ПОСТАЦІ

больш артыкулаў

02-06-2026

Гажыч "Дубрава" Вітольд

У Лідс...

прачытаць
15-04-2026

Агінскі Міхал Казімір

Гетман...

прачытаць
03-03-2026

Умпіровіч (Фурс) Алеся

Стаяла...

прачытаць

Васількоўскі Алег

Белару...

прачытаць
19-05-2026

Гедройць Ежы

Ежы Гедройць - публіцыст, рэдактар легендарнай парыжскай “Kultury” і адзін з галоўных інтэлектуалаў, што сфармавалі сучаснае геапалітычнае мысленне пра Ўсходнюю Еўропу. Народжаны ў Менску, ён яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя сфармуляваў, што для многіх у Еўропе здавалася фантастыкай: без незалежных Беларусі, Украіны і Літвы Еўропа ніколі не будзе стабільнай і бяспечнай.

Ён дзясяцігоддзямі ішоў насуперак дамінуючай традыцыі: пасляваеннай польскай настальгіі па “крэсах”, спакусы працягваць думаць пра Беларусь, Украіну, Літву як пра зону гістарычнага польскага ўплыву. Сапраўднай пагрозай для рэгіёну застаецца, быў перакананы Гедройць, расейскі імперыялізм. А спакойная будучыня Еўропы залежыць ад рэальнай свабоды і незалежнасці народаў паміж Польшчай і Расіяй.

Дарога да прызнання элітамі ягонай рацыі заняла дзесяцігоддзі. Трагічная гісторыя, якую мы перажываем сёння, расейская агрэсія, якая стала часткай нашага жыцця, пацвердзіла: Гедройць бачыў далей за многіх сваіх сучаснікаў у Еўропе.

Ежы Гедройць нарадзіўся ў Менску 27 ліпеня 1906 года. Горадзе, які да канца жыцця будзе называць Менскам Літоўскім. Аддаючы даніну спадчыне нашага беларуска-літоўскай дзяржаве, падкрэсліваючы стагоддзі палітычнай і культурнай незалежнасці і самастойнасці гэтай зямлі.

Дзяцінства і юнацтва Гедройця прыпала на час разбурэння імперый. Першая сусветная вайна, рэвалюцыйны расейскі хорар, спробы беларусаў і ўкраінцаў стварыць уласныя дзяржавы. Да 1916 года Ежы Гедройць жыве ў Менску - пазней часта ўзгадваючы арганічна прыязнае суіснаванне розных моваў, культур і народаў.

На каротка з'ездзіў вучыцца ў Маскву, але хутка зразумеў, што нясуць новыя бальшавіцкія парадкі. У Менску ягоныя бацькі з надзеяў глядзяць на абвешчаную БНР, адкрытую і талерантную да ўсіх народаў, але калі ў 1919 паўстане інспіраваная Масквой Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь і ва ўлюбёным горадзе запахне балшавізмам, сям’я Гедройця вырашыць эвакуявацца ў Варшаву, у адроджаную Польшчу.

Прачытаць біяграфію аднаго з самых працавітых сябраў Рады БНР

Кім быў шэф Дыпламатычнай місіі БНР у Фінляндыі?

Менавіта там пачынаецца ягоны шлях як дзяржаўнага службоўца, публіцыста і інтэлектуала. Пасля Другой сусветнай вайны застанецца ў эміграцыі. Але галоўнае пытанне, якое будзе трымаць яго ўвагу ўсё жыццё, было значна шырэйшае за польскую палітыку.

Якой будзе Усходняя Еўропа пасля страсенняў ХХ стагоддзя?

Гледзячы на сваіх суайчыннікаў ён усё больш пераконваўся:

«Альбо мы, палякі, навучымся жыць будучым, альбо захраснем у эмоцыях, сімвалізме, рэсантыменце».

Так паступова выкрышталізоўвалася канцэпцыя УБЛ - Украіна, Беларусь і Літва, якая стане дактрынай жыцця Гедройця.

Ён усё больш пераконваўся: Усходняя Еўропа ніколі не будзе бяспечнай, пакуль яе народы застаюцца закладнікамі старых крыўдаў, ідэалогій і прышчэпленых гісторыкамі амбіцый.

Рыжская дамова, Бяроза-Картузская, Валынь, акцыя “Вісла”, прыналежнасць Вільні, паланізацыя, рэпрэсіі - усё гэта было часткай цяжкай і трагічнай гісторыі народаў рэгіёна. Але Гедройць лічыў: гісторыя не павінна ператварацца ў вечную вайну памяці паміж суседзямі.

Для яго “крэсы” не былі палітычным праектам польскай будучыні, Гродна, Вільня, Львоў - гарады вялікай, але агульнай гісторыі, і палякі павінны прыняць: сёння і назаўсёды гэта беларускі, літоўскі і ўкраінскі гарады. І прыняццё гэтага мае стаць асновай польскай замежнай палітыкі. Супраца, добрасуседства, супольны фронт супраць расейскага імперыялізму. Альбо мы навучымся з гэтай гісторыяй разам жыць, альбо станем закладнікамі расейскай дамінацыі. Так думаў народжаны ў Менску Ежы Гедройць.

