БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЯ ДЗЯРЖАВА

больш артыкулаў

09-10-2026

Былі часы. «Кароль ліцвінаў» святка...

Каляды...

прачытаць
03-09-2026

Статут ВКЛ пісаў гішпанец?! Oh, mad...

прачытаць
25-06-2026

Ты паслухай, Абраме... Фенаменальна...

Іўдзей...

прачытаць
25-06-2026

Алейхем шалом. Як ВКЛ выгнала ўсіх...

прачытаць
12-11-2026

Праклён каралеўскай труны: усё пачалося з Беларусі

 

Памерлы ў Беларусі ў 1492 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч пацягнуў за сабой у магілу яшчэ 15 чалавек. Гэта гісторыя на мяжы эзатэрыкі, мікалогіі, танаталогіі і сярэднявечнай алхіміі. Праклён, які праз пяць стагоддзяў давялося разгадваць пад мікраскопам. І пытанні застаюцца.

Але давайце па чарзе.

 

Усё пачалося ў 1973 годзе. У кафедральным саборы Кракава на Вавелі адбываюцца рэстаўрацыйныя працы. Аб'ект знакавы, гістарычны - нацыянальны пантэон, месца спачыну польскіх каралёў, песняроў Адама Міцкевіча і Юліюша Славацкага.

 

Пахавальня Казіміра Ягайлавіча ў кафедральным саборы на кракаўскім Вавелі. Фота: East News.

 

Навукоўцы паддаюцца спакусе: не кожны ж дзень выпадае нагода зазірнуць у магілу караля! І вырашаюць скарыстацца рэстаўрацыйнымі працамі, каб дабрацца да грабніцы Казіміра Ягайлавіча - свайго караля і нашага вялікага князя, які кіраваў беларуска-літоўскай дзяржавай больш за 50 гадоў. Казімір Ягайлавіч і памёр на нашай зямлі - у Гародні 7 чэрвеня 1492 года. Яго цела тамсама паклалі ў труну і праз месяц пахавалі на малой радзіме, у Кракаве.

 

У пятніцу, 13 красавіка 1973 года, аматары містыкі яшчэ не раз будуць смакаваць гэтую пятніцу 13-га,  даследчыкі зробяць першую спробу дабрацца да магілы. На ёй ляжаць каменныя пліты амаль метровай таўшчыні. Каб зазірнуць унутр, давядзецца прасвідраваць іх праз усю таўшчыню. Адтуліну дыяметрам амаль два сантыметры пракруцяць праз пустую труну Міхала Карыбута Вішнявецкага, іншага вялікага князя літоўскага і караля польскага ў 1669–1673 гадах.

 

На дроце ў адтуліну апусцяць маленькую электрычную лямпачку, якую пяшчотна назавуць «каціным вокам». Але гэта ўсё ж не сённяшні медыцынскі эндаскоп. На дварэ, нагадаем, 1973 год, і разгледзець, што там унутры грабніцы манарха, не ўдаецца. Даследчыкі робяць лёсавызначальную, для многіх з іх, памылку - вырашаюць не спыняцца на паўдарозе, пасунуць пліту і адкрыць пахаванне, да якога ніхто не меў доступу ўсе гэтыя 500 гадоў.

Падобна, што на адной з пліт удалося прачытаць надпіс-перасцярогу, які па-беларуску можна перадаць словамі: «Хіба ты не ведаеш, што рукі каралёў сягаюць далёка?» Як высветліцца пазней, каралеўскія рукі сапраўды акажуцца нечакана доўгімі.

Навукоўцы атрымліваюць усе неабходныя дазволы і 19 мая 1973 года афіцыйна, у прысутнасці кракаўскага мітрапаліта Караля Вайтылы - будучага Папы Рымскага Яна Паўла II, - адчыняюць саркафаг.

 

Кракаўскі мітрапаліт Караль Вайтыла (ад правай) і прымас Польшчы Стэфан Вышынскі ля трунаў Казіміра Ягайлавіча і ягонай жонкі Альжбэты. 18 кастрычніка 1973 года. Зборы: katedra-wawelska.pl

 

Тое, што яны ўбачылі, занатавана ў навуковай справаздачы. Пагартаем яе.

 

Пахавальня Казіміра Ягайлавіча была невялікая: тры метры ў даўжыню, крыху больш за метр у шырыню і каля двух метраў у вышыню. На трох жалезных апорах, за восемдзесят сантыметраў ад падлогі, ляжала тое, што засталося ад караля і каралеўскай труны. Яна пераламалася, і частка змесціва высыпалася на дно магілы.

