ДРУГАЯ СУСВЕТНАЯ ВАЙНА

больш артыкулаў

07-05-2026

Гэта гісторыя звязала з Беларуссю ч...

Абраны...

прачытаць
12-03-2026

Смажаныя каштаны. Рашэнні, якія адк...

прачытаць
20-08-2026

Калі Траш. Што вядома пра невядомае забойства цыганоў у Ашмяне?

 

Калі Траш – гэта "чорны жах" на адным з цыганскіх дыялектаў. Жахлівыя падзеі, пра якія пойдзе гаворка, здарыліся ў 1941-м годзе ў беларускай Ашмяне на гістарычнай Віленшчыне. Гісторыю давялося збіраць з аскепкаў сведчанняў і ўскосных узгадак у беларускіх, польскіх, літоўскіх публікацыях.

На пачатку Другой сусветнай вайны ў Ашмяне жыло не больш за восем тысяч чалавек, і насельніцтва горада няўхільна змяншалася. Ішлі рэпрэсіі, савецкія вывазкі нелаяльных грамадзян у Сібір. Сам горад быў досыць бедны. Яшчэ ў Першую сусветную вайну горад быў пад немцамі і ў прыфрантавой паласе, на ліквідацыю разбурэнняў патрэбныя былі час і грошы. Стабільная электрычнасць, неабходная для мясцовай прамысловасці, заставалася перманентнай праблемай.

Беларуская Ашмяна за папярэднія два дзесяцігоддзі не раз мяняла ўладу і дзяржаўную прыналежнасць. Немцы, бальшавікі, БНР, ССРБ, ЛітБел ССР, Сярэдняя Літва, Польшча, Савецкі Саюз. Мяняліся межы, адміністрацыі і законы. Улетку 1941 года ў горад зноў прыйшлі немцы.

Рашэнні Гітлера і Сталіна, якія адкрылі дарогу вайне

Цыганы былі заўважнай часткай ландшафту Ашмяны. Некалькі дзесяткаў цыганскіх сем’яў жылі пераважна ў раёне гарбарні - бедным раёнчыку на ўскрайку горада, па дарозе на Баруны. Гэта былі халадытка ромá - так называюць цыган Заходняй Беларусі. Іхныя продкі прыйшлі сюды праз Нямеччыну і Польшчу. 

Увосень 1941 года, адразу пасля нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз, у Ашмяну перабраліся яшчэ некалькі цыганскіх табараў. Што іх прывяло ў горад - невядома. Але вядома, што неўзабаве гітлераўцы араштавалі блізу трыццаці цыганоў.

 

Ашмяна была фармальна аддзелена нацыстамі ад рэшты беларускіх земляў і ўключана ў генеральную акругу “Літва” з адміністрацыйным цэнтрам у Коўна. Нямецкі орднунг патрабаваў ад насельніцтва абавязковай рэгістрацыі. Нацысты так кантралявалі месцазнаходжанне і перамяшчэнне людзей, а сабраныя асабістыя дадзеныя быццам бы меліся замінаць фальшаванню дакумантаў.

 

Але ашмянскія цыганы рэгістравацца ў мясцовы Meldungsamt не пайшлі, і гэта было выкарыстана як нагода для іх арышту.

Сярод арыштаваных была і мясцовая цыганская "каралева" Сакалоўская, таму немцы палічылі нежаданне цыганоў рэгістравацца свядомай і спланаванай адмовай. У групе арыштаваных было 16 дзяцей, у веку ад 3 да 8 год.

Усіх, разам з дзецьмі, кінулі ў гарадскую, пабудаваную яшчэ ў часы расейскай імперыі, турму. Невялікая турма ў Ашмянах была перапоўненая – у камерах 6 на 8 трымалі адначасна больш за 100 чалавек. Спалі вязні на падлозе, на стале, пад нарамі.

Невядома, як доўга цыганоў пратрымалі ў турме. Што б гэта не азначала, але вядома, што немцы далі дазвол ашмянскаму ксяндзу Валерыяну Голаку ахрысціць арыштаваных цыганскіх дзяцей. Магчыма, каталіцкі святар разумеў, які лёс немцы рыхтуюць арыштаваным.

Цыганскія жанчыны ўвесь гэты час працавалі на турэмнай кухні. Адной раніцы арыштаваных вывелі з камер і пад канвоем павялі ў кірунку Маладзечна. З усёй групы ў турме пакінулі толькі Сакалоўскую.

