Przenoszenie
Przenoszenie
Хуткая помста. Дзёрзкасць гарадзенцаў уражвае
28 жніўня 1906 года з Гродна ў Пецярбург ляціць дэпеша: у цэнтры горада дэманстратыўна забіты памочнік начальніка расейскага жандарскага ўпраўлення падпалкоўнік Мікалай Грыбаедаў.
Забойца невядомы, але першыя вынікі следства кладуць адказнасць за злачынства на гарадзенскіх анархістаў-рэвалюцыянераў. Тыя ў адказ абвяшчаюць: Грыбаедаў пакараны за “шматгадовую правакатарскую дзейнасць” і актыўны ўдзел у антыгабрэйскім пагроме ў Беластоку.
Анархісты абралі месцам помсты цэнтральную Парадную плошчу Гародні, сённяшні скверык паміж колішняй Фарай Вітаўта і цяперашнім Фарнымі касцёлам.
Падпалкоўнік замовіў у афіцэрскай краме ў цэнтры новыя парадныя пагоны. Рыхтаваўся да пераводу ў расейскі Царыцын, сённяшні Валгаград. Замова мела быць гатовай а 18.00, але Грыбаедаў прыйшоў забіраць тавар хвілін на 45 раней.
Забойства было даручана Ёселю Валаху, які, няведаючы пра змены планаў афіцэра, няспешна дачышчаў дома рулю браўнінга. Сувязны анархістаў, маладзён Міша Длугач, які падпрацоўваў у гэтай жа афіцэрскай краме, разумеў, што аперацыя пад прагрозай зрыву.
І як толькі падпалкоўнік накіраваўся вонкі з крамы, выскачыў перад ім і адчакаўшы пакуль той пройдзе некалькі дзесяткаў крокаў па плошчы, стрэліў Грыбаедаву ў твар.
Куля прашыла каўнер мундура, прабіла шчаку і выйшла пад правым вокам. Жандар загінуў на месцы.