 

Сярод парэшткаў знайшлі меч, драўляны скіпетр, абцягнуты скурай, напханы валоссем скураны яблык, скураную пазалочаную карону і жаночы залаты пярсцёнак з блакітным каменем. У пахаванні не выявілі рэштак бялізны і абутку: паводле справаздачы, манарха паклалі ў драўляную труну голым і босым, толькі абгарнулі шчыльным ядвабам, прашытым залатымі ніткамі.

 

Пахавальны меч вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягайлавіча. Фота: katedra-wawelska.pl

 

Пярсцёнак, які Альжбэта паклала ў труну Казіміру Ягайлавічу. Фота: katedra-wawelska.pl

 

18 кастрычніка 1973 года парэшткі Казіміра разам з парэшткамі яго жонкі Альжбеты ўрачыста перапахавалі ў тым жа вавельскім саборы.

 

Урачыстасць перапахавання Казіміра Ягайлавіча і каралевы Альжбэты  ў саборы на кракаўскім Вавелі 18 кастрычніка 1973 года. Фота: katedra-wawelska.pl

 

Здавалася, навуковая праца завершаная, кропка пастаўлена, пашана аддадзеная. Але неўзабаве падзеі прымусілі зноў загаварыць пра магілу Казіміра Ягайлавіча.

Праз некалькі месяцаў пасля перапахавання пачалі паміраць людзі, якіх між сабой звязвала толькі тое, што яны бралі ўдзел у адкрыцці і вывучэнні труны Казіміра Ягайлавіча:

 

 - 12 красавіка 1974 года памірае архітэктар Фелікс Даньчак.

 - Праз два з паловай месяцы - інжынер Стэфан Вальчы.

 - У жніўні - інжынер Стэфан Гурляк.

 - У маі наступнага года не стала Яна Мырляка - таго самага чалавека, які сканструяваў «кацінае вока», каб зазірнуць у магілу.

 

І гэта быў не канец спісу. Адзін за адным, цягам дзесяці гадоў, неспадзявана памерлі 15 з 32 чалавек, звязаных з адкрыццём і вывучэннем каралеўскай магілы. Нестарыя людзі, з добрым здароўем, як зазвычай кажуць у такіх выпадках.

У Польшчы загаварылі пра «праклён Ягайлавіча», параўноўваючы яго з праклёнам Тутанхамона:

 

пасля адкрыцця грабніцы гэтага егіпецкага фараона таксама загадкава паміралі людзі, якія, як лічылася, «патрывожылі» спакой памерлага ўладара.

 

Магіла Казіміра, відавочна, хавала нейкую таямніцу. Каб зразумець, адкуль магла ўзяцца небяспека, вернемся ў 1492 год, прыгадаем жыццё і панаванне вялікага князя ды паспрабуем навобмацак аднавіць яго апошнія дні ў Гародні.

 

 
Казімір Ягайлавіч быў сапраўдным «нашым» уладаром.
 
Не захопнікам, не прыбышом, не транзітным манархам. Ён нарадзіўся ў 1427 годзе, быў самым малодшым сынам Ягайлы і Сафіі Гальшанскай і належаў да Ягайлавічаў - дынастыі, якая на працягу некалькіх пакаленняў вызначала палітычны лёс ладнай часткі Еўропы.
 
 

Сучаснікі пакінулі даволі выразны партрэт манарха: высокі - амаль 180 см, з худым падоўжаным тварам і прыкметнай лысінай. Крыху шапялявіў. З дзяцінства да смерці захапляўся паляваннем і лоўляй птушак. Як і ягоны бацька Ягайла, Казімір не ўжываў алкаголю: піў толькі ваду, а водар віна, мёду і піва выклікаў у яго агіду. Не любіў ён і лекаў. Затое ахвотна наведваў лазню, любіў фізічныя нагрузкі і смачную ежу. Цярпліва пераносіў холад, спёку, вецер, дым і нягоды дарогі. А падарожнічаць яму даводзілася нямала.

 

___________________

Кіраваць вечна. Сакрэты дыеты Ягайлы, Жыгімонта, Казіміра - чытаць

___________________________

У 1440 годзе, калі Казіміру было ўсяго трынаццаць, беларуска-літоўскія паны-рада абралі яго вялікім князем літоўскім. Праз сем гадоў ён атрымаў і польскую карону. Так аднавіўся персанальны саюз Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства.

