ЖАНЧЫНА Ў ГІСТОРЫІ

больш артыкулаў

16-04-2026

Цень Вітаўта. Гэта яна "падчышчала" за вялікім князем

Кароль Польшчы давяраў ёй бязмерна, кароль Венгрыі цаніў ейны густ і шчодрасць, кожны чарговы вялікі магістр тэўтонаў шукаў з ёй паразумення, адорваючы шыкоўнымі падарункамі.

Вітаўт Вялікі пакінуў ёй усё, але яна так і не даравала яму. Дыпламатка, візіянерка, харызматычная асоба, чые месца на беларускім сярэднявечным алімпе, як мінімум, побач з Еўфрасінняй Полацкай.



Беларуска-літоўская княгіня Ганна. Кадр з фільма "Карона каралёў". Фота TVP

Ганна Кейстутовіч. Напэўна так гучалі б сёння яе імя і прозвішча. Жонка Вітаўта Вялікага. Амаль 50 год разам. Як была па-бацьку – гісторыкі спрачаюцца дагэтуль.

Ці Святаславаўна – бо, магчыма, была дачкой смаленскага князя Святаслава, а можа была дачкой, ці сястрой Судзіманта, князя з Эйшышак. Спрэчка, якая мае стаць вечнай – хто былі важнейшымі на беларускіх землях славяне ці балты.

Па адной з гэтых версій Ганна (Ona – па-літоўску) нарадзілася ў мясцовасці, якая ляжала ў тыя часы на палове дарогі з Вільні ў Гародню. Адсюль і гісторыя з Эйшышкамі, якія хоць і былі ў тыя часы між пушчаў-багнаў, але знаходзіліся літаральна ў гадзіне коньмі ад тракту, які злучаў Вільню і Гародню.

А пазней нашмат стагоддзяў стане важным каралеўскім шляхам, адным з галоўных для беларусаў, літоўцаў і палякаў – аб’яднае дзве нашыя сталіцы Вільню і Кракаў. Шлях вёў праз беларускія Радунь, Шчучын, Масты, Ваўкавыск, Поразава, Шарашова, Камянец, Берасце.

Замак у Эйшышках быў натуральным месцам, дзе спыняліся падарожныя: адпачывалі, змянялі коней. Дзядзінец замка нагадваў замкі ў Лідзе і Медніках – быў неўпрыкмет вялікім, на раз тут маглі размясціцца да тысячы ваяроў. Побач была пушча, то бок усё неабходнае для княскага палявання.

Замак у Эйшышках належаў пабраціму Вітаўта – Судзіманту, слаўнаму ваяру з крыжакамі, які ў 1394 годзе трапіў да іх у палон і быў забіты. Гісторыкам вядомы сын Судзіманта – Алекна. А вось пра Вітаўтаву жонку Ганну, нідзе ў крыніцах ані слова.

Невядома таксама паганскае імя Ганны, якое ў выпадку яе балцкіх каранёў павінна было быць. Усё гэта надае легендарнасці версіі з Эйшышкамі. Зрэшты пасля смерці князя, Эйшышкі з замкам перайшлі да Вітаўта, можна дапускаць у якасці спадчыны - айчыннага месца жонкі Ганны.

Іншая версія  - праславянская. Яна кажа, што Ганна была дачкой Святаслава, які кіраваў Смаленскім княствам, колішняй неад’емнай часткай беларускіх земляў. Летапісцы адзначаючы адданую набожнасць Ганны, ускосна падтрымліваюць гэтую версію.

Праўдападобна Ганна была праваслаўнай, каталіцызм прыняла толькі ў 1383-м годзе ў Прусах, дзе Вітаўт ратаваўся ад Ягайлы пасля ўцёкаў з Крэва. А з іншага боку Вітаўт ці не тройчы хадзіў на Смаленск і нідзе ў крыніцах не згадана ні паўслоўцам, што мусіў ісці войскам на родную зямлю жонкі.

Такім Вітаўта Вялікага вы яшчэ не ведалі!

Абедзьве версіі паходжання Ганны прыгожыя, выдатна ілюструюць вечныя спрэчкі пра балцка-славянскае пяршынства на беларускіх землях.



Вітаўт і Ганна. Зборы Nacionalinis muziejus Lietuvos Didziosios Kunigaikstystes valdovu rumai ў Вільні.

Верагодней за ўсё Вітаўт пабраўся з Ганнай шлюбам недзе ў 1369-1370, абодва тады маглі мець па 19-20 год, але цалкам можна дапусціць, што Ганна была крыху маладзейшай. Сафія - адзіная іх дачка, нарадзілася ў 1371 годзе.

Сям’я некалькі год жыла ў Троках, разам з бацькамі Вітаўта Кейстутам і Бірутай, а з 1376 года амаль на стала ў Гародні.

Менавіта на беларускай зямлі Вітаўт распачаў дзяржаўную кар’еру, атрымаў Гарадзенскае княства ў кіраванне.

