Ці бачылі вы падручнік па гісторыі Беларусі памерам 2 на 2 см? А ён існуе. Менавіта столькі месца абсалютна дастаткова, каб змясціць цэлую гісторыю барацьбы за беларускія землі ў 1919 годзе.

ПАЛІТЫЧНАЯ ГІСТОРЫЯ

больш артыкулаў

18-09-2026

Так абіралі першага кіраўніка незал...

Гэта б...

прачытаць
05-09-2026

Сцяг над Менскам. Так аднаўлялі гіс...

прачытаць
11-06-2026

Няпрошаны госць беларускай Незалежн...

Снежан...

прачытаць
19-05-2026

Беларуская Дэкларацыя Свабоды

У студ...

прачытаць
22-10-2026

Пяць дзяржаў на двух сантыметрах. Так дзялілі Беларусь у 1919 годзе

 

Ці бачылі вы падручнік па гісторыі Беларусі памерам 2 на 2 см? А ён існуе. Менавіта столькі месца абсалютна дастаткова, каб змясціць цэлую гісторыю барацьбы за беларускія землі ў 1919 годзе.

Перад намі звычайная, на першы погляд, паштовая марка. Але на гэтым маленькім кавалачку паперы адразу некалькі дзяржаў пакінулі свае сляды і свае планы на Беларусь. Сама марка, як мы бачым, яшчэ расейская, на ёй польская надрукоўка, а зверху - ужо нямецкі знак «V.P. Grodno». А ёсць яшчэ і ўкраінскі трызуб і знак літоўскай пошты.

 

Змена ўлады ў Беларусі на прыкладзе адной паштовай маркі. 

 

Так выглядае своеасаблівая мініяцюра гісторыі Беларусі часоў Першай сусветнай вайны і пасля яе, калі на беларускіх землях улады змяняліся хутчэй, чым паспявалі надрукаваць новыя грошы і паштовыя маркі.

Беларускія землі на той час больш 120 гадоў былі акупаваныя Расейскай імперыяй, якая развалілася ў выніку Першай сусветнай вайны і рэвалюцый 1917 года. А Беларусь за гэты час атрэслася ад нямецкай акупацыі, вітала абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, перажыла наступ бальшавікоў і барацьбу новых дзяржаў за яе тэрыторыю.

У 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, нямецкая акупацыйная адміністрацыя стварыла на беларускіх тэрыторыях уласную сістэму кіравання, у тым ліку паштовую. Пасля паразы Германіі ў лістападзе 1918 года гэтая сістэма пачала распадацца.

______________________________

Чытаць: Пасля І-й сусветнай вайны ў нашым рэгіёне разгортвалася вялікая палітычная гульня. І беларусам у ёй адводзілася ці не галоўная роля. Праўда, правілы гэтай гульні пісалі зусім не мы. 

_______________________________

Адначасова на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ўзнікалі новыя дзяржавы. Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная яшчэ ў сакавіку 1918 года. Літва і Польшча таксама будавалі ўласную дзяржаўнасць, а бальшавікі спрабавалі ўсталяваць на гэтых землях савецкі рэжым.

 

Беларусь стала месцам, дзе перасякаліся ўсе гэтыя, і не толькі гэтыя, палітычныя праекты.

 

Красавік 1919 года быў часам вялікіх перамен. Пасля некалькіх гадоў акупацыі германскія войскі пакідалі Беларусь. Але адыход кайзераўскіх войск не адбываўся аднамомантна. У асобных беларускіх гарадах немцы працягвалі кантраляваць вайсковыя часткі, чыгункі, склады, штабы і паштовыя аддзяленні.

Як, да прыкладу, у Гародні. На 10 красавіка 1919 года горад ужо заняла польская цывільная адміністрацыя, але вайсковыя аб'екты, у тым ліку чыгунка, усё яшчэ заставаліся пад нямецкім кантролем.

І гэта не была выключна беларуская асаблівасць. Пасля Першай сусветнай вайны ў многіх гарадах Усходняй Еўропы новая цывільная ўлада мусіла некаторы час суіснаваць са старымі вайсковымі структурамі чужых дзяржаў. Возьмем той жа блізкі да Беларусі Беласток: Польшча абвясціла незалежнасць 11 лістапада 1918 года, а горад заставаўся ў нямецкіх руках яшчэ некалькі месяцаў.

 

Гародня была важным чыгуначным вузлом, праз які нямецкія войскі вярталіся з было Расейскай імперыі. Тут знаходзіўся штаб нямецкай 10-й арміі, а таксама база добраахвотніцкіх фарміраванняў памежнай аховы Grenzschutz Ost, якія прыкрывалі вывад германскіх войск. Разам з вайскоўцамі ў Гродне працягвала працаваць і нямецкая палявая пошта: аддзяленні Feldpost 737 і Freiwilligen-Feldpost 3007.

Але не толькі нямецкая! Яшчэ 30 снежня 1918 года ў Гродне адкрылася літоўскае паштовае аддзяленне. Яго кіраўніком стаў Дзмітрый Арцём'евас, які прывёз у Гародню з Вільні першыя літоўскія маркі.