Больш за паўстагоддзя Казімір кіраваў ВКЛ. За час яго панавання Княства вярнула занятую палякамі Драгічынскую зямлю і замацавала за сабой Валынь. Дзяржава крыжакоў прызнала васальную залежнасць ад Польскага Каралеўства, што таксама ўмацоўвала становішча Казіміра і ВКЛ у рэгіёне.

Манарху даводзілася балансаваць паміж інтарэсамі польскай і беларуска-літоўскай знаці, паміж Вільняй і Кракавам. Пры гэтым ВКЛ захоўвала дзяржаўную самастойнасць, уласныя ўстановы, законы і палітычную эліту. Пакуль Казімір займаўся справамі ў Польшчы, найважнейшыя пытанні ў Княстве вырашала вялікакняжацкая Рада. Яе ўплыў узмацняўся - так паступова складаліся перадумовы парламенцкай сістэмы кіравання ў нашай дзяржаве.

Не менш істотнымі былі змены ў заканадаўстве. Прывілей 1447 года, выдадзены ў Вільні, пашырыў правы князёў, паноў і баяраў незалежна ад веравызнання, замацаваў іх маёмасныя і асабістыя гарантыі. Перавагу пры прызначэнні на дзяржаўныя пасады атрымлівалі ўраджэнцы Беларусі і Літвы. Умацоўваўся ўплыў мясцовай шляхты, якая ўсё больш вызначала палітычнае жыццё Княства.

 

У 1468 годзе з'явіўся Судзебнік Казіміра - адзін з найважнейшых помнікаў права ВКЛ, ранні крымінальна-прававы кодэкс на нашых землях. Ён абараняў прыватную ўласнасць, вызначаў пакаранні за маёмасныя злачынствы, патрабаваў выканання судовых пастаноў. Судзебнік замацоўваў элементы індывідуальнай адказнасці і абмяжоўваў пераслед жонкі і дзяцей за злачынствы мужа або бацькі.

 

А вось усходнюю палітыку Казіміра цяжка назваць удалай. Маскоўская дзяржава ўзмацнялася і ўсё больш адкрыта прэтэндавала на землі ВКЛ. Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на Пскоў на карысць маскоўскага князя, спадзеючыся спыніць яго экспансію. Але пралічыўся.

Ноўгарадская рэспубліка, шукаючы абароны ад Масквы, прапаноўвала аб'яднацца з Вялікім Княствам пры ўмове захавання аўтаноміі. Казімір, аднак, абмежаваўся адпраўкай свайго прадстаўніка. Неўзабаве Масква канчаткова падпарадкавала Ноўгарад.

Казімір быў таксама апекуном беларуска-літоўскага мастацтва. У гады ягонага панавання з'явіліся першыя кірылічныя друкаваныя кнігі ў Кракаве. Зайздроснай была і дынастычная спадчына манарха: трынаццаць дзяцей, чацвёра сыноў - еўрапейскія манархі.

______________________

Дыпламатка, візіянерка, харызматычная асоба, яе месца на беларускім сярэднявечным алімпе побач з Еўфрасінняй Полацкай. - чытаць

_____________________________

За доўгае жыццё Казімір паспеў пакінуць след на палітычнай карце Еўропы, у законах Вялікага Княства і ў радаводах каралеўскіх дынастый. Але апошняя старонка ягонай біяграфіі будзе напісаная не ў Вільні і не ў Кракаве. А ў беларускай Гародні.

 

У 1492 годзе Казімір Ягайлавіч завітаў у Вялікае Княства на Вялікдзень.

У той год Свята прыпала на 22 красавіка. Пабыў у Вільні, Троках, пераехаў у Гародню і адсюль ужо не выехаў.

Вядома, што манарх у гэты час цяжка хварэў: яго мучылі моцныя страўнікава-кішачныя расстройствы, апухалі ногі, і стан няспынна пагаршаўся.

 

Сярэднявечныя лекары спрабавалі дапамагчы сродкамі, якія нават сёння, у век сацыяльных сетак і самых неверагодных парад пра здароўе, выглядаюць даволі арыгінальна. Манахі-бернардзінцы раілі вялікаму князю есці больш печаных груш і жытняга хлеба. Хвароба, натуральна, не адступіла.

 

Калі прыдворны лекар Якуб з Залесся прызнаў, што выратаваць манарха немагчыма, Казімір меўся спакойна адказаць: «Ну што ж, тады паміраць».

