КАЛЯНДАР

vitauta

23. люты

23 лютага 1944 года пачалася аперацыя "Чачавіца"

Гвалтоўныя прымусовыя дэпартацыі - адзін з жахлівых метадаў нацыянальнай палітыкі Сталіна і Савецкага Саюза. Дзесяткі народаў выпрабавалі яе на сабе. Беларусы не выключэнне.

Аперацыя "Чачавіца" пачалася 23 лютага 1944 года. Цягам некалькіх дзён войскі НКВД выселілі з родных месцаў больш 500 тысяч чачэнаў і інгушоў. Людзям на зборы давалі 2 гадзіны. Гэта была татальная дэпартацыя, чачэна-інгушская аўтаномная адміністратыўныя адзінка была саветамі ліквідавана.

Вывозілі ў Казахстан і Кыргызстан, чарга з цягнікоў расцягнулася амаль на 200 кіламетраў. Паводле афіцыйнай версіі, якая мела апраўдаць злачынства над народамі, чачэнаў і інгушоў выганялі з іх радзімы, бо яны нібыта былі калабарантамі і "на працягу шэрагу гадоў удзельнічалі ва ўзброеных нападах на савецкую ўладу".

700 жыхароў чачэнскай вёскі Хайбах войскі НКВД спалілі зажыва, бо іх нязручна было вывозіць па вузкай горнай дарозе.

Пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе з выселеных знялі пэўныя абмежаванні, але на радзіму вяртацца не дазволілі. Нягледзячы на забарону, пасля 1957 года чачэнцы з інгушамі пачалі вяртацца дадому.

У СССР татальнай дэпартацыі былі падзвергнуты карэйцы, немцы, фіны-інгерманландцы, карачаеўцы, калмыкі, чачэецы, інгушы, балкарцы, крымскія татары, туркі-месхетынцы.

Тысячамі і тысячамі дэпартавалі палякаў, літоўца, латышоў, эстонцаў, украінцаў, беларусаў.