ГІСТАРЫЧНЫЯ МІФЫ І ПРАПАГАНДА

больш артыкулаў

12-03-2026

Смажаныя каштаны. Рашэнні, якія адкрылі дарогу вайне

Пакт Молатава-Рыбентропа альбо «Дагавор аб ненападзе...» паміж нацысцкай Германіяй і сталінскім СССР – адзін з  найбольш драматычных дакументаў першай паловы ХХ стагоддзя.

Падпісаны ў Маскве 23 жніўня 1939 года  пакт суправаджаўся сакрэтным дадатковым пратаколам, згодна з якім Гітлер і Сталін дзялілі паміж сабой наш еўрапейскі рэгіён: Фінляндыю, Эстонію, Латвію, Літву, Польшчу, Беларусь, Румынію.

Змова Сталіна з Гітлерам вырашала і лёс падзеленых беларускіх земляў: яны даставаліся таталітарнаму савецкаму рэжыму, які абрынуў на іх  вынішчальныя рэпрэсіі. 

Сакрэтны пратакол 23 жніўня 1939 года перакрэслівае версію і савецкай, і крамлёўскай расейскай, і афіцыйнай беларускай гісторый. Вырашаючы свае задачы, Сталін і Гітлер, па-просту разарвалі дзяржавы і народы Еўропы, адкрылі дарогу да жахлівай Сусветнай вайны.

Савецкі Саюз да 1989 года не прызнаваў наяўнасць сакрэтных дамоваў з Гітлерам, называў іх «фальшыўкамі, пакліканымі зганьбіць міралюбную палітыку СССР».

Гітлер і Сталін: абмен ветлівасцямі з дапамогай крамлёўскай газеты "Правда". Адкрыты доступ
 
У 1939 годзе кожны, хто цікавіўся сітуацыяй у Еўропе, ведаў – у выніку агрэсіўнай палітыкі Гітлера кантынент апынуўся на парозе новай вялікай вайны. І ў пэўны момант ад Савецкага Саюза, ад рашэнняў Сталіна, стала залежыць пачнецца вайна ці не, і ці змогуць краіны Еўропы паўстрымаць альбо наогул спыніць Гітлера.

Пасля прыходу ў 1933 годзе да ўлады ў Нямеччыне, Гітлер адразу пачаў ламаць міжнародную палітычную сістэму.
 
Германія выходзіць з Лігі Нацый, аб'ядноўваецца супраць камуністычных дзяржаваў з Японіяй, Італіяй, Венгрыяй і Гішпаніяй, у 1938 годзе далучае Аўстрыю, пазней чэшскія Судэты, Клайпеду і ўрэшце анэксуе ўсю Чэхаславакію. Дэмакратычная Еўропа пры гэтым вядзе ганебную палітыку, якую бы сёння назвалі – «зразумець Гітлера».

Чэхаславаччыну знішчыла сумнавядомае пагадненне ў Мюнхене 29 верасня 1938 года. Гітлер нахабна патрабаваў, каб урад у Празе перадаў Берліну Судэты, рэгіён з пераважным нямецкамоўным насельніцтвам.


Альтэрнатывай быў сілавы захоп. Прынамсі, так пагражаў Гітлер. Фюрэр быў перакананы, што перад страхам актыўных ваенных дзеянняў, Еўропа, а меліся на ўвазе перадусім Францыя і Англія, задаволіць усе ягоныя жаданні.

У 1936 годзе ён ужо праверыў гэта, калі ўвёў войскі ў дэмілітарызаваную Рэйнскую вобласць. Тады дзеянні Германіі наўпрост пагражалі бяспецы Францыі, якая была ў ваенным сэнсе на парадкі мацней вермахта. Але не хацела ваяваць.

За Чэхаславаччыну  Францыя і Англія ваяваць таксама не хацелі і ганебна далі згоду на акупацыю Судэтаў. Лічылі, што гэта заспакоіць тэрытэрыяльныя апетыты Гітлера і ён спыніцца. Еўропа хацела міра, не вайны. Чэхам заставалася змірыцца з стратай тэрыторый.  

- Я прывёз вам мір!, - ганарова выгукнуў адразу пасля вяртання з Мюнхена прэм'ер Брытаніі Нэвіл Чэмберлен, пераможна махаючы падпісаным з Гітлерам пагадненнем. Фота History Extra
 
 

Іншы брытанскі палітык, Уінстан Чэрчыль, кінуў прароча:

Мы пацярпелі поўную і безумоўную паразу... І не думайце, што гэта канец. Гэта толькі пачатак расплаты. Гэта толькі першы глыток з горкай чашы, якую нам будуць падносіць год за годам, пакуль мы ізноў, як некалі, не паўстанем на абарону свабоды.


Менш чым праз 6 месяцаў пасля атрымання Судэтаў, Гітлер акупаваў усю Чэхаславаччыну. Еўропа праглынула моўчкі, але разам з тым гэта была апошняя дамова, на якую шантажом і пагрозамі Гітлер змусіў захад. 

