БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЯ ДЗЯРЖАВА

больш артыкулаў

03-09-2026

Статут ВКЛ пісаў гішпанец?! Oh, mad...

прачытаць
25-06-2026

Ты паслухай, Абраме... Фенаменальна...

Іўдзей...

прачытаць
25-06-2026

Алейхем шалом. Як ВКЛ выгнала ўсіх...

прачытаць
11-06-2026

У якім умовах жыла сям'я Жыгімонта...

Тэмпер...

прачытаць
09-10-2026

Былі часы. «Кароль ліцвінаў» святкаваў Каляды разам з імператарам Рымскай імперыі

 

Каляды 1368 года імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл IV сустракаў у вузкім сямейным коле ў італьянскай Сіене. Пры стале незвычайны госць з Вялікага Княства Літоўскага. У імператарскіх дакументах гэтага чалавека называлі Rex Lethuorum - «каралём ліцвінаў». А звалі яго Бутаўт. Што вядома пра яго?

Спачатку разбярэмся ў сваяцкіх сувязях. Без іх у гэтай гісторыі ніяк. Наш вялікі князь Кейстут меў вялікую сям'ю - розныя крыніцы і розныя даследчыкі даюць розную колькасць дзяцей Кейстута, але сыходзяцца ўсе больш-менш на 12-14 нашчадках, сярод якіх толькі дзве дзяўчынкі. Сынам Кейстута і Біруты быў, вядома, Вітаўт. А вось ад першага шлюбу Кейстута з невядомай пакуль нам жамойткай нарадзіўся Бутаўт, галоўны герой нашага сённяшняга аповеду. Такім чынам, Вітаўт і Бутаўт, які ў нашым аповедзе сядзіць побач з імператарам, пры калядным стале ў італійскай Сіене, былі адзінакроўнымі братамі.

____________________________________________________________________

Кароль Польшчы давяраў ёй бязмерна, кароль Венгрыі цаніў ейны густ і шчодрасць, кожны чарговы вялікі магістр тэўтонаў шукаў з ёй паразумення, адорваючы шыкоўнымі падарункамі, - што вядома пра каханую жонку Вітаўта Вялікага.

____________________________________________________________________

 

Сястра Кейстута Альдона, цётка Вітаўта і Бутаўта, якая пасля хрышчэння атрымала імя Ганна, выйшла замуж за польскага караля Казіміра III Вялікага. Іх дачка Альжбета стала жонкай памеранскага герцага Багуслава V.

А ўжо іх дачка, Лізавета Памеранская, у 1363 годзе выйшла замуж за імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла IV.

Атрымліваецца, што жонка імператара была прапляменніцай Вітаўта і Бутаўта, яе дваюрадным дзедам быў Кейстут.

 

Эпізод генеалагічнага дрэва Гедымінавічаў. Ілюстрацыя аўтара.

 

Сам князь Бутаўт усё яшчэ застаецца для гісторыкаў даволі загадкавай постаццю. Пра месца і час яго нараджэння нічога дакладна не вядома. Польскі храніст Ян Длугаш згадваў Бутаўта ў сувязі з падзеямі 1336 года, але называў яго сынам Гедзіміна. І, на наш розум, гэтай інфармацыі даверу мала: нават храністы нярэдка блытаюцца ў складанай генеалогіі беларуска-літоўскіх князёў.

Значна больш пэўныя звесткі пра Бутаўта пачынаюцца з 1365 года. І пачынаюцца яны адразу са змовы, мэтай якой была вярхоўная ўлада ў Вільні.

1365 год вядомы тым, што вялікія князі Альгерд і Кейстут - наш беларуска-літоўскі дуумвірат, выправіліся з войскам на Валынь. Трэба было дапамагчы брату Любарту ў вайне з польскім каралём Казімірам Вялікім за землі Галіцка-Валынскага княства. Бутаўт скарыстаўся іх адсутнасцю і вырашыў разам з дружынай прыхільнікаў захапіць уладу ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Віленскі ўраднік Дзірсун, верны Кейстуту, даведаўся пра змову, схапіў Бутаўта і кінуў у турму. І не тое што палітычная кар'ера, жыццё Бутаўта было пад пагрозай.

