БЕЛАРУСЫ ПАМІЖ 1921-1939

больш артыкулаў

15-10-2026

Як беларусы вярталі незалежнасць па...

прачытаць
28-07-2026

Вільня, 1930. Чатыры постаці белару...

.....

прачытаць
30-07-2026

У даганялкі з чэкістамі. Як ГПУ пад...

прачытаць
01-07-2026

ТБШ. Беларусы, якім школа замяніла...

У вера...

прачытаць
23-10-2026

«Народ, паўстань!» Так беларускія юнакі паставілі на вушы савецкія спецслужбы

 

Увосень 1925 года савецкія спецслужбы разгарнулі ў Беларусі маштабную аперацыю. Нібыта раскрытая беларуская контррэвалюцыйная арганізацыя. Дзейнічала ў Слуцку і Слуцкім раёне, а яе ўдзельнікі планавалі ўзняць сялянскае паўстанне, зрынуць савецкую ўладу і абвясціць Беларусь незалежнай.

Случчына - праблемны рэгіён для савецкіх уладаў. Здавалася б, прыканцы 1920 года, задушыўшы Слуцкае паўстанне, камуністы-бальшавікі прымусілі мясцовых беларусаў замаўчаць. Але вось прыйшоў 1925 год і тэлеграфныя слупы ў слуцкіх вёсках Пагост, Дарасіно, Селішча, Еўлічы, Вялікая Сліва, Каты залепленыя эмацыйнымі, раз’юшанымі антысавецкімі ўлёткамі:

 

«Браты-сяляне! … Сем год ужо пануюць у нас бальшавікі. За гэты час колькі вашых сыноў і братоў пайшло на той свет! Колькі знішчана дабра і спалена будоўлі, адабрана ад вас коней і кароў! Наш родны край Беларусь заліты крывёй нашай і агнём. Нашы палеткі зрыты акопамі і магіламі нашых сыноў».

 

А далей - ужо і не тэкст пракламацыі, гэта ўжо набат:

«Рай дакларавалі бальшавікі нам на словах, але што мы бачым? Савецкая ўлада забірае апошнюю кароўку за падатак. Хлеб ідзе задарма. Школ няма. За вучобу трэба плаціць. За лекі плаці. У сельскай радзе - плаці. Без грошай ні кроку!.. Зноў турмы запоўнены сялянамі за падатак і іншае. Зноў селянін павінен здымаць шапку перад савецкім панам».

 

А далей набат гучыць ужо не над адной вёскай. Над усёй падзеленай Беларуссю:

_____________________________

Як беларусы вярталі незалежнасць пасля Рыжскага падзелу

_____________________________

«Нас сілком падзялілі. Адну частку Беларусі душаць польскія паны, а другую - маскоўскія бальшавікі. Нашай працай, працай гаротнага беларускага селяніна кормяцца ўсе дармаеды!»

«Далоў ашуканцаў! Далоў паноў-камуністых! Мы хочам быць самі над сабою панамі!.. Няхай жыве праўда! Няхай жыве Вольная Беларусь! Давайце збудуем сваю ўладу, Дзяржаву Беларусь! Народ, паўстань!»

 

1925 год - гэта яшчэ не той Савецкі Саюз, які мы ведаем, калі чуем слова «сталінскі».

 

 

Да калектывізацыі, з яе раскулачваннем, галадаморам, высылкамі, яшчэ далёка. Да «чорных варанкоў» і ночы масавага расстрэлу беларускай нацыянальнай эліты ў 1937-м тым больш. Палітычны рэжым вядзе новую эканамічную палітыку - НЭП. Бальшавікі, прыціснутыя голадам, разрухай і сялянскімі пратэстамі, вымушаныя адступаць. Зноў дазволены прыватны гандаль і дробнае прадпрымальніцтва. Пасля ліхалеццяў войнаў, рэвалюцый жыццё простых людзей паступова нібы вяртаецца ў больш-менш звыклае рэчышча.

Але эканамічнае паслабленне не азначала палітычнай свабоды. Да сярэдзіны 1920-х гадоў бальшавікі ўжо знішчылі легальную палітычную канкурэнцыю. Незалежных партый і арганізацый не засталося. Рэальная ўлада належыць РКП(б) - Расейскай камуністычнай партыі бальшавікоў.