Мюнхен быў хай сабе і ганебнай, труслівай, але спробай захаваць крохкі мір у Еўропе, пакт Рыбентропа-Молатава аднак жа адкрыў дарогу да вайны, якая і пачалася літаральна праз тыдзень пасля падпісання нямецка-савецкай дамовы. 

Сакрэтная частка дамовы паміж Сталіным і Гітлерам. СССР не прызнаваў яе існаванне 50 год, ажно да 1989 года. Адкрыты доступ.

У 1933 годзе пасля прыходу Гітлера да ўлады ў Нямеччыне, Савецкі Саюз разарваў усялякую супрацу паміж дзяржавамі. Іначай і быць не магло. Нямецкі нацыянал-сацыялізм і савецкі камунізм былі ідэалагічнымі ворагамі. Уся сталінская прапаганда была пабудавана на барацьбе з фашыстамі, гітлераўцамі і нацыстамі, Гітлер у сваю чаргу люта ненавідзеў камуністаў,  бескампрамісная барацьба з камунізма-бальшавізмам была адной з асноваў нацызму.

Ніхто ў Еўропе не мог паверыць, што нацысты з камуністамі могуць пра нешта дамовіцца! Але ў 1939 годзе падзеі развіваліся імкліва.

10 сакавіка 1939 года Сталін выступіў на чарговым партыйным камуністычным з'ездзе з дакладам, які ў гісторыі еўрапейскай дыпламатыі застаецца як «прамова пра смажаныя каштаны».

Сталін агрэсіўна крытыкаваў Англію і Францыю, абвінаваціў іх у распальванні вайны, назваў правакатарамі, заклікаў не дапусціць уцягвання СССР у вайну тымі, хто прывык цягаць каштаны з агню чужымі рукамі.

А яшчэ сказаў літаральна наступнае:

 - СССР гатовы дамовіцца з любой дзяржавай, нягледзячы на рэжым, які ў гэтай дзяржаве пануе.

Гэта быў выразны сігнал, што Крэмль гатовы да нармалізацыі стасункаў з Гітлерам. Да гэтага ў сваіх прамовах Сталін бязлітасна пляжыў Гітлера, нацызм і фашызм.

У Берліне прамову Сталіна сустрэлі з энтузіазмам. На гэты момант рашэнне аб нападзе на Польшчу ўжо было прынята і Гітлеру быў патрэбны нейтралітэт СССР, каб пазбегнуць вайны на два фронты. І нейтралітэт не просты, а сяброўскі.

У іншым выпадку пасля разгрому Польшчы Гітлер мусіў бы пакінуць на новай усходняй мяжы некалькі дзесяткаў дывізій войска, а гэта значна аслабляла пазіцыі Нямеччыны на захадзе.

Ультыматум выстаўлены Гітлерам Варшаве палякі прыняць адмовіліся: Гітлер настойліва прапанаваў Польшчы далучыцца да антыкамуністычнага, а, фактычна, да антысавецкага пакта, але Польшча не планавала ваяваць з СССР.

Гітлер патрабаваў таксама перадаць яму Гданьск і транспартны калідор да Усходняй Прусіі. Англія і Францыя, ужо навучаныя наступствамі Мюнхена, далі Польшчы гарантыі вайсковай абароны ў выпадку агрэсіі. Але спадзяваліся, што Гітлер не пачне вайну, будзе дзейнічаць толькі шантажом і пагрозамі.

Ад сакавіка 1939 года Сталін вядзе перамовы і з Вялікабрытаніяй і Францыяй, якія прапанавалі савецкаму дыктатару заключыць антыгітлераўскае пагадненне. Але ўмовы, якія высоўвае Сталін не выканальныя.

Ён фактычна прапаноўвае брытанцам і французам здрадзіць палякаў і румынаў.

Сталін лічыў, што антыгітлераўскі саюз больш патрэбны захаду, а не СССР, а таму патрабаваў кампенсацыі за падтрымку: 

- Брытанія і Францыя павінны пісьмова зацьвердзіць, што гарантыі бяспекі Польшчы і Румыніі датычаць магчымай агрэсіі толькі з боку Германіі, а не СССР. Польшча, балтыйскія дзяржавы, Румынія павінны даць дазвол на праход Чырвонай арміі праз свае тэрыторыі.


Але Сталіну не вераць, бо разумеюць: калі даць саветам увесці войскі ў гэтыя дзяржавы, дабраахвотна адтуль яны ўжо не выйдуць.

3 мая 1939 года Сталін, ведаючы, што Гітлер ацэніць гэты жэст, здымае з пасады кіраўніка замежнапалітычнага ведамства СССР Максіма Літвінава, дыпламата з габрэйскімі каранямі. Народжаны ў Беластоку Энах Мейер Валах-Фінкельштэйн быў вядомым прыхільнікам дактрыны "мірнага суіснавання", калектыўнай бяспекі ў Еўропе і нармалізацыі стасункаў з Брытаніяй і Францыяй.

Замест Літвінава Сталін прызначае бязмежна адданага сабе Вячаслава Молатава.

