КАЛЯНДАР
14. снежань
14 снежня 1970 года распачалася рэвалюцыя рабочых Польшчы

Крывавы тыдзень паказаў усяму свету адвагу палякаў і брутальнасць польскай дыктатуры, якую падтрымлівала Масква. Ніколі дагэтуль камуністычныя ўлады Польшчы не ўжывалі такога гвалту супраць сваіх грамадзянаў: 27 тысяч салдат, 550 танкаў, 750 БТРаў, каля 100 самалётаў былі кінутыя супраць людзей.
Першымі абвесцілі забастоўку рабочыя суднабудаўнічай верфі ў Гданьску.
Пратэсты былі выкліканыя падвышэннем цэн на харчаванне і тавары першай неабходнасці. Тысячы страйкуючых патрабавалі не толькі вяртання старых цэн, росту заробкаў, але і персанальных зменаў у кіроўнай партыі, якая не дапускала крытыкі, манапалізавала ўладу і працавала пад сціслым кантролем Масквы.
Улады не рэагавалі на патрабаванні рабочых. Да страйку далучыліся прадпрыемствы і жыхары Гдыні, Шчэціна, Слупска, Эльблонга, агулам страйкавалі каля 100 прадпрыемстваў у сямі ваяводствах Польшчы.
Камуністычныя ўлады душылі пратэсты коштам людскіх жыццяў, актыўна ўжывалі зброю супраць дэманстрантаў. Стралялі з зямлі і паветра. Дзейнічала каменданцкая гадзіна.
У выніку дзеянняў ўладаў 45 чалавек загінула, 1165 параненых, больш 3000 зверскі збітых і арыштаваных. І гэта толькі афіцыйныя дадзеныя.
Кіраўнік партыі Уладзіслаў Гамулка разам з набліжанымі мусіў пайсці ў адстаўку. Але гэта, насамрэч, былі толькі касметычныя змены, пакліканыя сцішыць настроі ў польскім грамадстве.
Вінаватыя ў забойствах людзей не былі пакараныя.