Але не толькі Кейстут меў сваіх верных ваяроў. Баярын Сурвіла, адзін з найбліжэйшых людзей Бутаўта,  здолеў хітрасцю захапіць турэмную крэпасць, вызваліць князя і забіць Дзірсуна. Бутаўт разам з Сурвілам і невялікім атрадам прыхільнікаў уцёк на землі Тэўтонскага ордэна -  ворагаў свайго бацькі.

25 ліпеня 1365 года ў Каралеўцы ўцекача-паганца Бутаўта ўрачыста ахрысцілі паводле каталіцкага абраду. На цырымоніі прысутнічалі вялікі магістр ордэна Вінрых фон Кніпродэ, два біскупы і замежныя рыцары, у тым ліку госці з Англіі. Бутаўт атрымаў хрысціянскае імя Генрых.

__________________________________________________________

Прызнаем, гэта было пякельна прыгожа і сімвалічна. Здзеклівы падарунак-выклік, стылёвая, але абразлівая прамова пасланцаў вялікага магістра, словы як цвікі-соткі, грэблівая інтанацыя, - гэтым нахабным жэстам пачалася Грунвальдская бітва.

___________________________________________________________

 

Ужо ў жніўні 1365 года ён вярнуўся ў беларуска-літоўскую дзяржаву разам з крыжацкім войскам. Цягам дванаццаці дзён крыжакі разам з Бутаўтам спустошвалі землі ВКЛ,  прабіваючыся ў кірунку Вільні. Вількамір, Кярнава, Майшагола - былі спаленыя, але сталіцу Вільню ім захапіць не ўдалося. Бутаўт ізноў пацярпеў няўдачу ў змаганні за ўладу ў ВКЛ, другую ўсяго толькі за некалькі месяцаў 1365 года.

Пасля няўдалай спробы сесці на трон у Вільні і гэшэфтаў з адвечнымі ворагамі - крыжакамі дарога дадому для Бутаўта была закрытая. Крыжакі былі для Бутаўта сябрамі на час, пры Тэўтонскім ордэне беларуска-літоўскі князь не застаўся. Выправіўся далей на захад, ці хутчэй на поўдзень - да імператарскага двара Карла IV у Прагу.

У Празе Бутаўт трапіў у новае для сябе асяроддзе. Карл IV быў адным з найвядомейшых еўрапейскіх манархаў XIV стагоддзя. Пры ім Прага ператварылася ў важны палітычны і культурны цэнтр. Імператар заснаваў знакаміты і сёння ўніверсітэт, распачаў будаўніцтва неверагодна чароўнага Карлавага моста і, наогул, багата чаго зрабіў для развіцця чэшскай сталіцы.

А жонка Карла, Лізавета Памеранская, як мы памятаем, была сваячкай Бутаўта. І гэтае сваяцтва дапамагло беларуска-літоўскаму выгнанніку замацавацца пры двары імператара.

Карл IV прыняў яго годна, надаў княскі тытул і землі на васальных правах. У дакументах 1368-1377 гадоў Бутаўт неаднаразова згадваецца ў імператарскіх граматах. Яго імя сустракаецца ў дакументах, выдадзеных у розных гарадах Еўропы. А ў адной з імператарскіх грамат, невядома пакуль за якія заслугі, Бутаўт названы нечакана - Rex Lethuorum, каралём ліцвінаў.

Гэта, вядома, не азначала, што Бутаўт сапраўды кіраваў беларуска-літоўскім вялікім княствам. Уладу ў ВКЛ па-ранейшаму трымалі Альгерд і Кейстут. Але сам факт такога тытулавання паказвае, раз - якое месца выгнаннік здолеў заняць пры еўрапейскім двары, два – у гэты час на імператарскім двары вяліся сякія-такія інтрыгі супраць беларуска-літоўскай дзяржавы.

Нам цікавыя 1368 і 1369 гады, калі Бутаўт суправаджаў Карла IV падчас падарожжа ў Італію. Ён быў побач з імператарам у Мадэне, Луцы, Рыме і іншых італійскіх гарадах. Каляды 1368 года імператарскі двор сустракаў у Сіене. Там жа пры святочным стале быў і наш князь Бутаўт са сваімі людзьмі. Неверагодна выглядае: сын Кейстута, унук Гедыміна, які нядаўна цудам уратаваўся з віленскай турмы, святкаваў Каляды ў кампаніі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі.