Пад кантролем дзяржавы ўсё - друк, грамадскае, культурніцкае і палітычнае жыццё. Чэкісты ўважліва сочаць за настроямі грамадства. А сачыць ёсць за кім. Людзі вучацца жыць унутры савецкай сістэмы і супраціўляцца ёй. Адкрытая палітычная барацьба становіцца небяспечнай, але гэта не азначае, што грамадства пагадзілася перагарнуць старонку.

Усё, што звязана з беларускай нацыянальнай ідэяй, бальшавіцкая ўлада адбірае як палітычную пагрозу. Беларуская Народная Рэспубліка - ніякая не беларуская дзяржава, а вораг. А Слуцкае паўстанне - контррэвалюцыйная змова і ніяк іначай. Непадкантрольныя ўладзе беларускія культурніцкія ініцыятывы - нацыяналістычнае падполле! Дзеячы гэтых ініцыятываў - выціснутыя за мяжу, кінутыя ў турмы альбо пад наглядам спецслужбаў. Ці забітыя, як беларускі палітык Фабіян Шантыр, які падтрымаў Савецкую Беларусь, але катэгарычна не пагадзіўся з падзелам Беларусі паміж Польшчай і Расеяй.

 

 БССР пад уладай камуністаў у 1925 годзе. Публічная дамена

 

Шукаючы аўтараў антысавецкіх улётак на Случчыне савецкія чэкісты падымаюць агентуру, напружваюць інфарматараў, літара за літарай правяраюць спісы нелаяльных савецкай уладзе і прабеларускіх «элементаў». Даследуюць усё. Нават хлебны мякіш, якім улёткі ляплялі да тэлеграфных слупоў. 

Кола падазраваных пачынае звужацца. ГПУ - Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне - выходзіць на мясцовую моладзь. Настаўнікаў і навучэнцаў са Случчыны. Сярод іншых Нічыпара Мяцельскага, Міхася Макарэню, Рыгора і Мікалая Казакоў, Міхася Дземідовіча. Ім ад 15 да 22 гадоў. Іх усіх арыштуюць у самым канцы кастрычніка 1925 года.

Яны ўсе знаёмыя яшчэ з агульнаадукацыйных настаўніцкіх курсаў, якія працавалі ў Слуцку ад пачатку 1920-х. Беларускую мову і літаратуру на гэтых курсах выкладаў мясцовы настаўнік Юрка Лістапад. Ён яшчэ вёў факультатыўны гурток беларусазнаўства - прыходзь хто хоча, дазнавайся, абмяркоўвай, спрачайся пра беларускую мову, літаратуру і гісторыю.

 

 Выкладчыкі і выхаванцы беларускіх настаўніцкіх курсаў у Слуцку. 15 траўня 1921 года. Публічная дамена.

Юрку Лістападу - дваццаць сем. І прозвішча гэтае для савецкіх спецслужбаў зусім не новае. У 1920 годзе Лістапад быў сярод тых, хто спрабаваў адстаяць незалежнасць Беларусі са зброяй у руках і ўзняў Слуцкі збройны чын. Паўстанне было задушана Чырвонай арміяй, яго лідараў, якія выжылі, выціснулі ў эміграцыю. Пераважна ў Вільню.

Жыць без Беларусі, на чужыне, Лістапад не зможа. Вернецца ў Савецкую Беларусь, здасца бальшавіцкім уладам, заплаціць штраф, нават адсядзіць суткі ў турме. Яму дазволяць працаваць, але птушачку ў графе «нядобранадзейны, беларускі актывіст» ніколі не здымуць.

Ужо ў следчай турме ў Менску ў канцы 1925 года ён напіша пракурору БССР:

 

«Маю гонар заявіць - я, Юры Лістапад, не нейкі там прыблудны валацуга, а работнік, вядомы цэлай арміі беларускіх настаўнікаў, грамадству, тысячам вучняў».

 

Беларус Юрка Лістапад ведаў сабе вартасць. І чэкісты ведалі. У «контррэвалюцыйнай змове» слуцкай моладзі менавіта яго зробяць галоўным завадатарам і арганізатарам.

 

Юрка Лістапад. Публічная дамена.

 

Але тады, у 1925 годзе, чэкісты прыйшлі да Лістапада яшчэ толькі з ператрусам. Шукалі зброю, улёткі, доказы існавання падпольнай антыбальшавіцкай беларускай арганізацыі.

Зацікавіліся рукапісамі, перакладамі і адной фотакарткай на памяць ад калегі па настаўніцкіх курсах у Слуцку. На адвароце - дарчы надпіс Якуба Коласа.

