скончылася і дзеянне гэтага права. Варацэвічы канчаткова перайшлі ў расейскі скарб. Ордам не дазволілі нават сабраць ураджай, які выспеў на палях у тым годзе.

_____________________

Забраць маёмасць у беларусаў. Схема Кацярыны ІІ

___________________________

Напалеон Орда, здавалася б, знайшоў спосаб застацца ў родных мясцінах. Ён дамогся перадачы Варацэвічаў у арэнду і ўзяўся за гаспадарку. Закупіў малацілкі, якія сам удасканаліў, іншы сельскагаспадарчы інвентар, тысячу гішпанскіх авечак і больш за 600 галоў быдла. Прыбытковасць маёнтка вырасла на 30 %.

Але ў 1863 годзе пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага, і Напалеон Орда зноў апынуўся пад падазрэннем.

 

З вядомых нам дакументаў не вынікае, што Напалеон Орда браў які-небудзь удзел у паўстанні. Але вядома, што ўвесну 1863 года чацвёра сялян з Варацэвічаў далучыліся да паўстання. А ў 1864 годзе паўстанец Чарніцкі на следстве заявіў, што пэўны час хаваўся ад пераследу на ферме Напалеона Орды. І гэта было ўжо сур'ёзна: Ордзе пагражала высылка ў Сібір. Абвінавачванне ўдалося зняць, адкупіўшыся 200 рублямі.

 

Але махавік рэпрэсій запусцілі ізноў у 1866 годзе, менавіта тады следчым стаў вядомы факт далучэння сялян Орды да паўстання. 26 лютага 1866 года ў Варацэвічах правялі чарговы ператрус: знайшлі парахаўніцу з порахам, паперы «антырасейскага характару» і асабістую перапіску Орды, датаваную 1863 годам, а таксама блаславенне на ўдзел у паўстанні, якое Орда даў свайму сыну Вітольду.

 

Напалеон Орда (1807-1883). Публічная дамена.

59-гадовага Орду арыштоўваюць і змяшчаюць у турэмны замак у Кобрыні, а пасля этапуюць у Гродзенскую турму, дзе трымаюць да ваенна-палявога суда, які пачнецца 10 снежня 1866 года.

Адначасова ўлады забіраюць маёмасць Орды. Падстава: «з прычыны пастаянных падазрэнняў удзелу спадара Орды ў палітычных беспарадках». Да паліітычнага пераследу "навесяць" яшчэ і эканамічны артыкул. Напалеона Орду трымаюць пад арыштам, натуральна, ён не можа аплочваць рахункі і яго абвінавацяць у невыплаце арэнднай платы за ферму. 

У справу ўмяшаецца французскі пасол у Расейскай імперыі - усё ж такі Орда пражыў у Францыі амаль 25 гадоў. Расейскі суд здыме з беларускага мастака абвінавачванне ў тым, што ён дазволіў сыну далучыцца да паўстання. Але заменіць іншым -  нібыта дазволіў сыну ўступіць у шэрагі французскай арміі без згоды расейскага ўрада. Абвінавачванне было прыцягнута за вушы - Вітольд Орда нарадзіўся ў Францыі і быў грамадзянінам гэтай дзяржавы.

 

Сведкі таксама пачалі адмаўляцца ад сваіх паказанняў супраць Орды. І ўсё ж расейскі суд прызнаў Орду вінаватым у захоўванні пораху, антыўрадавых сачыненняў, дазволе сыну пайсці на французскую ваенную службу, а таксама ў слабым кантроле за слугамі. Орду аднеслі да чацвёртай катэгорыі «злачынцаў», якіх належала выслаць у аддаленыя губерні імперыі. 

 

Вядома, што фінальна лёс Напалеона Орды вырашыўся ў неафіцыйным парадку, падчас асабістай сустрэчы гарадзенскага губернатара з віленскім генерал-губернатарам. Якая гульня адбылася за зачыненымі дзвярыма нам невядома, але 30 траўня 1867 года Напалеона Орду вызваляць з расейскай турмы. За кратамі ён правёў больш за год. І ў Варацэвічы ён вернецца толькі для таго, каб забраць свае рэчы. Маёнтак забярэ расейская дзяржава.

Рэдакцыя