На палітычную авансцэну жонка Вітаўта выходзіць у 1382 годзе. У ВКЛ віруе дзяржаўны крызіс. Ягайла пасля смерці бацькі Альгерда – вялікага князя, змагаецца з Кейстутам і Вітаўтам за адзінаасобнае кіраванне. Падступна захоплівае іх у Вільні і кідае ў вязніцу Крэўскага замку. Дзядзьку Кейстута забівае амаль адразу, найверагодней гэткі ж лёс чакаў і Вітаўта.

Ганна дамагаецца ад Ягайлы права наведваць мужа у вязніцы замка. Дазнаецца пра сумныя перспектывы і вырашае арганізаваць уцёкі Вітаўта.

Гучная на той час гісторыя: Ганна мае сталы кантакт з Вітаўтам з дапамогай дзвюх набліжаных да яе дзяўчын, нанятых аховай замку, каб трымаць у парадку камеру Вітаўта і штовечар рыхтаваць яму спальнае месца.

Аднаго вечара, па сігнале Ганны, Вітаўт мяняецца з адной з іх вопраткай, бесперашкодна пакідае крэўскія муры і ўцякае да крыжакоў у Мальбарк.

Дзяўчына так выдатна заграла сваю ролю, што вартаўнікі заўважылі падмену толькі праз тры дні. Ганна некаторы час яшчэ заставалася ў Крэве, мужна прыняла публічны гнеў Ягайлы і таксама эмігравала ў Прусы.

Што цікава, і з крыжакамі і з Ягайлам з тае пары Ганна мела выдатныя дачыненні. Пачалася яе міжнародная кар’ера.

Ягайла быў каралём 48 год! Вось яны - сакрэты манаршага харчавання

Ягайла ацаніў яе адданасць мужу і ліцвінскай дзяржаве, а таксама адвагу і спрыт, а тэўтонаў яна замілавала, калі прыняла з іх рук каталіцызм, актыўна дэманстравала сваю хрысціянскасць, наведвала святыя месцы, і нават імкнулася заснаваць у Троках жаночы кляштар.

Крыжакі не надта давяралі Вітаўту, які змушаны часта быў да непапулярных крокаў, займаўся геапалітычнай эквілібрыстыкай, каб захаваць курс на самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага.

Ганна спраўна залагоджвала яго імідж. Фактычна яна да самай сваёй смерці 31 ліпеня 1418 года вяла паўночны і заходні кірунак дыпламатыі старажытнабеларускай дзяржавы.

Вялікі магістр крыжакоў, калі дазнаўся пра адыход Ганны ў іншы свет, выдаў загад адслужыць на гонар Ганны жалобныя набажэнствы ва ўсіх касцёлах ордэна. Гэта рашэнне можна прыраўняць да абвяшчэння дзяржаўнай жалобы

Можна толькі ўявіць сабе ролю і значэнне Ганны ў беларуска-крыжацкіх стасунках. І гэта пасля таго, што нашыя войскі зрабілі з крыжакамі пад Грунвальдам! 

Яшчэ раней у 1404 годзе Вітаўт заключыў з Ордэнам дамову, паводле якой вялікі крыжацкі магістр, у выпадку заўчаснай смерці Вітаўта, браў на сябе абавязак заапекавацца Ганнай:

 - Мы і наш Ордэн маем ахоўваць яе і бараніць з усёй моцы перад якімкольвек гвалтам і несправядлівасцю.

Досыць нетыповая не толькі ў тыя, але і ўва ўсе часы дамова.

У 1392 годзе ў Астроўлі пад Лідай Ягайла з Вітаўтам забываюць крыўду, заканчваюць братэрскую вайну і падпісваюць пагадненне: Вітаўт прызнае вяршэнства Ягайлы, як польскага караля, але захоўвае самастойнасць нашага Вялікага Княства. І гарантыі лаяльнасці Вітаўта дае Ягайлу менавіта Ганна. Пагадненне зацверджана таксама і яе пячаткай! Нішто сабе пасада – жонка мужа!

Ягайла давярае Ганне, ведае як яе слова цэніць Вітаўт, і праз некаторы час дасылае ёй з Кракава на знак пашаны і падзякі багаты падарунак – некалькі каштоўных пярсцёнкаў. Давер каштуе.


Ліст да Ягайлы з пячаткай Ганны. Адкрыты доступ

Сучаснікі Ганны сцвярджалі на адзін голас, што Ганна была адной з найпрыгажэйшых жанчын ва Усходняй Еўропе, любіла раскошу – насіла ўборы з вельмі дарагіх тканінаў і аздабляла каштоўнымі камянямі. Лічыцца, што над замовамі Вітаўта і Ганны працавалі больш 300 дызайнераў вопраткі, якія здобілі ўборы золатам. У 1416 годзе яны атрымалі ад вялікага магістра дарагое віно і вінаград з Паўночнай Італіі.

Пасля замірэння з Ягайлам, Ганна з Вітаўтам доўгі час жывуць у асноўным у Гародні, куды Вітаўт, вяртаючыся з аб’ездаў краіны, ляцеў кулём. Бо там была Ганна. Пануе меркаванне, што гэта быў рэдкі як на тыя часы саюз – не геапалітычны, а па каханні.