Фотакартка з Якубам Коласам трапляе на стол да аднаго з кіраўнікоў ГПУ ў Беларусі Іосіфа Апанскага. Яму таксама дваццаць сем, як і Лістападу.

_____________________________________

У даганялкі з чэкістамі. Як ГПУ падбіралася да Якуба Коласа - чытаць

________________________________________________

 

Толькі ў адрозненне ад настаўніка беларускай мовы Юркі Лістапада за плячыма ў Іосіфа Апанскага імклівая чэкісцкая кар'ера. А яшчэ ён шчыраваў у Асобым аддзеле 16-й арміі - той самай, Чырвонай, якая задушыла Слуцкі збройны чын. На Слуцк Апанскі відавочна меў зуб.

Чэкіст высвятляе, што ўлетку 1924 года на менскай кватэры Коласа спыняўся Нічыпар Мяцельскі. Той самы Мяцельскі, які цяпер праходзіць па «слуцкай справе». І яшчэ будучы Народны паэт Беларусі, як выявілася, ліставаўся з іншымі ўдзельнікамі справы. А гэта для чэкістаў ужо больш, чым нагода ўзяць паэта ў аператыўную распрацоўку.

Апанскі падпісвае ордэр на ператрус у кватэры Якуба Коласа і выклікае паэта на допыт.

Калі б Якуб Колас трапіў у сённяшні беларускі СІЗА, ён бы ўжо ведаў: на такіх палітычных допытах лепей маўчаць. Лёс справы даўно вызначаны, а сістэма толькі запаўняе тваімі шчырымі тлумачэннямі неабходныя паперкі і набівае тамы. Каб пасля трэсці імі ў судзе: глядзіце, колькі набралася - значыць, ёсць за што саджаць.

Але ў 1925 годзе Якуб Колас яшчэ спрабаваў тлумачыцца:

 

 - Так, Мяцельскі гасціў у мяне, але я, Колас, ні ў якіх палітычных арганізацыях пры савецкай уладзе не ўдзельнічаў і не ўдзельнічаю. Цікаўлюся цяпер толькі жыццём беларускіх працоўных - і выключна для сваіх літаратурных твораў... Даказаць гэтага не магу, але прыму ўсе меры, каб рэабілітавацца.

 

Якуба Коласа чэкісты пакінуць на свабодзе. Не, бальшавікі не перасталі змагацца з беларускай ідэяй: Коласа ратуе маштаб постаці і гульня рэжыму ў беларусізацыю.

Галоўным «аргументам» супраць беларускай моладзі са Случчыны для савецкіх пракурораў стануць два нумары рукапіснага часопіса «Наша Слова», які слуцкія маладзёны выдалі пад лозунгамі: «Няхай жыве вольная Беларусь!» і «Роднае слова - пашырайся!»

Судзілішча правядуць хутка, з 5 да 16 сакавіка 1926 года ў Менску. Працэс будзе паказальным: улады вызваляць дзеля гэтага нават Дом працаўнікоў асветы на вуліцы Камуністычнай, 19.

 

«Авантурнікі, кулацкія сынкі, белагвардзейцы…» - будуць шыпець у бок хлопцаў з высокай судовай трыбуны. Зала была перапоўненая. Ба! Уваход быў па білетах, разасланых судом у грамадскія арганізацыі і ўстановы.

 

Працэс назавуць «лістападаўшчынай» - паводле прозвішча, як палічыць ГПУ, «галоўнага злачынцы і кіраўніка падпольнай арганізацыі». На лаве падсудных шасцёра: Міхась Дземідовіч, Ціт Курбыка, Міхась Макарэня, Нічыпар Мяцельскі, Мікола Казак і Юрка Лістапад.

 

 

Суд будзе зачытваць старонка па старонцы паказанні хлопцаў і разглядаць рэчавыя доказы. Затрымаецца на асабістым дзённіку, які вёў Нічыпар Мяцельскі:

 

«Уся наша праца павінна праходзіць пад лозунгам «За свабоду!». Свабода слова і друку, свабода веравызнання - вось гарантыя ад прыгнёту, ад крыўды, улады… Да чаго апусціўся наш народ! Кучка рознага зброду адабрала ў народа галоўнае - волю…».

 

Мікалай Казак на судзе скажа, што ва ўлётках ён «як думаў, так і пісаў» і расклейваць іх не баяўся, «бо савецкая ўлада ж дае свабоду слова». 