Спачатку літоўская пошта ў Гродне гасіла маркі простым аднарадковым штэмпелем «Grodno». А ўжо 3 студзеня 1919 года яго замянілі салідным круглым фіялетавым штэмпелем з надпісам «Гродненская ... контора».

Новыя дзяржавы, як бачым, не заўсёды мелі тады нават час на выраб уласных паштовых штэмпеляў. Таму карысталіся тым, што знаходзілі на месцы.

Вельмі цікава, што літоўскаму аддзяленню ў Гародні дапамагалі… нямецкія вайсковыя паштальёны. Яны прымалі карэспандэнцыю, перасылалі яе праз сваю палявую паштовую сетку, а часам ставілі на літоўскіх лістах, паштоўках і капэртах нямецкія штэмпелі.

 

Атрымліваецца амаль неверагодная для сучаснага чалавека карціна: у беларускім горадзе, дзе яшчэ знаходзіліся нямецкія вайскоўцы, дзейнічала літоўская пошта, яе лісты перасылаліся нямецкай палявой поштай, а тым часам у Гродна ўжо ўваходзілі польскія войскі. І яшчэ не забывайма пра ўкраінцаў. І ўсё гэта адбываецца на аскепках былой Расейскай імперыі. Фантасмагорыя!

 

Гарадзенская марка 1919 года з украінскім трызубам.

Гэта, вядома, не азначала, што ўсе пералічаныя дзяржавы трымалі ўладу ў горадзе. Але іх адміністрацыйныя, вайсковыя і палітычныя інтарэсы сапраўды перасякаліся.

26 красавіка 1919 года, калі Гродна цалкам перайшоў пад кантроль польскіх войскаў, літоўскае паштовае аддзяленне спыніла працу. Да гэтага дня мясцовыя палякі падрыхтавалі ўласны выпуск паштовых марак. Паколькі часу і магчымасцяў надрукаваць новыя не было, выкарысталі, вядома ж (!), старыя - расейскія, а ў адным выпадку нават украінскую марку.

Так на расійскай марцы з'явілася польскі штэмпель «40 GR POCZTA POLSKA» - «Польская пошта, 40 грошаў». Але пошта Польшчы не прыняла гэты мясцовы, гарадзенскі, саматужны выпуск. Ужо 1 траўня 1919 года ў Гродна даставілі звычайныя польскія маркі з Варшавы.

Магчыма, на гэтым гісторыя «марачнага змагання» за Беларусь і скончылася б. Некалькі сотняў марак засталіся б у чыёйсьці шуфлядзе, а пазней згарэлі б у чарговай вайне або трапілі да калекцыянераў-філатэлістаў.

Але ў справу ўмяшаўся нямецкі афіцэр сувязі - лейтэнант Баўэр.

Ён даведаўся пра непатрэбныя польскія маркі, выкупіў іх і вырашыў выкарыстаць для патрэб нямецкай пошты сувязі. Так расійска-польская марка стала яшчэ і нямецкай. Баўэр нанёс на яе надрукоўку «V.P. Grodno» - Verbindungs-Post Grodno, нямецкая палявая пошта сувязі.

Лісты з гэтымі маркамі адпраўляліся ўсяго некалькі тыдняў. Яны ішлі ў Германію праз польскія Сувалкі, якія неўзабаве стануць арэнай польска-літоўскага змагання. Нямецкая пошта сувязі спыніла працу ў Беларусі 17 чэрвеня 1919 года. Баўэр незаўважна з'ехаў дадому ў Германію.

Ва Украіне таксама наносілі ўласныя надрукоўкі на расійскія маркі. Найбольш характэрным сімвалам быў трызуб - дзяржаўны герб Украіны. Адна з такіх марак пазней апынулася сярод матэрыялаў, выкарыстаных для гарадзенскага выпуску.

 

Вось вам і гісторыя Усходняй Еўропы на адным кавалачку паперы памерам 2 на 2 см. Расійская імперыя, літоўскае паштовае аддзяленне, украінская дзяржаўнасць, польская пошта і нямецкая вайсковая сувязь. І ўсё гэта - у Гродне, беларускім горадзе, дзе за некалькі месяцаў паспелі перасекчыся інтарэсы ледзь не ўсіх суседніх дзяржаў.

 

Уся гэтая гісторыя засталася б, магчыма, па-за нашай увагай, калі б не гарадзенскі лютэранскі пастар Адольф Освальд Плямш, знаны ў свой час філатэліст і гандляр маркамі. Пастар Плямш, верагодней за ўсё, быў у дадатак, а можа і перадусім, нямецкім агентам у беларускім Гродне.

 

Адольф Освальд Плямш. Фота Bagnowka

 

У 1921 годзе ён апублікаваў матэрыял пра гарадзенскія маркі ў нямецкім часопісе Berliner Briefmarken-Zeitung. Плямш нават паспеў паразмаўляць з тым самым афіцэрам Баўэрам і высветліў цікавую дэталь: той гасіў маркі не звычайным паштовым штэмпелем, а браў пяро і ад рукі ставіў на кожнай марцы першую літару свайго прозвішча.

То бок кожная гарадзенская марка Баўэра, па сутнасці, унікальная і непаўторная - абсалютны handmade.

Рэдакцыя

Артыкул падрыхтаваны ў супрацы Карона Вітаўта і Hrodna 11:27