Ганна ўмацоўвала кантакты з Ордэнам. І магістры крыжакоў, у сваю чаргу, не раз прасілі яе бараніць перад Вітаўтам справы Ордэна. У 1398 годзе пры яе непасрэдным удзеле перамовы ў Гародні заканчваюцца вялікай сустрэчай на выспе Салін (па Нёмане крыху далей за Коўна), і падпісаннем пагаднення паміж Вітаўтам і тэўтонамі.

Вітаўт адступіў крыжакам амаль усю Жамойць, тыя ў сваю чаргу прызнавалі менавіта яго вялікім князем і адзіным кіраўніком ВКЛ, дамаўляліся разам змагацца з ардой, і дапамагаць узаемна ў спрэчках з Псковам і Ноўгарадам. Іншая справа, што ў выніку гэтае пагадненне прынесла беларусам і літоўцам мала карысці. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Ганна сваю частку выканала ідэальна.

Кронікі звярнулі ўвагу на цікавую гісторыю, які дадае адценняў у магутны вобраз княгіні Ганны. У 1392 годзе Вітаўт імкнучыся вярнуць Вільню з-пад Ягайлавай улады, звярнуўся па дапамогу да крыжакаў і разам з імі рушыў на сталіцу.

Рыцары розных дзяржаваў ехалі з сваімі харугвамі, найважнейшай з якіх была харугва прысвечаная святому Юрыю. Гонарам было ехаць пад ёй, і ў часе паходу за гэтая пяршынства ўзнікалі частыя спрэчкі паміж тэўтонамі, ажно пад літоўскай Алітай эмоцыі перамаглі і немцы пайшлі бойкай на ангельцаў.

Супакоіць абодва бакі змагла толькі Ганна, якую рыцары паважалі і яе слову давяралі.

У 1400 годзе нашая княгіня на чале вялікай, амаль 400 коннай дэлегацыі выправілася ў Ордэн. Афіцыйна яна ехала ў Каралевец, Мальбарк, Квідзын да месца пахавання св. Дароты, патронкі Прусаў.

Але гэта была найперш дэманстрацыя мірных стасункаў і пацверджанне таго, што ўзятыя абяцанні будуць датрыманыя, а Вітаўту гэта было надзвычай патрэбна ў той час, асабліва пасля прыкрай паразы ад татараў пад Ворсклай.

Візіт беларускай княгіні нават вывучала адмысловая камісія рымскага папы Баніфацыя ІХ, і ён стаўся важным чыннікам кананізацыі святой Дароты.

Ганна пакінула крыжакам багатыя падарункі, храністы асабліва адзначылі шаўковыя тканіны. У сваю чаргу вялікі магістр падарыў Ганне дзве кнігі пра жыццё святой Дароты, пісаныя лацінай.

Падобна на тое, што Ганна была вельмі задаволеная падарункам, што сведчыць пра яе высокі культурны ўзровень. Яна хутчэй за ўсё была пісьменнай, і адной з першых жанчын ВКЛ, якая мела ўласную бібліятэку.

У 1408 годзе з Ордэна да Ганны едзе незвычайны прэзент - пераносны арган і клавікорд - прататып сучаснага фартэпіана. Клівікорд толькі-толькі пачаў заваёўваць манаршыя замкі і палацы ў Еўропе, і вельмі верагодна, падарунак беларуска-літоўскай княгіні быў наогул ці не першай узгадкай пра гэты музычны інструмент.


У 1409 годзе Ганна яшчэ паспела суправадзіць Вітаўта ў славацкі Кежмарк на сустрэчу з Жыгімонтам Люксембургскім, тады каралём Венгрыі. Візіт ізноў сведчыць пра дзяржаўную ролю Ганны. У іншым выпадку яе ўдзел проста не быў абавязковым.



Срэбны медаль у гонар Ганны.
 З крыжацкім клавікордам :) Фота monetaria.lt

Праз некалькі год адносіны Вітаўта з Ганнай пачынаюць пагаршацца. Абодвум ужо значна за 60 год. У вялікага князя пачынаецца раман з Уллянай Гальшанскай, дачкой роднай сястры Ганны Агрыпіны. Але Ганна засталася вялікай літоўскай княгіняй да самае свае смерці. Ганна памерла 31 ліпеня 1418 годзе у Троках, пахавана ў віленскай катэдры.

Вітаўту Ганна не даравала, хоць ён і пакінуў ёй ўсе, а галоўнае статус вялікай літоўскай княгіні. Паміраючы, яна, нібыта сказала яму, што цяпер ён можа забыцца на фарт, удачу і поспех. Як бы там ні было насамрэч, але доўгачаканую карону Вітаўт так і не змог апрануць на сваю галаву.

Вітаўт ажаніўся з Уллянай Гальшанскай літаральна праз 3 месяцы, але паміраючы ў 1430 годзе ў сваім тэстаманце выказаў жаданне быць пахаваным побач з Ганнай.

Рэдакцыя


У тэксце выкарыстаныя матэрыялы:

Liuda Matieniene, Vilnius: meilės stotelės. Romantiškasis miesto žemėlapis