Гітлер назваў зняццё Літвінава гарматным стрэлам, які абвесціў аб змене палітыкі Крамля ў дачыненні да еўрапейскіх краінаў. Германія і СССР актывізоўваць перамовы па ўзаемным гандлі. Масква заяўляе аб гатоўнасці перадаваць Германіі сыравіну, патрэбную немцам для ваеннай вытворчасці.

А ў канцы ліпеня 1939 года СССР прапаноўвае Германіі ідэю падзела сфераў інтарэсу ў Еўропе. Пакуль яшчэ без канкрэтыкі па тэрыторыях.


- Мы гатовыя дамовіцца па любых пытаннях, даць любыя гарантыі. Ва ўсім рэгіёне ад Балтыйскага да Чорнага мораў няма замежнапалітычных праблем, невырашальных для нашых краінаў, 
- пераконваюць савецкія дыпламаты сваіх нямецкіх калегаў.

Гітлер у асобе Сталіна выразна знайшоў партнёра да вядзення татальнай вайны на вынішчэнне ў Еўропе. Падрыхтоўка да падпісання пакта ўступіла ў фінішную фазу.

У жніўні 1939 года на паседжанні Палітбюро партыі Сталін прымае канчатковае рашэнне - СССР падпіша дагавор з Гітлерам, а не антыгітлераўскі пакт з Брытаніяй і Францыяй: 

 - ...Мир или война, - Сталін разважаў у голас. - Этот вопрос вступает в критическую фазу. Его решение целиком и полностью зависит от позиции, которую займет Советский Союз...

 - ...Если мы заключим договор о союзе с Францией и Великобританией, Германия будет вынуждена отказаться от Польши...Таким образом, войны удастся избежать, и тогда последующее развитие событий примет опасный для нас характер... 

 - ...С другой стороны, если мы примем предложение Германии, она, несомненно, нападет на Польшу, и тогда вступление в войну Англии и Франции станет неизбежным... 

 - ...При таких обстоятельствах ...мы сможем, находясь в выгодном положении, выжидать, когда наступит наша очередь... Итак, наш выбор ясен: мы должны принять немецкое предложение...

Сталін бачыў мэту ў тым, каб Германія як мага даўжэй змагла весці вайну ў Заходняй Еўропе, а СССР, застаючыся нейтральным, дапамог ей эканамічна, забяспечыў сыравінай і харчаваннем, каб знясіленыя Англія і Францыя не ў стане былі разграміць Германію.


 - Для нас вельмі важна,
  - паўтараў Сталін, - каб вайна цягнулася як мага даўжэй, каб абодва бакі вычарпалі свае сілы. 


23 жніўня 1939 года Ёахім фон Рыбентроп, які атрымаў ад Гітлера самы шырокі перамоўны мандат, прызямляецца ў Маскве. Ён мусіць прывезці з Масквы нейтралітэт Сталіна, і Гітлер гатовы заплаціць Крамлю любую цану.

Позна ўвечары 23 жніўня Молатаў і  Рыбентроп, у прысутнасці Сталіна, ставяць свае подпісы пад "Дагаворам аб ненападзе..." і таксама пад сакрэтным дадатковым пратаколам.

Гітлер здабыў, што хацеў - найлепшыя магчымыя ўмовы, каб распачаць вайну супраць Польшчы. Тая, падпісаўшы саюз з Брытаніяй, яшчэ здолее адкласці напад нацыстаў. Але толькі на некалькі дзён. 1 верасня 1939 года гітлераўцы заатакавалі Польшчу.

Варшава не атрымала чаканай ваеннай дапамогі з Захаду, апрача дэкларатыўнага абвяшчэння Францыяй і Брытаніяй вайны Гітлеру.

17 верасня Чырвоная Армія напала на Польшчу з усходу. 

Супольны парад вермахта і чырвонай арміі ў беларускім Брэсце 22 верасня 1939 года. Злева направа: генералы Вікторын, Гудэрыян (абодва гітлераўская Германія), камбрыг Крывашэін (сталінскі СССР). Фота Bundesarchiv. Адкрыты доступ

Літва, згодна з пактам, першапачаткова адыходзіла Гітлеру, Польшчу тыраны падзялілі па лініі рэчак Нарвы, Віслы і Сана. Пазней Сталін і Гітлер яшчэ раз змянілі межы: Літву акупаваў СССР, а Германія забірала сабе тэрыторыю Польшчы да Буга.

У канцы верасня 1939 года сталінскі СССР і гітлераўская Нямеччына падпісваюць новае пагадненне, цяпер ужо «Дамову аб сяброўстве і межах».  Сталін пачынае рыхтавацца да акупавання балтыйскіх краінаў і вайны з Фінляндыяй.

У лістападзе 1940 года Сталін пагадзіўся на перамовы аб далучэнні СССР да Берлінскага пакта. Да аб'яднання гітлераўскай Нямеччыны, фашыстоўскай Італіі і Японіі. Але Гітлер ўжо прыняў рашэнне аб нападзе на СССР, і згода Сталіна перастала быць яму цікавай. 

Рэдакцыя