Шатландскі погляд на Рэч Паспалітую

 

Першы том Оксфардскай гісторыі польска-літоўскай уніі распавядае пра фарміраванне заснаванай на кансэнсусе шматнацыянальнай і рэлігійна плюралістычнай дзяржавы, якая будавалася як знізу, так і зверху — шляхам мірных перамоваў, а не вайны і заваяванняў. Гэтая канцэпцыя палітычнай уніі, што нарадзілася ў 1385–1386 гадах, аказалася прывабнай для палякаў, беларусаў, літоўцаў, русінаў і немцаў, а пазней таксама для жыхароў Прусіі (1454) і Інфлянтаў (1561).

У гісторыі Усходняй Еўропы дамінуе аповед пра гісторыю Расійскай імперыі, аднак Расія стала значнай дзяржавай толькі пасля 1700 года.

На працягу трохсот гадоў найбуйнейшай сілай ва Усходняй Еўропе была дзяржава, што ўзнікла ў выніку заключэння уніі паміж Польскім Каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Гэтая унія была адной з самых працяглых палітычных уній у гісторыі Еўропы.

Аднак паколькі яе існаванне скончылася напрыканцы XVIII стагоддзя ў выніку працэсу, які памылкова называюць «падзеламі Польшчы», у стандартных выкладах еўрапейскай гісторыі яе мінулае асвятляецца толькі павярхоўна.

 

Аўтар кнігі, прафесар Роберт Фрост - выбітны шатландскі гісторык з Абердзінскага ўніверсітэта, які спецыялізуецца на гісторыі Усходняй Еўропы, у прыватнасці Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

У 2017 годзе гэтая кніга атрымала прэмію Міністэрства замежных спраў Польшчы за найлепшую кнігу па гісторыі Польшчы, выдадзеную ў 2015–2017 гадах. У 2020 годзе Роберт Фрост быў узнагароджаны Рыцарскім крыжам ордэна «За заслугі перад Літвой», а таксама абраны членам Каралеўскага таварыства Эдынбурга (Royal Society of Edinburgh) і Польскай акадэміі ведаў. У 2024 годзе Роберту Фросту было прысвоена званне ганаровага доктара Беластоцкага ўніверсітэта. 

Узнагародаў і адзначэнняў ад сённяшняй Беларусі Роберт Фрост не мае.