ЭКАНАМІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ
Яго клікалі швайцарскія брэнды, але яму снілася Масква
Сорак год з 1840-га Генрых Сон апранаў у гадзіннікі багему беларускага Магілёва. І гэта не быў мас-прадукт, кожная зробленая майстрам рэч мела свой унікальны механізм. У Лондане на міжнароднай выставе ў 1862 годзе публіка яму апладзіравала, а ён быў адзіным прадстаўніком з Беларусі і ўсёй Расейскай імперыі.
Гадзіннікавая вытворчасць у Беларусі мае сваю гісторыю. Яшчэ вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца, жонка Жыгімонта Старога, замовіла сабе ў Якуба Чэха з Прагі партатыўны настольны гадзіннік. І ў 1525 годзе ўжо прымала зробленае: гадзіннік упрыгожвалі выявы беларуска-літоўскай "Пагоні" і польскага арла.
Надзвычай запатрабавальным быў віленскі зэгармістр Якуб Яркевіч. Паміж 1616 і 1664 гадамі ён выканаў на замову не менш дзесятка дыхтоўных гадзіннікаў. Недзе ў гэты ж час палонныя беларускія гадзіншчыкі Міхалка Мікіцін, Філька Тарасаў, Антошка Іваноў былі вымушаныя працаваць у Аружэйнай палаце ў Маскве.
Чытаць: Як у Гродне запусцілі гадзіннік, "які падаваў сігналы вязням СІЗА"
Мінімум 650 беларускіх майстроў пакінулі свой след у гадзіннікавым фаху з XVI стагоддзя. У 1784-1794 гадах у Дуброўне пад Воршай працавала элітная гадзіннікавая мануфактура зэгармайстра нямецка-шведскага паходжання Пятра Нардштэйна. Усю яе прадукцыю скупаў Пецярбург, імперскі двор.
Майстар яшчэ і дзяліўся сваімі ўменнямі. Вядома, што Нардштэйн падрыхтаваў не менш 33 беларускіх паслядоўнікаў. І, вельмі верагодна, што адным з іх быў Восіп - бацька Генрыха Сона, які пасля перадаў свае напрацоўкі сыну.
Кішэнны гадзіннік мануфактуры ў беларускім Дуброўне. Здымак з "Музея Часу і Гадзіннікаў"
Былі гады калі з лагатыпам “Фабрыка Дубровенская” мануфактура выпускала да 120 кішэнных гадзіннікаў з адкрытым цыферблатам. Нардштэйн змог дасягнуць большай дакладнасці гадзіннікавага механізма, ён стаў выйграваць у расейскіх канкурэнтаў і … Кацярына ІІ у 1794 годзе загадала перанесці паспяховую фабрыку з Беларусі пад Маскву. Там прадпрыемства праіснавала да 1812 года.
Генрых Сон працаваў на тонкім швайцарскім абсталяванні. Ён быў не толькі рамеснікам, ён быў творцам, паэтам-інжынерам. Рабіў арыгінальны прадукт, якасны, надзейны, дызайнерскі. У 1852 годзе на адзін з распрацаваных ім механізмаў выдала патэнт Бельгія.
У захапленні ад філіграннасці магілёўскага майстра быў знакаміты ювелір Карл Фабержэ. А швайцарская фірма гадзіннікаў “Eterna”, вядомая тым, што першай у гісторыі выпусціла наручны гадзіннік, а ўжо ў нашыя часы была паспяховай часткай Porsche Designe Group, у 1860-ыя ў гонар Генрыха Сона арганізавала ўрачысты абед.
І зразумела чаму! На міжнароднай выставе ў Парыжы беларускі майстра прадстаўляе гадзіннік з механізмам, які можна было завесці адзін раз і ён не спыняўся год. Сенсацыя на тыя часы!
Альбо, і гэта ўжо haute couture ў гадзіннікавым бізнесе - Сонаў мінімалістычны сферычны гадзіннік у форме залатой кулі, які можна было на ланцужку насіць у кішэні. А які брэнд - «Сонъ из Могилева»!
Фрагмент каталога экспанатаў з Расейскай імперыі на міжнароднай выставе ў Парыжы ў 1867 годзе
Генрыха клікалі да сябе гадзіннікавыя мануфактуры Швайцарыі, Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі. Сон выконваў замовы ў Брусэлі і Вільні, але выбраў усё-ткі быць першым на вёсцы :). У 1880 годзе з’ехаў з Магілёва ў Маскву. Чаму не? Таксама бізнес-мадэль: канкурэнцыі мізер, а людзей з вялікімі “шалёнымі” грашыма на яго жыццё ў Маскве хапіла.
Даказана: найстарэйшы дзеючы вежавы гадзіннік Еўропы знаходзіцца ў Беларусі
Рэдакцыя