 

Далёка не пайшлі, у бліжэйшым за Ашмяной лесе канвой змянілі супрацоўнікі мясцовай паліцыі. Вялікая яма была ўжо выкапаная. Усю групу расстралялі.

Цыганская каралева Сакалоўская нейкім цудам перажыла вайну і, паводле некаторых сведчанняў, неаднаразова звярталася да мясцовых савецкіх уладаў з просьбамі адкрыць і годна пахаваць парэшткі забітых цыганоў. Але, з невядомых прычын, ёй адмаўлялі, хаця эксгумацыя магла даць разуменне, што ж дакладна адбылося ў Ашмяне той восенню 1941 года.

Гісторыя Давіда, які ратаваў беларускіх габрэяў.

Цыганоў у Ашмяне і ваколіцах у часе Другой сусветнай вайны масава забівалі яшчэ некалькі разоў - сем’ямі, табарамі, іх арыштоўвалі на дарогах, у вёсках і нават проста на гарадскім рынку.

У тым жа 1941-м годзе ў падашмянскую вёску Навасяды прыйшоў цыганскі табар - пяць вазоў, каля 25 мужчын, жанчын і дзяцей. Па іншых звестках цыганоў было 44 чалавекі. У вёсцы яны правялі толькі адну ноч. На наступны дзень нямецкія паліцыянты сагналі іх у хлеў, а яшчэ праз дзень вывелі ў поле і расстралялі. Маёмасць забітых прадалі мясцовым жыхарам. Парэшткі выявілі і перапахавалі толькі ў 1980-я гады, калі праз гэтае месца будавалі дарогу.

13 ліпеня 1942 года, у выніку аблавы, праведзенай нямецкай вайсковай часткай з Коўна, былі арыштаваныя блізу 40 цыганоў. Іх расстралялі на трасе паміж Гудагаем і Лошай, дакладнае месца невядомае дасёння.

Апошняе з вядомых забойстваў адбылося ў ліпені 1943 года ўжо ў самой Ашмяне. Нямецкія жандары і паліцыя атачылі гарадскі рынак, дзе цыганы гандлявалі коньмі. Затрымалі каля 40 чалавек, пасадзілі ў два грузавікі, вывезлі ў лес па дарозе на Вільню і расстралялі.

Ашмянскія расстрэлы не былі лакальнай гісторыяй. У гады Другой сусветнай вайны цыганоў забівалі па ўсёй Еўропе. Колькасць ахваряў дакладна не падлічана, большасць з іх не мела грамадзянства, дакумантаў, рэгістрацыі. Даследчыкі называюць лічбу ахвяраў - да 500 тысяч. А часам і болей. Карныя атрады Einsatzgruppen арыштоўвалі і расстрэльвалі цыганоў, якіх сустракалі на беларускіх землях. Вельмі часта іх кідалі ў габрэйскія гета, як прыкладам, у Берасці, забівалі разам з габрэямі і разам хавалі ў брацкіх магілах. Апраўданнем масавага знішчэння для нацысцкіх ідэолагаў было "нееўрапейскае" паходжанне цыганоў, што стварала “пагрозу чысціні расы”.

Нацысты нават выклікалі дадому ўласных салдат вермахта цыганскай нацыянальнасці, пад прэтэкстам адпачынку, пабачыцца з сям'ёй. У выніку кароткія сустрэчы адбываліся ўжо ў канцэнтрацыйных лагерах.

Вырашэннем «цыганскага пытання» гітлераўцы канчаткова заняліся ў 1938-м годзе. У чэрвені ў Нямеччыне быў арганізаваны "Тыдзень вынішчэння цыган", а праз некалькі месяцаў Генрых Гімлер выдаў цыркуляр «Пра барацьбу з цыганскай пагрозай», Да гэтага ў Берліне ўжо было створана спецыяльнае ўпраўленне па барацьбе з так званай «цыганскай пагрозай». Пачыналася ўсё з паліцэйскага ўліку, прафілактычнага нагляду, рэгістрацыі, расавай класіфікацыі. Пасля прыйшлі лагеры працы, канцэнтрацыйныя лагеры, дэпартацыі і масавыя забойствы.

 Рэдакцыя

У афармленні выкарыстаныя фота instytutstratwojennych.pl