КАЛЯНДАР
11. студзень
Умпіровіч Алеся
У гэты дзень у 1925 годзе ў вёсцы Азярава на Браслаўшчыне нарадзілася Алеся Умпіровіч (за мужам Фурс). Актыўная ўдзельніца падпольных моладзевых арганізацый "За Беларусь!", Саюз беларускіх патрыётаў, якія дзейнічалі на Пастаўшчыне, Глыбоччыне адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
Моладзь праз самаадукацыю выступала за пашырэнне ў Беларусі беларускай мовы, шанаванне гісторыі, нацыянальных сімвалаў, абапіраючыся на досвед БНР выказвала ідэі беларускай незалежнасці і суверэнітэту.
На моладзь абрынуліся сталінскія савецкія рэпрэсіі. Алесю Умпіровіч арыштавалі ў 1948 годзе, яна прайшла здзекі савецкага следства і судоў, жахі сталінскіх лагераў. Асуджаная на 25 год, смерць Сталіна прымусіла савецкія ўлады скараціць тэрміны палітычным зняволеным. Алеся выйшла на волю ў чэрвені 1956 года.
Баючыся працягу рэпрэсій, вымушана выехала з мужам у Казахстан. Вярнулася ў Беларусь у пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя.
Падтрымала аднаўленне беларускай дзяржаўнасці ў 1991 годзе. Да самае смерці ў 2017 годзе актыўна падтрымлівала беларускі дэмакратычны рух.