7 чэрвеня 1492 года вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч памёр у Гарадзенскім замку. Яму было 64 гады.

Але пахаваць манарха належала ў Кракаве, на Вавелі. Да Кракава было добрых шэсцьсот кіламетраў. Наперадзе - доўгая дарога, ды яшчэ ў летнюю спёку.

З гэтым разлікам у Гародні падрыхтавалі незвычайную труну: яе выдзеўблі з суцэльнага сасновага дрэва, дастаўленага з Гарадзенскай пушчы. Драўляную канструкцыю змацавалі жалезнымі клямарамі і абгарнулі некалькімі слаямі тканіны, прасякнутай смалой. У пахаванні пазней выявілі рэшткі вапны, а на тканінах - сляды палыну.

Усе гэтыя маніпуляцыі мелі цалкам зямную мэту: зберагчы цела падчас доўгай дарогі ў летнюю спёку і не дапусціць, каб жалобны караван суправаджалі пахі раскладання цела ўладара. Але прыгадаем, што навукоўцы, якія адкрыюць гэтую труну ў 1973 годзе, пачнуць паміраць адзін за адным.

 

Момант працы экспертаў над рэшткамі вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягайлавіча ў 1973 годзе. Фота: katedra-wawelska.pl

 

Зразумела, што ў 1492 годзе ніхто не мог уявіць сабе такіх трагічных наступстваў. Труну рыхтавалі так, каб годна давезці памерлага караля да месца вечнага спачыну. 11 ліпеня 1492 года, праз 34 дні пасля смерці, Казіміра Ягайлавіча пахавалі ў капліцы Святога Крыжа на кракаўскім Вавелі.

І труна, зробленая ў Гародні, засталася там амаль на пяць стагоддзяў.

 

Гэтая гісторыя мае ўсё, што трэба добрай легендзе.

Пяцівекавая каралеўская магіла, пятніца, 13-га, перасцярога пра доўгія рукі каралёў, навукоўцы, якія патрывожылі спакой манарха. І смерці, якія пачаліся пасля адкрыцця пахавання.

Але праўда, хутчэй на баку навукі. Пасля адкрыцця магілы ў 1973 годзе даследчыкі звярнулі ўвагу не толькі на стан каралеўскіх парэшткаў, але і выявілі мікраарганізмы, дагэтуль малавядомыя навуцы.

Сярод знойдзеных плесневых грыбоў асаблівую ўвагу прыцягнуў Aspergillus flavus  - жоўты аспергіл. Яго вылучылі з пробы, узятай з каленнай косткі Казіміра.

 

Грыб аказаўся зусім не бяскрыўдным. Ён можа выдзяляць афлатаксіны - небяспечныя для арганізма таксічныя рэчывы. Яны могуць пашкоджваць печань, прыгнятаць імунітэт, а пры працяглым уздзеянні павышаць рызыку развіцця раку печані. А споры грыба пры пэўных умовах могуць выклікаць цяжкую інфекцыю, якая найперш паражае дыхальную сістэму.

 

Каб апынуцца на мяжы жыцця і смерці, зусім не абавязкова дакранацца да самога грыба. Дастаткова ўдыхнуць споры, якія разам з пылам могуць падымацца ў паветра падчас працы са спарахнелай драўнінай, старой тканінай ці чалавечымі парэшткамі. Ці маглі даследчыкі надыхацца гэтай гадасці, калі адкрылі каралеўскую магілу? Цалкам магчыма. Але ці менавіта яна стала прычынай смерцяў - іншае пытанне.

Вядома, што ў 1973 годзе пахавальню Казіміра і вынятыя з яе прадметы прадэзінфікавалі. Ёсць аднак меркаванне, што меры бяспекі былі прынятыя запозна: навукоўцы ўжо паспелі зазнаць уздзеянне грыба. Так нарадзілася адна з медыцынскіх версій «праклёну Ягайлавіча».

Пытанне, калі атрутны грыб трапіў у каралеўскае пахаванне. Ці мог ён хавацца ў драўніне або тканінах яшчэ ў 1492 годзе, калі ў Гародні выпраўлялі труну да апошняга падарожжа манарха? Ці пасяліўся там пазней, ужо ў кракаўскай пахавальні?

Гісторыя праклёну Казіміра Ягайлавіча пачалася ў Беларусі. Навука знайшла магчымага вінаватага, але канчатковы вердыкт так і не вынесены.

«Хіба ты не ведаеш, што рукі каралёў сягаюць далёка?»

 

Рэдакцыя