Сёння такое бачанне выглядае амаль натуральным. Але ў 1950-60-я гады канцэпцыя Гедройця - была рэвалюцыйнай для польскай палітычнай думкі

Савецкі Саюз падаваўся вечным. Вянгерскае паўстанне задушанае  танкамі. Познаньскі чэрвень, Пражская вясна - таксама. Для значнай часткі польскай эміграцыі думка пра канчатковую адмову ад Гродна, Вільні ці Львова выглядала ледзь не здрадай.

Але Гедройць настойваў.

Ён не меў партыі, не меў палітычнай трыбуны, не меў дзяржаўнай падтрымкі. У яго быў толькі невялічкі эміграцыйны часопіс "Kultura", які Гедройць з сябрамі-аднадумцамі пачаў выдаваць у 1947 годзе ў Рыме, а пазней у падпарыжскім Мэзон-Лафіце. Але менавіта гэты часопіс стаў самым уплывовым голасам прагрэсіўных польскіх публіцыстаў і творцаў.

Польшча вызвалілася ад камунізму ў 1989 года і адразу пачала пацвярджаць словы Гедройця. Амаль пункт за пунктам. Пасля распаду СССР Польшча першай прызнала незалежнасць Беларусі і Ўкраіны, адной з першых незалежнасць і суверэнітэт краін Балтыі. Палякі прызналі непарушнасць межаў і адмовіліся ад тэрытарыяльных прэтэнзій да Беларусі, Украіны і Літвы.

Для Гедройця Беларусь ніколі не была толькі геапалітычным буферам.

Беларуская культура і беларуская нацыянальная свядомасць - гэта падмурак незалежнасці. Гедройць разумеў тое, што не разумелі многія ў Еўропе.

Памятайма, што Тадэвуш Касцюшка належыць да кола нацыянальных герояў Беларусі - разам з Рамуальдам Траўгутам, Кастусём Каліноўскім і Ўладыславам Сыракомлям, - піша Гедройць на старонках Kultury ў 1996 годзе.


Ён адкрыта папярэджвае: паглынанне Беларусі Расеяй будзе адной з найвялікшых пагроз для Польшчы і агулам Еўропы. Таму падтрымка беларускай нацыянальнай свядомасці - не народная рамантыка, а пытанне стратэгічнай бяспекі:


Апошнім часам адносіны з Беларуссю застаюцца вельмі напружанымі, а яе паступовае паглынанне Расіяй уяўляе для Польшчы адну з найвялікшых пагроз. Таму задача - падтрымліваць развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў і адначасова клапаціцца пра польскую меншасць у Беларусі,
- піша ён у тым жа 1996 годзе.


У 1998 годзе ён падпіша сам і заахвоціць дзесяткі польскіх інтэлектуалаў далучыцца да падпісання Беларускай Дэкларацыі Свабоды.

Вельмі кранальнай стане ягоная рэакцыя на трагедыю на Нямізе ў 1999 годзе, калі ў выніку панікі ў мінскім метро загінулі дзясяткі маладых людзей. Гедройць быў уражаны абыякавасцю польскага грамадства да беларускай трагедыі.

Ён скажа тады:

“… ні шырокага грамадскага водгуку, ні сапраўднага чалавечага жадання дапамагчы ахвярам і іх сем’ям. А між тым гаворка ідзе пра нашых найбліжэйшых суседзяў - людзей, з якімі нас звязваюць агульная гісторыя і шматсоттысячная польская меншасць.”

Ад імя Kultury ён перадаў ахвярам трагедыі пяць тысяч тады яшчэ французскіх франкаў - хутчэй сімвалічны, але важны жэст чалавечай салідарнасці.

У тыя гады Ежы Гедройць моцна цікавіўся лёсам Васіля Быкава, які быў фактычна выціснуты лукашэнкаўскім рэжымам, найперш, у Фінляндыю, Чэхію, пасля ў Нямеччыну. Гедройць актыўна падтрымліваў вылучэнне Васіля Быкава на Нобелеўскую прэмію:

Такая адзнака будзе агромным зрывам для беларускага народу, узмацненнем незалежніцкіх тэндэнцый… Стаўленне Быкава да незалежніцкага руху ў Беларусі адназначнае. Быкаў безумоўны штандар маладой беларускай літаратуры… яго творы сёння, практычна, забароненыя ў Беларусі.

 
У 2001 годзе, ужо, на жаль, пасля смерці Гедройця, Васіль Быкаў будзе намінаваны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Гедройць памёр у 2000 годзе. Сёння ягоным імем названа галоўная незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якую ўручаюць з 2012 года.

Фота на вокладцы: kulturaparyska.com