У пражскім перыядзе жыцця Бутаўта яшчэ адзін перспектыўны бок. У гэты час у Празе моцна актывізуецца балцкая прысутнасць. Найстарэйшыя пісьмовыя помнікі балцкіх моў - якраз тут і якраз у гэты час. Масавы, як на тую Еўропу, наплыў студэнтаў з балцкіх земляў у Прагу – якраз у гэты час. Развіццё балцкага інтэлектуальнага асяроддзя ў адным з галоўных універсітэцкіх гарадоў Еўропы - якраз у часе жыцця ў Празе Бутаўта, 1365-1380 гады.

У 1378 годзе памірае імператар Карл IV. І Бутаўт перажыве свайго заступніка толькі на два гады. У 1380 годзе Прага перажывала эпідэмію чумы, таму вельмі верагодна, што беларуска-літоўскі князь мог стаць  ахвярай гэтай жудаснай на тыя часы хваробы.

Старажытны пергаментны рукапіс, вядомы як Codex Thomaeus ці Кодэкс Тамаша, інвентарная кніга пражскага манастыра святога Тамаша, які належаў аўгусцінцам, дапамагае нам разабрацца з месцам пахавання князя Бутаўта.

Верагодней за ўсё Бутаўт і быў пахаваны ў касцёле святога Тамаша, які знаходзіцца сёння ў пражскім раёне Mala Strana, на Юзэфскай, 28. У правай частцы хору, каля барочнага алтара святога Роха, ляжыць моцна сцёртая пліта з чырвонага мармуру, а на ёй выразаны крыж.

 

Так выглядае сёння касцёл святога Тамаша ў Празе, яшчэ адно знакавае для беларусаў месца ў чэшскай сталіцы.  Фота аўтара

 

Калі гэтае дапушчэнне слушнае, то мы маем яшчэ адно месца беларускай, ці больш дакладна, беларуска-літоўскай прысутнасці ў залатой Празе.

Цікава, што ў гэтым месцы, прынамсі так кажа рукапіс, спачывалі два князі. Другім мог быць Сурвіла - той самы адданы паплечнік, які калісьці ўратаваў Бутаўту жыццё, дапамог вырвацца з віленскай турмы і разам з ім перабраўся да крыжакоў.

У такім выпадку не выглядаюць дзіўнымі каштоўныя ахвяраванні манастыру святога Тамаша ў Празе, якія зрабіў у 1413 годзе вялікі князь Вітаўт, адзінакроўны брат Бутаўта.

Вітаўт, які ў хрысціянстве вядомы пад імем Аляксандр, перадаў кляштару багата аздобленыя шаўковыя арнаты - святарскае адзенне, расшытае золатам. Сярод дароў была і вопратка на ўрачыстасці для ўдзельнікаў мясцовага кляштарнага хору і дыван з Гародні, прызначаны для ўпрыгожвання месца святара або біскупскага трона.

 

Кодэкс Тамаша. Старонка са згадкай ахвяравання Вітаўта. Узята ад Lemeškin, Ilja. Lithuanica Aliter, 2019

 

У гісторыі з Бутаўтам вартая ўвагі яшчэ адна постаць - ягоны сын Вайдута, вядомы таксама пад хрысціянскім імем Ян. Ён нарадзіўся, верагодна, каля 1365 года і застаўся ў Вялікім Княстве Літоўскім. У Заходнюю Еўропу Вайдута выправіцца толькі пасля смерці бацькі – недзе каля 1381 года. Вайдута вывучыцца ў Парыжы, а пазней ў 1401 годзе прыедзе ў Кракаў на запрашэнне Ягайлы. Кароль актыўна займаўся адраджэннем Кракаўскага ўніверсітэта, цаніў здольнасці беларуска-літоўскай эліты і таму адразу прызначыў Вайдуту-Яна рэктарам Кракаўскага ўніверсітэта, аднаго з найпрэстыжнейшых у тагачаснай Еўропе.

Постаць Бутаўта, дарэчы, неўзабаве можа стаць ключавой у разгадцы яшчэ адной гісторыі беларуска-літоўскай дзяржавы. У Вільні зусім нядаўна былі выяўленыя парэшткі, якія, даследчыкі вельмі на гэта спадзяюцца, належаць вялікаму князю Вітаўту. Пацвердзіць гэта можа генетычная экспертыза. А ідэальным матэрыялам могуць стаць пражскія парэшткі Бутаўта, адзінакроўнага брата Вітаўта.

Аляксандр Паршанкоў, Рэдакцыя