 

 - С какой целью создавали журнал «Наша слова»?, - запытае суддзя.

- А як іначай, калі рэдкалегія насценнай газеты «Красный курсант» нашых, слуцкіх, адукацыйных курсаў катэгарычна адмовілася змяшчаць творы па-беларуску, - адкажа Мікалай Казак.

 

Міхась Макарэня, яшчэ на следстве, на пытанне, каго ён лічыць сапраўдным беларусам, а каго несапраўдным, скажа шчыра:

 

«Хто прызнае беларускую мову і літаратуру, сваю культуру - сапраўдны беларус. Толькі з дапамогай сваёй мовы народ можа ўзняцца. Несапраўдныя - гэта тыя, хто па нацыянальнасці беларусы, але супраць беларускай мовы…»

 

Распаўсюджвання ўлётак хлопцы не адмаўлялі. Сваіх словаў пра Беларусь - таксама. Але віны не прызнавалі. Не прызналі і той падпольнай арганізацыі, якую ім прыпісвала ГПУ.

 

Любоў да Беларусі для бальшавікоў лёгка станавілася контррэвалюцыяй. На працэсе даказваць гэта прызначылі беларускага паэта і дзяржаўнага дзеяча Цішку Гартнага:

 

«Таварышы суддзі! Я прайшоў загартоўку рэвалюцыйнай барацьбой. Таму для мяне зусім відавочнай з’яўляецца белагвардзейска-кулацкая сутнасць лістападаўшчыны. Як вядома, сам Лістапад адыграў значную ролю ў дапамозе чыннасці паўстанцаў, мэтай якіх было не дапусціць у Случчыну Чырвонай Арміі і Савецкай улады, стварыўшы праз паўстанне г. зв. «вольную незалежную Беларусь». Змест улётак змоўшчыкаў і іх часопіса «Наша слова» я знаходжу контррэвалюцыйным і пагромным…»

«…Контррэвалюцыйныя выступленні супраць савецкай улады праходзяць чырвонай стужкай праз усю пісаніну часопісаў і адозваў. Улада савецкая называецца рэакцыйнай і процінароднай…»

 

Праз дзесяць гадоў крывавая сістэма прыйдзе і па Цішку Гартнага. У 1936-м яго арыштуюць і ў 1937-м згнаяць у Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы.

 Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч). Публічная дамена

Савецкі суд пакараў Юрку Лістапада пяццю гадамі зняволення. Нічыпар Мяцельскі, Міхась Макарэня і Міхась Дземідовіч атрымалі па тры гады. Міколу Казака асудзілі на тры гады ўмоўна і вызвалілі з-пад варты проста ў зале суда. Ціта Курбыку бальшавіцкі суд палічыў выпадковым удзельнікам групы і апраўдаў.

На судзе «хлопцы-лістападаўцы» не былі самі. Каля Дому працаўнікоў асветы, дзе адбываўся судовы працэс, штодня дзеля падтрымкі случакоў збіраліся студэнты БДУ, навучэнцы Менскага беларускага педтэхнікуму. А тыя з неабыякавых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, каму ўдавалася прарвацца ў залу суда, адмыслова апраналі нацыянальныя строі.

Неўзабаве прыйдзе 1927 год, і з нагоды 10-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі асуджаныя «лістападаўцы» будуць амніставаныя і выйдуць на волю.

Але іх не забудуць.

Пазней Лістапада савецкія ўлады будуць ламаць. Прапануюць супрацоўніцтва — выехаць у Польшчу і даносіць на актыўных беларусаў за мяжой. Не згодзіцца. У асабовай справе Лістапада з'явіцца пазнака: «вербовке не подлежит».

Яму забароняць жыць у Беларусі. Вышлюць у расейскі Ржэў. У 1933-м зноў арыштуюць. Дадуць восем гадоў лагераў. А 5 чэрвеня 1938 года Юрку Лістапада заб'юць у зняволенні ля станцыі Тахтамыгда ў Амурскай вобласці - амаль на мяжы з Кітаем.

 

 Нічыпар Мяцельскі. Публічная дамена

Ужо ў часе Другой сусветнай вайны, праз 18 гадоў пасля падзей 1925-га, савецкія дыверсанты адмыслова завітаюць у падрудзенскую вёску Цітва, каб імем савецкай улады забіць беларускага селяніна Нічыпара Мяцельскага. Прыгадаўшы яму падзеі ў Слуцку ў 1925 годзе.

Рэдакцыя на падставе Беларускі След